Люблю цябе, мой родны край. Фальклорная забава-гульня ў старшай групе

- 9:23ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии

Забава-гульня накіравана на далучэнне дзяцей да культурнай спадчыны беларускага народа.

 

Святлана МАСЮК,
музычны кіраўнік
ДУА “Дзіцячы сад № 6 г. Слоніма»,
Гродзенская вобласць

 

Задачы:

– выхоўваць дзяцей на лепшых традыцыях нацыянальнай культуры;
– развіваць творчыя здольнасці, узбагачаць слоўнікавы запас дзяцей;
– выхоўваць павагу да роднай мовы, да беларускага народа, культурнай спадчыны.

Матэрыял і абсталяванне: музычны цэнтр, музычныя інструменты для дзяцей, касцюмы для Бусла, Несцеркі, фільм-прэзентацыя «Я – беларус», фільм-прэзентацыя «Гэта Беларусь мая”.

Папярэдняя работа: завучванне вершаў, песень, танца з дзецьмі, чытанне вершаў дзецям, ігра на музычных інструментах.

 

Ход мерапрыемства

Пад музыку заходзяць дзеці.

Вядучая.

Добры дзень, мае сябры! Я чакаю вас заўжды.
Кіслых твараў не прымаю. Да актыўных прагу маю.
Хай падорыць кожны госць любату і весялосць!
Прывітанне добрым людзям, хай вам радасці прыбудзе.

 

Песня “Прывітанне” 

Рабяты, сёння ў нас незвычайнае свята, яно прысвечана нашай Радзіме. У народзе кажуць: “Дарагая тая хатка, дзе нарадзіла мяне матка”. Сапраўды, дзе маці нарадзіла, там і Радзіма. Прыгожую назву мае наша Радзіма, светлае ў яе імя – Беларусь. І кім бы вы ні сталі ў жыцці, дзе б ні былі – вы заўсёды будзеце памятаць сваю Бацькаўшчыну, свой дом, сваіх першых сяброў і свой дзіцячы садок.

Дзіця 1.

Над зямлёй крыляе бусел, скачуць конікі ў траве,
Дзед жыве ў Беларусі, і бабуля тут жыве.
Тут жывуць і тата з мамай, брацік мой, мая сястра,
Тут жыву і я таксама, Беларусь – мая страна.

Дзіця 2.

Мая Радзіма – горад мой, раскінуўся над Шчарай,
Дзіцячы сад, куды хаджу, сябры, сяброўкі з кім дружу,
Сям’я і дом, дзе я жыву, усё Радзімаю заву.

Дзіця 3.

Блакіт нябёс, і белы бусел, і кветкі ў поле, як абрус,
Мой край завецца Беларуссю, а сам я хлопчык-беларус!

Дзіця 4.

Беларусам я радзіўся, беларусам буду жыць,
Мову родную вучуся, шанаваць, цаніць, любіць.

Дзіця 5.

Каля лесу, каля бору, дзе жывыя ўсе азёры,
Край мой рассцілаецца, прыгажосцю славіцца.

Дзіця 6.

І ганаруся ўсюды смела я, што вырасла на той зямлі,
Якую клічуць Руссю Белаю, што тут дзяды мае жылі.

Дзіця 7.

Святы беларускія любім і чакаем,
З танцамі, прыпеўкамі мы іх сустракаем!
Чаравічкі тупаюць, рытмы адбіваюць,
У хаце будзе горача, сёння мы гуляем.

 

Песня “Мы жывём у Беларусі” 

Вядучая. У якой прыгожай і дзіўнай краіне мы жывём! Колькі ў ёй цікавага, дарагога, што трэба любіць і чым ганарыцца. А ў нас у садку не ганарацца, дзе стаяць, там і садзяцца. (Дзеці сядаюць на лавы.)

Фільм-прэзентацыя «Я беларус»

У нашым садку ўсе есць, і для працы, і для адпачынку.
Кожны знойдзе сабе справу для душы.
Калі хочаш – павяжы. Калі хочаш – папляшы.
Калі хочаш – пагуляй. Хочаш, госця сустракай.

 

Гучыць музыка. Уваходзіць Несцерка.

Несцерка. Добры дзень! Прывiтанне шаноўным людзям! Праходзіў я непадалёк ад вас ды пачуў, што тут хораша спяваюць, вершы хораша чытаюць, мову і Радзіму праслаўляюць. Э-ге-гей! Я, Несцерка, падарожнiчаў па беларускай зямлi, збiраў казкi, жарты, дражнілкі, забаўлянкі, загадкі, прыказкі, прымаўкі – гэта ўсё скарб нашага народа. А чаго вы ўсе сабраліся?

Вядучая. Весяліцца мы прыйшлі. Добра ўсе падрыхтавалісь – дзяцей прыгожых прывялі. Дзяўчаты – вось каманда “Васілінка”. А хлопцы – вось каманда – “Васілёк”.

Несцерка. Вельмі добрыя каманды, гэта бачу і здалёк. Тады, каб час не марнаваць, танцы будзем пачынаць!

 

Танец “Беларусь – мой дом” 

Несцерка. Мы – беларусы, а наша родная мова – беларуская. Яна прыгожая, сакавітая, лагодная і нагадвае ручайкоў перазвон, шчэбет птушак. А колькі ў ёй мілагучных, прыгожых слоў, гучаць, як песня льецца.

Вядучая. Нашы рабяты вельмі любяць сваю родную мову, вось паслухай.

Дзіця 8.

Я – беларус, і я шчаслівы, што маці мову мне дала.
Што родных песень пералівы і зблізку чую і здаля.

Дзіця 9.

Я – дзяўчынка-беларуска, з васільковымі вачыма.
Хоць малая, але знаю: Беларусь – мая Радзіма.
Я на роднай мове размаўляць вучуся,
Вы прабачце людзі, мо дзе памылюся.

Дзіця 10.  

Мову родную беражы. Мовай роднаю даражы.
Мову родную шануй. Мовай роднай не гандлюй.
Мовы роднай не кідай. Мову другу перадай.
Мову не аддай на здзек. Толькі з ёй жыцця навек.

Дзіця 11.

Каб белы свет не здаўся вузкім, каб годна жыць паміж людзей,
Любіце мову беларускую, любіце с кожным днём мацней.

Дзіця 12.

Вось бы зрабіць, каб на нашай планеце,
Гора не ведалі розныя дзеці.
Вось бы зрабіць, каб у розных дзяцей,

Радасць гасціла даўжэй і часцей.

 

Несцерка. Пачынаем, першае заданне! Паглядзім, хто лепш справіцца, каманда дзяўчынак або хлопчыкаў. Ласкава i прыгожа гучаць словы, словы не простыя, а ветлiвыя. А хто пачне першы?

Вядучая. Давай палічымся, каму першаму пачынаць.

Дзіця 13.

Опа-опа-опа, Амерыка, Еўропа,
Азія, Афрыка, Iндыя, Кітай. А дзе наш край?
Павядзі да мяжы і ўсім дзецям пакажы.
Вось яна – відна здаля, беларуская зямля.

 

Несцерка. А зараз скажыце ласкава. Адказваюць дзяўчаты. (Мама, дачка, баба, сонца, кветка). А зараз адказваюць хлопцы. (Тата, сын, дзед, цукерка, агонь).

Несцерка.

Я-плясун і весялун. Усім у бядзе дапамагаю,
I народ забаўляю, шмат інструментаў маю.

Вядучая. Можа нам інструменты прадасi?

Несцерка. Інструменты не прадаюцца, а за ўсмешку так аддаюцца.

Вядучая. Паглядзi, нашы дзеці вельмі добра ўсміхаюцца.

Несцерка. Добра? А хто мае загадкі адгадае, адразу інструменты атрымае. Слухайце загадкі.

Для дзяўчат:

1 Можа, гэта тры сасны? Можа, гэта тры струны? Хто так міла грае? Хто з вас, дзеткі адгадае? (Балалайка).
2 Сам я голы і пусты, але голас мой густы. Дроб выбівае, людзей збірае. (Барабан).

Для хлопцаў:

3 Гэта што за скрынка, скрынка-весялінка? Як яе я расцягну, то адразу заскачу. (Гармонік)
4 У лесе выразана, гладка вычасана, ажно заліваецца, як называецца? (Дудка)

Несцерка. Ай, якія ж дзеткі, што тыя кветкі, разумненькія ды ладненькія. Столькі цудоўных загадак адгадалі.

Вядучая.

Гэй, музыкi, дружна грайце, праганяйце з хаты сон.
I ляноту праганяйце, дзiлi-дзiлi, дзiлi дон!

 

Дзеці бяруць музычныя інструменты.

Аркестр “Полька Слонімская”

Вядучая. Вось якія ў нас добрыя дзяўчаты, а хлопцы яшчэ лепей. Чым хата багатая, тым і рада, а самая багацейшая тая, у якой гучыць музыка.

Несцерка. Праца гатова, пацеха – для смеха. Праз пень-калоду, часному народу. Грыва ды рагі, аб’яўляю вясёлыя бягі.

Вядучая. А з чым будзем бегаць?

Несцерка. А вось с бульбай!

Вядучая. Пакуль музыка іграе, бульба с лыжкай пагуляе.

Несцерка. Падыходзьце к нам хутчэй, будзем мы гуляць далей. Паглядзім, хто спрытней, хлопцы, ці дзяўчаты? 

Гульня “Перанясі бульбу ў лыжкі” 

Вядучая. А зараз мы з вамі пагуляем у цікавую гульню.

(Дзеці робяць кола вакол Несцеркі. Несцерка бярэ лапату.)

Несцерка. Я нясу лапату.             
Дзеці. А нашто лапата?
Несцерка. Каб бульбу капаць!    
Дзеці. А нашто бульба?
Несцерка. Каб суп варыць.          
Дзеці. А нашто суп?
Несцерка. А каб дзяцей карміць!
Дзеці. А нашто тыя дзеткі?
Несцерка. А каб іх лавіць.
(Несцерка ловіць дзяцей, у канцы ён падае).

Вядучая. Ай, што вы нарабілі, Несцерку пагублі. Можа даць табе сала?
Несцерка. Сала будзе мала!
Вядучая. Можа хочаш мёду?
Несцерка. Мёд не еў я з роду.
Вядучая. Так цукерак можа даць!
Несцерка. Лепей песню праспяваць.
Вядучая. Раз, два, тры, чатыры, пяць, будзем Несцерку спяваць.

Песня “Музыканты” 

Несцерка. А зараз, паслухайце ўважліва загадку:

Плаўна памахаў крыламі над палямі…
Вось вясёлы клекатун, цапнуў жабу за каўтун.

Белы сімвал Беларусі, як жа ён завецца?.. (Бусел!)

Гучыць музыка. Уваходзіць Бусел.

Xлопчык. Бусел, Бусел, клёка-клёка, дзе ты жыў?

Бусел. Я жыў далёка: за гарамі, за лясамі. Там, дзе Ніл, на поўдні самым.

Xлопчык. Што за Ніл?

Бусел. Рака такая, нібы мора – гаманкая. А ў тым Ніле, хлопча мілы, ёсць страшыдлы-кракадзілы.

Xлопчык. Як жа ты там, Бусел, жыў?

Бусел. А не жыў я, усё тужыў. Дзе б ні быў, дзе б ні лятаў, родны край успамінаў.

Вядучая. Па легендзе, там дзе гняздзіцца бусел – там заўсёды дабро вядзецца. Існуе нават такое павер’е, што ўбачыць бусла ў небе – на шчасце. Пісьменнік Уладзімір Караткевіч назваў нашу Беларусь “Зямлёй пад белымі крыламі”, пад крыламі бусла. Усе бусла мы паважаем, яго да сябе запрашаем!

Бусел. Добры дзень, добрым людзям! Няхай вам радасці прыбудзе! Вось якія ў нас добрыя дзяўчаты, а хлопцы яшчэ лепей. Паслухайце мае пытанні. Трэба сказаць адным словам.

Для дзяўчат:

Страказа, муха, чмель (насякомыя)
Ружа, рамонак, валошка (кветкі)
Стрыж, ластаўка, верабей (птушкі)

Для хлопцаў:

Фуфайка, спадніца, сукенка (адзенне)
Ліса, воўк, бабёр (звяры)
Чаравікі, боты, туфлі (абутак)

Бусел. Усё ў вас добра атрымалася. І дзеткі вашы спадабаліся.

Вядучая. Буслік, пагуляй з намі, дзеці так цябе чакалі.

 

Гульня “Бусел і жабкі”

Бусел.

Па балоце я хаджу, жабак есці я люблю.
Запрашаю, дзеткі, вас, на вясёлую гульню!

Лічылкай выбіраем чацвёра дзяцей, якія стаяць па-за кругам, яны “жабкі”.

Лічылка:

Хадзіў буська па балоту, ён шукаў сабе работу.
Шукаў, шукаў – не знайшоў, і заплакаў і пайшоў!

Астатнія дзеці ідуць па крузе і спяваюць:

У чырвоных ботах ходзіць па балотах
Бусел даўганосы жабы сабе носіць!

Дражнілка:

Бусел, Бусел – клекатун схапіў жабак за каўтун,
Па балоце валачыў – нагавіцы прамачыў!
Раз, два, тры – лаві….

Дзеці робяць “вароцікі”. Бусел пачынае лавіць жабак.

 

Вядучая. Добра дзеці весяліліся, але ж трошачкі стаміліся!

Сядзем, разам пасядзім, фільм прыгожы паглядзім. (Дзеці сядаюць на лавы.)

 

Фільм-прэзентацыя «Гэта Беларусь мая» 

Бусел.

Добра вы падрыхтаваны!
Не марнуйце дарма час, пачынайце перапляс!

Вядучая. Грайце полечку, музыкі, хай паскачуць чаравікі.

Хлопцы запрашайце дзяўчат. 

Танец-гульня “Знайдзі сябра”

Вядучая. Вось і скончыліся нашы гулі. Дзякуй шчыра, што не паснулі!

Бусел. Дружна жывіце, край свой любіце, на роднай мове часцей гаварыце!

Несцерка. У гасцях добра, а дома лепей. Добрага вам здароўя! Дзякуй за бяседу, паедзем да другога суседа.

Вядучая. Бывайце здаровы, жывіце багата, жадаю вам шчасця ў кожную хату!

Песня “Бывайце здаровы”

 Дзеці выходзяць з залы, свята скончылася.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий