Мэта: сфарміраваць уменне вызначаць рысы падабенства і адрознення эўкарыятычных і пракарыятычных клетак.
Вольга ТАЛЕРАВА,
настаўнік хіміі і біялогіі
ДУА “Пінкавіцкая сярэдняя школа імя Якуба Коласа”
Пінскага раёна,
Брэсцкая вобласць
Мэта: сфарміраваць уменне вызначаць рысы падабенства і адрознення эўкарыятычных і пракарыятычных клетак.
Задачы:
– пашырыць і паглыбіць веды праз параўнанне пракарыятычнай і эўкарыятычнай клетак;
– працягнуць развіццё навучальна-інтэлектуальных уменняў (вылучаць галоўнае і істотнае, усталёўваць прычынна-выніковыя сувязі);
– выхоўваць адказнасць, арганізаванасць, цікавасць да прадмета;
– спрыяць развіццю камунікатыўных і аналітычных здольнасцяў у навучэнцаў.
Тып урока: камбінаваны.
Абсталяванне: плакат “Будова бактэрый”, плакат “Будова расліннай і жывёльнай клеткі”, падручнік па біялогіі для 11-га класа, працоўныя лісты з заданнямі ўрока (Дадатак), пірамідкі з цукеркамі.
Ход урока
1 Арганізацыйны момант
– Добры дзень! Дэвізам нашага сённяшняга ўрока будуць наступныя словы Вінсана Браўна: “Замацаванне ведаў падобна ўзросту дрэва. Паступова на ім растуць новыя галіны, павялічваецца таўшчыня ствала”. Таму я жадаю вам, каб вашы веды, патэнцыял і магчымасці павялічваліся і прымнажаліся.
2 Паведамленне тэмы і мэты ўрока
– Біялогія – гэта цудоўная навука, якая дае магчымасць убачыць не толькі вялікія арганізмы, якія жывуць на нашай планеце, а таксама ўбачыць саму клетку, вывучыць яе будову і паназіраць за працэсамі жыццядзейнасці клеткі. А зараз пазнаёмімся з тэмай нашага ўроку: “Асаблівасці будовы клетак пракарыёт і эўкарыёт”. Сёння мы пройдзем некалькі станцый, з дапамогай якіх даведаемся многа новага і абагульнім свае веды.
3 Праверка дамашняга задання
– Першая станцыя “Мае веды”. Зараз мы з вамі праверым дамашняе заданне і ўспомнім асноўныя паняцці, якія нам спатрэбяцца для работы на сённяшнім уроку.
Вучні адказваюць на пытанні (Дадатак).
4 Вывучэнне новай тэмы
– Наступная станцыя “Пракарыятычныя і эўкарыятычныя клеткі”. Усе пракарыятычныя клеткі не маюць аформленага ядра. У цытаплазме пракарыятычнай клеткі размешчана кальцавая малекула ДНК – бактэрыяльная храмасома. У клетках бактэрый, акрамя храмасом, знаходзяцца невялікія малекулы ДНК – плазміды. Паверхневы апарат складаецца з клетачнай сценкі і цытаплазматычнай мембраны (плазмалемы). Будова цытаплазматычнай мембраны такая, як і ў эўкарыёт. Клетачная сценка падобна на раслінную, але пабудавана з пекцінам і мурыінам.
Клеткі пракарыёт маюць рыбасомы, але адсутнічаюць мембранныя арганоіды. Іх функцыю выконвае мезасома – гэта ўпячванне мембраны. Пракарыёты могуць мець органы руху – жгуцікі і раснічкі. Многія з’яўляюцца анаэробамі, гэта значыць, што ім не патрэбны малекулярны кісларод. Дрэнныя ўмовы жыцця яны пераносяць у стадыі споры. Часцей усяго размнажаюцца бясполым шляхам (бінарным дзяленнем), пры палавым – адбываецца абмен часткамі бактэрыяльных храмасом або плазмідамі.
Зараз мы з вамі звернемся да нашага падручніка, адкрываем с. 81, звяртаем увагу на будову пракарыятычных клетак, пасля выканаем першае практыкаванне на рабочых лістах. У гэтым практыкаванні неабходна раскрыць дакладную характарыстыку пракарыятычных клетак, абвядзіце правільныя сцвярджэнні.
Вучні самастойна чытаюць і выконваюць практыкаванне.
Заданне. Раскрыць дакладную характарыстыку пракарыятычнай клеткі (Дадатак).
– А зараз мы праверым правільнасць выканання практыкавання. Па ланцужку зачытвайце па адным сцвярджэнні і скажыце, ці з’яўляецца яно правільным.
Вучні правяраюць выкананае заданне.
– Эўкарыятычныя клеткі маюць ядро, якое адказвае за працэсы жыццядзейнасці, у якім знаходзіцца спадчынны апарат арганізма, а таксама мноства арганоідаў, якія выконваюць розныя функцыі. Большасць эўкарыётаў з’яўляюцца аэробамі, гэта значыць, што выкарыстоўваюць у энергетычным абмене кісларод. А зараз параўнаем будову эўкарыятычнай і пракарыятычнай клетак. Запоўніце будову клетак, а таксама зрабіце вывад аб будове.
Заданне. Параўнайце будову пракарыятычнай і эўкарыятычнай клеткі (Дадатак).
– З дапамогай схем праверым практыкаванне (адзін вучань адказвае).
– Які вывад неабходна зрабіць пра будову клетак? (Вучні фармулююць вывад, пасля выканання практыкавання).
– Наступная станцыя “Жывыя арганізмы”. Мы павінны ўспомніць, якія царствы жывых арганізмаў мы ведаем.
Заданне. Запоўніце схему “Царства жывых арганізмаў (Дадатак).
Вучні адказваюць на пытанне, а пасля запаўняюць схему.
– Яшчэ ў старажытнасці людзі дзялілі ўсе жывыя арганізмы на жывёлы і расліны. Арыстоцель класіфікаваў жывёл у сваёй працы “Гісторыя жывёл”, а яго вучань Тэафраст напісаў раўналежную працу пра расліны “Гісторыя раслін”.
Карл Ліней заклаў асновы сучаснай бінарнай наменклатуры. Ён дзяліў усе жывыя арганізмы на два царствы: царства жывёл (лац. Regnum Animale) і царства раслін (лац. Regnum Vegetabile); пры гэтым ён вылучаў паралельна з імі таксама царства мінералаў (лац. Regnum Lapideum).
Дзякуючы развіццю мікраскопаў, навукоўцы змаглі выявіць істотныя адрозненні паміж аднаклетачнымі арганізмамі: адны з іх мелі ядро (эўкарыёты), а іншыя не (пракарыёты). Навукоўцы разумелі, наколькі грыбы, якія ўваходзілі ў царства раслін, адрозніваюцца ад іншых раслін. Эрнст Геккель прапаноўваў перанесці грыбы з царства раслін у царства Пратысты, аднак неўзабаве перадумаў і сам абверг сваю ідэю. Роберт Уітэкер прапаноўваў вылучыць грыбы як асобнае царства. У 1969 годзе ён прапанаваў новую сістэму класіфікацыі з пяццю царствамі, якая карыстаецца папулярнасцю і цяпер.
– А зараз выканаем наступнае практыкаванне, у якім успомнім характарыстыкі клетак розных царстваў.
Заданне. Выявіце суадноснасці (Дадатак).
Вучні выконваюць наступнае практыкаванне, а пасля разам яго правяраем.
5 Фізкультхвілінка
– Вельмі добра папрацавалі, а зараз разам адпачнём. Мы з’явіліся на станцыі “Здароўе – наша багацце!”.
Настаўнік праводзіць фізкультхвілінку.
Трошкі мы стаміліся –
Але не зусім…
Вочкі ў нас закрыліся.
Дапаможам ім?!
Будзе ў нас зарадка
Зараз для вачэй.
Каб была разрадка,
Зробім так хутчэй.
Вочы паднімаем,
Але не глядзім.
Потым – апускаем.
Так карысна ім.
У бакі паводзім,
Уверх і ўніз яшчэ.
Разы тры так зробім –
І вачам лягчэй.
6 Замацаванне ведаў
– Зараз мы аказаліся на апошняй станцыі, якая называецца “Прыехалі”. На гэтай станцыі мы выканаем апошняе практыкаванне, у якім неабходна запоўніць пропускі.
Заданне. Запоўніце пропускі ў тэксце (Дадатак).
– Ці засталіся ў вас пытанні па тэме сённяшняга ўрока?
Вучні задаюць пытанні і разам з настаўнікам адказваюць на іх.
7 Дамашняе заданне
§ 15, тэст па спасылцы: https://eior.by/catalog_lecture_by/11-klas/biyalogiya/15.php.
8 Рэфлексія
– На вашых сталах ляжаць пірамідкі, адкрыйце іх. У кожнай пірамідзе знаходзіцца па тры цукеркі рознага колеру: чырвоная, жоўтая і зялёная. Падыміце чырвоную, калі вам было вельмі цяжка на ўроку, жоўтую, калі вам ўсё спадабалася, але былі цяжкасці, зялёную, калі вам ўсё спадабалася і не было цяжкасцей.