Трэцяга лістапада спаўняецца 142 гады з дня нараджэння вялікага песняра беларускага народа, класіка нацыянальнай літаратуры Якуба Коласа. Квест-гульня “Беларускай песні ўладар” дазволіць выявіць лепшых знаўцаў біяграфіі і творчасці Якуба Коласа.
Ала КАЗЕКА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
ДУА “Сярэдняя школа № 10 імя В.І.Пеляніцына г. Слоніма”
Гродзенская вобласць
Мэты і задачы гульні: сістэматызаваць веды вучняў пра жыццё і творчасць Якуба Коласа, абудзіць цікавасць да яго творчасці; садзейнічаць пашырэнню пазнавальных інтарэсаў вучняў, актывізацыі інтэлектуальных магчымасцей асобы.
Абсталяванне: канверты з заданнямі, маршрутныя лісты (Дадатак), дыпломы для ўзнагароджвання пераможцы і ўдзельнікаў гульні.
Форма правядзення: у турніры бяруць удзел некалькі каманд, у склад якіх уваходзяць 6–8 вучняў.
Правілы правядзення квест-гульні
Квест-гульня можа праводзіцца ў межах вучэбнага кабінета або ў розных памяшканнях школы (напрыклад, у кабінеце беларускай мовы і літаратуры, бібліятэцы, школьным музеі, іншых вучэбных кабінетах).
Усяго вучням неабходна прайсці пяць этапаў. На кожным з іх трэба выканаць пэўнае заданне, пазначыць у маршрутным лісце колькасць правільных адказаў і запісаць кодавае слова. Каманда на першым этапе адзначае пачатак гульні, на апошнім – яе заканчэнне.
Пасля праходжання ўсіх этапаў маршрутны ліст здаецца старшыні судзейскай калегіі.
На перыяд правядзення квест-гульні ствараецца судзейская калегія, якая працуе з камандамі на ўсіх этапах і сочыць за правільнасцю адказаў удзельнікаў, вядзе ўлік правільных адказаў, падводзіць вынікі інтэлектуальнага спаборніцтва. Пераможцам гульні становіцца каманда, якая правільна адказала на большую колькасць пытанняў, вызначыла кодавыя словы і першай скончыла гульню.
Уступнае слова настаўніка.
Настаўнік. Трэцяга лістапада спаўняецца 142 гады з дня нараджэння вялікага песняра беларускага народа, класіка нацыянальнай літаратуры Якуба Коласа. “Паэт, празаік, драматург, вучоны, публіцыст – няма, здаецца, у беларускай літаратуры такога жанру, няма ў яе гісторыі такой старонкі, дзе б не ззяла слаўнае імя Якуба Коласа, не праявілася б якая-небудзь грань яго шчодрага таленту”, – так пісаў пра адданага сына Беларусі Іван Мележ. Сёння мы праводзім квест-гульню, якая дазволіць выявіць лепшых знаўцаў біяграфіі і творчасці Якуба Коласа.
Ход гульні
Арганізацыйны этап
1. Прадстаўленне каманд.
2. Прадстаўленне судзейскай калегіі.
3. Знаёмства з правіламі гульні.
Кожная каманда атрымлівае маршрутны ліст з асабістым парадкам праходжання этапаў.
Квест
І этап. “Старонкі жыццяпісу і творчасці”
Каманда атрымлівае картку з пытаннямі. Пасля запісу адказаў перадае яе для праверкі члену судзейскай калегіі.
Заданне. Запішыце адказы на пытанні.
Пытанне |
Адказ |
1. Назва засценка, у якім нарадзіўся Якуб Колас |
Альбуць |
2. Сапраўдныя прозвішча, імя і імя па бацьку паэта |
Міцкевіч Канстанцін Міхайлавіч |
3. За які верш Якуб Колас атрымаў ад бацькі свой першы ганарар? |
“Вясна” |
4. Якую назву меў першы зборнік вершаў паэта? |
“Песні-жальбы” |
5. Першыя гады настаўніцтва паэта прайшлі на Піншчыне, у вёсках… |
Люсіна і Пінкавічы |
6. Калі і дзе адбылася першая сустрэча Якуба Коласа з Янкам Купалам? |
У жніўні 1912 года на хутары Смольня |
7. У 1921 годзе ў Коўне выйшаў зборнік апавяданняў, у якіх у алегарычнай форме закрануты важныя сацыяльна-палітычныя і маральна-этычныя праблемы. Ён меў назву… |
“Казкі жыцця” |
8. Гэты твор з’яўляецца мастацкай энцыклапедыяй жыцця беларускага сялянства на рубяжы XIX–XX стагоддзяў. |
Паэма “Новая зямля” |
9. У якім годзе Якубу Коласу прысуджана званне заслужанага дзеяча навукі Беларусі? |
У 1944 годзе |
10. Які твор напісаны на аўтабіяграфічным матэрыяле? |
Трылогія “На ростанях” |
11. Назавіце дату смерці Якуба Коласа. |
13 жніўня 1956 года |
Кодавае слова. У пустыя клеткі ўпішыце пачатковыя літары з адказаў на пазначаны нумар пытання, каб даведацца пра яшчэ адзін псеўданім аўтара.
Адказ: Мікалаевец.
ІІ этап. “Паэтычная шыфроўка”
Расшыфруйце крыптаграму. З якога верша ўзяты гэтыя радкі?
9,1,19,17,32,3,1,11 20,28 14,15,6 17,6,19,15,31 20,1,12,21,31,
12,1,2 5,21,27,21 14,15,6 17,1,13,10,13,1 32,15,1,
12,1,2 21 7,11 20,28 15,32,5,16,13,31 13,31,5,19,12,21,31
10 22,19,7 3,28,26,1,18,17,1,22 4,16,18,1 5,1 5,15,1.
Кодавае слова. Назва верша, з якога ўзяты радкі.
Адказ: Верш “Песняру”.
ІІІ этап. “Музей пакінутых рэчаў”
Заданне. На паліцы размешчаны наступныя прадметы: вучнёўскія сшыткі, скрыпка, вуды, сякера, торба.
Назавіце, героям якіх твораў належыць кожны з гэтых прадметаў.
Адказ. Вучнёўскія сшыткі – Андрэю Лабановічу з трылогіі “На ростанях”, скрыпка – Сымону з паэмы “Сымон-музыка”, вуды – дзядзьку Антосю з паэмы “Новая зямля”, сякера – Андрэю Плеху з апавядання “Малады дубок”, торба – Савосю з верша “Савось-распуснік”.
Кодавае слова. Назва мастацка-мемарыяльнага комплексу, у якім налічваецца больш за 40 драўляных скульптур па матывах твораў пісьменніка.
Адказ: “Шлях Коласа”.
ІV этап. “Стужка часу”
Заданне. Суаднясіце дату з падзеяй. Кодавае слова запішыце ў выглядзе “літара – нумар”, напрыклад, А3Б1В2.
А |
1902 год |
1 |
Прысвоена ганаровае званне народнага паэта Беларусі |
Б |
1908–1911 гады |
2 |
Гады працы над трылогіяй “На ростанях” |
В |
1926 год |
3 |
Закончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю і паехаў настаўнічаць на Палессе |
Г |
1929 год |
4 |
Адбываў пакаранне за ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе і напісанні рэвалюцыйнай пракламацыі |
Д |
1921–1954 гады |
5 |
Стаў віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук БССР |
Кодавае слова.
Адказ: А3Б4В1Г5Д2.
V этап. “Сэрца пакідаю вам…”
Настаўнік. Імкліва бягуць гады. Але колькі б часу ні прайшло, заўсёды будзе жыць у памяці людзей выдатны народны паэт Якуб Колас. А ці ведаеце вы, як ушанавана памяць беларускага песняра ў нашай краіне? Запішыце адказ на гэта пытанне ў якасці кодавага слова да этапу “Сэрца пакідаю вам…”.
Прыкладныя адказы
Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Якуба Коласа (за творы прозы і літаратуразнаўчыя працы).
Літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа ў Мінску (з філіялам, які ўключае мемарыяльныя сядзібы Акінчыцы, Альбуць, Ласток, Смольня). Літаратурна-этнаграфічныя музеі ў Люсіне і Пінкавічах.
Помнікі Коласу пастаўлены на плошчы яго імя ў Мінску і на магіле на Вайсковых могілках, на радзіме ў вёсцы Мікалаеўшчына, у горадзе Навагрудку Гродзенскай вобласці.
У Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі існуе мемарыяльны пакой Коласа.
На будынках, дзе жыў і працаваў народны паэт Беларусі ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі.
Настаўнік. Вось і завяршылася квест-гульня. Вы паказалі добрае веданне біяграфіі і творчасці класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. Спадзяюся, што вы будзеце працягваць знаёміцца з творчасцю волата беларускай літаратуры.
А зараз мы папросім судзейскую калегію падвесці вынікі і назваць пераможцу інтэлектуальнага спаборніцтва.
Дадатак
Маршрутны ліст
Назва этапаў |
Колькасць правільных адказаў |
Кодавае слова |
“Старонкі жыццяпісу і творчасці” |
|
|
“Паэтычная шыфроўка” |
|
|
“Музей пакінутых рэчаў” |
|
|
“Стужка часу” |
|
|
“Сэрца пакідаю вам…” |
|
|