Метад спрыяе глыбокаму спасціжэнню мастацкага твора, прымушае задумацца над прачытаным, супаставіць і абагуліць яго змест.
Вольга КАШКО,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Гімназія № 31 г. Мінска імя К.Т.Мазурава”
Чытанне – асноўны сродак навучання, інструмент пазнання навакольнага свету, адзін з найважнейшых сродкаў фарміравання грамадскай свядомасці і светапогляду людзей. І ў той жа час чытанне – дзівосны свет, што адкрывае свае тайны ўсім жадаючым.
Ёсць розныя шляхі далучэння да вялікага мастацтва слова. Зрабіць з вучня чытача, чалавека, які любіць і паважае кнігу, – удзячная і важкая задача. Адзін са шляхоў далучэння вучня да кнігі – урокі пазакласнага чытання.
Урокі пазакласнага чытання дапамагаюць выпрацоўваць навыкі аналізу мастацкага твора, выхоўваюць чытача. Гэтыя ўрокі патрабуюць ад настаўніка асобага метадычнага майстэрства:
— дапамагчы вучню арыентавацца ў выбары значымых, мастацкіх твораў, навучыць знаходзіць у кніжным свеце кнігі цікавыя, пазнавальныя, якія перадаюць духоўны вопыт чалавецтва;
— накіроўваць інтарэс вучняў да стымуляванага чытання – роздуме аб прачытаным, праз якое адбываецца духоўнае станаўленне чалавека;
— метадычна правільна і цікава будаваць урок.
У канцы навучальнага года вучням даецца спіс мастацкай літаратуры, разлічаны на прачытанне кніг на працягу летніх канікул. У залежнасці ад узроўню чытацкай падрыхтоўкі, часу, інтарэсу, жадання вучні падбіраюць і прачытваюць частку кніг па дадзеным спісе. Форма справаздачы прачытанага – урок пазакласнага чытання і дзённікі чытачоў. Формы правядзення ўрокаў пазакласнага чытання разнастайныя: гульні, інтэлект-карты, гутаркі, сачыненні-роздумы, камп’ютарныя прэзентацыі, буктрэйлеры.
Асобна хочацца спыніцца на сюжэтных інтэлект-картах паводле прачытанага твора.
Заданні па іх могуць быць самымі разнастайнымі: аднаўленне сюжэта твора; вызначэнне эпізодаў твора; акрэсліванне апушчанага эпізоду твора; выдзяленне самага напружанага моманту ў творы; назіранне за шляхам героя (ад кропкі, калі яго жыццё перастала быць ранейшым); прапанова свайго варыянту асацыяцый паводле твора і г. д. Названы метад спрыяе глыбокаму спасціжэнню мастацкага твора, прымушае задумацца над прачытаным, супаставіць і абагуліць яго змест.