Урок распрацаваны з выкарыстаннем гульнявых тэхналогій і прыёмаў візуалізацыі.
Надзея ГУРСКАЯ,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Вердаміцкая сярэдняя школа”
Свіслацкага раёна,
Гродзенская вобласць
Тэма: “Вымаўленне і правапіс слоў з ў”.
Мэты:
– фарміраваць уменне правільна пісаць словы з ў;
– пазнаёміць з некаторымі словамі, правапіс якіх не падпарадкоўваецца правілу напісання ў;
– выпрацоўваць уменне вызначаць націск у словах, размяшчаць словы ў алфавітным парадку;
– пазнаёміць са слоўнікавым словам акварыум;
– развіваць фанематычны слых, арфаграфічную пільнасць і мову вучняў, увагу, памяць, мысленне;
– выхоўваць клапатлівыя адносіны да жывёл праз змест заданняў і гульнявую дзейнасць.
Абсталяванне: карткі, шкала, тлумачальны слоўнік, гексы.
Ход урока
1 Арганізацыйны момант
Празвінеў і змоўк званок,
Пачынаецца ўрок.
Хутка час прабяжыць,
Трэба ім даражыць.
Будзем добра працаваць,
Будзем веды набываць!
– Уключыце, калі ласка, нашы “чароўныя камп’ютары”. Помнім, што прагназуючую адзнаку мы ставім жоўтай мышкай: чым больш уверх рухаецца мышка, тым вышэй адзнака.
2 Праверка дамашняга задання
Практ. 142, с. 99.
Прачытайце скорагаворкі. Выберыце літары, якія неабходна ўставіць у словы. Растлумачце іх правапіс.
Малы (У/ў)лас (у/ў)лез (у/ў) гразь. (У/ў)летку (У/ў)льяна пайшла на палян(у/ў).
Спішыце скорагаворкі. Падкрэсліце літары, якія ўставілі.
Узаемаправерка, ацэньванне.
Пр А
3 Паведамленне тэмы і мэтаў урока
– Давайце ўспомнім, над якой тэмай мы працавалі на мінулых уроках. (Вымаўленне і правапіс слоў з ў.)
– Сёння мы працягваем працаваць над гэтай тэмай, замацуем уменне правільна пісаць словы з ў, пазнаёмімся з некаторымі словамі, правапіс якіх не падпарадкоўваецца правілу напісання ў.
– У нас з вамі будзе незвычайны ўрок. Мы адправімся ў госці да Вадзяніка. Многа ў яго слуг у вадзяным царстве, але мы пазнаёмімся толькі з аднымі. Здагадайцеся, пра каго пойдзе гутарка.
І ў мамы, і ў дзетак
Адзенне з манетак. (Рыбы)
4 Арфаграфічная размінка
– Каб рыбу есці, трэба ў ваду лезці. – Растлумачце сэнс гэтай прыказкі. Знайдзіце літары у, ў. Назавіце гукі.
5 Хвілінка чыстапісання
р ры
рыбы рыбак рыбалка рыбны
– Вусна складзіце сказы з гэтымі словамі.
ПЛ ПЗ
6 Работа над тэмай
– Прачытаем правіла на старонцы 100.
У некаторых словах, якія прыйшлі ў нашу мову з іншых моў, літара ў не пішацца пасля галосных. Напрыклад: страус, соус, шлагбаум, лінолеум, акіянарыум, ток-шоу. Іх напісанне трэба правяраць па арфаграфічным слоўніку.
– Калі ў не пішацца пасля галосных?
– На старонцы 99 дадзена новае слоўнікавае слова – акварыум. Давайце прачытаем ў тлумачальным слоўніку, што яно азначае (Штучны вадаём або шкляная пасудзіна для ўтрымання і гадоўлі рыб, водных жывёл, раслін).
– Запішыце ў сшыткі слова акварыум, падкрэсліце літару у. Вусна складзіце сказы з гэтым словам.
– А цяпер я вам прапаную пазнаёміцца са слугамі Вадзяніка. Спачатку вы павінны выбраць толькі тыя гексы, на якіх адлюстраваны рыбы, што водзяцца ў вадаёмах Беларусі.
– Чаму гэтыя гексы вы не выкарысталі? (Акула і рыба-піла не водзяцца ў беларускіх вадаёмах.)
– Растлумачце, чаму ў адных выпадках напісана літара ў, а ў другіх – у.
– Запішыце назвы рыб у алфавітным парадку ў сшытак. (Праверка выканання задання.)
Пр А
Фізкультхвілінка
Рыбкі плаваюць, ныраюць,
Пагуляць бы ім адно.
То зыдуцца, то разыдуцца,
То апусцяцца на дно.
Работа ў парах
Практ. 146, с. 101.
Прачытаць. Дапоўніць выдзелены сказ назвамі рыб (па малюнках). Растлумачыць правапіс літар у і ў. Запісаць выдзелены сказ.
Пр
Гульнявое практыкаванне “Рыбалка”
– Я прапаную вам адправіцца на рыбалку. На стале ляжаць малюнкі рыб розных памераў, на адваротным баку напісаны заданні. Выберыце тую рыбку, якую б вы хацелі злавіць, але помніце, што чым большая рыба, тым складаней заданне.
Заданне 1.
Запішыце словы ў тым парадку, у якім яны павінны быць у сказах.
1. … – гэта шкляная пасудзіна для ўтрымання і гадоўлі рыб, іншых водных жывёл, раслін. 2. Той, хто разводзіць акварыумных рыб, – … .
Словы для даведкі: акварыуміст, акварыум.
– Якія асаблівасці правапісу у вы заўважылі ў гэтых словах? (Пасля галосных не пішацца ў, таму што гэтыя словы прыйшлі ў нашу мову з іншых моў.)
Заданне 2.
Прачытайце. Выберыце літары, якія неабходна ўставіць у словы. Спішыце першы сказ.
У аквары(у/ў)ме гупі
падабаецца быць гр(у/ў)пай.
Між раслін, як нідзе,
ім так хораша ў вадзе.
Заданне 3.
Устаўце ў словах літары у або ў. Падкрэсліце ў словах літару ў.
Тата падары.. Па..ліку аквары..м з рыбкамі. Хлопчык за..сёды кармі.. іх, мяня.. у аквары..ме вад.. .
Пр
7 Дамашняе заданне
Практ. 147, с. 102.
8 Вынік урока
– Чым адрозніваюцца гукі [у], [ў]? Назавіце словы з гукам [ў]. Калі пішацца літара ў? У якіх выпадках ў пасля галосных не пішацца?
– Ацаніце сваю работу на ўроку на нашым “чароўным камп’ютары” зялёнай мышкай, параўнайце выніковую адзнаку з прагназуючай.
9 Рэфлексія
– На дошцы размешчаны акварыум, побач – рознакаляровыя рыбкі. Калі вы добра засвоілі правапіс ў, выберыце рыбку большага памеру, калі вам над гэтай тэмай яшчэ трэба папрацаваць – меншага, а калі правапіс ў выклікае ў вас цяжкасці, выберыце рыбку сіняга колеру.