Далучыць бацькоў і дзяцей да дыялогу на беларускай мове праз сумесную гульнёвую дзейнасць.
Вольга ЗЕМЛЯНУШЫНА,
выхавальнік дашкольнай адукацыі,
ДУА «Дзіцячы сад № 5 г. Ваўкавыска»,
Гродзенская вобласць
Мэта: абуджаць пачуццё патрыятызму і гонару за беларускую мову.
Задачы:
– далучыць бацькоў і дзяцей да дыялогу на беларускай мове праз сумесную гульнёвую дзейнасць;
– развіваць уменне слухаць і разумець маўленне людзей, якія акружаюць;
– выхоўваць павагу і любоў да роднай мовы.
Ход мерапрыемства
Выхавальнік. Добры дзень паважаныя дарослыя і дзеці!
Мне сніўся сон: мяне не разумелі.
Я гаварыў, а словы, быццам град,
Па тварах і вачах людзей звінелі
I да мяне вярталіся назад.
Я гаварыў: адрына, вёска, дзіва.
Я гаварыў: каханне, слодыч, спеў.
А голасу, ахрыплага і дзікага,
Ніхто не чуў, ніхто не разумеў.
(Навум Гальпяровіч)
А вы зразумелі, на якой мове я прачытала верш? (Адказы дзяцей і дарослых). Сёння мы разам з Беларусачкай заклікаем вас у цудоўную краіну Беларускай мовы. Гуляючы разам, мы даведаемся пра розныя падзеі з жыцця беларускага народа.
Беларусачка. Добры дзень, дарослыя і дзеці. Сёння Дзень роднай мовы. Скажыце, калі ласка, у якой краіне мы жывём? (Адказы бацькоў і дзяцей). (Дадатак 1)
Я падрыхтавала для вас цікавыя гульні. Каб пачаць, трэба падзяліцца на каманды: дзеці і дарослыя.
Гульня «Перакладчыкі» (Дадатак 2)
Першая гульня, прысвечаная Дню роднай мовы, называецца “Перакладчыкі”.
Выхавальнік. Першымі гуляюць дарослыя. Вам па чарзе будуць прапанаваны беларускія словы. Неабходна растлумачыць іх (як яны перакладаюцца на рускую мову). Потым будзе гульня для дзяцей, дзе будзе прапанавана слова на беларускай мове, а вам неабходна знайсці адпаведны малюнак.
Беларусачка. Агульнапрынята, што падзел гутарковых народна-дыялектных рускай, украінскай і беларускай моў адбыўся прыблізна ў XIV стагоддзі. На фарміраванне беларускай мовы паўплывалі гаворкі старажытных радзімічаў, дрыгавічоў, смаленскіх і полацкіх крывічоў і, магчыма, паўночнікаў.
Гатовыя да наступнай гульні? Добра, наступная гульня называецца «Падарожжа па родных мясцінах».
Гульня «Падарожжа па родных мясцінах» (Дадатак 3)
Выхавальнік. Гульня «Падарожжа па родных мясцінах» прызначана для тых, хто вельмі добра ведае свой горад. Вы добра ведаеце свой родны горад? Увага на экран. (Адказы бацькоў і дзяцей).
Беларусачка. Вось гэта да! Да вы выдатна ўсё ведаеце!
Беларусачка: А ці ведаеце вы беларускі арнамент? (Адказы бацькоў і дзяцей).
Выхавальнік. Арнамент з’яўляецца распаўсюджанай формай выяўлення культуры многіх народаў. Беларускі народны арнамент вельмі каларытны, ён вядомы далёка за межамі нашай рэспублікі. Кожны ўзор беларускага арнаменту мае свой пэўны сэнс. Ён можа азначаць, да прыкладу: вечнасць, багацце, жыццё, сонца, ураджай і многае іншае.
Арнаментам упрыгожвалі адзенне, вышывалі на падушках.
Беларусачка. Сёння я прыгатавала для вас вось такія падушкі. Разам мы паспрабуем намаляваць арнамент (Дадатак 4) пасля чаго ўпрыгожым сваімі падушкамі імправізаваны ложак.
Самастойная праца дзяцей і дарослых (маляванне арнаменту на падушках. Дадатак 5)
Выхавальнік. Прабач, Беларусачка, мы крыху стаміліся.
Беларусачка. У даўнія часы нашы бабулі і дзядулі, закончыўшы працу, збіраліся ў адной хаце на так званыя “пасядзелкі”, ці як іх яшчэ называлі “вячоркі”. Я вам так сама прапаную адпачыць і запрашаю заспяваць разам усім вядомую калыханку.
Спяваюць калыханку пад фанаграму (словы Г.Бураўкіна, музыка В.Раінчыка. Дадатак 6)
Беларусачка. Выдатна. Мне вельмі спадабалася з вамі гуляць.
Выхавальнік. Сёння мы разам даведаліся, што беларуская мова багата прыгожымі і цудоўнымі словамі, а напаследак я прапаную пагуляць у гульню “Скажы пажаданне”.
Гульня “Скажы пажаданне”
Усе становяцца ў круг, перадаюць адзін аднаму ліхтарык з святлом і гавораць: “(Імя дзіцяці), я жадаю табе на ўвесь дзень поспехаў”, “(Імя дзіцяці), я жадаю табе на ўвесь дзень радасці, дабрыні, здароўя, паслухмянасці і гэтак далей”.
Беларусачка. Добра мы сёння правялі час. Дык вось, мае паважаныя дарослыя і дзеці, за добрую працу – добрая і плата. (Дастае падарункі. Дзеці і дарослыя дзякуюць.) Да новых сустрэч!