Занятак прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы.
Алена ПРАКАПОВІЧ,
настаўнік-дэфектолаг
ДУА “Дубненскі дзіцячы сад” Мастоўскага раёна,
Гродзенская вобласць
Мэта: выхоўваць любоў да роднай мовы.
Задачы:
– развіваць пазнавальныя і моўныя здольнасці, навыкі маўленчага самакантролю;
– узбагачаць слоўнікавы запас дзяцей;
– выхоўваць павагу да роднай мовы, жаданне на ёй размаўляць.
Папярэдняя работа: чытанне і завучванне вершаў, загадак, чытанне беларускіх казак, развучванне беларускіх гульняў; работа над гукавымаўленнем; разгляданне ілюстрацый; наведванне музея ў дзіцячым садзе.
Абсталяванне: назвы прыпынкаў; білеты; малюнкі; “чароўны куфэрак”; магнітафон.
Ход занятку
Гучыць ціхая музыка.
Настаўнік-дэфектолаг.
Добры дзень!
Ці ўсе тут ёсць?
Я вітаю вас падчас!
Пачынаем, бо ўжо час.
Ёсць тут я, ёсць тут вы.
Прывітанне вам, сябры!
Я – беларус, і я шчаслівы,
Што маці мову мне дала,
Што родных песень пералівы
І зблізку чую, і здаля.
А ці ведаеце вы, якое свята мы адзначаем на гэтым тыдні. Адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Таму сёння мы з вамі адправімся ў падарожжа да нашай роднай мовы. “Мова – гэта вялікі народны скарб. Яе нельга не паважаць, як нельга не паважаць родны народ” (І.Мележ). А хто з вас ведае, якая мова з’яўляецца для нас роднай? Чаму вы так лічыце? Правільна, бо мы з вамі жывём у Беларусі. Беларусь – гэта наша Радзіма. А кожны чалавек, які жыве ў Беларусі, павінен ведаць сваю мову, умець спяваць песні на роднай мове, расказваць вершы. Я бачу, што вы ўжо гатовы адправіцца ў падарожжа. Таму сядайце ў цягнік, і мы адпраўляемся:
Пад вясёлы стук калёс
Імчыць па рэйках паравоз:
Дым пускае на ляту,
Паравоз гудзе: ту-ту!
Прыпынак “Давайце пазнаёмімся”
У кожнага на стуле ляжыць білет, дзіця аддае настаўніку – “кандуктару” білет і называе сваё імя поўным сказам. (Мяне завуць Арсеній і г.д.)
Прыпынак “Добрыя словы”
Добры вам дзень!
Добры вам дзень!
Добрыя словы –
Добрым людзям.
Давайце па дзесяць разоў
(Не радзей!)
Сустрэчным усім
Гаварыць іх будзем. (Н.Нарэйка)
Дзеці павінны назваць добрыя словы: “прывітанне”, “добрай раніцы”, “добры дзень”, “калі ласка”, “дзякуй”, “прабачце”, “да пабачэння”, “смачна есці”.
Прыпынак “Чароўны куфэрак”
Паглядзіце, што мы з вамі знайшлі? Дык гэта ж чароўны куфэрак. Што ён падрыхтаваў для нас? Дык гэта ж загадкі!
Доўгая шыя,
Чырвоныя боты.
Белы ды шэры
Ідзе ля дарогі. (Бусел)
У шэрай шубцы перавой,
І ў марозы ён герой.
Назаві яго хутчэй!
Хто там скача?.. (Верабей)
У рыжай разбойніцы
хвост, як мятла.
Ад кары ўцякла –
сляды замяла. (Ліса)
З ялінкі на ялінку,
з галінкі на галінку
скача агеньчык жывы…
Хто гэта? Знаеце вы? (Вавёрка)
Хоць сама яна нямая –
З чалавекам размаўляе. (Кніга)
Чароўны куфэрак падрыхтаваў для вас малюнкі і хоча, каб вы прыдумалі загадкі.
Дзеці павінны падабраць як мага больш слоў да малюнкаў: Ручаёк…, вецер…, бусел…, снег…
А зараз давайце мы раскажам чароўнаму куфэрку вершы:
…Нібы маці берагчы
Працаўніцу нашу – мову,
Бо яна – жыцця зачын
І пачатак песні новай. (Я.Сіпакоў)
…Не, я не супраць розных іншых моў,
Але мне роднай смак заўсёды мілы.
І я – падданы беларускіх слоў,
Тых, да якіх Радзіма прычасціла. (Н.Гальпяровіч)
…Яна мяне люляла і лячыла,
Збірала зёлкі, травы і кару,
Яна мяне з маленства навучыла
Так гаварыць, як сёння гавару. (С.Грахоўскі)
Прыпынак “Свабоднае месца”
Дзеці становяцца ў круг адзін каля аднаго. Настаўнік-дэфектолаг выклікае двух дзяцей, якія стаяць побач, яны робяць крок назад. Становяцца спінай адзін да аднаго. Па сігналу: “Адзін – два – тры – бяжы!” дзеці бягуць у розныя бакі па кругу, стараючыся хутчэй стаць на свабоднае месца. Той, хто хутчэй дабег да свайго месца і заняў яго, лічыцца пераможцам і атрымлівае білет на цягнік.
Вось і скончылася наша падарожжа да роднай мовы. І нам трэба вяртацца ў наш садок. Кожны з вас атрымаў білет, сядайце ў цягнік і разам спяваем песеньку цягніка:
Пад вясёлы стук калёс
Імчыць па рэйках паравоз:
Дым пускае на ляту,
Паравоз гудзе: ту-ту!
Ці спадабалася вам гэта падарожжа? (Адказы дзяцей). Паслухайце, калі ласка, яшчэ адзін верш пра мову:
Адкрываю, як свет, нанова
беларускае роднае слова,
пералівістае – як праменьчык,
вясёлкавае – як ручэй,
цёплае – як агеньчык
добрых тваіх вачэй,
светлае – як маланка,
гнеўнае – як Пярун,
ціхае – як калыханка,
вечнае – як Беларусь! (А.Канапелька)