Літаратурны квест “Павуціна” мае на мэце пашырэнне ведаў вучняў пра першадрукара Францыска Скарыну, пра слаўныя постаці беларускай літаратуры, фарміруе ўяўленне пра літаратурныя сувязі.
Таццяна МАРЦЭВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Ёдкаўская сярэдняя школа”
Лідскага раёна,
Гродзенская вобласць
Прапаную літаратурны квест “Павуціна” да Дня беларускага пісьменства – дзяржаўнага свята, якое адзначаецца ў нашай краіне ў першую нядзелю верасня і ўшаноўвае друкаванае слова. Хочацца, каб маладое пакаленне больш глыбока ведала, дзякуючы каму мы маем друкаваную кнігу.
Прайшлі стагоддзі, а яго светлае імя горда гучыць у назвах вуліц, дзяржаўных устаноў, узнагарод. Многія беларускія пісьменнікі прысвяцілі яму свае творы. І пра гэта таксама павінны знаць нашы навучэнцы.
Літаратурны квест “Павуціна” мае на мэце пашырэнне ведаў вучняў пра першадрукара Францыска Скарыну, пра слаўныя постаці беларускай літаратуры, фарміруе ўяўленне пра літаратурныя сувязі.
Задачы: садзейнічаць развіццю інтэлектуальных здольнасцей вучняў; стымуляваць іх пазнавальную актыўнасць; выхоўваць пачуццё павагі да друкаванай спадчыны беларускага народа.
Абсталяванне: поле для гульні ў выглядзе павуціны, заданні на мульцібордзе, 6 разрэзаных пазлаў з выказваннем, ручкі, папера.
Удзельнікі: вучні 9-10-х класаў, настаўнік (у ролі вядучага).
Умовы гульні: каманда павінна “разблытаць павуціну”: прайсці 6 місій квеста, адказаць на 25 пытанняў, атрымаць пасля кожнай місіі (за 2-4 аправільныя адказы) адзін пазл са словам, скласці і растлумачыць выказванне.
Пазл з выказваннем для гульні:
Поле для гульні:
Ход літаратурнага квеста
Уступнае слова настаўніка. Асоба Францыска Скарыны ў беларускай літаратуры займае самае ганаровае месца. Ён увайшоў у гісторыю як першадрукар, вучоны, асветнік, гуманіст, медык, астраном, батанік. Сэнс сваёй дзейнасці ён бачыў у служэнні народу. Праз кнігу Скарына стараўся далучыць усіх людзей да набыткаў агульначалавечай культуры. Сёння мы можам ганарыцца трывалымі сувязямі паміж эпохамі, якія ўсталяваліся дзякуючы нашаму духоўнаму светачу – Скарыне. Падчас квеста вам, шаноўныя старшакласнікі, прадставіцца магчымасць уявіць літаратурныя сувязі ў выглядзе павуціны, разблытаць іх і зразумець, кім ёсць Скарына для нашага народа.
Аб’яўленне ўмоў гульні.
Заданні літаратурнага квеста (на мульцібодзе)
І місія “У адным слаўным горадзе”
1. Пра што гаварыў Францыск Скарына: “Любіце …, бо яна крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы”?
2. “У доктарскай шапцы дзіўнай – // Адзінай на гэтай зямлі – // Коннік мокне пад ліўнем, // Што зноў як сіта паліў.” Каму прысвяціў гэтыя радкі Уладзімір Караткевіч?
3. Якую дзяржаўную ўзнагароду атрымаў Уладзімір Арлоў за кнігу “Ефрасіння Полацкая”?
4. У ваколіцах якога горада адбываецца дзеянне ў зборніку Яна Баршчэўскага “ШляхціцЗавальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”?
5. Адзначце знакамітых дзеячаў Беларусі, якія нарадзіліся ў Полацку:
А. Францыск Скарына.
Б. Ефрасіння Полацкая.
В. Уладзімір Караткевіч.
Г. Уладзімір Арлоў.
Д. Ян Баршчэўскі.
Адказы: 1. Кніга. 2. Францыску Скарыне. 3. Медаль Францыска Скарыны. 4. Полацк. 5. А. Б. Г.
ІІ місія “Ты быў для нас, нібы іскрына, як памяць, вера і абраз”
6. Які паэт напісаў пра першадрукара: “Марыў калісьці славуты Скарына, // Ціснучы” кнігі на мове бацькоў: // Простаму люду ў роднай краіне // Зробіць даступнай ён мудрасць вякоў”?
А. Ніл Гілевіч.
Б. Максім Танк.
В. Алесь Разанаў.
7. Які паэт пра прадмовы Францыска Скарыны гаварыў: “Як у каштоўным каменi моц, // як ядро ў арэху, // як золата ў зямлi, // гэтак мудрасць у прыпавесцях схавана…”?
А. Ніл Гілевіч.
Б. Максім Танк.
В. Алесь Разанаў.
8. “Ён выразаў іх // На спаконвечным // Дрэве гісторыі // Свайго народа.” Пра якую рэч Максім Танк сказаў гэтыя словы, прысвечаныя Францыску Скарыне?
А. Кнігі.
Б. Гравюры.
В. Іконы.
9. Хто з пералічаных паэтаў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны?
А. Ніл Гілевіч.
Б. Максім Танк.
В. Алесь Разанаў.
Адказы: 6. А. 7. В. 8. Б. 9. А. Б.
ІІІ місія “Найдаражэйшыя скарбы – чалавечыя словы”
10. Як называецца выдадзенае 9 студзеня 1518 года пражскае выданне Францыска Скарыны, дзе размешчаны прытчы цара Саламона?
А. “Псалтыр”.
Б. “Малая падарожная кніжка”.
В. “Песня песень”.
11. Які беларускі спявак напісаў і выканаў песню “Слова Скарыны”?
12. Пад рэдакцыяй якога беларускага пісьменніка, “летапісца дзвюх эпох”, выдадзена энцыклапедыя “Францыск Скарына і яго час”?
13. Назавіце 5 гарадоў, дзе ўстаноўлены помнік Францыску Скарыне.
Адказы: 10. В. 11. Уладзімір Мулявін. 12. Іван Шамякін. 13. Мінск. Полацк. Ліда. Прага. Калінінград.
ІV місія “Як той алень шукае крыніцы чыстай, так шукаю Бога я”
14. Хто з пералічаных пісьменнікаў пісаў прадмовы?
А. Францыск Скарына.
Б. Францішак Багушэвіч.
В. Данута Бічэль.
Г. Цётка.
15. Якая агульная лексема прапушчана ў назве зборніка Дануты Бічэль і выказванні Уладзіміра Караткевіча: “Іду сцяжынаю да …”, “На Беларусі … жыве”?
16. Каму Уладзімір Караткевіч прысвяціў верш “Каложа”?
А. Францыск Скарына.
Б. Францішак Багушэвіч.
В. Данута Бічэль.
Г. Цётка.
17. Якая паэтка нарадзілася на Лідчыне і напісала радкі “Будучыня Беларусі – старажытныя кнігі Скарыны”?
Адказы: 14. А. Б. Г. 15. Бог. 16. В. 17. Данута Бічэль.
V місія “І храм, і жывая сувязь пакаленняў”
18. Першы дырэктар музея Якуба Коласа і беларускі вучоны-хімік, адзначаны медалём Францыска Скарыны.
19. Імя якога беларускага пісьменніка носіць навуковая бібліятэка НАН?
20. Дзе сёння ў Беларусі захоўваюцца асобныя кнігі Францыска Скарыны?
21. Суаднясіце, з якімі імёнамі звязаны ўстановы Вільні:
Віленскі ўніверсітэт Якуб Колас
Віленская друкарня Адам Міцкевіч
Газета “Наша ніва” Францыск Скарына
Адказы: 18. Даніла Канстанцінавіч Міцкевіч. 19. Імя Якуба Коласа. 20. Нацыянальная бібліятэка Беларусі. 21. Віленскі ўніверсітэт – Адам Міцкевіч. Віленская друкарня – Францыск Скарына. Газета “Наша ніва” – Якуб Колас.
VІ місія “Пяром тваёй моцнай рукі напісаны наш лемантар”
22. Хто аўтар выданняў “Францыск Скарына, альбо як да нас прыйшла кніга”, “Буквар”?
23. Якая беларуская пісьменніца аўтар “Першага чытання для дзетак беларусаў”?
24. Максім Танк сцвярджаў, што дзяржаўным народам прызнаецца народ, які мае свае герб, гімн, сцяг, …, …, … . Якія яшчэ 3 рэчы павінны быць замест шматкроп’я?
25. Як называе Максім Танк Францыска Скарыну ў адным сваім творы?
Адказы: 22. Анатоль Клышка. 23. Цётка. 24. Буквар. Энцыклапедыя. Каляндар. 25. Бацька.
Рэфлексія. Вучні тлумачаць сэнс выказвання, якое атрымалася: “Францыск Скарына – гонар і крылы народа”.
Прыкладныя адказы: Францыск Скарына – асоба, якой ганарыцца кожны беларус. Гэта выдатны чалавек, які адкрыў беларускаму народу шлях да асветы, натхніў на ўласную творчасць.