Чытанне казкі “Коцік Петрык і мышка”. Канспект занятку па адукацыйнай галіне “Мастацкая літаратура” ў першай малодшай групе

- 10:04ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

На занятку дзеці пазнаёмяцца з беларускай народнай казкай “Коцік Петрык і мышка”.

 

Наталля УРУБЛЕЎСКАЯ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Дзіцячы сад № 9 г. Ваўкавыска”,
Гродзенская вобласць

 

Праграмныя задачы:

– фарміраваць цікавасць да ўспрымання твораў беларускага фальклору;
– фарміраваць уменне слухаць і адказваць на пытанні, з дапамогай дарослага і самастойна паўтараць асобныя словы і выразы з казкі;
– развіваць мастацкае ўспрыманне, памяць, увагу;
– выхоўваць спагадлівасць да герояў казкі.

Матэрыял і абсталяванне: цацка коціка, хустка, медальёны для рухомай гульні “Кот і мышы”, малюнак гумна, магнітная дошка, малюнак па змесце казкі.

Папярэдняя работа: разглядванне малюнкаў да казкі “Коцік Петрык і мышка”, гульня “Кот і мышы”, завучванне пацешкі “Мышка, мышка, дзе была?”, тлумачэнне слоў “куток”, “гумно”.

 

Ход занятку

Выхавальнік. Сёння мы будзем размаўляць з вамі на беларускай мове. Паглядзіце, хто тут схаваўся пад хустачкай? (Адказы дзяцей).

Хто там хаваецца, вы даведаецеся, калі адгадаеце загадку:

Касматы, вусаты,
есці пачынае –
песенькі спявае. (Кот).

Так, да нас у госці завітаў кот (з-пад хусткі дастае цацку ката).

Гэты кот незвычайны, ён размаўляе толькі па-беларуску і кажа вам: “Добрай раніцы, дзеці”. Давайце таксама павітаемся з катом і скажам яму: “Добрай раніцы, коцік”. (Дзеці вітаюцца з катом).

Выхавальнік. Дзеці, запытайцеся, як завуць коціка (Дзеці пытаюцца ў ката).

Коцік кажа, што яго завуць Петрык. Петрык, чаму ты такі сумны?.. Коціку сумна, таму што яго перахітрыла мышка. А як гэта здарылася, мы даведаемся з вамі, калі паслухаем беларускую народную казку “Коцік Петрык і мышка”.

Выхавальнік чытае казку “Коцік Петрык і мышка”, звяртае ўвагу дзяцей на беларускія словы “гумно”, “куток”, тлумачыць іх сэнс.

Выхавальнік.

– Як называецца казка? (Адказы дзяцей).
– Як завуць коціка? (Адказы дзяцей).
– Каго коцік рашыў злавіць, каб вырасці? (Адказы дзяцей).
– Куды Петрык пайшоў, каб злавіць мышку? (Адказы дзяцей).
– Што такое гумно? (Хлеў, месца, дзе жыве свойская жывёла).
– Каго Петрык там сустрэў? (Адказы дзяцей).
– У якую гульню прапанавала мышка пагуляць коціку? (Кошкі-мышкі).

– Куды мышка сказала стаць коціку? (У куток).
– Што такое “куток” на рускай мове? (Угол).
– Хто ў казцы каго абхітрыў? (Адказы дзяцей).
– Давайце разам з вамі паўторым словы: гумно, куток. (Дзеці паўтараюць разам, паасобку).

Коціку Петрыку сумна, што мышка яго абхітрыла, давайце яго пашкадуем. (Дзеці гладзяць коціка, абдымаюць яго).

Дзеці, Петрык хоча з вамі пагуляць. Давайце пагуляем у гульню “Кот і мышы”.

Гульня “Кот і мышы”

Выхавальнік раздае дзецям медальёны з выявамі мышак, цацку коціка садзіць на крэселка ў куток. Калі кот спіць у кутку, мышкі бегаюць, а як кот прачынаецца і кажа “мяў”, мышы ўцякаюць у норку (садзяцца на крэселкі).

Малайцы! І тут мышкі аказаліся спрытнейшыя за коціка. Петрык, не сумуй, лепш паслухай, як дзеці раскажуць казку пра цябе.

Выхавальнік размяшчае малюнак па казцы на магнітнай дошцы і прапануе дзецям разам расказаць казку. Выхавальнік пачынае сказы, дзеці дагаворваюць словы.

Дзеці, як цікава вы расказалі казку! Ой, паглядзіце, коцік павесялеў, так яму спадабалася, як вы расказвалі. Але Петрыку пара развітацца з намі, ён кажа: “Да пабачэння, дзеці!”

Дзеці, вам спадабалася сёння гуляць з коцікам? А хто спадабаўся вам больш – коцік ці мышка? У якую гульню вы пагуляеце дома разам са сваімі бацькамі?

Вы ўсе былі сёння ўважлівымі, актыўнымі. Дзякуй вам за работу!

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий