“Дзіва на Нерлі: чытаем творы з уласнымі назвамі”: вусны часопіс для падрыхтоўкі да алімпіяды (9-11-я класы)

- 9:24II И III СТУПЕНИ, БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Пазакласная работа, Подготовка к олимпиадам

Распрацоўка ў форме вуснага часопіса для падрыхтоўкі да алімпіяды “Дзіва на Нерлі: чытаем творы з уласнымі назвамі” мае на мэце знаёмства вучняў з творамі беларускіх пісьменнікаў, у якіх прысутнічаюць назвы геаграфічных аб’ектаў, вобразы гістарычных асоб, найменні твораў мастацтва, літаратуры і іншыя ўласныя назвы.

Таццяна МАРЦЭВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Ёдкаўская сярэдняя школа”
Лідскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

 

 

 

У старшых класах пры падрыхтоўцы вучняў да алімпіяды па беларускай літаратуры настаўнік павінен навучыць вучняў пісаць водгук. Водгук – гэта выказванне ўражанняў, дзе аўтар дзеліцца сваімі думкамі пра твор, яго мастацкія вартасці, вобразы. Вельмі часта вучні аналізуюць асноўныя, добра вядомыя ім вобразы і пакідаюць па-за ўвагай тыя, якія звязаны з геаграфічнымі назвамі ці вобразамі-персанажамі рэальных гістарычных асоб, герояў міфаў, легенд. Вучні павінны таксама мець на ўвазе, што часта ў тэкстах, якія даюцца для водгуку, прысутнічаюць назвы твораў мастацтва, літаратуры, архітэктуры. Удалы водгук прадугледжвае характарыстыку гэтых вобразаў таксама, апісанне і тлумачэнне іх, вызначэнне ролі ў мастацкім творы.

Мэта. Распрацоўка ў форме вуснага часопіса для падрыхтоўкі да алімпіяды “Дзіва на Нерлі: чытаем творы з уласнымі назвамі” мае на мэце знаёмства вучняў з творамі беларускіх пісьменнікаў, у якіх прысутнічаюць назвы геаграфічных аб’ектаў, вобразы гістарычных асоб, найменні твораў мастацтва, літаратуры і іншыя ўласныя назвы.

Задачы:

– спрыяць паглыбленню ведаў вучняў пра геаграфічныя назвы, вобразы гістарычных асоб, назвы твораў мастацтва, літаратуры, уласныя назвы, якія ўжываюцца ў мастацкіх творах;
– садзейнічаць пашырэнню чытацкага кругагляду вучняў;
– стварыць умовы для выхавання пачуцця гонару за літаратурную спадчыну беларускага народа.

Абсталяванне: мультыборд з урыўкамі твораў, картка з табліцай “Групы ўласных назваў у творы” (Дадатак), папера, ручкі.

Удзельнікі: дзве групы вучняў 9–11-х класаў: “чытальнікі” і “алімпіяднікі”, настаўнік.

Умовы. “Чытальнікі” знаёмяць “алімпіяднікаў” з урыўкамі паэтычных і празаічных твораў беларускіх аўтараў (дэманструюцца на мультыбордзе), “алімпіяднікі” вызначаюць, якое лексічнае значэнне маюць выдзеленыя ўласныя назвы ў загалоўках і да якой групы адносяцца. (Пры неабходнасці “алімпіяднікі” карыстаюцца інтэрнэт-крыніцамі.)

 

Ход вуснага часопіса

1 Арганізацыйны этап

Настаўнік вітае ўдзельнікаў вуснага часопіса, размяркоўвае ролі і тлумачыць, што павінна рабіць кожная група.

 

2 Мэтавызначэнне

– Вызначце, што аб’ядноўвае ўсе словы? Якая агульная тэма вуснага часопіса?

– Так, гэта ўласныя назвы. Сёння мы пазнаёмімся з імі ў творах беларускай літаратуры, вызначым, што яны азначаюць і да якой групы (дэманструецца табліца “Групы ўласных назваў у творы”) адносяцца.

 

3 Асноўны этап

Творы вуснага часопіса з уласнымі назвамі:

“Дзіва на Нерлі”, Уладзімір Караткевіч

Белая песня ў лугах залацістых,
Кліч адзвінеўшых стагоддзяў зямлі,
Кволая-кволая, чыстая-чыстая,
Быццам дзяўчына, царква на Нерлі.

Адказ: Нерль (1) – рака ў Расіі.

“Новая Атлантыда”, Уладзімір Караткевіч

Каб плыў судоў уратавальных дым, –
А родны край знікаў навекі ў хвалях, –
Я б лепей згінуў з ім, з яго апошнім жалем,
Як жыў і мучыўся бязмерна – з ім.

Адказ: Атлантыда (2) – легендарная зямля (востраў, архіпелаг ці нават кантынент), якая апусцілася на марское дно ў выніку землетрасення або іншага катаклізму разам са сваімі жыхарамі – атлантамі.

“Прафесару Б. Эпімах-Шыпілу з Новым 1910 годам”, Янка Купала

З гэтым “Новым” шчырым словам
Я віншую ў добры час:
Жычу Вам я не сканання
Год без ліку жыць між нас!

Адказ: Браніслаў Эпімах-Шыпіла (3) – дзеяч беларускай культуры, выдавец, фалькларыст, мовазнавец, літаратуразнавец, рэдактар першага зборніка Янкі Купалы “Жалейка”. 

“Нашай долі”, Янка Купала

Гэй! ўсе разам без патолі,
Беларусы-дзеці!
Пашлём дзякуй “Нашай долі”,
Родненькай газеце.

Адказ: “Наша доля” (5) – першая беларуская газета пачатку ХХ стагоддзя.

“Паходжанне майго друга Рыгора Б.”, Пімен Панчанка

Ты прыйшоў з вайны і гора,
Ты з малітвы,
Ты з разгневанага бору,
Ты смалісты.
Сто паэтаў цягнуць хорам,
Ты салістам.
Ты нібы святло ў лесе
Ад каліны,
Ты ад самай добрай песні –
Ад Куліны.

Адказ: Рыгор Б. (3) – беларускі паэт Рыгор Барадулін.

“Клятва Марата Казея”, Мікола Чарняўскі

Як напаў на нас вораг знянацку –
Ад крыві пабарвеў далягляд.
За Радзіму, за маці, за бацьку
Мужна помсціць пакляўся Марат.

Адказ: Марат Казей (3) – савецкі партызан-разведчык, піянер-герой, Герой Савецкага Саюза (пасмяротна).

“Пад’язджаючы да Сафійкі”, Рыгор Барадулін

Зіме ў лясах і на палях яшчэ шырока,
Сакавіку
Яшчэ на раннім сіварку сінець.
А пачарнелая дарога,
Як сарока,
Страсае з нецярплівых крылаў снег.

Адказ: Сафійка (4) – Полацкі Сафійскі сабор – помнік сакральнага дойлідства XI–XVIII ст. у горадзе Полацку.

“Перад “Рабамі”, Максім Танк

Як Мікеланджэла тварыў сваіх “Рабоў”,
Яны рыхтаваліся паўстаць з ярма і поту,
У дзверы скульптара загрукаў ноччу Бог.

Адказ: “Рабы” (5) – знакамітыя скульптуры, створаныя славутым майстрам Мікеланджэла.

“Здзіўляемся загадцы Баальбека”, Раіса Баравікова

Здзіўляемся загадцы Баальбека
І некалі загадкай станем самі,
Час замяце крылатымі вякамі
Імгненне, што завецца нашым векам.

Адказ: Баальбек (1) – старажытны горад у Ліване.

“Адпусціце мяне, Курапаты”, Анатоль Сыс

Адпусціце мяне, Курапаты,
нават з куляю ў галаве,
да дзяцей, да жаны, да хаты.
Як там бацькаўшчына жыве?

Адказ: Курапаты (1) – лясны масіў, які з поўначы прылягае да Мінска. Пачынаючы з 1988 года, у гэтым масіве былі выяўлены масавыя пахаванні людзей, расстраляных НКУС у 1937–1941 гадах.

“Песні Валянціны Пархоменкі”, Уладзімір Карызна

Любяць Браслаў
І Хойнікі
(І не толькі яны!)
Песні Пархоменкі –
Залатыя званы.

Адказ: Валянціна Пархоменка (3) – заслужаная артыстка БССР.

“На лёдзе Ірына Радніна”, Максім Лужанін

Як на праросце вострая травінка
Рыхтуецца лязом прабіць снягоў скарынку –
І раптам выблісне!
Не знаючы калі,
Не ведаючы, як здарылася дзіва:
Зялёная насельніца зямлі
Ледзь прарасла – і стала ўсім шчасліва.

Адказ: Ірына Радніна (3) – савецкая фігурыстка, трохразовая алімпійская чэмпіёнка, дзесяціразовая чэмпіёнка свету, расійскі грамадскі дзеяч.

“Каму патрэбнае “Поле-полечка”, Генадзь Бураўкін

Каму патрэбнае “Поле-полечка”,
Каб у душы запал закінеў,
А мне – “Купалінка”,
“Перапёлачка”,
I звон цымбальны,
I дудкі спеў.

Адказ: “Ой полечка-поле (5) – украінская народная песня.  

“І наш “Фаўст”, Уладзімір Караткевіч

Пераклад “Фаўста” рэч, бадай, немагчыма складаная. Ісці па сцежках Гётэ – як на злом галавы. Дыхаць жыватворным, але высокім паветрам яго горных вяршынь можа не ўсякі.

Адказ: “Фаўст” (5) – філасофская драма Гётэ.

Барысаў камень”, Уладзімір Мазго

Тварыў вось тут
Народ
Гісторыю – вякамі…
Ці час не ў наш гарод
Шпурнуў
Барысаў камень?..

Адказ: Барысаў камень (4) – вялікі валун у Полацку з крыжам і надпісам у гонар князя Барыса Усяславіча.

Бацьку Мінаю”, Якуб Колас

Паклон табе шчыры і нізкі,
Наш бацька Мінай.
Ты стаўся нам родны і блізкі:
Ты – гэта наш край.
Нявінных дзяцей тваіх родных
Згубіў люты кат,
І вецер змёў попел халодны
Ад спаленых хат.

Адказ: Бацька Мінай (3) – Шмыроў Мінай Піліпавіч, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху ў Віцебскай вобласці ў Вялікую Айчынную вайну, сям’ю якога пасля чатырох месяцаў катаванняў расстралялі.

Венера Мілоская”, Максім Танк

Як жа знайсці мне яе тут, дзе поўна
Розных Палад, Афрадытаў, Медэяў?
Добра, што ты мне, Вергілій, прыпомніў:
“Et vera incessu petuit dea” (Сапраўдная багіня пазнаецца па паходцы (лац.).
Бачу: ідзе яна лёгкай хадою.

Рук няма. Пэўна, маланка скрышыла,
Каб перад небам і перад зямлёю
Імі грудзей сваіх не засланіла.

Адказ: Венера Мілоская (5) – знакамітая старажытнагрэчаская скульптура – статуя багіні кахання Афрадыты з белага мармуру, створаная прыблізна паміж 130 і 100 гадамі да нашай эры.

“Апошняя песня Дантэ”, Уладзімір Караткевіч

У пoшyкax зa любaй i aдзiнaй,
Cпaзнaўшы кpyг aпoшнi, мы пpыйшлi
Tyды, дзe льдзiны aдлiвaлi ciнiм,
У нeтpы тoй нязвeдaнaй зямлi,
Дзe нaвaт пeклa ўлaдa acяклacя,
Дзe пaвyцiння д’яблы нe плялi
Ha дyшы caмыx гopшыx, тыx, штo гacяць
У чaлaвeкax пpaўдy i любoў.

Адказ: Дантэ (3) – італьянскі паэт, аўтар “Боскай камедыі”.

“Краса і цуд зямлі – Васіль Блажэнны…”, Пімен Панчанка

Краса і цуд зямлі – Васіль Блажэнны,
Паклон зямны табе ўсе дрэвы б’юць.
А ў нас дамы ірвуцца да бліжэйшых
Сузор’яў,
Аж на дыбачкі ўстаюць.

Адказ: Васіль Блажэнны (4) – сабор Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Маскве на Чырвонай плошчы, названы ў гонар Святога Васіля Блажэннага.

“Ідылія ў духу Вато”, Уладзімір Караткевіч

Каля самога партэра было відаць некалькі дрэўцаў, лістота якіх была бледна-зялёнай, але сярод вогненнага індзейскага пажару астатніх дрэў здавалася слаба-блакітнай.
Ён з пяшчотай, як на маленькую, глядзеў на яе.
– Намалюй гэта, – сказала яна.
– Ды гэта ж Вато. У горшым выпадку Сомаў… Можна і па-свойму. Ідзе алеяй такі селадон на чырвоных абцасах. Твар змаршчакаваты, прыязна-салодкі, бы арангутана. Адзін арап вядзе яго пад руку, другі ззаду нясе табакерку.

Адказ: Вато (3) – французскі жывапісец.

Фенікс”, Уладзімір Мазго

Не раз
Дашчэнту нішчыў
Цябе
Вайны касцёр…
Мой край
Над папялішчам
Зноў
Крылы распасцёр.

Адказ: Фенікс (2) – міфалагічная птушка, якая валодае здольнасцю спальваць сябе, а затым адраджацца.

“Над Аю-дагам – над Мядзведзь-гарою…”, Уладзімір Караткевіч

Над Аю-дагам – над Мядзведзь-гарою –
Хрыбет увесь імглой завалакло.
Не ведаю, не знаю, што са мною.
Дзе ты, маё халоднае святло?!
Чакаю. Прагну. А ў душы, бы ў хмарах,
Маланкі незгасальныя гараць,
І як рванецца хоць адна ў абшары –
Да сэрца дрогне ўся Мядзведзь-гара.
Прыйдзі, схілі мне галаву на плечы,
Дай мне сябе, жывучая вада,
Каб піць цябе да скону, вечна, вечна,
Як мора п’е пахмуры Аю-даг.

Адказ: Аю-даг, Мядзведзь-гара (1) – гара на Паўднёвым беразе Крыма, якая падобна на мядзведзя, які п’е ваду.

“У Піліпаўку”, Янка Купала

…Помню, ў Піліпаўку гэта было.
Ой, спаганяў снег ахвоту!
Долы, дарогі як ёсць занясло;
Гурбы, як горы, ля плоту.
Страшную людзі цярпелі зіму:
Дзіка мяцеліцы вылі,
З трэскам марозы гасілі ў сцяну,
Птушак у лёце глушылі…

Адказ: Піліпаўка (5) – перыяд зімовага посту перад святам Каляды.

“Бачу я ўсюды Веру Харужую”, Пятрусь Броўка

Шлях твой цяжкі быў,
не ўсцелены ружамі,
Шлях твой суровы, Вера Харужая!
Ды не прыстала нідзе ты, не збочыла,
Цераз віхуры,
Нястомная крочыла…

Адказ: Вера Харужая (3) – адна з арганізатараў антыфашысцкага падполля ў Віцебску.

“Трэска з дома Шэкспіра”, Максім Танк

Прыйшлі майстры ў былы Шэкспіра дом,
Каб адрамантаваць вуглы старыя.
I іх сякераў перастук і гром
Абрушыўся на сцены векавыя,
Пашчэрбленыя часам і дажджом,
I разбудзіў дні Страдфарда былыя,
Калі паэт тут бегаў хлапчуком
I слухаў, як норд-ост шалёна вые.
Я ля майстроў спыніўся. Прывітаў.
Здзівіліся нямала, што з-за свету
Прыехаў, каб наведаць дом паэта.
Тут нехта з трэсак вогнішча расклаў.
Я асцярожна з іх адну падняў,
Якая аказалася санетам.

Адказ: Уільям Шэкспір (3) – англійскі паэт і драматург, аўтар сусветна вядомых п’ес, у тым ліку “Рамэа і Джульета”.

Праметэй”, Максім Танк

Каторы дзень я,
Збіўшыся з дарогі,
Ішоў па горных кручах і разлогах,
На паратунак страціўшы надзею.
І раптам знекуль голас Праметэя:
– Каго сюды нягода прывяла,
Дзе толькі чуць
Мой стогн
Ды крык арла.

Адказ: Праметэй (2) – герой старажытнагрэчаскай міфалогіі, які даў людзям агонь, за што быў пакараны багамі: прыкаваны да скалы і асуджаны на бесперапынныя пакуты – арол днём выклёўваў яго печань, якая ў яго, несмяротнага, за ноч зноў адрастала.

“Шрыфтам Брайля на калядным снезе”, Анатоль Сыс

Шрыфтам Брайля на калядным снезе птушкі вершы пішуць.
А чытаю – рукі змерзлі.
Свае руны мне не вышыць.
Я аслепнуў.
Я аглухнуў.
Птушак не здагнаў – спяшаю,
А вясновы снег пажухнуў.
Часу – тры сняжынкі маю.

Адказ: Брайль (3) – французскі тыфлапедагог, які распрацаваў рэльефна-кропкавы шрыфт для людзей, якія дрэнна бачаць.

“Вяртанне “Пана Тадэвуша”, Рыгор Барадулін

Святло праз рэшата кратаў
У цэлю сеецца сеўма.
І на чарговым допыце
Паспалітае следства разгневаўшы,
Браніслаў Тарашкевіч –
Пасол вяльможнага сейму –
На халопскую мову перакладае
“Пана Тадэвуша”.

Адказ: “Пан Тадэвуш” (5) – паэма Адама Міцкевіча.

Гурзуф уначы”, Уладзімір Караткевіч

І лянотна мядзведзь на спакойнае мора усперся
І ў знямозе салодкай, забыўшы пра гнеў і гразу,
Касавурыць адзінае вока на зоры, што ўнізе і ўверсе.
На скупое сузор’е між іх, на сп’янелы і сонны Гурзуф.

Адказ: Гурзуф (1) – пасёлак на паўднёвым беразе Крыма.

“Размова з Эльбрусам”, Пятрусь Броўка

Больш сорак год, як бачаць вочы
Цябе ў праменнай вышыні,
І я, Эльбрус, табе зайздрошчу –
Што не змяніўся ты ані.
Магутнаму, такое сілы,
Што ўзрос плячамі аж да зор –
Ды як зямля цябе стварыла,
Срабрыстага, між чорных гор?

Адказ: Эльбрус (1) – самая высокая горная вяршыня Расіі і Еўропы.

“Хітра гаварыў мудрэц Сенека…”, Максім Лужанін

Хітра гаварыў мудрэц Сенека,
У будове свету ўчуўшы брэш:
Лёгка ўзяць жыццё ад чалавека,
Толькі смерць – ніяк не адбярэш!

Адказ: Сенека (3) – рымскі філосаф, паэт і дзяржаўны дзеяч.

Энкелад”, Уладзімір Караткевіч

Багі-забойцы за мужнасць маю
Мне пакаранне знайшлі:
Сіцылію ўсклалі на персць маю,
Этну – на галаву маю,
Морам – ногі мае залілі.
Падушка каменная душыць мне рот,
Я не ў змозе ні жыць ні сканаць.
Я ляжу. Я ляжу. Дзесяць тысяч год.
Я маўчу, нямы і сляпы, як крот,
Але семя мне даў тытанаў народ,
І калі пачынае рыкаць народ,
Бо ідзе за праўду вайна, –
Я ірвуся, ўздымаю скалаў прыгнёт,
І падае ў мора сцяна.

Адказ: Энкелад (2) – гігант у старажытнагрэчаскай міфалогіі, які загінуў ад рук багіні Афіны і быў пахаваны пад гарой Этна на востраве Сіцылія.

“Нараджэнне Венеры”, Уладзімір Караткевіч

За вокнамі дзень дагарае,
Знікае агнёў ракой.
І ты з карціны сплываеш
У змрочны, ціхі пакой.
Чужая, зусім чужая,
Ніколі не будзеш маёй.
Вочы твае і цела
Стварыў калісь Бацічэлі
Шмат стагоддзяў таму
На муку маю,
На муку.
На вечную ў сэрцы зіму.

Адказ: “Нараджэнне Венеры” (5) – карціна італьянскага мастака Бацічэлі.

“Сустрэча з Райнісам”, Васіль Зуёнак

Шукальнікам і непакорным
Ткуць саван блакітныя кросны.
Дарога вялікая, мора…
І ля дарогі – сосны.
Зламаныя сосны. І мора
Салёна аплаквае крайніх.
І Райніс – не зломлены горам,
Прасмолены соснамі – Райніс.

Адказ: Ян Райніс (3) – латышскі паэт, драматург, грамадскі дзеяч.

“Наследаванне Сыракомлю”, Уладзімір Караткевіч

“Вясна будзе”, – людзі баюць.
Ды нашто нам росквіт той?
Мы адвыкнулі ад мая,
Нас не выручыць ніхто.
Ў скутай інеем краіне,
Ў мерзлай пушчы векавой
Толькі елкі цяжка стынуць
Мёртвай зеленню сваёй.
Ды палі ў снягах калеюць,
Ды на гора і на смех
Мох магільны зелянее
На капцах мужыцкіх стрэх.
Чэзнеш нівай непалітай,
Усялякі церпіш зброд.
Ці ўваскрэснеш? Ці жывы ты?
Ці забіты, мой народ?
Каб вясне прабіць дарогу,
Каб калісь вярнуўся рай, –
Слова праўды, слова бога
Мусіш слухаць, родны Край.
І тады адтануць гоні,
Цеплынёй дыхне ралля,
Раем зоймецца зялёным
Маці – родная зямля.
Пройдзе нівамі, лясамі
Бог свабоды залатой.
Калі мы не ўстанем самі –
Не падыме нас ніхто.

Адказ: Уладзіслаў Сыракомля (3) – беларускі і польскі паэт-гуманіст, этнограф, публіцыст ХІХ стагоддзя.

Паўлюк Багрым”, Уладзімір Караткевіч

На гасцінцах бярозы
Зусім пачарнелі ад ветру.
Дзіч і глуш безнадзейная,
Бураломныя хвояў кражы,
На лясным раздарожжы
Капліца прыткнулася ў нетрах,
І Хрыстос сем стагоддзяў
Вісіць на пахілым крыжы.
Праз акенца сляпое
Шэры дожджык глядзіцца у хату,
У якой дагарае,
Бы ў небе асеннім зара,
Непатрэбная старасць
Адстаўнога паўстанца-салдата,
Невядомага генія,
Беларускага песняра.

Адказ: Паўлюк Багрым (3) – беларускі паэт ХІХ стагоддзя, аўтар верша “Зайграй, зайграй, хлопча малы…”, каваль, удзельнік Крошынскага паўстання 1828 года, які правёў дваццаць пяць год у салдатчыне і дажываў свой век у адзіноце.

Рыгору Раманавічу Шырме – сардэчныя словы любові”, Уладзімір Караткевіч

Час бардаў мінуў. Даўно. І ўсё ж яны трапляюцца і цяпер. І тым большая іхняя роля.
…Ён быў дужа цяжкі, былы лёс вялікай песні нашага народа: пад забаронай, толькі пад дымнымі стрэхамі сялянскіх хат. І праследаванні яе, што скончыліся ў былой Заходняй Беларусі параўнаўча яшчэ зусім нядаўна.
Магло б здарыцца горшае. Калі нямецкія рыцары захапілі Прусію, калі пачаў знікаць прускі мелас і пруская мова, у Марыенбурзе, пры замку здарыўся турнір спевакоў. На ім выступіў апошні прускі бард-вайдэлот. Калі ён скончыў спяваць – над натоўпам пракаціўся рогат. Ніхто ўжо не разумеў яго, і дзікія былі гукі ягонай музыкі для ўсіх вушэй. У якасці здзеклівага падарунка рыцары падарылі яму за песню сто пустых арэхаў-свістуноў.
Здарыцца магло б горшае. Каб не энтузіясты і фанатыкі народнай песні, вечныя прапаведнікі яе, людзі, што яшчэ ў мінулым стагоддзі запісвалі яе і апрацоўвалі і выконвалі, прымушаючы сэрцы людзей дрыжаць ад хвалявання, ад замілавання, ад любові да гэтага, напаўзабытага, але роднага, як пяшчотныя матчыны рукі пад роднай страхой.
…Да ліку такіх людзей належыць з поўным правам і дзядзька Рыгор, Рыгор Раманавіч Шырма, васьмідзесяцігоддзе якога мы зараз з любоўю і ўдзячнасцю адзначаем.

Адказ: Рыгор Раманавіч Шырма (3) – харавы дырыжор, фалькларыст, музычны i грамадскі дзеяч, публіцыст, народны артыст БССР, народны артыст СССР, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР.

“Шляхі Ігната Буйніцкага”, Уладімір Караткевіч

Па пясчаных дарогах, па гразкіх дарогах,
Па дарогах, якім канца не відаць…
Зверху хмараў чароды.
Знізу – хвалі разлогаў.
Зверху хвошча вада.
Знізу плешча вада.
На палях ялянцу гатычныя вежы.
Верх фургона дарэмна ловіць зару…
О, якая туга, якое бязмежжа,
О, які нязнаны твой шлях, Беларусь!
Пан каморнік! Куды?
Каму гэта трэба?
Што звычайным хлопам гэтых краёў,
Ім, якія жывуць без імя і неба, –
Тыя песні твае, тое слова тваё?!
Што ім тая забытая дзіўная вера?
Лепш бы ты, як раней, межаваў палі
І стараўся даць ім – судом і мерай –
Хоць валоку якую панскай зямлі.
Што ім іхні лёс,
Вялікі й суровы?
Што ім, – мо ўжо адкажаш нарэшце ты, –
Да загнанай, забітай, задушанай мовы,
Іх вялікасць першы вандроўны артыст?..

Адказ: Ігнат Буйніцкі (3) – беларускі акцёр, рэжысёр, тэатральны дзеяч, стваральнік нацыянальнага прафесійнага тэатра.

“Каму Памір, каму Ай-Петры…”, Пятрусь Броўка

Каму Памір, каму Ай-Петры,
Каму Чымган, Эльбрус, Казбек…
А мне? А мне лясныя нетры
Ва ўладу дадзены навек.
Вяршыню горную, сівую
Мне не зраўняць з вяршыняй іх,
Ды я, паверце, не крыўдую,
Люблю свой лес ад дзён даўных.

Адказ: Памір (1) – высакагорная сістэма ў Сярэдняй і Цэнтральнай Азіі, Ай-Петры (1) – горная вяршыня ў Крымскіх гарах.

“Пісьмо Пятру Клімуку з заснежанай Камароўкі”, Генадзь Бураўкін

Панасыпала сёння сумётаў,
Аж схаваліся яблынь камлі –
Быццам сотня тваіх самалётаў
Пракаціла віхор па зямлі,
Быццам хмарай пранесліся гусі –
Кожны скінуў на вёску пяро…
Слава, гонар, любоў Беларусі,
Прыязджай на радзіму, Пятро.

Адказ: Пётр Клімук (3) – беларускі савецкі касманаўт, палітычны дзеяч.

Іудавы сярэбранікі”, Максім Танк

Усё жыццё
Чорт-нумізмат збіраў
Дукаты, драхмы,
Шылінгі, дынары,
Пакуль пад дрэвам смерці
Не падняў
Іудавых
Сярэбранікаў пару.
Усцешыўся…
Ды раптам дзіка ўзвыў,
Нібы схапіла
Вогненная зяпа.
Цяпер сядзіць,
Залезшы пад абрыў,
І дзьме на свае
Спаленыя лапы.

Адказ: Іуда (2) – адзін з вучняў Ісуса Хрыста, які, па евангельскай легендзе, прадаў свайго настаўніка за 30 сярэбранікаў.

Феміда”, Максім Танк

Дзе знойдзеш ты суд справядлівы,
Калі ў руках Феміды – цяжкі
Катоўскі меч з вагой фальшывай,
А зрок – заслонены павязкай.

Адказ: Феміда (2) – у грэчаскай міфалогіі багіня правасуддзя.

“Перад Сёмухай”, Янка Купала

Гаю, гаю, гаю,
Схаджу да дубровы,
Насяку там маю
Ахапак здаровы.
Будзе тут бярозка,
Будзе тут рабінка,
Будзе клёну горстка,
Будзе і калінка.
Перад хатай нізкай
Пасаджу я дрэўцы,
Ад аконцаў блізка
Падбяру ім месца.

Адказ: Сёмуха (5) – свята праваслаўнай царквы, якое святкуецца ў пяцідзясяты дзень (праз сем тыдняў) пасля Вялікадня.

4 Рэфлексія

Настаўнік прапануе звярнуцца да “воблака слоў”, якое дэманстравалася ў пачатку вуснага часопіса, выбраць адну ўласную назву, скласці невялікае паведамленне пра яе і растлумачыць ролю ў творы.

 

 

Дадатак

 

Картка “Групы ўласных назваў у творы”

1 Геаграфічная назва

3 Гістарычная асоба

2 Герой міфаў, легенд

4 Помнік

5 Твор мастацтва, літаратуры, фальклору; назва газеты, свята, архітэктуры, гісторыі

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий