Сёння свята нашых мам. Сцэнарый да свята 8 Сакавіка для дзяцей другой малодшай групы 3–4 гадоў

- 15:20ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Святлана РАЙБЕ, музычны кіраўнік,
Марына КАСПЯРОВІЧ, выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Дзіцячы сад 4 г. Смаргоні”,
Гродзенская вобласць

 

Мэта і задачы: стварыць эмацыянальны настрой, удасканальваць здольнасці, уменне, навыкі дзяцей у розных відах музычнай дзейнасці, замацаваць веды пра вясновую пару года, пра яе асаблівасці, абагаціць веды пра такое свята як Жаночы дзень, выхоўваць любоў, павагу да маці, жанчын.

Матэрыял і абсталяванне: клубочкі рознага колеру, кветкі, скрыначкі (з-пад цукру, солі, соды, малака, макароны); музычныя інструменты, лыжкі (па колькасці дзяцей); шары для танца, для гульні-танца – тазікі (чатыры штукі), талерачкі, губкі, хустачкі, палівачкі, мяцёлкі; касцюмы для дарослых – Ваўка і Казы.

Папярэдняя работа: разучванне вершаў, песень, танцаў.

 

Ход свята

Пад музыку заходзяць мамы са сваімі дзецьмі і становяцца паўкругам.

Вядучая.

Добры дзень, госці дарагія!
Нашы матулі родныя!
Вас мы будзем віншаваць
Песні спяваць і танцаваць
Нашы славутыя артысты:
І танцоры і салісты,
Вашы мілыя маляткі,
Усе артысты-дашкаляткі.

Дзеці садзяцца на сваё месца.

Вядучая. У нас сёння дзень асаблівы, самае лепшае свята – свята нашых матуль. Свята самае пяшчотнае, самае добрае. Вельмі дарагое нам!

Вершы для дзяцей.

1 Свеціць, як сонца,
Ад самай калыскі
Вобраз любімы,
Родны і блізкі.
2 Маміна імя
Самае лепшае,
Маміна слова
Найпрыгажэйшае.
3 Мама! Матуля!
Чароўнае слова
Песняй ласкавай
Гучыць на ўсіх мовах.

Песня «Сёння свята нашых мам» (сл. А.Вольскага, муз. Т.Гірвель)

Уваходзіць Каза.

Каза.

Я Каза-дзераза,
Люблю спяваць і танцаваць
І на святах гуляць.

Ішла я з кірмашу дадому. Раптам чую, песню пра матулю хтосьці спявае. Ці не мае казляняты?

Вядучая. Не, Каза. Твае казляняты дома цябе чакаюць. А ты трапіла ў дзіцячы сад – сёння свята ў дашкалят.

Каза (радасна). Прадстаўленне люблю, весяліць я ўсіх магу! А якое свята ў вас?

Дзеці. Свята нашых матуль.

Каза. Са святам, матулі! Са святам, бабулі! Я ж таксама мама аж семярых казлянят! Яны ў мяне такія гарэзы. Цацкі раскідваюць. Вы таксама раскідваеце свае цацкі?

Вядучая. Дзеці стараюцца іх прыбраць. Вось паглядзі.

Гульня “Прыбяры цацкі»

Дзеці пад музыку хутка збіраюць цацкі ў скрыначку.

Вядучая. А зараз паслухай нашых дзетак, як яны могуць дапамагаць матулям.

Вершы для дзяцей.

1 Маму я сваю люблю
Што ўмею – усё зраблю:
Я і мыю, палашчу,
Ваду з ручак атрасу.
2 Я падлогу падмяту,
Нават чаю прынясу.
Маме хочацца паспаць,
Буду ціхенька гуляць.
Я на дыбачках хаджу
І не разу, і не разу
А не слова не кажу.

Каза. Ай, якія малайчынкі, памочнікі!

Вядучая. Так, так! Вось паглядзі на самай справе, як могуць дапамагаць.

Гульня-танец “Матуліны памочнікі”.

Каза. Я на кірмашы купіла лыжкі. Станавіцеся ў круг, будзем спяваць і гуляць.

Танец “Ах, якія лыжачкі”

Гучыць трывожная музыка.

Вядучая. Што за шум у садзе стаіць?

Каза. Відаць, Воўк сюды спяшаецца. Па маіх слядах ён ішоў і сюды зайшоў. Схаваюся я лепш ад яго.

Уваходзіць Воўк.

Воўк.

Хаджу блукаю, казлянят шукаю,
Паесці я ўволю хачу.
Пусты мяшок з сабой цягну,
Казлянят туды я пасаджу.

Завязвае хустку і спявае тонкім голасам песню Казы; Каза ў гэты час выходзіць.

Воўк (спалохана). Ой, Каза, а дзе казляняты?

Каза. Воўк, не казляняты, а дзеці.

Воўк. Вось хто шуміць, мне спаць спакойна не дае.

Каза. Дзеці тут не шумяць, а песні спяваюць, вершы чытаюць – матуль віншуюць. А вось ты сам матулю любіш?

Воўк. Дык я самае лепшае дзіця на свеце! Я ўх як сваю матулю люблю! (Дастае партрэт, паказвае). Ма-ту-ля!

Каза. А ты матулю са святам павіншаваў?

Воўк. Не-а, а як?

Каза. Вершык раскажы або песню праспявай.

Воўк. Вершы я не ведаю, а спяваць я люблю (У-У-У-У-У).

Каза (смяецца). Таксама мне артыст! Давай я спяю. (МЕ-Е-Е-Е)

Вядучая. Воўк, Каза, ды вы, як я пагляджу, абодва ў спевакі не вартыя. А дзеці шмат песень ведаюць, а яшчэ могуць іграць на музычных інструментах.

Аркестр (Дзеці граюць на музычных інструментах)

Воўк. Ух, ты! Вось гэта музыкі!

Вядучая. Воўк, а ты ведаеш, хто акрамя матулі, моцна дзетак любіць, шкадуе і галубіць?

Воўк. Бабулі, вядома!

Вядучая. Правільна! І для нашых родных бабуль гэтыя вершы.

1 У бабулі маёй
Рукі лоўкія.
У бабулі маёй
Песні доўгія.
2 Разматае клубок
З новай казкаю,
Прыйдзе хітры каток,
Трэцца з ласкаю.
3 Вось і дзень праляцеў,
І не спіцца нам.
Бабка казкі пляце
Чараўніцаю.

Гульня “Збяры клубочкі”

Дзеці хутка пад музыку ў скрыначкі збіраюць клубочкі па колеры.

Пасля гульні Воўк спрабуе сарваць кветкі, якімі ўпрыгожана музычная зала.

Каза. Воўк, што гэта ты робіш?

Воўк. Хачу кветак сваёй маме нарваць. А ты што стаіш, Каза, яшчэ рукі ў бакі паставіла. Дапамагай, давай.

Каза. Ды гэта ж для прыгажосці. Нельга адсюль кветкі ірваць.

Воўк. А я кажу, можна!

Каза. Нельга!

Воўк. Можна!

Вядучая. Ну і наладзілі вы тут свавольства. Вядома, Воўк, кветкі гэтыя – ўпрыгожванне нашай залы. Дзеці зараз для цябе збяруць кветкі на паляне.

Гульня “Складзі вяночак»

Вядучая выбірае дзяцей, дае кожнаму кветачку рознага колеру. Трэба сабраць кветачкі аднолькавага колеру і скласці вяночак. Пад музыку дзеці збіраюць кветачкі і складаюць вяночак.

Вядучая. Скажу табе па сакрэце, Воўк, матулі вельмі любяць, калі дзеці дапамагаюць ім. Вось паслухай жартоўную песеньку.

Песня “Кашка” (муз.Т.Бокач)

Вядучая. Вось такая жартоўная кашка!

Воўк. Нешта ад вашай песні мне есці яшчэ больш захацелася.

Каза. Воўк, цяпер у магазінах усяго так шмат, купляй што хочаш. Дзеці, дапамажыце ваўку купіць прадукты ў магазіне.

Вядучая. Ну што ж, праўду ты, Каза, кажаш. Давайце дзеткі купім Ваўку прадукты? А мамы сваім дзецям дапамогуць.

Гульня “Пакупкі»

Некалькі матуль сядзяць з скрыначкамі, а дзеці выбіраюць пакупкі і ім носяць у скрыначкі. Гульня можа паўтарыцца з другімі матулямі.

Воўк. Дзякуй, дзеткі. (Забірае скрыначкі ў матуль). Цяпер і падарунак для матулі будзе, і я сыты застануся. Дапамаглі вы мне вельмі. Я ў даўгу не застануся – клічце, калі спатрэблюся. Да пабачэння! (Героі сыходзяць).

Усе. Да пабачэння!

Вядучая. А свята наша прадоўжым вершамі.

1 Мне мама чытае
Цікавую кніжку
Пра шэрага воўка
І бурага мішку.
2 Мы з мамаю раніцай
Смажым аладкі,
Разгадваем з мамаю
Разам загадкі.
3 Мне мама купіла
І ляльку і мячык,
Мы з мамаю ходзім
У садзік дзіцячы.
4 Добра мне з мамай
Заўсёды бывае,
Мама мне вечарам
Песні спявае.
5 Маміна ўсмешка,
Як сонейка свеціць.
За ўсіх мая мама
Лепшая ў свеце.

Вядучая. А зараз, дзеткі, давайце возьмем нашы шарыкі і з імі станчым.

Танец “Шарыкі” (у канцы танца дзеці матулям дораць шарыкі)

Вядучая.

Дарагія нашы матулі,
свята наша мы завяршаем,
Шчасця, радасці, здароўя
вам ад усёй душы жадаем!

Са святам сардэчна вас віншуем!

Пад музыку дзеці разам з матулямі пакідаюць музычную залу.

 

Поделиться ссылкой:

0
Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий