Мітоз. Урок біялогіі ў 11-м класе

- 13:33II И III СТУПЕНИ, БИОЛОГИЯ, Биология. Сценарии, Методичка

Прапанаваны ўрок рыхтаваўся і праводзіўся ў рамках раённага этапа конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”.

Наталля ЮРКЕВІЧ,
настаўнік біялогіі і хіміі
ДУА “Бобравіцкая сярэдняя школа”
Іўеўскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Мэта: фарміраванне прадстаўлення пра дзяленне клетак.

Задачы ўрока

Адукацыйныя:

– спрыяць вывучэнню працэсаў, звязаных з дзяленнем клеткі, фаз мітозу і яго біялагічнага значэння;
– паглыбіць веды пра працэсы, якія праходзяць у кожнай фазе дзялення клеткі.

Развіваючая:

– садзейнічаць развіццю ўменняў аналізаваць, абагульняць, устанаўліваць аналогіі і прычынна-выніковыя сувязі, рабіць вывады.

Выхаваўчая:

– садзейнічаць выхаванню беражлівых адносін да жывых арганізмаў.

Тып урока: урок засваення новых ведаў.

Матэрыяльнае забеспячэнне: падручнік, рабочы сшытак, прэзентацыя “Мітоз”, мультымедыйная ўстаноўка для прагляду прэзентацыі, малюнкі фаз мітозу, картачкі з заданнямі.

Дадатак у праграме easyQuizzy

Ход урока

І Арганізацыйна-матывацыйны этап

Прывітанне класа. Стварэнне псіхалагічнага настрою.

 

ІІ Актуалізацыя ведаў

– У момант нараджэння дзіця важыць у сярэднім 3–3,5 кг і мае рост каля 50 см, дзіцяня бурага мядзведзя, чые бацькі дасягаюць вагу 200 кг і больш, важыць не больш за 500 г, а малюсенькі кенгуру – менш за 1 грам. З шэрага несамавітага птушаня вырастае выдатны лебедзь, вёрткі апалонік ператвараецца ў жабу, а з пасаджанага каля дома жолуда вырастае велічэзны дуб, які праз сотню гадоў радуе сваёй прыгажосцю новыя пакаленні людзей.

Усе гэтыя змены магчымы дзякуючы здольнасці арганізмаў да росту і развіцця. Дрэва не ператварыцца ў насенне, рыба не вернецца ў ікрынку –працэсы росту і развіцця незваротныя. Абедзве гэтыя асаблівасці жывой матэрыі непарыўна звязаны адзін з адным, і ў іх аснове ляжыць здольнасць клеткі да дзялення і спецыялізацыі.

Навучэнцы адказваюць на пытанні па дамашнім заданні. Запаўненне крыжаванкі:

1. Структуры ядра эўкарыятычных клетак, дзе захоўваецца спадчынная інфармацыя.
2. Перыяд, у якім адбываецца рэплікацыя малекулы ДНК.
3. Самы працяглы перыяд інтэрфазы.
4. Запраграмаваная гібель клетак.
5. Гібель клетак у выніку дзеяння розных пашкоджваючых фактараў.

– Тэма сённяшняга ўрока – “Мітоз”.

– Якія задачы мы павінны вырашыць на сённяшнім уроку?

 

ІІ Аперацыйна-дзейнасны этап

1 Вывучэнне новага матэрыялу

– Якім чынам дзеляцца бактэрыі?

Характарыстыка простага бінарнага дзялення.

– Усе клеткі эўкарыятычных арганізмаў можна раздзяліць на дзве групы: палавыя і саматычныя. Для кожнай з іх характэрны свой тып дзялення.

Паведамленне: “Гістарычныя аспекты мітозу”

Першыя няпоўныя апісанні, якія датычацца паводзін і змен ядраў у клетках якія дзеляцца, сустракаюцца ў працах вучоных пачатку 1870-х гадоў. У працы рускага батаніка Э.Русава, датаванай 1872 годам, выразна апісаны і намаляваныя метафазныя і анафазныя пласцінкі, якія складаюцца з асобных храмасом. Годам пазней нямецкі заолаг А.Шнейдэр яшчэ больш дакладна і паслядоўна, але, вядома, не зусім поўна апісаў мітатычнае дзяленне на прыкладзе дробячыхся яек плоскага чарвяка турбелярыі. У яго працы, у сутнасці, апісаны і праілюстраваны ў правільнай паслядоўнасці асноўныя фазы мітозу: прафаза, метафаза, анафаза. У 1874 годзе маскоўскі батанік І.Д.Чысцякоў таксама назіраў асобныя фазы клеткавага дзялення ў спорах дзеразы і хвашчу. Нягледзячы на першыя поспехі не атрымалася даць дакладнага і паслядоўнага апісання мітатычнага дзялення.

У 1875 годзе Э.Страсбургер даследаваў мітатычнае дзяленне ў клетках зялёнай водарасці спірагіры і споравых клетках дзеразы. Грунтуючыся на ўласных даследаваннях і даследаваннях іншых вучоных, Э.Страсбургер звярнуў увагу на адзінства працэсаў дзялення ў раслінных і жывёльных клетках.

Да канца 1878 – пачатку 1879 года з’явіліся падрабязныя работы В.Шлейхера, В.Флемінга. У сваёй працы ў 1979 годзе Шлейхер прапанаваў тэрмін «карыякінэз» для абазначэння складаных працэсаў клеткавага дзялення, маючы на ўвазе перамяшчэння састаўных частак ядра. Вальтэр Флемінг упершыню для абазначэння непрамога дзялення клеткі ўвёў тэрмін «мітоз» у 1882 г., які пасля стаў агульнапрынятым. Таксама Флемінгу належыць канчатковая фармулёўка вызначэння мітозу як цыклічнага працэсу, які завяршаецца падзелам храмасом паміж даччынымі клеткамі.

Работа ў парах. Кожная пара атрымоўвае канверт, у якім знаходзяцца малюнкі чатырох фаз мітозу і іх апісанне. Задача: размясціць фазы мітозу ў правільнай паслядоўнасці і з фрагментаў апісання скласці тэкст пра пэўную фазу мітозу.

 

Малюнак

Апісанне

А) Прафаза
Б) Метафаза
В) Анафаза
Г) Тэлафаза

1)
– пакарачэнне ніцей верацяна дзялення;
– кожная храмасома “расшчапляецца” на дзве сястрынскія храматыды;
– разыходжанне храматыд да процілеглых палюсоў клеткі.
2)
– павелічэнне аб’ему ядра;
– спіралізацыя храмаціну – фарміруюцца храмасомы;
– растварэнне ядзеркаў;
– распадзенне ядзерная абалонкі;
– разыходжанне цэнтрыёляў да палюсоў клеткі;
– пачынае фарміравацца верацяно дзялення.
3)
– дэспіралізацыя храмасом у палюсоў клеткі;
– фарміраванне ядзернай абалонкі;
– фарміраванне ядзеркаў;
– разбурэнне ніцей верацяна дзялення;
– раздзяленне цытаплазмы.
4)
– завяршаецца фарміраванне верацяна дзялення;
– храмасомы дасягаюць максімальнай спіралізацыі;
– храмасомы размяшчаюцца ўпарадкавана ў экватарыяльнай плоскасці клеткі.

Абмеркаванне вынікаў. Сумеснае запаўненне табліцы.

 

Фізкультмінутка

Гімнастыка для вачэй.

 

– Пры розных паталагічных працэсах нармальнае працяканне мітозу парушаецца.

Паведамленне: “Прычыны парушэння працякання працэсу мітозу”

Правільнае праходжанне мітозу можа парушацца пад дзеяннем знешніх фактараў. Напрыклад, пад дзеяннем рэнтгенаўскага выпраменьвання храмасомы могуць разрывацца. Затым яны аднаўляюцца з дапамогай спецыяльных ферментаў. Аднак, пры аднаўленні могуць адбывацца памылкі. Такія рэчывы як спірты і эфіры, могуць парушаць рух храмасом да палюсоў клеткі, што прыводзіць да нераўнамернага размеркавання храмасом. Незавершаныя мітозы, якія спыняюцца па прычыне разбурэння мітатычнага апарату, прыводзяць да ўтварэння поліплоідных клетак. Поліплаідзія і фарміраванне двух- і шмат’ядзерных клетак узнікаюць у выпадку парушэнняў механізму цытакінэзу. Пры значных наступствах парушэння мітозу магчыма гібель клетак.

Ёсць рэчывы, якія ўплываюць на верацяно дзялення, але не ўплываюць на размеркаванне храмасом. У выніку ядро не дзеліцца, а ядзерная абалонка аб’ядноўвае разам усе храмасомы, якія павінны былі размеркавацца паміж новымі клеткамі. Ўтвараюцца клеткі з падвоеным наборам храмасом.

У нармальных тканках паталогія сустракаецца ў нязначных колькасцях. Напрыклад, у эпідэрмісе мышэй сустракаецца каля 0,3% паталагічных мітозаў; у эпітэліі гартані і маткі чалавека – каля 2%. Паталагічныя мітозы часта назіраюцца пры развіцці пухлін, пры розных экстрэмальных уздзеяннях, пры прамянёвай хваробе або віруснай інфекцыі, пры раку і перадракавай гіперплазіі. Частата паталагічных мітозаў таксама павялічваецца з узростам.

У некаторых выпадках клеткі могуць пачаць дзяліцца амітозам.

 

Паведамленне: “Амітоз”

Амітоз, або прамое дзяленне клеткі – простае дзяленне ядра клеткі папалам (без верацяна дзялення і раўнамернага размеркавання храмасом).

Упершыню апісаны нямецкім біёлагам Робертам Рэмакам у 1841 годзе. Тэрмін “амітоз” прапанаваў Флемінг пазней – у 1882 годзе.

Амітоз– вельмі рэдкая з’ява. У большасці выпадкаў амітоз назіраецца ў клетках са зніжанай мітатычнай актыўнасцю: гэта старэючыя або паталагічна змененыя клеткі, часта асуджаныя на гібель (клеткі зародкавых абалонак млекакормячых, клеткі пухліны і інш.).

Пры амітозе марфалагічна захоўваецца інтэрфазны стан ядра, добра бачныя ядзерка і ядзерная абалонка. Рэплікацыя ДНК адсутнічае. Спіралізацыя храмаціну не адбываецца, храмасомы не выяўляюцца. Клетка захоўвае ўласцівую ёй функцыянальную актыўнасць, якая пры мітозе амаль цалкам знікае. Пры амітозе дзеліцца толькі ядро, прычым без утварэння верацяна дзялення, таму спадчынны матэрыял размяркоўваецца выпадковым чынам. Адсутнасць цытакінэзу прыводзіць да ўтварэння двух’ядзерных клетак, якія ў далейшым не здольныя ўступаць у нармальны мітатычны цыкл. Пры паўторных амітозах могуць утварацца шмат’ядзерныя клеткі.

 

2 Замацаванне матэрыялу

Выкананне заданняў

1. Вызначце фазу мітозу па апісанні:

А) Храмасомы прымацаваны да мікратрубачак верацяна дзялення і ўтвараюць экватарыяльную пласціну.
Б) Вакол храмасом фарміруюцца ядзерныя абалонка, у ядры з’яўляюцца ядрышкі; адбываецца раздзяленне цытаплазмы з утварэннем двух клетак.
В) Ідэнтычныя храматыды з дапамогай мікратрубачак верацяна дзялення рухаюцца да супрацьлеглых палюсоў клеткі.
Г) Адначасова са спіралізацыяй храмаціну знікае ядрышка і распадаецца ядзерная абалонка; храмасомы размяшчаюцца ў цытаплазме хаатычна.

2. У шымпанзэ 48 храмасом у саматычных клетках. Вызначыце лік храмасом і храматыд у клетках скуры ў інтэрфазе перад пачаткам дзялення і пасля дзялення.

3. Храмасомны набор саматычных клетак рачнога рака роўны 116. Вызначце храмасомны набор і лік храматыд у адной з клетак у прафазе мітозу, у метафазе мітозу і тэлафазе мітозу.

4. Гаплоідны набор храмасом дразафілы роўны 4. Колькі храматыд утрымліваецца ў клетцы ў пачатку мітозу?

5. Гаплоідны набор храмасом дразафілы роўны 4. Колькі храмасом утрымліваецца ў кожнага полюса клеткі ў канцы анафазы мітозу?

6. Укажыце правільна складзеныя пары, якія вызначаюць стадыю мітозу, і яе апісанне:

А) Прафаза – адбываецца раздзяленне цытаплазмы з утварэннем двух клетак, кожная з якіх утрымлівае аналагічны бацькоўскі набор храмасом.
Б) Анафаза – у час руху да палюсоў клеткі даччыныя храмасомы выгінаюцца, паварочваюцца вобласцю першаснай перацяжкі ў бок палюсоў клеткі.
В) Тэлафаза – завяршэнне фарміравання верацяна дзялення; храмасомы, аб’яднаныя ў біваленты, размешчаны ў экватарыяльнай плоскасці клеткі.
Г) Метафаза – гамалагічныя храмасомы разыходзяцца да палюсоў клеткі; да кожнага полюса адыходзяць паменшаныя ў два разы ў параўнанні з мацярынскай клеткай наборам храмасом.

7. Дзякуючы чаму даччыныя клеткі ў выніку мітозу атрымоўваюць ідэнтычную спадчынную інфармацыю?

Навучэнцы робяць вывад пра біялагічнае значэнне мітозу.

– Якое значэнне гэта мае для арганізма?

 

Тэставая работа на замацаванне матэрыялу

1. Які з працэсаў папярэднічае мітозу?

а) знікненне ядзернай абалонкі
б) рэплікацыя
в) утварэнне верацяна дзялення
г) разыходжанне храмасом да палюсоў клеткі

2. Якая з пералічаных з’яў не забяспечваецца мітозам?

а) утварэнне клетак скуры чалавека
б) захаванне пастаяннага для віду ліку храмасом
в) генетычная разнастайнасць відаў
г) бясполае размнажэнне

3. У якую з фаз мітозу прасцей вывучыць карыятып арганізма?

а) прафаза
б) метафаза
в) анафаза
г) тэлафаза

4. У выніку мітозу могуць утварацца:

а) саматычныя клеткі
б) яйцаклеткі
в) сперматазоіды
г) усе пералічаныя клеткі

5. У ходзе дзялення клеткі храмасомы выстройваюцца ў экватарыяльнай плоскасці ў:

а) прафазе
б) метафазе
в) анафазе
г) тэлафазе

6. У анафазе мітозу адбываецца:

а) разыходжанне храмасом да палюсоў клеткі
б) разыходжанне храматыд да палюсоў клеткі
в) падваенне ДНК
г) знікненне ядзернай мембраны

7. Раздзяленне цытаплазмы адбываецца ў:

а) прафазе
б) метафазе
в) анафазе
г) тэлафазе

8. Для метафазы характэрна ўтрыманне генетычнага матэрыялу:

а) 2n2c
б) 2n4c
в) 2n6c
г) 1n2c

9. Мітоз – гэта:

а) спосаб дзялення, пры якім адбываецца пераход ад дыплоіднага стану да гаплоіднага
б) спосаб дзялення, пры якім з адной мацярынскай клеткі ўтвараюцца дзве даччыныя з аднолькавым наборам храмасом
в) прамое дзяленне ядра шляхам перацяжкі без утварэння храмасом
г) жыццё клеткі ад нараджэння да гібелі

10. У якой фазе знікае ядзерная абалонка і ядзерка?

а) прафазе
б) метафазе
в) анафазе
г) тэлафазе

 

ІІІ Ацэначна-рэфлексіўны этап

1 Дамашняе заданне

§ 22, с. 91–93

 

2 Рэфлексія

Састаўленне сінквейну па тэме.

 

3 Ацэнка працы навучэнцаў на ўроку, выстаўленне адзнак.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий