Выкарыстанне на ўроку праектнай тэхналогіі, тэхналогіі шасцівугольнага навучання, сучасных тэхналогій, групавой формы работы спрыяе павышэнню эфектыўнасці працэсу навучання, выхавання і развіцця вучняў.
Ганна СТАЛЯРЭЎСКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры, мастацтва
ДУА “Шылавіцкая сярэдняя школа” Ваўкавыскага раёна,
Гродзенская вобласць
Асноўная мэта ўрока: знаёмства з беларускай культурай 1920–1930-х гадоў. Практыка паказала, што ў падручніку матэрыял прадстаўлены аб’ёмна, што не дае магчымасці ахапіць яго ў поўнай меры. Выкарыстанне праектнай тэхналогіі, тэхналогіі шасцівугольнага навучання, сучасных тэхналогій, групавой формы работы спрыяе павышэнню эфектыўнасці працэсу навучання, выхавання і развіцця, а менавіта:
спрыяе павышэнню актыўнасці, зацікаўленасці вучняў;
развіццю любові да беларускага мастацтва;
развівае такія якасці як увага, уяўленне, мысленне, памяць, самакантроль і інш.;
спрыяе хуткаму і трываламу засваенню ведаў, якія пераўтвараюцца ў ўменні і навыкі;
фарміруе ўменне прымяняць атрыманыя веды на практыцы.
Мастацтва – гэта асаблівы прадмет. Навучэнцы вучацца рабіць ацэнку рэчаіснасці, фарміраваць уласнае стаўленне да твораў мастацтва.
Тэма: “Паміж традыцыяй і авангардам: мастацтва Беларусі 1920-1930 – х гадоў”.
Мэты: мяркуецца, што напрыканцы ўрока вучні
– будуць ведаць асаблівасці культуры Беларусі 1920-1930-х гадоў, асноўныя тэмы і сюжэты беларускага мастацтва дадзенага перыяду на прыкладзе твораў Міхаіла Філіповіча, Станіслава Жукоўскага, Уладзіміра Кудрэвіча, Язэпа Драздовіча, Алены Кіш;
– удасканаляць навыкі работы ў групах, адбору матэрыялу, навыкі даследавання, абароны праекта.
Задачы выхавання і развіцця асобы вучняў: фарміраванне эстэтычнай культуры, цікавасці і павагі да традыцый беларускага народа, культуры і гісторыі.
Тып урока: урок-даследаванне з элементамі праектнай тэхналогіі і тэхналогіі шасцівугольнага навучання.
Вучэбна-метадычнае забеспячэнне: падручнік, рабочы сшытак, мастацка-ілюстрацыйны матэрыял, тэхнічнае абсталяванне (мультыборд, мабільны тэлефон, брашуратар), прэзентацыя, клей, папера, алоўкі, 3 канверты з раздатачным матэрыялам.
Ход урока
1 Арганізацыйны момант
Прывітанне. Праверка падрыхтаванасці да ўрока.
– Я рада вітаць вас на сённяшнім уроку. Рада, што вы прыйшлі з добрым настроем.
2 Актуалізацыя ведаў навучэнцаў
Слайд 1
Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына!
– Кожны з вас памятае гэтыя радкі Янкі Купалы. Які сэнс вы ўкладаеце ў слова спадчына? (Адказы вучняў) Якая ж спадчына засталася нам, што мы павінны зберагчы для наступнага пакалення?
– Мастацтва Беларусі… Якім было яно сто год назад? Што хвалявала мастакоў? Якія тэмы і сюжэты ляглі ў аснову іх творчасці?
3 Матывацыя і мэтавызначэнне дзейнасці навучэнцаў
– У кожнага з вас ёсць цёплыя ўспаміны, любімыя рэчы і фотаздымкі. Сапраўды, гэта памяць, наша мінулае.
– Важна правільна адносіцца да твораў мастацтва мінулага, разумець факты, цаніць гісторыю. Без мінулага не будзе будучага.
Слайд 2
Тэма ўрока. Запіс у дзённік і сшытак.
– Што вы чакаеце ад сённяшняга ўрока? Якую для сябе ставіце мэту? (Слайд 3. Адказы вучняў)
4 Вывучэнне новай тэмы
– Перад тым, як мы прыступім да вывучэння новай тэмы, давайце ўспомніць матэрыял мінулага ўрока. У вас у кожнага на парце ляжыць QR-код задання. На яго выкананне вам даецца адна мінута.
https://learningapps.org/display?v=p8dqtgzgk22
– Якія вынікі ў вас атрымаліся? Падыміце руку, хто выканаў на 100%? (Агучванне вынікаў)
– Невыпадкова мы звярнуліся да інфармацыі мінулага ўрока, так мастацтва Беларусі развівалася адначасова з савецкім.
– Як вы лічыце, чаму перыяд у мастацтве 20-30-х гадоў мінулага стагоддзя называюць другім Рэнесансам? (Адказы вучняў)
Слайд 4
– Мастацтва дадзенага перыяду працягвала традыцыі мінулага, але і характарызавалася развіццём авангарду, наяўнасцю мастацкіх эксперыментаў з кампазіцыяй, формай, колерам.
Слайд 5
– Гэта мы павінны будзем зразумець і ўбачыць у альбоме, старонкі якога вы дапаможаце мне аформіць, а таксама на гексаграме, пачатак якой у нас на дошцы. Як бачыце, працы вельмі шмат, але я спадзяюся яна будзе плённай і цікавай.
Работа ў групах
– Я прапаноўваю вам папрацаваць у групах. На стале ў вас ляжаць канверты з заданнем, алгарытм выканання, а таксама слайд, на што патрэбна звярнуць увагу.
Слайды 6, 7; https://cloud.mail.ru/public/piTJ/wtMQEiR2y
– Вынікі работы патрэбна аформіць постарамі, абавязкова з абаронай, размясціць на дошцы гексы, аформіць і замацаваць старонку альбома.
1) Творчасць Міхаіла Філіповіча (Дадатак 1)
2) Творчасць Уладзіміра Кудрэвіча
3) Творчасць Станіслава Жукоўскага (Дадатак 2)
Абарона постараў.
– Якія агульныя рысы аб’ядноўваюць творчасць мастакоў, якіх вы прадстаўлялі ў групах?
Слайд 8
Творчы праект (абарона праекта)
https://cloud.mail.ru/public/WymP/5h3qZ8Vmi
– А цяпер звернемся да таго матэрыялу, які вы адбіралі для сваіх работ. Мне вельмі прыемна, што вы паспрабавалі творча падысці да праектаў, выканаць усе патрабаванні і ўмовы, а цяпер патрэбна іх толькі прадставіць.
1) “Гістарычныя асобы ў творах мастацтва беларускіх мастакоў 1920-1930-х гадоў”.
– Якая гістарычная асоба найбольш вам знаёмая? Чаму? (Адказы вучняў)
Слайд 9 (відэафрагмент)
Прагляд відэафільма
https://cloud.mail.ru/public/Rzbr/LcvjC2AR7
– Якая ж тэма агучана? (Тэма космасу.)
Слайды 10, 11
2) Міні-праект “Дзівосны свет Язэпа Драздовіча” (абарона)
https://cloud.mail.ru/public/NzjH/ADz7NJH88
– У касмічнае асяроддзе запрашае нас Язэп Драздовіч, які заявіў свету пра існаванне пазазямных цывілізацый. Пра яго ўжо ўпаміналі, як мастака, які стварыў шэраг партрэтаў гістарычных асоб, але яшчэ ёсць і іншы Драздовіч.
Фізкультхвілінка
Слайды 12, 13
– Што азначае слова маляванка?
3) Міні-праект “Маляваны Рай Алёны Кіш” (абарона)
https://cloud.mail.ru/public/D4nF/6GNJ9nbah
– Хацелася б звярнуць вашу ўвагу яшчэ на аднаго мастака, дакладна на мастачку, якая захапляе сваёй творчасцю, яркасцю фарбаў, недзе наіўнасцю, цеплынёй і шчырасцю.
– З якой нагоды можна было выкарыстоўваць дываны?
– Дзе магла Алёна Кіш браць сюжэты для сваіх дываноў?
– Чаму праз пэўны час дываны-маляванкі страцілі сваё значэнне?
Творчая майстэрня (музычнае суправаджэнне)
Выканаць эскіз маляванкі А.Кіш.
5 Замацаванне і прымяненне вывучанага матэрыялу ў розных відах дзейнасці
– Сёння на ўроку мы з вамі вывучалі творчасць мастакоў жывапісу, работы якіх вядомы ўсяму свету. Гэта наша спадчына, якая засталася нам і якую мы павінны зберагчы. А каб лепш запомніць, я прапаноўваю вам прачытаць нашу гексаграму, калі магчыма, можна яе дапоўніць. (Адказы вучняў, дапісваюцца свабодныя гексы)
– Для мастакоў Беларусі важна было захаваць самабытны характар творчасці, яны аддавалі перавагу матывам роднай зямлі, перадачы вобразаў і рыса нацыянальнага мастацтва. Ярка выразілася імкненне захаваць гістарычную памяць мінулага.
6 Падвядзенне вынікаў урока
– Яшчэ адзін момант, на які я звяртаю вашу ўвагу, гэта наш альбом. Якую старонку вы хацелі б яшчэ раз адгарнуць? (Адказы вучняў)
– Вы сёння плённа папрацавалі. Вучні, якія выконвалі і абаранялі праекты, а таксама тыя, хто расшыфроўвалі постары, атрымліваюць залічана.
7 Інфармацыя пра дамашняе заданне
– Я вам прапаную самастойна пазнаёміцца з творчасцю скульптара Заіра Азгура, скласці сваю старонку альбома.
8 Рэфлексія
Слайд 14 (Воблака слоў).
Дадатак 1
Творчасць Міхаіла Філіповіча
1. Ілюстрацыйны матэрыял: “На Купалле”, “Карагод” (1921–1922 гг.), ілюстрацыя да беларускай народнай казкі “Паляшук і чорт” (1924 г.)
2. Дадатковы матэрыял
Жывапісец, графік, этнограф, мастак-эксперыментатар. Захапляўся беларускай тэмай, вывучаў арнамент і народны касцюм, замалёўваў Слуцкія паясы і ткацкія ўзоры, разьбу і дамы. Філіповіч быў гонарам нацыі ў 1920-я гады і аб’ектам крытыкі за нацыяналізм і фармалізм у 1930-я гады.
Творы Міхаіла Філіповіча называюць класікай беларускага выяўленчага мастацтва. Яму належыць не менш за 400 малюнкаў і 150 жывапісных работ, прысвечаных беларускай тэме. Мастак стварыў сваю непаўторную мастацкую мову, злучыўшы авангардныя погляды і нацыянальны характар мастацтва.
У сваёй знакамітай карціне “На Купалле” мастак падкрэслівае нацыянальны каларыт з дапамогай нацыянальных рыс, характару кампазіцыі і колеравай пабудовы палатна. Шматфігурная кампазіцыя напоўнена дынамікай, рытм яркіх плям дакладна перадае весялосць старажытнага свята.
Экспрэсія абрадавага танца перададзена і ў творы “Карагод”. Шматколернае святочнае адзенне на фоне яркага прыроднага наваколля, стварае адчуванне дынамічнага кружэння.
З канца 1920-х гадоў у творчасці Філіповіча з’яўляецца новы герой – чалавек з народа. Сціплая, някідкая прыгажосць простай беларускай жанчыны перададзена ў рабоце “Беларуска”. Партрэт праўдзівы і гарманічны.
3. Дадатковая інфармацыя на с. 110 падручніка.
Дадатак 2
Творчасць Станіслава Жукоўскага
1. Ілюстрацыйны матэрыял: “Ручай у хвойным лесе” (1920 г.), “Вуглавая гасцёўня”.
2. Дадатковы матэрыял
Выдатны дзеяч беларускага мастацтва Станіслаў Жукоўскі нарадзіўся ў Беларусі, у Гродзенскай губерні (в. Ендрыхаўцы), вучыўся ў Польшчы і Маскве. Падчас Вялікай Айчыннай вайны загінуў у канцлагеры.
Мастак захапляўся тэмай роднай прыроды, сядзібным пейзажам і інтэр’ерам.
Прыгажосць роднай прыроды перададзена ў карціне “Ручай у хвойным лесе”. Мастак выкарыстоўвае яркія насычаныя колеры, удзяляе шмат увагі святлу.
Матыў адкрытага ў свет акна займае ў творчасці мастака вялікае месца. “Вуглавая гасцёўня” – радасная, аптымістычная і паэтычная. Праз расчыненае акно на падлогу, сцены льецца сонечнае святло. Жукоўскі спалучае буйныя колеравыя плоскасці і найтанчэйшыя фарбавыя пераходы, гладкі жывапіс і нагружаны фарбай мазок. Дзякуючы гэтаму ствараецца адчуванне цяпла нагрэтага сонцам памяшкання, аксамітнасць пялёсткаў у букетах і гладкасць паліраванай падлогі.
3. Дадатковая інфармацыя на с. 110 падручніка.