Пашырэнне і сістэматызацыя ведаў вучняў пра правапіс літар у і ў у спрадвечна беларускіх словах і словах іншамоўнага паходжання.
Марына ГРЫНЦЭВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 140 г. Мінска”
Мэты ўрока: пашырыць і сістэматызаваць веды вучняў пра правапіс літар у і ў у спрадвечна беларускіх словах і словах іншамоўнага паходжання, садзейнічаць развіццю ўменняў аналізаваць, прымяняць набытыя веды на практыцы, рабіць самастойныя вывады, стварыць умовы для выхавання ўважлівасці, актыўнасці, павагі да роднага слова, культуры, папоўніць лексічны запас.
Тып урока: урок вывучэння новага матэрыялу.
Абсталяванне: вучэбны дапаможнік па беларускай мове для 10 кл. (Г.М.Валочка і інш., 2020), раздатачны матэрыял, мультымедыйная прэзентацыя, выстава кніг У.Караткевіча (заданні да ўрока – на аснове твора У.Караткевіча “Зямля пад белымі крыламі”).
Эпіграф да ўрока: “Я хачу правесці вас па зямлі, якая для мяне – і, мабыць, не толькі для мяне – даражэйшая за ўсё, самы ўтульны і чароўны кут” – У.Караткевіч.
Ход урока
І Арганізацыйны момант
Стварэнне станоўчага псіхалагічнага настрою
– Падумайце, чаму я выбрала эпіграфам да ўрока словы Уладзіміра Караткевіча: “Я хачу правесці вас па зямлі, якая для мяне – і, мабыць, не толькі для мяне – даражэйшая за ўсё, самы ўтульны і чароўны кут”?
– Пра які ўтульны і чароўны кут гаворыць пісьменнік?
– Звярніце ўвагу на выставу кніг Уладзіміра Караткевіча – беларускага паэта, празаіка, драматурга, публіцыста, перакладчыка. Адзін са знакамітых яго твораў “Зямля пад белымі крыламі”. Гэта нарыс пра Беларусь і беларусаў, пра культуру, побыт, нашу гісторыю і прыроду. Сёння на ўроку мы будзем выконваць заданні на аснове тэкстаў з гэтай кнігі.
ІІ Актуалізацыя ведаў
– Сёння мы працягваем вывучэнне раздзела “Арфаграфічныя нормы”. І на гэтым уроку мы будзем гаварыць пра цудоўную, напеўную, неўміручую ўнікальную літару беларускага алфавіта. Яе няма ў алфавіце іншых моў. Ці здагадаліся вы, пра якую літару мы будзем гаварыць? (Пра ў нескладовае.)
III Мэтавызначэнне
– Назавіце тэму нашага ўрока.
Вучні самастойна фармулююць мэты ўрока.
IV Тлумачэнне новага матэрыялу
– Каб перайсці да вывучэння новай тэмы, мы павінны з вамі растлумачыць:
[у] – галосны гук (доўгае, складовае);
[ў] – зычны гук (кароткае, нескладовае).
V Выкананне заданняў
Заданне № 1
Варыянт 1
Прачытайце тэкст. Вызначце тэму і ідэю. Растлумачце правапіс у (складовага).
Нарыс Уладзіміра Караткевіча “Зямля пад белымі крыламі” прысвечаны Беларусі. Аўтар запрашае маладога чытача ў падарожжа па Беларусі, спрабуе паказаць хараство роднай прыроды, прывіць любоў да роднай зямлі, зацікавіць гісторыяй беларускага народа. Падставай для напісання твора Уладзімірам Караткевічам сталі яго асабістыя перажыванні, успрыманне тых ці іншых падзей, сведкам каторых ён быў. Як зазначыў сам аўтар, нарыс быў створаны не для таго, каб усё распавесці, але для таго, каб зацікавіць моладзь гісторыяй, прыродай ды прыгажосцю роднай зямлі. Да таго ж Уладзімір Караткевіч дае выдатны ўрок патрыятызму, што можа быць карысны для ўсіх.
Варыянт 2
Прачытайце тэкст. Вызначце тэму і ідэю. Растлумачце правапіс ў (нескладовага).
Зараз вясна. Над усёй нашай краінай, наставіўшы белыя ветразі крылаў, планіруюць буслы. Іх многія і многія тысячы – хто лічыў? На вільчыках сялянскіх хат, на дрэвах, на калонах старых разбураных палацаў, на слупах капліц сярод маладога зялёнага жыта. Гнёзды паўсюль.
І таму мне здаецца, што ў гэтыя – і не толькі ў гэтыя – дні зямлю нашу, Беларусь, можна назваць “зямлёю пад белымі крыламі”. І не здзіўляйцеся, дзяўчаты і хлопцы, на дзіўную назву кнігі, якая трапіла да вашых рук.
Да пэўнай ступені бусел – сімвал Беларусі. Ёсць, вядома, дацкія буслы, апетыя Андэрсанам, ёсць буслы і ў іншых заходніх краінах. Ёсць яны і на поўдні. Вось так і планіруюць, планіруюць буслы.
Вучні робяць вывады, складаюць гексы (шасцівугольнікі).
Заданне № 2
Варыянт 1
Прачытайце тэкст. Вызначце тэму і ідэю. Устаўце прапушчаныя літары.
Па-першае, чаму “Беларусь”? Ёсць некалькі варыянта.. паходжання гэтай назвы. Прывяду два з іх.
Першы: белыя адзенні да..ніх вясковых людзей, белыя іхнія валасы, белы колер скуры.
Другі. Калі на нашы старажытныя славянскія землі прыйшлі татара-манголы – здолелі адбіцца ад іх амаль адны толькі мы. Паў ..ладзімір, Разань, Кіе.. . Да Но..гарада захопнікі не дайшлі толькі таму, што пачаліся дажджы.
Мы – адбіліся. І менавіта таму мы “белая”, “чыстая ад нашэсця татара..”. А гэта да шмат чаго абавязвае. І вы за..сёды памятайце гэта.
Варыянт 2
Прачытайце тэкст. Вызначце тэму і ідэю. Устаўце прапушчаныя літары.
Але зойдзем .. хату, якой яна была яшчэ не так да..но, а часам сустракаецца і зараз. Спачатку трапляем .. сенцы. Яны і зараз служаць для гаспадарчых мэт. Тут вёдры, цэбры, маслабойкі. Дзверы насупраць вядуць .. камору, дзе таксама рэчы для гаспадаркі і на паліцах розныя прыпасы. Другія дзверы вядуць .. халодныя пакоі.
Раней гаспадыня ..летку выносіла сюды кросны, ткацкі станок, бо .. самой хаце горача. Ля ..вахода, справа, мыцельнік, месца для мыцця посуду і кухонных рэчаў. Пасля печ. За печчу стаялі шырокія ложкі, адзін з завескаю, для гаспадара. Уздо..ж астатніх дзвюх сцен ішлі лавы, часам з тканымі нала..нікамі. На іх сядзелі і ноччу маглі спаць, асабліва, калі бывалі госці.
Фізкультмінутка. Гімнастыка для вачэй
VI Лексічная хвілінка
– Успомніце, што вы ведаеце пра прыказкі і прымаўкі.
– Прыказка – трапнае народнае выслоўе з павучальным сэнсам, якое дае вобразную ацэнку чалавечым паводзінам. Прыказкі складаюцца з дзвюх частак (паведамлення і вываду). Звычайна маюць пераносны сэнс.
– Адгадайце прыказкі па малюнках.
Кожная птушка сваё гняздо любіць.
Родная зямелька, як зморанаму пасцелька.
Няма смачнейшай вадзіцы, як з роднай крыніцы.
У чужой старонцы не так грэе сонца.
– Назавіце прыказкі пра Радзіму, якія вы ведаеце? (У сваім краі, як у раі. Свая хатка – родная матка, а чужая – мачыха. Бацькаўшчыну не купляюць і не прадаюць. На чужыне і камар загіне. Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся).
Заданне № 3
Растлумачце правапіс у і ў у іншамоўных словах. Размяркуйце ў табліцу.
Акварыум, шлагбаум, радыус, дыназаўр, вакуум, паўза, аўдыенцыя, сімпозіум, маўзер, браўнінг, архіварыус, соус, Люблінская унія, ва ўніверсаме, ва ўніверсітэце, подыум, урна, аўдыторыя, страус, ток-шоу, лаўрэат, прэзідыум, клоўн, фрау, аул, Ландау.
Тлумачэнне лексічнага значэнне іншамоўных слоў.
Лаўрэат – званне, якое прысуджваецца за выдатныя заслугі ў галіне навукі, мастацтва.
Аўдыенцыя – афіцыйны прыём у высокапастаўленай асобы.
Індывідуальнае заданне
Скласці сказы, выкарыстоўваючы іншамоўныя словы.
Вучні робяць вывады, складаюць гексы.
VІІ Замацаванне новага матэрыялу
Выкананне тэста “Правапіс літар у і ў”
А1. Адзначце выпадкі, у якіх пішацца літара ў (нескладовае):
1) со..,
2) а..тограф,
3) хлопцы-..мельцы,
4) вуліца ..барэвіча,
5) аповесць “Знак бяды” .. нас.
А2. Адзначце словы, у якіх пішацца літара у (складовае):
1) да …рача,
2) беларуска-..краінскі,
3) рады..с,
4) шо..,
5) па..за.
А3. Адзначце выпадкі, у якіх дапушчаны арфаграфічныя памылкі:
1) фраў,
2) да Уладзіслава,
3) жанчына-ўрач,
4) вялікая ўрна,
5) сімпозіум.
Адказы: А1. 2, 3, 5; А2. 3, 4; А3. 1, 4.
Праверка тэстаў.
– Падыміце рукі, хто дапусціў памылкі. Прааналізуйце свае памылкі.
– Ці ведаеце вы, дзе знаходзіцца помнік літары ў (нескладовае)?
– Помнік усталяваны ў Полацку ў 2003 годзе, у дзясятую гадавіну Дня беларускага пісьменства.
VIII Рэфлексія
Працягніце сказы.
– Пасля знакаў прыпынку пішацца…
– У іншамоўных словах, якія заканчваюцца на -ус, -ум пішацца…
– Пасля галосных у пачатку, сярэдзіне, канцы слова пішацца…
– У пачатку ўласных назваў пішацца…
– Пасля дэфіса ці двукосся, калі папярэдняе слова заканчваецца на галосны пішацца…
Індывідуальнае заданне
https://learningapps.org/watch?v=phm6vny9520
– І трэба многа, вельмі многа ездзіць, сябры. Вы маладыя, і, калі будзеце шмат падарожнічаць, вы ўбачыце многае ў свеце. Але перш за ўсё вам трэба ведаць свой, самы для нас прыгожы край. Ездзіце. Вы ўбачыце ўсе канцы нашай мілай, ласкавай няяркай краіны, якая, аднак, зачаруе вас сваёй няўлоўнай прыгажосцю. Убачыце Прыдняпроўе і Прынямонне, роўных якім па прыгажосці мала знойдзецца мясцін на зямлі. Будзеце слухаць музыку нашай пявучай мовы і нашы пяшчотныя песні. І ўбачыце зуброў і аленяў. Пройдзеце па пушчах Палесся. І, галоўнае, пазнаеце свой гасцінны, добры, горды і таленавіты народ.
Вы самі ўсё зведаеце, самі перамераеце яе дарогі і сцежкі. Зведаеце больш за мяне, перад вамі куды больш доўгая дарога. Любіце гэтую сваю святую зямлю аддана і да канца. Іншай вам не дадзена, дый непатрэбна, – вось які наказ даў нам Уладзімір Караткевіч у сваёй кнізе “Зямля пад белымі крыламі”.
IX Дамашняе заданне
§ 14, практыкаванне 118.
X Выстаўленне і каменціраванне адзнак
Агучваюцца вынікі працы.
Спіс выкарыстанай літаратуры
1 Беларуская мова: вучэбны дапаможнік па беларускай мове для 10 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання / Г.М.Валочка [і інш.]. – Мінск : Нац. інстытут адукацыі, 2020. – 232 с.
2 Караткевіч, У.С. Зямля пад белымі крыламі / У.С.Караткевіч – Нарыс : Для сярэд. і ст. шк. узросту. – 2-е выд. – Мн. : Нар. асвета, 1992. – 192 с.: іл.