Аўтар апісвае вопыт работы па выкарыстанні выказванняў знакамітых людзей, пагаворак і г.д. пры выкладанні нямецкай мовы і прапануе спасылкі на матэрыялы, з якімі працуюць на ўроках навучэнцы 6-11-х класаў.
Рэгіна ДРАВІЦА,
настаўнік нямецкай мовы
ДУА “Азёркаўская сярэдняя школа”
Мастоўскага раёна,
Гродзенскай вобласці
Кожны настаўнік майстар сваёй справы, ён добра ведае сваіх вучняў і імкнецца захапіць іх сваім прадметам. Замежная мова (нямецкая) – для вучняў складаны школьны прадмет. Таму да яго выкладання кожны настаўнік падыходзіць па-рознаму, імкнецца знайсці нешта цікавае, незвычайнае, чым можна заахвоціць вучняў. Ёсць мноства практыкаванняў, якія выкарыстоўваюць настаўнікі і я ў тым ліку, усе яны накіраваны на вывучэнне прадмета. У замежнай мове гэта аўдыраванне і маўленне, чытанне і пісьмо, a яшчэ лексіка і граматыка, ды і гэта не поўны пералік таго, чым павінны валодаць вучні.
Каб зрабіць навучанне мове больш яркім, запамінальным, выкарыстоўваю ў кожным класе па кожнай тэме выказванні знакамітых людзей, пісьменнікаў, вучоных, пагаворак, народнай мудрасці. Падборку выказванняў рыхтую да першага ўрока кожнай новай тэмы. Падбіраю да 10 выказванняў, у асобных выпадках меней. Раздрукоўваю іх на лістах А4 і размяшчаю на дошцы на працягу вывучэння ўсёй тэмы (як правіла, на вывучэнне адной тэмы адводзіцца 12-14 урокаў). За гэты час вучні вывучваюць прапанаваныя выказванні, думкі знакамітых людзей, вучацца не толькі перакладаць іх з нямецкай мовы на беларускую і наадварот, а тлумачаць сэнс дадзеных выказванняў, выкарыстоўваюць іх пры складанні свайго вуснага выказвання па тэме. Гэта ўлічваю абавязкова. Такім чынам вучні вучацца прымяняць атрыманыя веды ў нестандартных сітуацыях.
Часам размяшчаю лісты з выказваннямі ў класе на шафах у кабінеце, праз некалькі ўрокаў нешта здымаю, а нешта дабаўляю, кожны раз звяртаю ўвагу вучняў на тое, якія змены заўважылі яны. Вучні ўжо прывучаны і заўважаюць змены.
З выказваннямі практыкую наступныя віды заданняў.
1. Працягні далей (напісана першая частка).
2. Суаднясі часткі (часткі пераблытаны).
3. Пазнай па ключавым слове.
4. Зрабі пераклад з нямецкай мовы на рускую.
5. Зрабі пераклад з рускай мовы на нямецкую.
6. Збяры выказванні з асобных слоў.
7. Правер сябра.
8. Патлумач граматычныя з’явы ў сказе.
9. Выкарыстай выказванні ў нестандартных сітуацыях.
Як бачым, з выказваннямі можна арганізаваць самыя розныя заданні, што дазваляе вучням хутчэй вывучыць іх.
У кабінеце займаюцца вучні розных класаў: некаторым з іх гэта ўжо знаёма, значыць ім карысна паўтарыць, некаторыя пазнаёмяцца з дадзенымі выказваннямі пазней, але зараз адбываецца першаснае знаёмства, што таксама нядрэнна.
У выказваннях выкарыстоўваецца розны лексічны матэрыял: незнаёмы, які прапанаваны для вывучэння і той, што вывучалі раней. Пры выкананні такіх заданняў вучням даецца магчымасць і паўтарыць знаёмую лексіку, і даведацца нешта новае. Пры вывучэнні нямецкай мовы ды і любога школьнага прадмета неабходна шматразовае паўтарэнне.
Спасылкі і QR-коды на выказванні, якія можна выкарыстоўваць у рабоце ў розных класах:
6-ы клас
7-ы клас
8-ы клас
9-ы клас
10-ы клас
11-ы клас