Аперацыі над мноствамі. Урок матэматыкі ў 6-м класе

- 9:29II И III СТУПЕНИ, МАТЕМАТИКА, Математика. Сценарии, Методичка

Прапанаваны ўрок распрацаваны і праведзены ў рамках інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі семантызацыі духоўна-маральных паняццяў і катэгорый на аснове традыцыйных каштоўнасцей беларускага народа”.

Надзея ДРАНІЦА,
настаўнік фізікі і матэматыкі
ДУА “Любчанская сярэдняя школа імя Л.П.Сечкі”
Навагрудскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

Тэма: “Аперацыі над мноствамі”.

Мэта ўрока: 

– стварыць умовы для паўтарэння асноўных паняццяў “мноства”, “падмноства”, “аперацыі над мноствамі”;

– развіваць лагічнае мысленне праз рашэнне нестандартных задач, навыкі сістэматызацыі і абагульнення; 

– выхоўваць духоўна-маральныя якасці праз семантызацыю паняцця чалавечнасць, цікавасць да прадмета, пашыраць кругагляд.

 

Ход урока

I Арганізацыйны момант

 

II Актуалізацыя ведаў

– Што называць «мноствам»?

– Як называюць аб’екты, з якіх складаецца мноства?

– Запішыце, з якіх элементаў, на вашу думку, складаецца мноства “ЧАЛАВЕЧНАСЦЬ”. (Вучні ў групах на асобных лістах запісваюць тры элементы мноства “ЧАЛАВЕЧНАСЦЬ” і вынік працы замацоўваюць на дошцы).

– Што называецца аб’яднаннем мностваў А і В?

– Аб’яднайце вашы мноства “ЧАЛАВЕЧНАСЦЬ” у адно мноства. Памятаем, што элементы, якія паўтараюцца, запісваем адзін раз.

Магчымы вынік працы вучняў:

ЧАЛАВЕЧНАСЦЬ = {добразычлівасць, павага, спачуванне, сціпласць, сумленнасць, шчырасць, уменне дараваць, любоў, увага да чалавека, добрае стаўленне да ўсяго жывога}

– Што называецца перасячэннем мностваў А і В?

– Знайдзіце перасячэнне вашых мностваў “ЧАЛАВЕЧНАСЦЬ”.

Вынік працы

– Як адрозніваюцца мноствы па ліку элементаў?

– Ці можам мы адназначна адказаць на пытанне, што мноства “ЧАЛАВЕЧНАСЦЬ” канечнае?

– Якімі спосабамі можна задаць мноства?

– Якім спосабам мы задалі мноства “ЧАЛАВЕЧНАСЦЬ”?

– Што называецца падмноствам мноства А?

 

III Асноўны этап

1 Работа па варыянтах

Трое вучняў працуюць каля дошкі, астатнія выконваюць заданні ў сшытках.

Варыянт 1

Віні-Пух і Пятачок прыйшлі ў госці да Труса. Трус пачаставаў гасцей варэннем. Віні-Пух і Пятачок разам з’елі 32 лыжкі варэння, а Віні-Пух і Трус – 23 лыжкі варэння. Колькі лыжак варэння з’елі ўсе трое герояў?

Варыянт 2

А = хх ∈ N; 2 ≤ х ≤7

В = хх ∈ N; 4 ≤ х ≤9

Задайце мноства пералікам. Знайдзіце А U В; А В; А \ В; В \ А. Адлюструйце рашэнне на лікавай прамой.

Варыянт 3

Запішыце ўсе падмноствы мноства abсd.

На сцяне віселі 5 лямпачак. Колькі існуе спосабаў асвятлення сцяны?

 

Фізкультхвілінка (пад песню “Дабрыня” мультфільм “Фунцік”)

 

2 Самастойная работа

1. Дадзена мноства А= {1, 3, 5, 7, 9, … , 99}. Выберыце правільныя сцверджанні:

а) 35 ∈ А;                         в) 27 ∈ А;
б) 48 ∈ А;                         г) 52 ∈ А.

2. Дадзены мноствы: А = {a, b, c, d}, B = {b, d, e}. Знайдзіце: 

а) АВ;                          б) А U В

3. Дадзена мноства М = {10, 11, 12, 13, 14, …, 22}. Складзіце:

а) падмноства А мноства М з лікаў кратных 2;
б) падмноства В мноства М з лікаў не кратных 5;
в) падмноства С мноства М з простых лікаў.

4. Прывядзіце прыклады такіх двух мностваў, каб іх аб’яднаннем было мноства К= {5, 6, 8, 10, 17}, а перасячэннем – мноства Р= {8, 10}. Колькі рашэнняў мае задача?

Праз 10 мінут вучні абменьваюцца сшыткамі, ідзе самаправерка.

 

IV Абагульненне

– Ці праявілі вы чалавечнасць падчас самастойнай працы, праверкі задання і, наогул, на ўроку?

– А якія існавалі магчымасці для праяўлення гэтай якасці чалавека?

– Намалюйце, з якой геаметрычнай фігурай у вас асацыіруецца слова “чалавечнасць” (метад сінэстэзіі).

– Размалюйце фігуру тым колерам, які больш падыходзіць да гэтага паняцця (метад сінэстэзіі).

– Абазначце “чалавечнасць” лічбай (метад сінэстэзіі).

 

V Падвядзенне вынікаў урока

 

VI Рэфлексія

– Калі ласка, падзяліцеся сваімі думкамі аб сённяшнім занятку. Працягніце сказы.

– Я даведаўся…
– Я адчуў…
– Я ўбачыў…
– Я заўважыў, што …
– Мне цікава сачыць за…
– Я зараз слухаю і думаю…

 

VII Дамашняе заданне

№ 81, № 84

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий