Пазакласнае мерапрыемства да Дня беларускага пісьменства і друку, які адзначаецца ў верасні, будзе садзейнічаць выхаванню павагі да гісторыка-культурнай спадчыны беларускага народа.
Ала КАЗЕКА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
ДУА “Сярэдняя школа № 10 імя В.І.Пеляніцына г. Слоніма”,
Гродзенская вобласць
Мэты і задачы гульні:
– садзейнічаць выхаванню павагі да гісторыка-культурнай спадчыны беларускага народа, любові да роднай мовы;
– пашырэнню пазнавальных інтарэсаў вучняў, актывізацыі інтэлектуальных магчымасцей асобы.
Абсталяванне: канверты з пытаннямі, карткі для запісу адказаў, партрэты беларускіх асветнікаў, выстава кніг беларускіх аўтараў, дыпломы для ўзнагароджвання пераможцы і ўдзельнікаў гульні.
Форма правядзення: у гульні бяруць удзел некалькі каманд, у склад якіх уваходзяць 6–8 вучняў.
Ход гульні
Настаўнік. Добры дзень! Першыя вераснёўскія дні на Беларусі напоўнены надзвычай прамяністай духоўнасцю. Адзначаецца свята ў гонар кнігі, друкаванага слова, роднай мовы – Дзень беларускага пісьменства і друку.
Еўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Францыск Скарына, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі … Без гэтых імёнаў немагчыма ўявіць духоўнае жыццё і шматвяковую гісторыю нашай Радзімы. Яны імкнуліся далучыць сваіх суайчыннікаў да здабытку агульначалавечай культуры і рабілі гэта праз кнігі. Іх самаахвярная праца дазволіла падняць культуру нашых продкаў на вельмі высокі ўзровень.
Сёння мы праводзім інтэлектуальна-пазнавальную гульню, якая дазволіць выявіць, наколькі добра вы ведаеце гісторыю беларускай мовы і кнігадрукавання. Пытанні гульні падзелены на тэматычныя блокі. Каманда атрымлівае канверт з пытаннямі пэўнага блока, на картках запісвае адказы і перадае журы. Журы правярае правільнасць адказаў і агучвае колькасць набраных камандай балаў. За кожны правільны адказ налічваецца 1 бал. Жадаю поспехаў камандам. Пачынаем гульню.
Першы блок пытанняў. “Мова – скарб народа”
1 Якое стагоддзе лічыцца пачаткам утварэння самастойных усходнеславянскіх моў, у тым ліку беларускай мовы? (XIV стагоддзе)
2 Да якой групы моў адносіцца беларуская мова? (Да славянскай групы моў)
3 На якой мове быў напісаны Статут Вялікага Княства Літоўскага? (На старабеларускай мове)
4 У якім годзе польскі сойм афіцыйна забараніў беларускую мову як у дзяржаўным ужыванні, так і ў справаводстве? (У 1696 годзе)
5 У якім годзе ХХ стагоддзя беларускае пісьмовае слова атрымала права на легальнае існаванне? (У 1906 годзе)
6 Якія гады ХХ стагоддзя былі найбольш спрыяльнымі для развіцця новай беларускай літаратурнай мовы? (20-я гады)
7 Хто з беларускіх паэтаў і пісьменнікаў пачатку ХХ стагоддзя ўнёс вялікі ўклад у развіццё беларускай мовы? (Я.Купала, Я.Колас, Цётка, М.Багдановіч і інш.)
8 Назавіце разнавіднасці беларускай нацыянальнай мовы. (Дыялектная і літаратурная)
9 У якім годзе беларусы ўпершыню адзначылі Дзень беларускага пісьменства і друку? (У 1994 годзе)
10 У якім годзе быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”. (У 2008 годзе).
Другі блок пытанняў. “З кнігай праз стагоддзі”
1 Які дзень лічыцца пачаткам беларускага кнігадрукавання? (6 жніўня 1517 года)
2 З 1517 па 1519 гады Скарына выдаў 23 кнігі. Пад якім агульным загалоўкам яны былі выдадзены? («Библия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славнаго града Полоцька богу ко чти и людем посполитым к доброму научению»)
3 У Вільні Францыск Скарына пры падтрымцы мецэнатаў стварыў друкарню. Якую кнігу ён выдаў там у 1522 годзе? (“Малая падарожная кніжка”)
4 Сымон Будны заснаваў у Нясвіжы друкарню. У якім годзе і якую кнігу ён там выдаў? (У 1562 годзе выдаў “Катэхізіс”)
5 У 1570 годзе Васіль Цяпінскі выдаў Евангелле. Аднак грошай хапіла на друкаванне толькі двух першых. Якія Евангеллі былі надрукаваны поўнасцю? (Евангелле ад Матфея і Евангелле ад Марка)
6 Назавіце прозвішча вядомага беларускага паэта-гуманіста эпохі Адраджэння, аўтара паэмы “Песня пра зубра”. (Мікола Гусоўскі)
7 Увосень 1891 г. у Кракаве выходзіць першы зборнік Францішка Багушэвіча. Якую назву ён меў? («Дудка беларуская»)
8 15 мая 1905 года ў газеце “Северо-Западный край” быў надрукаваны верш Янкі Купалы, які называўся… (“Мужык”)
9 У 1910 годзе выйшаў першы зборнік вершаў Якуба Коласа пад назваю… (“Песні жальбы”)
10 Назавіце аўтара кнігі “Першае чытанне для дзетак-беларусаў”. (Цётка)
Вучань.
Бясследна нішто не міне,
Гісторыя слова адродзіць.
Ты – мост,
па якім да мяне
Мінуўшчына ў госці прыходзіць.
Мільгаюць старонкі твае –
I мы размаўляем з вякамі,
I продак да нас дастае
Радкамі, нібыта рукамі.
Учора і сёння –
Штодня –
У люты мароз і ў адлігу
Стварае людская радня
Жыцця непаўторную кнігу.
Мы пішам адменным пяром,
Што ўручана родным народам.
Пілот у нябёсах –
крылом,
Араты на полі –
нарогам.
Мы – словы такога пісьма,
Якое ў вяках не сатрэцца.
Ты – мост,
па якім нездарма
Іду я з патомкам сустрэцца. (Пятрусь Макаль “Кніга”)
Падвядзенне вынікаў двух тураў.
Трэці блок пытанняў. “Мастакі слова пра родную мову”
Каму з беларускіх аўтараў належаць наступныя выказванні:
1 Роднае слова – гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акаляючы нас свет. (Я.Колас)
2 Мова – гэта вялікі народны скарб. Яе нельга не паважаць, як нельга не паважаць родны народ. (І.Мележ)
3 Не пакідайце ж мовы беларускай, каб не ўмёрлі. (Ф.Багушэвіч)
4 Любіце і шануйце, як святыню, роднае слова, з якім вас літасцівы Бог на свет пусціў. (Ф.Скарына)
5 Магутнае слова, ты, роднае слова!/Са мной ты на яве і ў сне. (Я.Купала)
6 Родная мова, быццам цэмент, звязвае людзей. Яна дае ім найлепшы спосаб разумець адзін аднаго, адной думкай жыць, адной долі шукаць. (Цётка)
7 Родная мова, цудоўная мова!/Ты нашых думак уток і аснова! (У.Дубоўка)
8 Хто не шануе родную мову, той не шануе сябе самога, ні свой род, ні сваіх дзядоў-бацькоў, якія той жа мовай гаварылі. (В.Ластоўскі)
Чацвёрты блок пытанняў. “Мовы рысы непаўторныя”
1 Колькі літар у беларускім алфавіце? (32 літары)
2 Пералічыце некаторыя фанетычныя асаблівасці беларускай мовы. (Дзеканне, цеканне, аканне, яканне і інш.)
3 Сукупнасць усіх слоў пэўнай мовы, яе слоўнікавы склад. (Лексіка)
4 У беларускай мове шмат “гаваркіх” слоў, якія гавораць, шмат расказваюць самі пра сябе, самі за сябе. Назавіце некаторыя з іх. (Прыклады: знічка, настольнік, немаўля, насоўка, ручнік і інш.)
5 Нормы літаратурнай мовы, якія патрабуюць адзінага вымаўлення галосных і зычных гукаў, іх спалучэнняў. (Арфаэпічныя)
6 Перакладзіце на беларускую мову рускае слова “валежник”. (Ламачча)
7 Якая назва дня тыдня этымалагізуецца як “другі дзень”? (Аўторак)
8 Дапішыце пачатак народнага выслоўя: “… хоць намучыць, але жыць навучыць”. (Навука)
9 У ролі якой часціны мовы ўжыта выдзеленае слова ў народным выразе “можа надвое варожа”? (Назоўнік)
10 Прагрэсіўны грамадскі дзеяч, пашыральнік ведаў. (Асветнік)
Вучань.
Бачу гэты ёмісты том,
Дзе на ўступных старонках
Славянская вязь
Скарынаўскіх першадрукаў,
Уквечная адмысловымі гравюрамі,
З усемагчымымі завіткамі-кудзеркамі
Нашай старажытнай кірыліцы.
Далей ідуць друкаваныя спехам
Шрыфты Сымона Буднага
І Васіля Цяпінскага.
І вось ужо, аўтарствам кмечаныя,
Творы Дуніна-Марцінкевіча,
Багушэвіча абарончыя вершы,
Гнеўныя вершы-адозвы Цёткі,
Бунтарныя паэмы і вершы Купалы,
Яго драматургічныя творы.
Усеахопныя творы Коласа,
Шчымліва-самотныя радкі Багдановіча,
На вайне беззваротна страчаных,
А дальш – ацалелых у ліхалецце –
Быкава, Шамякіна, Мележа…
І далей, і далей –
За старонкай старонка…
Толькі ўсемагутнымі рукамі
Народа майго
Можна том гэты ёмісты
Узняць над зямлёй
І разгарнуць,
Каб тыя, што яго стварылі
І ўжо сёння ля зорак,
Змаглі прачытаць
У 500-гадовым аб’ёме
Нашу кнігу жыцця. (Мікола Мятліцкі “Беларускае кнігадрукаванне”)
Падвядзенне вынікаў гульні. Узнагароджванне пераможцы і ўдзельнікаў.
Настаўнік. Праз смугу стагоддзяў, пераадольваючы шматлікія перашкоды, дайшло да нас беларускае слова. На вас, моладзь, ляжыць адказнасць за яго далейшы лёс. Беражліва захоўвайце скарб, які далі нам продкі, будзьце вернымі традыцыям беларускага народа.