“Гучы, роднае слова!”Сцэнарый гульні да Міжнароднага дня роднай мовы

- 13:49ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Гульня прызначана далучаць дзяцей да багацця беларускай мовы, выхоўваць паважлівыя адносіны да яе, жаданне размаўляць.

 

Алена ЗЮЗЬКОВА,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Любчанскі дзіцячы сад” Навагрудскага раёна,
Гродзенская вобласць



Праграмныя задачы:

– далучыць дзяцей да багацця беларускай мовы;
– фарміраваць каштоўнасныя адносіны да яе;
– развіваць пазнавальныя і моўныя здольнасці;
– навыкі моўнага самакантролю; выхоўваць паважлівыя адносіны да роднай мовы, жаданне на ёй размаўляць.

Матэрыял і абсталяванне: дзіцячыя беларускія нацыянальныя касцюмы, карткі з загадкамі, куфэрак, аўдыязапісы ўрыўкаў з казак, выстава кніг, вышываныя ручнікі, калыска, лялька.

Удзельнікі: выхаванцы рознаўзроставых груп (5–6 год), бацькі.

Форма правядзення: гульня-спаборніцтва.

 

Ход мерапрыемства 

Гучыць верш М.Танка “Родная мова”

З легендаў і казак былых пакаленняў,
З калосся цяжкога жытоў і пшаніц,
З сузор’яў і сонечных цёплых праменняў,
З грымучага ззяння бурлівых крыніц,
З птушынага шчэбету, шуму дубравы,
І з гора, і з радасці, і з усяго
Таго, што лягло назаўсёды ў аснову
Святыні народа, бяссмерця яго,
Ты выткана, дзіўная родная мова.

Вядучы. Такія словы знайшоў для раскрыцця шматграннасці роднай мовы народны паэт Беларусі Максім Танк.

Дваццаць першага лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Сённяшняя наша сустрэча прысвечана гэтай даце.

Сустракайце, калі ласка, удзельнікаў гульні! У нас сёння змагаюцца каманда “Васількі” і каманда “Рамонкі”. (Пад музычнае суправаджэнне ў залу ўваходзяць удзельнікі гульні і займаюць свае месцы за сталамі).

Дзеці, а вы любіце адгадваць загадкі? Тады пачынаем. Слухайце ўважліва.

Конкурс 1. Загадкі

Для кожнай каманды прапануецца па тры загадкі.

Загадкі для каманды “Васількі”.

Доўгі насок, тонкі галасок, хто яго заб’е, той кроў пралье. (Камар)
Белы, ды не цукар, ног няма, а ідзе. (Снег)

Лата на лаце, ніткі не знаці. (Капуста)

Загадкі для каманды “Рамонкі”.

Стаяць слупы бялёныя, на іх шапкі зялёныя. (Бярозы)
Хоць у капелюшы, а галавы не мае. (Грыб)
Нітак многа, а ў клубок не зматаеш. (Павуцінне)

Конкурс 2. Віктарына

Пытанні задаюцца абедзвюм камандам па чарзе

У якіх казках удзельнічаюць наступныя казачныя героі? Ліса, Воўк, Мядзведзь? (Пра жывёл)
Якімі словамі пачынаюцца казкі? (Жылі – былі)
Якая жывёла ў казках абазначае хітрасць? (Ліса)
Якая жывёла ў казках абазначае баязлівасць? (Заяц)

Якая жывёла абазначае ўпартасць? (Баран)
Якімі словамі звычайна заканчваюцца казкі? (Вось і казцы канец, а хто слухаў маладзец)

Конкурс 3. Хто адправіў тэлеграму?  

Вядучы. Усе вы ведаеце і любіце беларускія народныя казкі. Нам на свята даслалі тэлеграмы казачныя героі. Вам патрэбна ўгадаць, які казачны герой адправіў тэлеграму.

Заданне выконваюць удзельнікі гульні і іх бацькі

1 “Дык вось, каму слава, таму і булкі. А вы, гультаі, ідзіце прэч адгэтуль! Ко-ко-ко! Дзеткі, бяжыце хутчэй сюды, хутчэй”. (Курачка з казкі “Пшанічны каласок”).

2 “Гэй, каза, збірай манаткі. Уцякай хутчэй ты з хаткі. Бо вунь дзед ідзе, ён касу нясе…” (Пеўнік з казкі “Каза-манюка”).

3 “Дык вось, каточак, мой галубочак, хлеб ёсць, соль ёсць, капусты няма”.

(Дзед з казкі “Каток – залаты лабок”)

4 “Карова, карова, дай масла! Пеўнік ляжыць і не дыхае, бобінкай падавіўся”. (Курачка з казкі “Як курачка пеўніка ратавала”).

5 “Кар-кар-ррр! Кра-кра! Гэй! Гэй! Я паўночны салавей!” (Варона з казкі “Ганарыстая варона”).

Фізкультхвілінка. Беларуская народная гульня “Маша”

Усе становяцца ў круг, пасярэдзіне знаходзіцца “Маша” з завязанымі вачыма. Дзеці прагаворваюць словы:

Маша, ты пацеха наша!
Ручкі з золата, ножкі з долата,
Валасы кудлатыя, кудлатыя, а вочы зыркатыя.

“Маша” хапае каго-небудзь з круга і спрабуе адгадаць, хто гэта. Калі адгадвае імя дзіцяці, той становіцца “Машай”.

Правілы гульні: дзіця не мае права адкрываць вочы, пакуль не зловіць дзіця і не паспрабуе адгадаць, хто гэта.

Конкурс 4. Пазнай казку па пачатку

У конкурсе ўдзельнічаюць удзельнікі абедзвюх каманд і іх бацькі.

Гучаць аўдыязапісы ўрыўкаў з казак “Каза-манюка”, ”Пшанічны каласок”, “Піліпка Сынок”, ”Коцік, Пеўнік і Лісіца”. Удзельнікі ўважліва слухаюць і называюць пэўную казку.

Конкурс 5. Праспяваем “Калыханку” разам

Калі вы былі маленькія, вас песцілі вашы матулі: расказвалі забаўлянкі, пелі калыханкі. А ці ведаеце вы іх? Давайце разам пакладзём нашу ляльку спаць. (Дзеці разам з бацькамі “кладуць ляльку спаць” і спяваюць калыханку).

Конкурс 6. Перакладчыкі

У конкурсе ўдзельнічаюць выхаванцы з абедзвюх каманд.

З куфэрка вядучы дастае прадметы і называе іх на рускай мове, дзеці называюць іх па-беларуску.

Карандаш, краски, сахар, книга сказок, ножницы, лист бумаги, корзинка, конфеты.

Конкурс 7. Прадоўжыць беларускія народныя прыказкі

У конкурсе ўдзельнічаюць бацькі.

Хто працуе, таму і….(шанцуе).
Праца чалавека корміць, а… (лянота порціць).
Жураўлі ляцяць высока – … (зіма далёка). Жураўлі ляцяць нізка – (зіма блізка).
Вясна красна цвятамі, а восень… (пладамі).
Вясенні дзень … (год корміць).

Вядучы. Наша сённяшняя сустрэча падышла да канца.

Падводзяцца вынікі гульні, вызначаюцца пераможцы.

Вядучы. Беларуская мова, якую пранёс наш народ праз вякі, з’яўляецца найвялікшым нацыянальным скарбам. Дзякуй за ўвагу.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий