Аўтар прапануе дыдактычны матэрыял для паглыблення ведаў вучняў аб жыцці і творчасці Міхася Лынькова.
Таццяна ЯРЭМІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Субацкая сярэдняя школа”
Ваўкавыскага раёна,
Гродзенская вобласць
У лістападзе 2024 года адзначаецца 125-годдзе з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Міхася Лынькова. З мэтай паглыблення ведаў вучняў аб жыцці і творчасці пісьменніка прапаную дыдактычны матэрыял (віктарыну).
1. Месца нараджэння Міхася Лынькова. (Вёска Зазыбы Віцебскага павета Віцебскай губерні (цяпер Лёзненскі раён Віцебскай вобласці))
2. Кніга, якую падарылі Міхасю Лынькову па заканчэнні школы за добрую вучобу. (“Вечары на хутары бліз Дзіканькі” Мікалая Гогаля)
3. Дзе і калі пачаў пісаць вершы Міхась Лынькоў? (У 1918 годзе Міхась Лынькоў трапляе ў партызанскі атрад, затым – у Чырвоную Армію, дзе і пачаў пісаць вершы. Першая публікацыя з’явілася ў 1919 годзе)
4. Прататып вобраза Міколкі-паравоза з аднайменнага апавядання Міхася Лынькова. (Сам Міхась Лынькоў, так як нарадзіўся ў сям’і чыгуначніка, дзяцінства прайшло ў дамах-казармах для чыгуначнікаў і ў будках на перагонах паміж станцыямі)
5. Прафесія Міхася Лынькова. (Настаўнік)
6. Паводле гэтай трагічнай падзеі ў жыцці Міхася Лынькова Янкам Маўрам у 1946 годзе было напісана апавяданне “Завошта?”. (Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў 1941 годзе ў Старых Дарогах фашысты расстралялі сям’ю пісьменніка: сына Марэка і жонку Хану Абрамаўну. На Кургане Славы, які ў 1971 годзе адкрылі пад Слуцкам, на мемарыяльнай пліце значацца імёны Ханы Абрамаўны і Марыка, а таксама яшчэ імёны сваякоў Міхася Лынькова: жонкі і дачкі ягонага брата Рыгора, які праславіўся як паэт пад псеўданімам Рыгор Суніца. Рыгор знік без вестак на фронце ў 1941 годзе, ён таксама быў жанаты на яўрэйцы, маладой настаўніцы Гені Рыгораўне Лерман, якую з двухгадовай дачкой забілі фашысты ў Старых Дарогах)
7. Першы значны твор пісьменніка гуманістычнага характару, які заклікае да яднання людзей незалежна ад рэлігіі або нацыянальнасці. Гэты твор стаў першым беларускім апавяданнем, якое прачытаў Васіль Быкаў. (Апавяданне “Гой”)
8. Вядомы твор Міхася Лынькова для дзяцей і падлеткаў, які вытрымаў дзясяткі перавыданняў і пераведзены на замежныя мовы. (Аповесць “Міколка-паравоз”)
9. Назавіце поўнае імя пісьменніка, якога мы ведаем як Міхася Лынькова, і іншы літаратурны псеўданім пісьменніка. (Міхась Васілёк, больш вядомы літаратурны псеўданім – Міхась Лынькоў)
10. Франтавая газета, рэдактарам якой працаваў Міхась Лынькоў з пачатку вайны і да 1942 года. (Газета “За Савецкую Беларусь”)
11. Краіна, якую ў 1956 годзе ў складзе беларускай дэлегацыі для ўдзелу ў канферэнцыі ЮНЭСКА наведаў Міхась Лынькоў. (Індыя, дзякуючы гэтай паездцы ў 1957 годзе з’явіўся адзін з лепшых узораў публіцыстыкі – нарыс “Пад сонцам Індыі”)
12. Твор, за які ў 1962 годзе Міхась Лынькоў атрымаў званне народнага пісьменніка Беларусі? (Аповесць“Міколка-паравоз”)
13. Гэтыя кветкі ў аднайменным апавяданні Міхася Лынькова паўсталі як сімвал любові да сям’і, Радзімы, сімвал надзеі на будучыню. (Васількі)
14. Да якога жанру мы можам аднесці твор Міхася Лынькова “Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў”? (Аповесць-казка)
15. Партрэт якога героя з твора М. Лынькова “Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў” апісаны наступнымі радкамі: “…шэрая ўзлахмачаная поўсць, вечна ў рэп’ях, у саломе. Левы рог напалову збіты – страціў дзесьці ў гарачых бойках. Куртаты хвост – адна відзімасць…»? (Барадаты)
16. Маштабны раман Міхася Лынькова пра лёс народа падчас Другой сусветнай вайны, партызанскі рух у 1942 годзе. (Раман-эпапея “Векапомныя дні”)
17. Твор Міхася Лынькова, які быў экранізаваны. (Аповесць “Міколка-паравоз”, экранізаваная ў 1956 годзе на кінастудыі “Беларусьфільм”)
18. Міжнародная арганізацыя, у рабоце якой неаднаразова ўдзельнічаў Міхась Лынькоў. (Пісьменнік пяць разоў удзельнічаў у сесіях Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у ЗША – пачынаючы з першай сесіі 1945 года)
19. Кінематаграфічная гісторыя гэтага беларускага горада пачалася менавіта з фільма “Міколка-паравоз”, а далей ішоў шэраг фільмаў, многія з якіх сталі класікай, і дзякуючы ім горад атрымаў яшчэ адзін эпітэт – Беларускі Галівуд. (Гродна)
20. Сябры жартаўліва называлі Міхася Лынькова “нарачанскім чараўніком”. Чаму? (Міхась Лынькоў меў на Нарачы лецішча, дзе заўсёды разводзіў вогнішча і любіў фатаграфаваць скрозь агонь. Беларускі пісьменнік Янка Скрыган успамінаў: “…Лынькоўскі агонь – гэта рытуал, чарадзейства, гіпноз. Можна падбіраць бог ведае колькі высокіх словаў, але яны мала перададуць адчуванне сапраўднага набажэнства, якому аддавалася ў такія часіны ўся істота Міхася Лынькова. Усё жыло ў нейкім узнёсла-зачараваным руху: вочы, твар, пастава ў бронзавых водблісках полымя”.)
21. Захапленні Міхася Лынькова. (Пісьменнік умеў і любіў не толькі фатаграфаваць, але і друкаваць фотаздымкі; рыбалка на Нарачы)
22. Беларускі паэт, лепшы сябар Міхася Лынькова, з якім пісьменнік праводзіў лета на Нарачы. (Максім Танк. У Максіма Танка быў дом на Нарачы побач з домам Міхася Лынькова, разам адпачывалі, рыбачылі)
23. Горад, у якім заснавана спецыяльная прэмія гарадскога выканаўчага камітэта імя Міхася Лынькова, там пісьменнік працаваў у рэдакцыі газеты і ўпершыню пачаў друкаваць свае апавяданні ? (Бабруйск; імем пісьменніка названа вуліца ў Першамайскім раёне, у 2011 годзе заснавана спецыяльная прэмія імя Міхася Лынькова)