Аўтар дзеліцца некаторымі падыходамі і прыёмамі, якія выкарыстоўвае падчас падрыхтоўкі вучняў да алімпіяды па беларускай мове і беларускай літаратуры.
Людміла МІХАЛОЙЦЬ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 1 г. Жабінкі”,
Брэсцкая вобласць
Поспех у выкладанні мовы і літаратуры, глыбокія і якасныя веды ў школьнікаў, на мой погляд, будуць толькі тады, калі педагог зможа зацікавіць іх так, каб 45 мінут сумеснай дзейнасці былі пражыты ярка, эмацыянальна, актыўна, запамінальна і незаўважна. Гэтага немагчыма дабіцца без адзінства вучэбнага і пазакласнага адукацыйнага асяроддзя, у тым ліку ў алімпіядным руху.
Падрыхтоўка алімпіядніка – надзвычай складаны, працаёмкі і карпатлівы працэс, які патрабуе ад настаўніка і вучняў сістэмнасці і пастаяннага аналізу. Алімпіядай трэба “захварэць” самому, калі хочаш, каб ёй “захварэлі” і твае выхаванцы.
Асноўная задача ў рабоце з адоранымі і высокаматываванымі дзецьмі – навучыць самастойна авалодваць ведамі, прымяняць іх у нестандартных сітуацыях, інтэрпрэтаваць і выказваць уласныя адносіны да атрыманай інфармацыі. У той жа час гэтая работа патрабуе ад педагога няспыннага асобаснага і прафесійнага росту, вялікай самааддачы, творчага пошуку.
Пачынаю работу з выяўлення вучняў, якія цікавяцца прадметам. Падрыхтоўка да алімпіяды па беларускай мове і літаратуры павінна адпавядаць наступным патрабаванням:
1) уключаць дадатковае вывучэнне тэм, раздзелаў і актуальных праблем у галіне навуковых ведаў;
2) выкарыстоўваць інтэграваны падыход да вывучэння тэм, што дазволіць стымуляваць імкненне вучняў да пашырэння і паглыблення ведаў, развіваць іх здольнасці суадносіць разнастайныя моўныя з’явы і знаходзіць рашэнні на стыку міжпрадметных ведаў;
3) прапаноўваць вывучэнне нявырашаных актуальных праблем навукі, якія дазваляюць улічваць схільнасць школьнікаў да даследчай дзейнасці і праблемнага навучання, а таксама фарміраваць даследчыя ўменні;
4) улічваць асабістыя інтарэсы вучняў і заахвочваць паглыбленае вывучэнне тэм, выбраных самім школьнікам;
5) падтрымліваць і развіваць самастойнасць вучняў;
6) забяспечваць гнуткасць і варыятыўнасць адукацыйнага працэсу з пункту гледжання зместу, форм і метадаў навучання, карэкціраваць методыку з улікам індывідуальных асаблівасцей вучняў;
7) прадугледжваць свабодны доступ да разнастайных крыніц і спосабаў атрымання інфармацыі і іх актыўнае прымяненне;
8) навучаць школьнікаў ацэньваць вынікі сваёй працы з дапамогай змястоўных крытэрыяў, фарміраваць у іх навыкі рэфлексіі і публічнага абмеркавання вынікаў;
9) развіваць элементы індывідуальнай псіхалагічнай падтрымкі і дапамогі з улікам асаблівасцей асобы кожнага вучня.
Для гэтага і не толькі далучаю дзяцей да розных форм пазакласнай работы па прадмеце: удзелу ў інтэлектуальным рэспубліканскім конкурсе “Буслік”, мерапрыемствах прадметнага тыдня і тэматычных дзён, дыстанцыйных конкурсах…
Для падрыхтоўкі да алімпіяды прапаную вучням як самастойна складзеныя заданні, так і заданні з рэспубліканскіх прадметных часопісаў “Роднае слова” і “Беларуская мова і літаратура”, іншых метадычных выданняў. Выкарыстоўваю базу школьнага рэсурснага цэнтра, дзе сабраны даволі багаты матэрыял, да якога звяртаюцца і вучні пры самастойнай рабоце.
Важнае месца займае ўрок, дзе адлюстравана ўся сістэма ўзаемадзеяння настаўніка і вучня: напрыклад, у падрыхтоўцы дадатковай інфармацыі па вывучаемай тэме, выкарыстанні альтэрнатыўных крыніц інфармацыі, арганізацыі віртуальных экскурсій. Улічваючы высокі ўзровень пазнавальнай актыўнасці адораных дзяцей, актыўна прымяняю на ўроках індывідуальныя заданні. Так, пры вывучэнні аповесці В.Быкава “Сотнікаў” прапаную высокаматываваным вучням шэраг пытанняў на выбар: “Якія вытокі гераізму і здрады?”, “У чым галоўнае адрозненне герояў?”, “Як аўтар ставіцца да Рыбака і Сотнікава ў пачатку і ў канцы аповесці?”.
Каб адказаць на першае пытанне, трэба спачатку адказаць на два наступныя. Вучні павінны адабраць эпізоды для аналізу ўчынкаў герояў і прыдумаць да іх дадатковыя пытанні. Так, разглядаючы эпізод “У старасты Пятра”, вучні прыдумалі для класа пытанні: “Як ставяцца да ўчынку старасты Рыбак і Сотнікаў?”, “Ці асуджае аўтар Рыбака за спагадлівасць да старасты?”, “Ці правільна робіць Сотнікаў, калі асуджае Рыбака?”.
Нельга лічыць вучня добра падрыхтаваным да алімпіяды па беларускай літаратуры, калі ён слаба ведае біяграфіі пісьменнікаў. Работа па выпрацоўцы адпаведных ведаў патрабуе шмат намаганняў і ад вучняў, і ад настаўніка. Каб лепш запомніць факты з біяграфіі, выкарыстоўваю прыём “Гексы”. Раздаю дзецям стос шасцівугольнікаў, дзе змешчаны факты з жыццёвага і творчага шляху розных пісьменнікаў. Вучні раскладваюць іх, выбраўшы інфармацыю адносна кожнага. Напрыклад:
Прыём “Зорка”. Прапаную вучням некалькі імён пісьменнікаў і цытаты з іх твораў. Дзеці выкладваюць зорку, у цэнтры якой – пэўны пісьменнік, а праменьчыкі – цытаты з твораў. Напрыклад, пазнаць па фота Івана Шамякіна і знайсці ўсе цытаты з рамана “Сэрца на далоні”: “Ён стаяў, шырока расставiўшы свае доўгiя ногi, нахiлiўшыся над самым абрывам. З худым аскетычным тварам, глыбокiмi вачамi i густымi сiвымi брывамi, ён нагадваў у профiль ястраба, якi выглядваў здабычу, здавалася, на самым дне ракi”; “Можа, тысячны раз яна палюбавалася яго асiлкавай постаццю, што ўся iмкнецца ў неба за галубамi, яго дужымi голымi рукамi, шырокiм i мужным тварам, валасамi каштанавага колеру… Яна не ведае больш прыгожых валасоў”; “Не думайце, што я дурная, цёмная баба. Я не маю дыплома. Але я 15 гадоў рабіла сястрой у бальніцы. Былі людзі, якія верылі мне без паперы. Цяпер не вераць”; “Калi сакратар выйшаў, ён зноў падышоў да акна i загледзеўся на свой каштан. Знiзу, з вулiцы, далятаў гоман людзей, шыпенне шын на нагрэтым асфальце. Праз лiсце каштана прасвечвалася неба, яснае, спякотнае, як i многа дзён ужо…”; “Ён адчуў сябе стомленым i падумаў, што было б хораша хоць тыдзень адпачыць у такiм вось цiхiм, лясным, лугавым кутку, каб не ехаць нi на якiя курорты, дзе спёка i поўна народу. Могуць людзi арганiзаваць сабе адпачынак! А вось ён усё жыццё працуе, хвалюецца”.
Пры вывучэнні фразеалагізмаў прапаную ўзнавіць фразеалагізм па малюнку, прычым можна не толькі ўзнавіць яго, але і падабраць антанімічны і рускі варыянт. Вучням падабаюцца заданні, дзе трэба суаднесці пачатак з заканчэннем прыказкі, фразеалагізма і інш.
Абавязкова ўключаю гатовыя выразы ў вуснае маўленне: дыялогі, тэксты розных тыпаў, асобныя сказы. Дзеці любяць заданне “Чацвёрты лішні” (у дачыненні да мовы і літаратуры) і “Карэктар” (выправіць памылкі).
Сучасныя вучні добра разбіраюцца ў моўных запазычаннях, якія запаланілі наша моўнае асяроддзе. Гэта можна паспяхова выкарыстаць, прапанаваўшы заданне: “Што сярод гэтых назваў з’яўляецца прадуктамі харчавання: брокер, хот-дог, спінар, смузі, нагетсы, бургер?”. А ў якасці дадатковага задання прапаную растлумачыць значэнне слоў, скласці рэйтынг самых папулярных прадуктаў харчавання і меню рэстарана.
Факультатыўныя заняткі дапамагаюць паглыбіць веды па прадмеце, развіваць навыкі пазнавальнай дзейнасці і творчыя здольнасці вучняў. Для пашырэння іх кругагляду выкарыстоўваю рубрыкі “Цікава ведаць”, “Паэтычны вернісаж”, “Хвілінка любавання” і “Залацінкі народнай мудрасці”. Вучні знаёмяцца з карцінамі беларускіх мастакоў, цікавымі фактамі з культурнага жыцця беларусаў.
Пры вывучэнні тэмы “Складаназалежныя сказы” прапаную работу з тэкстам, дзе трэба вызначыць тып маўлення і кампазіцыйную структуру, растлумачыць пастаноўку знакаў прыпынку ў сказах, запісаць складаназалежныя сказы і ахарактарызаваць іх. Падобная дзейнасць не толькі робіць заняткі больш даступнымі і цікавымі, але і дазваляе вучням дакрануцца да жывой крыніцы мастацкай культуры. Наўмысна прапаную пазнавальныя тэксты, якія абуджаюць цікаўнасць і дапытлівасць.
Кожны настаўнік, рыхтуючы вучняў да алімпіяды, здае своеасаблівы экзамен на прафесійнае майстэрства. Толькі таленавіты педагог можа падрыхтаваць канкурэнтаздольнага вучня, які выдатна арыентуецца ў зменлівых нестандартных умовах, што патрабуюць вялікіх інтэлектуальных і эмацыянальных высілкаў.