Сцэнарый тэатралізаванай дзейнасці для дзяцей старшай групы, накіраванай на выхаванне асноў энергазберажэння.
Анастасія МАРШАЛАК,
выхавальнік дашкольнай адукацыі,
ДУА “Санаторны яслі-сад г. Смаргоні”,
Гродзенская вобласць
Праграмныя задачы:
– фарміраваць уменні перадаваць у ролі настрой, характар персанажа, выразнасць вобраза (рухі, інтанацыя, міміка), самастойна і выразна весці сваю ролю ў спектаклі, практыкаваць маналагічнае і дыялагічнае маўленне на беларускай мове;
– развіваць памяць, творчыя здольнасці;
– выхоўваць эканамічна значныя якасці (беражлівасць, эканомнасць), патрэбнасць у захаванні і прымнажэнні прыродных багаццяў.
Матэрыял і абсталяванне: хатка, на якой размешчана сонечная батарэя, вятрак, лямпачкі (звычайная і энергазберагальная), стол, чайны посуд на ім, кардонка для макулатуры, макулатура, дзіцячая ванна, выключальнік.
Дзеючыя асобы: Апавядальнік – дарослы, Зайчык, Ліса, Воўк, Мядзведзь, Певень – дзеці.
Ход мерапрыемства
У цэнтры музычнай залы стаіць зайкава хатка. У хатцы адчынена акно, відаць, як Зайчык сядзіць, прымае сонечныя ванны.
Апавядальнік.
Зайчык у хатцы жыў ды быў.
Розных спраў ён шмат рабіў.
Вельмі добры меў ён слых –
Песню з нот складаў з любых.
І на скрыпачцы іграў.
Вершы пра сяброў складаў.
Вельмі эканомным быў
І жыццё сваё любіў!
Зайчык.
Як ласкава свеціць сонца,
Мне заглядвае ў аконца!
Ветрык так прыемна дзьме,
Абдзімае поўстку мне.
Птушкі хораша спяваюць,
Кветкі водар развяваюць.
З’яўляецца Ліса, стукаецца ў дзверы хаткі.
Так-так-так! Хто там прыйшоў?
Хто дарожку да мяне знайшоў?
Лісічка.
Зайчык, у мяне бяда:
Хаткі ўжо маёй няма.
Як сонца прыпякала –
Хатка ўся мая растала.
Ты пусці мяне к сабе.
Не дазволь прапасці мне!
Зайчык.
Добра, Лісанька, заходзь.
Будзе ў маёй хатцы госць.
Ліса заходзіць у хатку, сядае ля акна, Зайчык частуе яе чаем. Ліса п’е чай.
Апавядальнік.
Заяц Ліску частаваў,
Смачны чай ёй наліваў.
Ліса.
Добра вельмі ты жывеш,
Смачны чай заўседы п’еш. (Ставіць кубак, пачынае сумаваць.)
Грэешся зімой заўжды,
І хапае ў доміку вады.
Светла і камфортна ў цябе,
Хочацца тут жыць і мне!
Усё, рашыла: гаспадыняй буду я –
Вельмі ўтульная хатка твая.
(Звяртаецца за Зайчыка, гаворыць злосна)
Штось ты раптам надакучыў.
Пайшоў прэч! Сядзіш як куча!
(Выпіхвае Зайку з хаткі. Потым гаворыць сама сабе, выглядваючы з акна.)
Ён у лес няхай ідзе,
Не кампанія ён мне.
(Дэманстратыўна зачыняе аканіцы).
Зайчык.
Ліска, я ж табе не расказаў:
Каб камфортным домік стаў,
Трэба эканомнай стаць
І энергію зберагаць!
(Зайчык апускае галаву, сядае пад елачку, плача).
Апавядальнік.
Ліска слухаць ужо не стала,
Прыбірацца распачала.
Пазбірала ўсе лістоўкі,
І прыгожыя ўпакоўкі,
Непатрэбныя брашуры –
Уцалку, усю макулатуру.
Ліса.
Папера не патрэбна мне,
Таму я выкіну яе.
Занясу ўсё ў лясок,
Пакладу там пад кусток.
(Нясе макулатуру пад кусцік. Вяртаецца да хаткі і заўважае на страсе сонечную батарэю, незадаволеная, здзіўляецца)
Гэта што вісіць такое?
Непрыгожае якое!
На хатцы мне яно не трэба
(Знімае сонечную батарэю са страхі, шпурляе ў лясок).
Ідзі ў сметнік, непатрэба!
(Варочаецца да хаткі, заўважае вятрак, злуецца)
А гэта што стаіць, мяшае,
Прыродныя абшары закрывае!
Які наш Зайчык не эстэт –
Наставіў і развесіў нейкі брэд!
(Ідзе ў хатку, бачыць лямпачку)
І лямпачку я не хачу такую,
Яе я выкручу і пачаплю другую.
(Здымае энергазберагальную лямпачку, мацуе звычайную)
Ну вось, парадак я зрабіла!
Уключу я свет: як усё навокал міла! (Любуецца. Робіць стомлены выгляд)
Пара ўжо стомленасць мне зняць
І цёплую ванну прыняць. (Выходзіць з пакоя, забываецца выключыць свет).
Апавядальнік. А тым часам Зайчык плача.
Зайчык. Вось няўдача, так няўдача.
Апавядальнік.
Тут на сцежцы Воўк з’явіўся,
Убачыў Зайку і здзівіўся.
З’яўляецца Воўк, падыходзіць да Зайчыка.
Воўк. Зайчык, што зрабілася ў цябе?
Зайчык.
Ліска з хаткі выгнала мяне.
З маёй хаткі ўсё павыкідала,
Энергію зберагаць не стала.
Воўк.
Ведаю я, што рабіць,
Як з бядою тваёй быць.
Лісцы трэба расказаць,
Як энергію зберагаць!
Воўк з Зайчыкам падыходзяць да хаткі. Звяртаюцца да Лісы.
Ліска, што ў цябе – тэмпература?
Чаму ты выкінула макулатуру? (Паказвае на макулатуру).
Ліса (крычыць з ванны).
Для чаго яна ўжо мне?
Валяецца толькі ў куце!
А вы ідзіце прэч і не вяртайцесь,
Дарогу гэту забывайцесь!
Апавядальнік.
Воўк спужаўся і ўцёк, (Воўк уцякае)
Зайчык зноў сеў на пянёк. (Зайчык сядае на пянёк)
Ён ізноў сядзіць і плача,
Зноў сам-насам са сваёй няўдачай.
З лесу тут Мядзведзь ідзе,
У лапах штось сваіх нясе.
Паказваецца Мядзведзь, нясе ў лапах сонечную батарэю і вятрак.
Мядзведзь (звяртаецца да Зайчыка).
Добры дзень, жыхар лясны.
Чуў здалёк, як плачаш ты.
Воўк успеў усё расказаць –
Ліску трэба з хаткі гнаць!
Сонечную батарэю і вятрак
На месца вярнуць! Вось так!
Мядзведзь з Зайчыкам падыходзяць да хаткі. Звяртаюцца да Лісы.
Ліска, што ты нарабіла?
Энергію ветру і сонца не прымяніла,
Калі ты не будзеш гэтымі прыладамі карыстацца,
Мала грошай у цябе зможа застацца.
Ліса (з ванны).
Ідзіце прэч і не вяртайцесь,
Дарогу гэту забывайцесь!
Апавядальнік.
Мядзведзь спужаўся і ўцёк, (Мядзведзь уцякае)
Зайчык зноў сеў на пянёк. (Зайчык сядае на пянёк)
Певень тут па сцежцы ідзе, (Паказваецца Певень.)
І касу з сабой нясе.
Певень.
Скажы, Зайчык, што цябе турбуе,
Можа, дапамагу табе, калі змагу я.
Зайчык.
Меў я хатку лубяную,
Ліска – хатку ледзяную.
Як вясной цяплець ужо стала,
Хатка Ліскіна растала.
Я яе к сабе прыняў,
Чаем смачным частаваў.
Раптам прэч яна мяне пагнала,
З хаткі ўсё павыкідала,
Воўк, Мядзведзь дапамагалі,
Так Лісу і не прагналі.
І цяпер сяджу і плачу,
Сам-насам са сваёй няўдачай.
Певень.
Ведаю я, што рабіць:
Трэба Ліску навучыць!
Воўк (выбягае з-за заслоны). Я з табой!
Мядзведзь. І я з табой!
Певень. Заяц, за цябе мы ўсе гарой!
Усе ідуць да хаткі, пагражаюць Лісе, махаюць пальцамі ў бок хаткі.
Ліска, выгляні ў акно.
Хочам мы сказаць адно:
Каб энергію не марнаваць
Трэба ўмець яе зберагаць.
А не хочаш – з хаткі прыйдзецца табе ўцякаць!
Ліса (з ванны).
Ну што вы сталі так крычаць?
Мяшаеце мне ванну прынімаць.
Певень.
Па-першае, калі ты ванну прынімаеш,
Ты вельмі шмат вады губляеш.
Ты лепей душ заўжды ўключай,
Ваду заўсёды зберагай!
Калі ваду так марнаваць,
Яе ў нас можа і не стаць.
Ліса.
Ну, добра, ваду я эканоміць буду,
Цяпер ідзіце прэч, без вас я тут пабуду!
Певень (строга).
Не, не пойдзем, бо ты павінна знаць:
Правілы энергазберажэння трэба прывіваць.
Калі ты іх не станеш вывучаць,
З табой ніхто не будзе сябраваць.
Ліска (спужаўшыся, выходзіць да герояў).
Добра, добра, гаварыце,
Мяне правілам вучыце.
Воўк.
Па-другое, паперу ты не выкідай,
Заўжды макулатуру збірай.
Мы ў сілах дрэвы зберагаць,
Калі паперу ў макулатуру здаць.
Тады энергіі мы менш затрацім,
І за ўсё мы дзешавей заплацім!
Мядзведзь.
Па-трэцяе, вярніся ў свой пакой,
Як адыходзіш – выключы святло за сабой.
І лямпачку энергазберагальную назад укруці,
Так святло зберажэш у разы два ці тры.
Запомні яшчэ: энергію сонца і ветру пара ўжываць
Каб пасля не шкадаваць.
Певень. Лісічка, усё ты зразумела?
Ліска (апусціўшы галаву). Так!
Певень. Тады жыві ты з намі смела!
Усе бяруцца за рукі.
Ліса.
У казцы можна дзеі памяняць,
І словы месцамі перастаўляць.
Адно запомні ты і ўсім вакол скажы:
Прыроду вакол нас мы ў сілах зберагчы:
Адразу эканоміць пачну я,
Потым – уся мая сям’я,
Тады – суседзі, горад і кожны з нас.
Так усе праблемы вырашацца ўраз!
Што разам захаваем сёння на планеце,
Тым будуць карыстацца нашы дзеці!