Фарміраваць устойлiвую цiкавасць i станоўчыя адносіны да беларускай мовы i культуры праз знаёмства з беларускім фальклорам.
Вольга ГРЭКУНЕНКА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
ДУА “Дзіцячы сад № 37 г. Гродна”
Задачы:
– фарміраваць устойлiвую цiкавасць i станоўчыя адносіны да беларускай мовы i культуры, праз знаёмства з беларускім фальклорам;
– працягваць фарміраваць уяўленні дзяцей пра прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі;
– развіваць уменне класіфікаваць вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва па матэрыяле, з якога яны зроблены (салома, лён, глiна);
– пашыраць актыўны слоўнік дзяцей; выхоўваць цікавасць да народнай творчасці, беражлівыя адносіны да рэчаў нашай спадчыны, любоў да сваёй Радзімы.
Матэрыял і абсталяванне: прадметы беларускага побыту (посуд, адзежа, абрус, сурвэткi, ручнікі), рэчы з саломы, глiняная цацка-свiстулька, салёнае цеста, макет печы.
Папярэдняя работа: знаёмства з беларускім фальклорам (вершы, казкі, загадкі, прыказкі, песні), развучванне беларускіх народных гульняў.
Ход занятку
Гучыць беларуская народная музыка.
Выхавальнік. Паглядзіце, колькі сёння да нас прыйшло гасцей. Давайце з імі прывітаемся:
Добры дзень! Мы кажам вам, госці дарагія.
Любім мову мы сваю, хоць яшчэ малыя.
Ой! Паглядзіце, якая прыгожая шкатулка. Зараз пабачым, што ў ёй цiкавага ляжыць.
Выхавальнік дастае салому.
Хто ведае, што гэта? Зараз я кожнаму раздам па саломінцы, а вы разглядзіце яе і адкажыце:
– Якога яна колеру? (Жоўтага, залацістага)
– Памацайце пальчыкамі. Якая яна? (Гладкая, роўная)
– Паспрабуйце падуць праз саломіну. Якая яна ўнутры? (Пустая, як трубачка)
Давайце падыдзем да выставы і паглядзім, якія цудоўныя рэчы ўмеюць рабіць беларускія майстры з саломы. (Дзеці падыходзяць да выставы і называюць рэчы з саломы: лапці, кветкі, птушка, лялька і г.д.)
Вось такая маленькая трубачка-саломінка, а якую прыгажосць з яе можна зрабіць.
Выхавальнік дастае пасму ільну.
Паглядзіце сюды, тут яшчэ нешта ёсць! Ці ведаеце вы, што гэта?
Так, гэта лён. Якога ён колеру? (Шэрага).
Памацайце яго. Якi лён навобмацак? (Мяккi, як валасы, крэпкi).
З iльну, як i з саломы, можна зрабiць прыгожыя рэчы. Паглядзiце ўважлiва на выставу. Што тут зроблена з iльну? (Адзенне, ручнікі, абрусы)
Паглядзiце, якiя прыгожыя ўзоры на iх. Як жа называюцца гэтыя ўзоры (Арнамент).
Так, гэта ручнікі з вышытым арнаментам. На ручніках падносілі хлеб, сустракаючы гасцей. Таксама імі ўпрыгожвалі хату, выцiралi рукi i твар. А вось гэта сурвэткi для прыгажосці. Гэта абрус. Ім засцілалi стол, калі чакалі гасцей, і ў хаце адразу станавілася светла і ўтульна. Абрус упрыгожвалі арнаментам (клетачкамі, палоскамі, шырокімі або вузкімі). Вось гэта адзенне (фартух, кашуля), якія таксама ўпрыгожаны арнаментам.
Я бачу, вы крышачку стаміліся, тады адпачнём і пагуляем у цікавую гульню.
Беларуская гульня-імітацыя“Нітачка”
Дзеці выконваюць рухі адпаведна з тэкстам.
Жыла-была на Беларусі ільняная Нітачка. (Становяцца ў рад, трымаюцца за рукі).
Была яна вельмі доўгая, яркая і прыгожая.
Аднойчы Нітачка пайшла пагуляць. (Ідуць).
Раптам падзьмуў моцны вецер і панёс Нітачку далёка ад хаты. (Бягуць у ланцужку, трымаючыся за рукі).
Зачапілася Нітачка за галінку дрэва і парвалася. (Стаяць, разняўшы рукі).
Ішла ткачыха, убачыла Нітачку, завязала яе вузлом, (Бяруцца за рукі)
Зматала яе ў клубочак (Закручваюць ланцужок у “клубок”)
І панесла дадому (Ідуць па крузе)
І вышыла ткачыха з Нітачкі прыгожы ўзор. (Дзеці пераплятаюць рукі, “вышываюць узор”)
Спадабалася вам гульня? Малайцы!
Ой, паглядзiце, якія разныя вырабы тут на стале? (Гаршчок, збан, міска, кубкі, гляк) Як яны называюцца адным словам? (Посуд) З якога матэрыялу яны зроблены? (З гліны.). Так, гэта посуд з гліны. Малайцы! Можа, хто з вас ведае, як называюцца гэтыя прадметы? (Адказы дзяцей)
Вось гэта гаршкі. У такіх гаршках гатавалі ежу. Гэта збанок, у ім захоўвалі малако і малочныя прадукты. Вось гэта глыбокая круглая міска для ежы. Вось гэта кубак, з якога п’юць.
А ці ведаеце вы, як называлі людзей, якія рабілі посуд з гліны? (Ганчары). А станок, які дапамагаў ганчарам называецца ганчарны круг. Паколькі ў Беларусі гліны было шмат, то з яе майстры-ганчары рабілі не толькi разнастайны посуд, але і дзіцячыя цацкі: свістулькі, фігуркі жывёл і птушак для ўпрыгожвання інтэр’еру.
А зараз заплюшчыце вочы. (Выхавальнік свiшча ў свістульку.) Што гэта прагучала? Так, гэта глiняная цацка-свiстулька. Гук у яе тоненькі, нагадвае птушыны спеў. Iх калiсьцi падвешвалi над ложкам, дзе спала малое дзіця i свістам адганялi злых духаў. А калi дзецi падрасталi, то яны гулялi з імі. На Беларусі свістулькі былі любімай дзіцячай забавай. Ну, а зараз давайце і мы пагуляем. (Дзецi свiшчуць).
У залу ўваходзіць бабуля Васiлiна.
Бабуля. Добры дзень, мае даражэнькія дзеці! Якія вы ўсе прыгожыя, з добрым настроем. Добры дзень, госцейкі! Мяне завуць бабуля Васiлiна.
Хацела зрабіць пiрог, замясiла цеста, ды толькi не паспела яго спячы. Можа вы мне дапаможаце?
Выхавальнік. Ведаеце, печ у хаце займала важнае, пачэснае месца. Яна абагравала хату, у ёй гатавалі ежу, на ёй адпачывалі, спалі, лячыліся, сушылi адзенне. Хто ведае, а чым тапiлi печ? (Дровамi) Палiлi дровы, печ награвалася, i потым у ёй гатавалi ежу: варылi кашу, пяклi блiны (паказвае i расказвае, куды клалi дровы). А гатавалi ежу ў чыгунках i гаршках (паказвае).
Бабуля. А давайце з вамі паспрабуем зараз спячы ў печы булачкі. Я кожнаму дам кавалачак цеста, і мы з вамі злепім булачкі.
Дзецi лепяць з цеста i кладуць булачкі на бляху.
Бабуля. Вось паставім гэта ўсё ў печ. А пакуль булачкі пякуцца, мы пайграем на музычных інструментах.
Дзецi іграюць на музычных інструментах.
Бабуля. Ой, які выдатны ў нас аркестр атрымаўся. Ідзіце хутчэй да стала, будзем частавацца булачкамі.
Бабуля дастае з печы сапраўдныя булкі.
Выхавальнік. Вось і падышоў час развітвацца.
А ці спадабалася вам у нашай хаце?
А што вам запомнілася больш за ўсё? (Адказы дзяцей)
Да новых сустрэч !
Гучыць беларуская музыка, дзеці пакідаюць залу.