Эдзі Агняцвет “Маме”. План-канспект урока беларускай літаратуры ў 4-м класе (пяты год навучання па праграме I аддзялення)

- 11:37КОРРЕКЦИОННАЯ ПЕДАГОГИКА, Коррекционная педагогика. Сценарии коррекционных уроков, Методичка

Адна з задач занятку – вучыцца арыентавацца ў змесце твора па пытаннях настаўніка. Канспект можна выкарыстоўваць на занятках, прысвечаных святу 8 Сакавіка.

 

Наталля ЯЗУБЕЦ,
настаўнік-дэфектолаг
ДУА “Лелюкінская сярэдняя школа Іўеўскага раёна”,
Гродзенская вобласць

 

 

Тэма: Эдзi Агняцвет “Маме”.

Задачы:

– фарміраваць уменне арыентавацца ў змесце твора па пытаннях настаўніка;
– выказваць свае адносіны да прачытанага; вызначаць галоўную думку твора;
– развіваць уменне выбіраць адпаведны тон і выдзяляць з дапамогай лагічнага націску важныя словы ў вершы пры чытанні ўслых; развіваць навык правільнага, свядомага чытання;

– выхоўваць любоў да роднай мовы, пачуццё любві і павагі да бацькоў, да Радзімы.

Тып урока: камбінаваны.

Абсталяванне: падручнік, фотаздымак сям’і, “лесвічка поспеху”, папяровыя сэрцы.

 

Ход урока

I Арганізацыйны этап

Вось ужо звінеў званок,
Запрасіў нас на ўрок.
Добры дзень, я вас вітаю,
Да заняткаў запрашаю.

– Добрай раніцы. Сядайце, калі ласка.

 

ІІ Моўная, артыкуляцыйная і дыхальная размінка

– А каб ваша чытанне было правільным і прыгожым, пачнём наш урок, як заўсёды, з дыхальнай гімнастыкі.

Практыкаванні для развіцця правільнага дыхання

1 “Надзімайся, шарык”
– Складзіце з кулачкоў трубачку і дзьміце ў яе, як быццам мы надзімаем шарык.
2 “Шарык, здзімайся!”
– Набярыце праз нос паветра і паўтарайце гук шарыка, які здзімаецца, – “С-с-с-с”.
3 “Рэха”
Рукі складзіце трубачкай і паклічце заблукаўшага ў лесе –“А-у-у-у”.

Артыкуляцыйная гімнастыка

– Зараз праспяваем песеньку галосных. Праспявайце спачатку расцягнута, а потым коратка:

І – Э – А – О – У – Ы
Э– А – О – У – Ы – І
О– У – І – Ы –Э – А

– Вымавіце спалучэнні гукаў.

ПТА – ПТО – ПТУ – ПТЭ – ПТЫ
ХТА – ХТО – ХТУ – ХТЭ – ХТЫ

 

IIІ Праверка дамашняга задання. Актуалізацыя ведаў

Выразнае чытанне верша Ю.Свiркі»Свята».

– Пра якое свята ідзе гаворка ў вершы?
– Як вы рыхтуецеся і святкуеце гэта свята?

ІV Этап фарміравання новых ведаў

– Сапраўды, кожная мама заслугоўвае ўвагі і павагі. Для кожнага з нас няма больш дарагога, роднага і светлага чалавека, чым маці, мама, матуля! Мама – самы дарагі, і самы ласкавы, і самы лепшы, і самы-самы чалавек на свеце. Ніхто не можа лепш параіць, дапамагчы ў бядзе, як маці. Нічыё сэрца не баліць так за сваё дзіця, як матуліна. І вядoма, ніхто не ўмее так любіць, як маці. Сваю Радзіму мы таксама называем маці. Можа ведаеце чаму? (Таму што наша Радзіма, дзяржава клапоціцца пра кожнага з нас, як родная маці).

– Галоўнае ў дзень свята – не падарунак, а добры настрой. Старайцеся стварыць яго для мамы. Зрабіце ёй прыемнае.        

Сёння мы працягнем знаёміцца з творамі беларускіх пісьменнікаў, якія прысвечаны нашым самым любімым матулям. Але спачатку …

Маўленчая размінка

– Паўтараем словы разам павольна. Потым у хутчэйшым тэмпе.

Вя-сёл-ка                Хмар-ка                     Пе-сень-ку
Лас-ка                     Па-да-ры-ла              Ма-ту-ля

Слоўнікавая работа

– А зараз растлумачым такія словы. (На дoшцы запiсаны незразумелыя словы. Дзеці з дапамогай настаўніка тлумачаць іх значэнне.)

Дыван
Вясёлка

Чытанне настаўнікам верша Эдзі Агняцвет “Маме”

Настаўнік чытаe верш, а вучні ўважліва слухаюць. Потым адказваюць на пастаўленыя пытанні.

– Каму прысвечаны верш?
– Чытанне верша вучнем услых
– Што хоча падарыць дзяўчынка маме?

Самастойнае чытанне верша

 

V Фiзкультхвілінка для вачэй з выкарыстаннем трэнажора

 

VІ Аналiз верша па пытанняx

– Якія радкі ў вершы паўтараюцца? Як вы думаеце, чаму?

– Прачытайце апошнія тры радкі. Што матуля падарыла сваёй дачушцы?

“Конкурс чытальнікаў”

Выразнае чытаннe верша кожным вучнем (некалькіх вучняў)

– Паразважайце, ці любяць адна адну мама і дачка?

– Каму хочацца дарыць самае лепшае?

 

VІІ Фiзкультхвiлiнка

Устаньце, дзеткі, усміхніцеся,
Зямлi нашай пакланіцеся
За шчаслівы дзень учарашні.
Усе да сонца пацягніцеся,
Улева, управа нахіліцеся,
Верацёнцам пакруціцеся.
Раз прысядзьце, два прысядзьце
І за парты ціха сядзьце.

 

Работа з вершам (прыём “Закладка”)

– чытанне хорам;
– чытанне па ланцужку;
– чытанне з рознай інтанацыяй голасу;
– выбарачнае чытанне;
– выразнае чытанне.

Самаацэнка.

 

VIІІ Падвядзенне вынікаў (прыём “Мікрафон”)

Настаўнік прапануе адказаць на пытанні ў цацачны мікрафон.

– Як называецца верш, з якім мы пазнаёміліся?

– Хто аўтар верша?

– Якія падарункі хоча падарыць дзяўчынка маме?

 

IX Рэфлексія

– Я прасіла прынесці фотаздымкі вашых сем’яў. Некаторыя з вас прынеслі многа фотаздымкаў сваёй матулі. Па ўсім бачна, што гэта самы дарагі для вас чалавек, самы блізкі, самы добры на зямлі.

– У кожнага з вас на стале ляжыць невялічкі сімвал любві – сардэчка. Напішыце на ім пажаданне – і вы можаце падарыць яго сваёй маме.

– Ацаніце, калі ласка, сваю работу на працягу ўсяго ўрока з дапамогай “лесвічкі поспеху”.

 

X Падвядзенне выніку ўрока. Ацэньванне работы на ўроку

– Скажыце, які верш мы з вамі чыталі?
– Чаму навучыў нас гэты твор?
– Што карыснага кожны з вас узяў сабе з нашага ўрока? 

Малайцы. Вы стараліся працаваць на ўроку, правільна адказвалі на пытанні па прачытаным вершы. Чыталі яго выразна. (Канкрэтны аналіз работы кожнага вучня і выстаўленне адзнак.)

Адносьцеся з любоўю і павагай да сваіх бацькоў і Радзімы.

 

XІ Дамашняе заданне

Вывучыць верш на памяць.

 

Поделиться ссылкой:

0
Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий