Нам ёсць чым ганарыцца, нам ёсць што берагчы. Канспект занятку для 8–11-х класаў

- 16:07Единый урок

Стварэнне ўмоў для разумення важнасці мірнага жыцця, захавання гістарычнай памяці.

 

Юлія АНДРУКОНІС,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Доцішская сярэдняя школа” Воранаўскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

Мэта: стварэнне ўмоў для разумення важнасці мірнага жыцця, захавання гістарычнай памяці.

Задачы:

– фарміраваць пачуццё асабістай адказнасці за захаванне міру, павагі да Радзімы;
– развіваць аналітычныя здольнасці навучэнцаў, уменне аналізаваць, супастаўляць, абагульняць, рабіць вывады;
– выхоўваць патрыятызм, грамадзянскасць, гонар за сваю краіну.

Абсталяванне: метафарычныя карты “Сусвет пад назвай Беларусь”, нумералагічны тэкст, карта Беларусі “Помнікі Вялікай Айчыннай вайны”, “пялёсткі агню”, ілюстрацыі “Знак якасці”, кубік, фішкі, настольная гульня “Беларусь – краіна са знакам якасці”.

Ход урока

І Псіхалагічны настрой

Настаўнік. Паважаныя рабяты, шчыра віншую ўсіх з надыходам восені і новага навучальнага года. А даведацца, якім ён будзе для кожнага з нас, дапамогуць метафарычныя карты “Сусвет пад назвай Беларусь”. Выбірайце ілюстрацыю, якая адгукаецца вам у дадзены момант, тлумачце, чым яна вам блізкая, і чытайце на адваротнай старане прадказанне на будучы вучэбны перыяд.

(Ілюстрацыі да калекцыі метафарычных карт “Сусвет пад назвай Беларусь” згенерыраваны пры дапамозе нейрасетке. Файлы пададзены ў перавернутым выглядзе для зручнага стварэння двухбаковых карт) (Дадатак 1).

Сусвет пад назвай Беларусь запрашае кожнага з вас да смелага інтэлектуальнага пошуку, прапануе прыадкрыць гістарычную заслону жыцця нашай краіны і ў чарговы раз пераканацца, што беларускаму народу ёсць чым ганарыцца і што берагчы.

ІІ Матывацыя

Настаўнік. Перад вамі нумералагічны тэкст: 22, 1941, 1418, 27 млн, 3, 80.

Падумайце, якая падзея зашыфравана пры дапамозе лічбаў? (Адказы вучняў). Паспрабуйце ўтварыць тэкст, абапіраючыся на лічбавы рад.

Прыблізны адказ: 22 чэрвеня 1941 года пачалася Вялікая Айчынная вайна. Гэты дзень увайшоў у гісторыю як Дзень памяці і смутку. Вайна доўжылася доўгіх1418 дзён і начэй. Каля 27 мільёнаў загінулых – такі крывавы вынік гэтай падзеі. Кожны трэці жыхар нашай краіны загінуў падчас Вялікай Айчыннай. Сёлета мы адзначаем 80-годдзе з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Вялікая Перамога – гэта гонар пакаленняў.

У летапісе Беларусі не было супрацьстаяння больш жорсткага, чым Вялікая Айчынная вайна. Не было важнейшага подзвігу, чым подзвіг савецкага салдата, які абараніў Радзіму ад ворага, выратаваў чалавецтва ад нацызму.

ІІІ Актуалізацыя апорных ведаў

У гады вайны маці-Беларусь з’яўлялася арэнай баявых дзеянняў. Наша Бацькаўшчына здолела падняцца з руін і попелу. Беларусь ХХІ стагоддзя – незалежная і суверэнная дзяржава. І пакуль мы памятаем сваю гісторыю, ганарымся сваёй краінай, народам, мы будзем захоўваць гэты статус.

Практыкаванне “Мы памятаем! Мы ганарымся!”

Настаўнік прапануе навучэнцам пры дапамозе распрацаванай карты успомніць, як ушаноўваецца памяць пра загінулых у час Вялікай Айчыннай вайны ў нашай краіне. Загадзя падрыхтаваныя вучні знаёмяць аднакласнікаў з гістарычнай даведкай.

1-ы вучань. Вайна – гэта гора, боль, слёзы, смерць. Падзеі тых год забыць немагчыма. Яны назаўсёды застануцца ў нашай памяці і нашых сэрцах. Вайна забрала жыцці мільёнаў людзей. Але ў гэтай барацьбе наш вялікі, магутны народ выстаяў і перамог. Нашы прадзеды цаной свайго жыцця здабылі мір для нас, каб мы жылі пад мірным небам.

Хатынь… Малінаўка… Ала…
Вас знішчылі да попелу.
Азарычы… Яма… Трасцянец…
Не веру! Гэта не канец…

2-і вучань.

Там кожны стаў братам,
І кожны стаў другам.
Народ наш стаў моцным,
Як крэпасць на Бугам.

Лагер смерці “Трасцянец” знаходзіцца ў 10 км ад Мінска. “Трасцянец” з’яўляецца найбуйнейшым на тэрыторыі Беларусі месцам масавага знішчэння людзей у гады нямецка-фашысцкай акупацыі. Па самых мінімальных падліках у раёне лагера фашысцкімі людажэрамі знішчана 546 тысяч чалавек. З жахам былыя вязні ўспамінаюць выбарчыя расстрэлы, шыбеніцы, на якіх абрываліся дзясяткі жыццяў, выдрэсіраваных сабак, якія разрывалі людзей, газавыя камеры, крэмацыйную яму-печ.

1-ы вучань. Азарыцкі лагер смерці праіснаваў толькі 10 дзён, але паспеў забраць жыццё ў 20 тысяч мірных жыхароў. На “тэрыторыі смерці” знаходзіліся дзеці, жанчыны, старыя і цяжка хворыя людзі. Людзей трымалі пад адкрытым небам без вады і ежы. У лагеры смерці “Азарычы” ўпершыню была выкарыстана бактэрыялагічная зброя – сыпны тыф. Гэтая зараза вельмі хутка распаўсюджвалася, таму хворых і здаровых людзей мэтанакіравана перамешвалі.

2-і вучань. Мемарыяльны комплекс “Яма” ў Мінску ўзведзены на месцы аднаго з найбуйнейшых у Еўропе яўрэйскіх гета, дзе гітлераўцы знішчылі каля 5 тысяч яўрэяў. Нацысты ліквідавалі яўрэйскі дзіцячы дом, а сірот разам з выхавацелямі скінулі ў яму і засыпалі зямлёй. У адказ на дзіцячы плач і мальбу аб літасці, нямецкі афіцэр кідаў у роў цукеркі.

Практыкаванне “Вечны агонь”

Настаўнік. За кожным мемарыяльным комплексам стаіць свая крывавая гісторыя. І такіх гісторый у нашай краіне тысячы. Памяць пра страшную вайну і Вялікую Перамогу не можа згаснуць: яна навечна запісана ў гісторыю Айчыны і кожнай беларускай сям’і. Перажытая трагедыя і дасягнутая Перамога – боль і горыч, гонар і слава беларускага народа.

У вас на партах ляжаць “пялёсткі агню”, давайце запалім свой “вечны агонь”, які будзе сімвалізаваць нашыя адносіны да Вялікай Айчыннай вайны.

Чырвоны – гонар, жоўты – смутак, аранжавы – слёзы, белы – раўнадушша. А цяпер хвілінай маўчання ўшануем памяць загінулых падчас Вялікай Айчыннай вайны.

Мінута маўчання

Практыкаванне “Нам ёсць чым ганарыцца”

Незалежнасць нашай краіны сёння заснавана на дасягненнях пакалення пераможцаў. Тых, хто ахвяруючы самым дарагім, сваім жыццём, прынёс на нашу зямлю доўгачаканую Перамогу. Наш народ, абапіраючыся на вопыт мінулага, стварае сучаснасць і будучыню. Якая яна, сучасная Рэспубліка Беларусь?

Перад вамі знак якасці, які ўяўляе пяцівугольнік чырвонага колеру. Для адказу на пытанне на гранях знака неабходна зашыфраваць словы, якімі вы можаце ахарактарызаваць дасягненні нашай краіны. Затым сусед па парце павінен разгадаць ваша ўмоўнае абазначэнне. (Напрыклад, малюнак хлеба дае магчымасць зразумець, што Беларусь – хлебная краіна, ілюстрацыя клюшкі сімвалізуе высокія дасягненні нашых спартсменаў у хакеі і г.д.).

Практыкаванне “Беларусь – краіна са знакам якасці”

Рабяты, да знака якасці мы звярнуліся невыпадкова. Вашы меркаванні чаму? (Адказы дзяцей). Сапраўды, 2024 год у нашай краіне аб’яўлены Годам якасці. Пяць вуглоў Дзяржаўнага знака якасці сімвалізуюць якасць беларускай прадукцыі. Насамрэч, беларускія тавары шырока вядомы далёка за межамі нашай краіны. Хачу адзначыць, што беларуская адукацыя, медыцына, навука і іншыя сферы развіцца таксама валодаюць высокімі якаснымі паказчыкамі. Прапаную вам успомніць дасягненні нашай краіны і тых вялікіх людзей, дзякуючы каму наша маленькая краіна славіцца ва ўсім свеце. Запрашаю вас пагуляць у настольную гульню “Беларусь – краіна са знакам якасці”.

 

Гульня “Беларусь – краіна са знакам якасці”

Умовы гульні

Кожны гулец кідае кубік (Дадатак 2) па чарзе і рухае сваю фішку па полі (Дадатак 3) на колькасць пунктаў, якія выпалі на кубіку. Настаўнік задае адпаведнае лічбе пытанне. У гульні няма пераможцаў, галоўная яе мэта: нагадаць навучэнцам пра слаўных сыноў і дачок нашай краіны, дасягненні народа ў розных галінах дзейнасці; даць магчымасць візуалізацыі.

Пытанні

1) Гэты беларускі завод уваходзіць у дзясятку найбуйнейшых вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі ў свеце (ААТ “МТЗ”).
2) Назавіце імя першай беларускай алімпійскай чэмпіёнкі, якой прысвоена званне Героя Беларусі (Дар’я Домрачава).
3) Назва савецкага і беларускага ансамбля пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мулявіна (“Песняры”).
4) Гэты пісьменнік быў удзельнікам Другой сусветнай вайны, большасць яго твораў – аповесці, у якіх паказаны маральны выбар чалавека ў найбольш драматычныя моманты жыцця (Васіль Быкаў).
5) Гэта кампанія – лідар па вытворчасці адзення і бялізны — знаходзіцца ў Гродна. Другая яе назва – куток Італіі (Сonte. СААТ “Конте Спа”).
6) Савецкі і беларускі партызан, піянер-герой, Герой Савецкага Саюза (Марат Казей).
7) Народны мастак БССР, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, аўтар цыкла карцін “Лічбы на сэрцы” (Міхаіл Савіцкі).
8) Беларускі батуціст, алімпійскі чэмпіён у 2020, 2024 гадах (Іван Літвіновіч).
9) Беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар (Францыск Скарына).

10) Адзін з самых вядомых прадстаўнікоў беларускага авангарда ХХ стагоддзя (Марк Шагал).
11) Жанчына-асветніца, падзвіжніца кніжнай справы (Еўфрасіння Полацкая).
12) Назавіце буйнейшы беларускі ювелірны завод (ТАА «Ювелірны завод «ЗОРКА»).

13) Лідар па вытворчасці касметыкі ў Беларусі (BIELITA – ВІТЭКС).
14) Гэты замак быў пабудаваны пры Мікалаю Радзівіле Чорным (Нясвіжскі замак).

15) Гісторыка-культурны комплекс, які быў створаны да 60-годдзя Перамогі (“Лінія Сталіна”).
16) Самы буйны завод на тэрыторыі нашай краіны, дзе выпускаюць самыя вялікія ў свеце кар’ерныя самазвалы (ААТ “БелАЗ”).
17) Прыгадайце першую беларускую жанчыну-касманаўта (Марына Васілеўская).
18) У кампетэнцыі дадзенага цэнтра распрацоўка і рэалізацыя інфармацыйных і інфармацыйна-аналітычных праектаў у розных прадметных напрамках (Цэнтр інфармацыйных тэхналогій).

19) Класік беларускай літаратуры, які памёр у 25-гадовым узросце ад сухотаў (Максім Багдановіч).
20) Гэты ўнікальны шэдэўр архітэктуры ўваходзіць у Спіс культурнай сусветнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА (Мірскі замак).
21) Адзін з лідараў малочнай галіны ў Беларусі (ААТ “Малочны мір”).
22) Гэта прадпрыемства носіць статус лідара сярод прадпрыемстваў Рэспублікі Беларусь у галіне вытворчасці лакафарбавай прадукцыі (ААТ “Лакафарба”).

23) Савецкая гімнастка, чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў, якая ўпершыню выканала элемент “пятля Корбут” (Вольга Корбут).
24) Першы беларускі касманаўт (Пётр Клімук).
25) Найбуйнейшы вытворца малочнай прадукцыі ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне, лідар малочнай галіны Беларусі. (ААТ “Савушкін прадукт”).
26) Аб’яднанне па вытворчасці дывановых вырабаў (ААТ “Дываны Брэста”).
27) Мемарыяльны комплекс, помнік Вялікай Айчыннай вайны, сімвал гераічнага супраціўлення і мужнасці яе абаронцаў. (Брэсцкая крэпасць)

Падвядзенне вынікаў

Беларусь – гэта імя Свабоды і Перамогі. Мы ведаем, што, пакуль мы ганарымся сваім народам, беражом сваю краіну, мы будзем свабоднымі. Пакуль у нас жыве гістарычная памяць, мы – народ. Мы будзем беларусамі! Гэты рэальны статус дапаможа нам і надалей будаваць сваю будучыню, нашу Беларусь!

Дадаткі:  https://drive.google.com/drive/folders/1eXktH0j0JUu1VJ5B5wEEUZ0_0n1Gzf-6?usp=sharing

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий