Квест-гульня “Мой край – мая Радзіма” для вучняў III–IV класаў

- 11:28I СТУПЕНЬ, Методичка, НАЧАЛЬНАЯ ШКОЛА, Начальная школа. Внеклассная работа

Пашыраць кругагляд навучэнцаў, іх веды пра родную зямлю.

 

Наталля ПАРЖОН,
настаўнік пачатковых класаў,
ДУА “Асінаўшчызненская пачатковая школа” Смаргонскага раёна,
Гродзенская вобласць
parzonnatali.74@gmail.com

 

Мэта: выхаванне пачуцця патрыятызму.

Задачы:

– пашыраць кругагляд навучэнцаў, іх веды пра родную зямлю;
– спрыяць раскрыццю інтэлектуальных здольнасцей, развіццю лагічнага мыслення;
– паказаць прыгажосць і непаўторнасць беларускай зямлі;
– выхоўваць у навучэнцаў пачуццё гонару за сваю краіну.

 

Ход занятку

Прывітанне. Я рада вітаць вас у нашым класе. З якім настроем вы прыйшлі? Усмешка. Раз, два, тры – усмешку сябру падары.

Сёння наша мерапрыемства пройдзе ў форме квест-гульні “Мой край – мая Радзіма”. Як называецца наша Радзіма?

Беларусь – мая краіна!
Беларусь – мая дзяржава!
Беларусь – мая Айчына!
Беларусі маёй слава!

Вынікам квесту стане сабраная з частак карта Беларусі. Колькі абласцей у нашай краіне? Столькі і частак вы павінны будзеце адшукаць. Нам будзе дапамагаць незвычайны компас. Яго стрэлка будзе напраўляць нас на станцыі квесту. Кожная лічба азначае пэўнае заданне. Выканаўшы яго, вы атрымаеце падказку, дзе знайсці патрэбную частку-вобласць. Зразумелі правілы гульні? А самае галоўнае правіла: слухаць, паважаць, не перабіваць сваіх сяброў. Наш дэвіз: “Адзін за ўсіх, і ўсе за аднаго”.

Звяртацца да стрэлкі будзем так:

Стрэлка, стрэлка, падкажы,
стрэлка, стрэлка, раскажы.

Паўтарыце, калі ласка. Круцяць стрэлку.

Станцыя 1. “Сімвалы Беларусі” (Дзеці працуюць у групах: збіраюць з літар слова “сімвалы”).

Дзеці, якія сімвалы Беларусі вы ведаеце? (Дзяржаўныя: герб, сцяг, гімн; прыродныя: бусел, зубр, васілёк).

Заданне: скласці з частак герб Беларусі.

Малайцы, добра справіліся з заданнем. Вы можаце забіраць першую частку пазла. Шукайце яе ў нашым куточку Беларусі. Знаходзяць і вывешваюць на дошку (Віцебская вобласць).

Час адпраўляцца на другую станцыю.

Стрэлка, стрэлка, падкажы,
стрэлка, стрэлка, раскажы.

Станцыя 2. “Вусная народная творчасць”

У беларускага народа вельмі багатая вусная народная творчасць. Як па-другому мы можам назваць гэта? Якія жанры фальклору вы ведаеце? (Вялікія і малыя: казкі, песні, прыказкі, прымаўкі, загадкі, прыкметы, скорагаворкі)

Заданне “Збяры прыказкі”.

Чалавек без Радзімы, што птушка без крылаў.

Няма смачнейшай вадзіцы, як з роднай крыніцы.

У сваім краі, як у раі.

У чужой старонцы не так свеціць сонца.

А цяпер давайце ўспомнім беларускія народныя казкі. Працягніце назву.

Ганарыстая … (варона)
Залатая… (яблынька)
Каток-.. (залаты лабок)
Каза-… (манюка)
Хітры … (вол)
Лёгкі… (хлеб)
Не сілай, а … (розумам)
Пшанічны… (каласок)
Коцік, пеўнік і … (лісіца)
Курачка… (раба).

Малайцы. Слухайце падказку: шукайце пазл у куточку чытання. (Магілёўская вобласць) Рухаемся далей.

Стрэлка, стрэлка, падкажы,
Стрэлка, стрэлка, раскажы.

Станцыя 3. “Беларусь літаратурная”

Акрамя народных казак, існуе шмат аўтарскіх твораў. Зараз прыгадаем беларускіх пісьменнікаў. Я буду называць вам імя, а вы – прозвішча.

Янка Купала
Якуб Колас
Ніна Галіноўская
Мар’ян Дукса
Максім Танк
Максім Багдановіч
Авяр’ян Дзеружынскі
Ніл Гілевіч
Васіль Жуковіч
Васіль Вітка
Артур Вольскі
Эдзі Агняцвет

І амаль у кожнага пісьменніка ёсць творы пра Радзіму. Давайце ўзгадаем некаторыя ўрыўкі з вершаў. (Дзеці чытаюць вершы)

Я – дзяўчынка-беларуска
З васільковымі вачыма.
Хоць малая, але знаю:
Беларусь – мая Радзіма.

Між лясамі ды азёрамі–
Васільковыя палі…
Я не ведаю, не ведаю
Прыгажэйшае зямлі.

Я нарадзіўся беларусам,
Беларусам буду жыць!
Мову родную вучуся
Шанаваць, цаніць, любіць.

Радзіма ў нас бязмежная,
Спякотная і снежная.
Радзіма ў нас лагодная,
Нібы матуля родная.
А самае галоўнае:
Усе ёй дзеці роўныя.

Некаторыя з вершаў пакладзеныя на музыку. Верш Эдзі Агняцвет “Зямля з блакітнымі вачамі” таксама стаў песняй. Прапаную яе паслухаць.

Колькі ў нашай краіне дзяржаўных моў і якія?

Гульня “Перакладчыкі” (у выглядзе чаргі).

аист – бусел
зонт – парасон
радуга – вясёлка
воротник – каўнер
платье – сукенка
юбка – спадніца
шиповник – шыпшына
скворец – шпак
арбуз – кавун
учебник – падручнік
краски – фарбы
кисточка – пэндзлік
диван – канапа
тыква – гарбуз
качка – гайданка
ковер – дыван
кирпич – цэгла

Малайцы. Падказка – на палічцы са слоўнікамі.(Гродзенская вобласць).

Стрэлка, стрэлка, падкажы,
Стрэлка, стрэлка, раскажы.

Станцыя 4. “Прырода Беларусі”

Беларусь славіцца прыгожай прыродай. У шматлікіх лясах жывуць розныя звяры і птушкі, растуць разнастайныя дрэвы, кусты, кветкі, грыбы. Давайце праверым, як вы ведаеце жывёльны і раслінны свет нашай Радзімы.

Бліцтурнір:

Як называецца светлы лісцевы лес? (Гай)
Як называецца лес, у якім растуць дубы? (Дуброва)
Як называецца лес, у якім пераважна растуць сосны? (Бор)
Як называецца стары лес? (Пушча)
Як называецца лес, у якім растуць елкі? (Ельнік)
З якога дрэва робяць запалкі? (Асіна)
Як называецца хваёвы куст? (Ядловец)
Як называецца дрэва, вакол якога кружаць пчолы ў час цвіцення? (Напрыклад, ліпа)
Які куст, багаты вітамінам С, можна сустрэць у лесе? (Шыпшына)
Якія ягады паспяваюць у самым пачатку лета? (Суніцы)

Анаграмы (работа ў групах)

еньал
лякасу
цасіні
ведзьмядз
жакрыдзюб
бакан
селбу
ражувель
целдзя
гірсня
таўкалас
бёрба
вакавёр
цасілі

Наступны пазл знойдзеце ў раслінным свеце нашага класа. (Гомельская вобласць)

Стрэлка, стрэлка, падкажы,
Стрэлка, стрэлка, раскажы.

Станцыя 5. “Беларускія святы”

У класе развешаны чатыры дрэўцы: чырвонае, жоўтае, зялёнае і блакітнае. Кожнае з іх абазначае пару года. Блакітнае – зіма, зялёнае – вясна, чырвонае – лета, жоўтае – восень. Выцягвайце картку з назвай свята, успамінайце, якой парой года яго адзначаюць, і падыходзьце да адпаведнага дрэўца.

Дзень народнага адзінства (17 верасня)
Дзень Канстытуцыі (15 сакавіка)
Дзень Перамогі (9 мая)
Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (3 ліпеня)
Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь (23 лютага)
Дзень маці (14 кастрычніка)
Новы Год (1 студзеня)
Дзень ведаў (1 верасня)
Дзень жанчын (8 сакавіка)
Дзень бацькі (21 кастрычніка)

Акрамя гэтых святаў, ёсць яшчэ шмат іншых: Купалле, Каляды, Вялікдзень, Дзень сям’і. Падказка: пазл знаходзіцца каля глобуса. (Мінская вобласць)

Стрэлка, стрэлка, падкажы,
Стрэлка, стрэлка, раскажы.

Станцыя 6. “Сінквейн “Беларусь”

Нас чакае заключнае заданне квесту – скласці сінквейн па тэме нашай гульні. Навучэнцы працуюць у групах.

Беларусь

Прыгожая, родная (непаўторная, незалежная, багатая, сінявокая)

Яднае, абараняе, выхоўвае (клапоціцца)

Мы нарадзіліся ў Беларусі.

Радзіма (Айчына, Бацькаўшчына, дзяржава)

Апошняя частка нашага пазла схавана за сапраўднай картай. (Брэсцкая вобласць)

У нас атрымалася карта Беларусі.

У сінквейне вы адзначылі, што наша Беларусь прыгожая, багатая. А што кожны з вас можа зрабіць для таго, каб яна заўсёды заставалася такой?

Калі гульня вам спадабалася, папляскайце ў далонькі, калі не – патопайце.

Сённяшні занятак даў нам магчымасць яшчэ раз адчуць і зразумець, што мы жывём у цудоўнай і непаўторнай, багатай краіне. І дзе б мы ні апынуліся, куды б ні закінуў нас лёс, у нашым сэрцы заўсёды будзе адчуванне моцнай сувязі з родным краем, зямлёй нашых бацькоў. Любіце свой край. Кожны дзень адкрывайце для сябе непаўторную прыгажосць роднай зямлі. Прыслухоўвайцеся да нашай пявучай мовы. Заўважайце дабрыню, адкрытасць, таленавітасць нашага народа. І вы адчуеце ў душы вялікі гонар за сваю Радзіму.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий