Чытачам

Паважаныя чытачы!

Мы стварылі гэты сеткавы рэсурс, каб быць яшчэ бліжэй да вас, мець больш цесную зваротную сувязь,
значна пашырыць інфармацыйную прастору адукацыйнай сферы
і стаць сапраўднай пляцоўкай для абмену прафесійным вопытам.

Мы маем намер пастаянна развіваць наша сеткавае выданне, дапаўняць яго новымі раздзеламі,
рабіць кантэнт больш насычаным, паколькі ставім сваёй галоўнай задачай
быць для педагогаў нашай краіны памочнікамі і паплечнікамі.

Галоўнымі ж стваральнікамі рэсурсу мы бачым вас — настаўнікаў, выкладчыкаў, выхавальнікаў, псіхолагаў, сацыяльных педагогаў, кіраўнікоў у галіне адукацыі і, безумоўна, бацькоў нашых вучняў. Кожнаму з вас ёсць чым падзяліцца з калегамі, у кожнай навучальнай установе знойдзецца цікавы вопыт не толькі правядзення школьных і пазакласных мерапрыемстваў, але і рэалізацыі ініцыятыў і праектаў, сучасных формаў выкладання прадметаў, незвычайнага выкарыстання ў рабоце інфармацыйных тэхналогій, нестандартных падыходаў да выхаваўчага працэсу. Ваш удзел дазволіць зрабіць наша сеткавае выданне значным інфармацыйна-метадычным памочнікам для ўсёй педагагічнай грамадскасці, атрымліваць больш дакладнае ўяўленне аб праблемах, патрэбах, дасягненнях галіны адукацыі ў рэгіёнах.

З радасцю выслухаем усе вашы пажаданні наконт таго, якім вы бачыце наша выданне, што хацелі б знайсці на яго прасторы. Калі ў вас ёсць пажаданні, дасылайце пісьмы на адрас [email protected] з пазнакай “Прапанова”.

 

Быць сучаснымі і заставацца карыснымі для педагогаў

У канцы мінулага года ў інфармацыйнай адукацыйнай прасторы краіны адбылася знакавая падзея: з’явілася новая структура — рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова “Выдавецкі дом “Педагагічная прэса”. Пад адным “творчым дахам” утульна размясціліся шэсць друкаваных сродкаў масавай інфармацыі: нашы даўнія знаёмыя — “Настаўніцкая газета”, “Народная асвета”, крыху маладзейшыя — “Переходный возраст”,  “Раніца”, “Домой”, а таксама спартыўны часопіс для моладзі – “Спорт time”. І, нарэшце, зусім новы сродак масавай інфармацыі — сеткавае выданне NG-press.by.    

Такім чынам напрацаваны за апошнія гады творчы, арганізацыйны, кадравы і эканамічны патэнцыял лагічна прывёў да стварэння медыяаб’яднання нацыянальных педагагічных выданняў. Пэўную ролю ў гэтым адыграла і шматгадовая праца “Настаўніцкай газеты” па рэгіянальным праекце “Творчае супрацоўніцтва і ўзаемадапамога ў сферы адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій”. У рамках праекта ўпершыню былі адкрыты карэспандэнцкія пункты ва ўсіх абласных цэнтрах краіны, якія з’яўляюцца своеасаблівымі рэгіянальнымі міні-рэдакцыямі выдання.

Цяпер, з набыццём новага статусу, карпункты становяцца прадстаўніцтвамі выдавецкага дома ў рэгіёнах, што адкрывае дадатковыя магчымасці для значнага павелічэння інфармацыйнага ахопу і пашырэння чытацкай аўдыторыі. Пра гэта ішла размова на чарговым семінары-практыкуме для ўласных карэспандэнтаў “Настаўніцкай газеты”, якія надалей будуць працаваць на ўсе выданні выдавецкага дома.

Адкрываючы семінар, дырэктар рэдакцыйна-выдавецкай установы “Выдавецкі дом “Педагагічная прэса” Вадзім Кнышаў адзначыў, што, згодна са статутам, зацверджаным загадам міністра адукацыі, асноўнай мэтай дзейнасці ўстановы з’яўляецца рэалізацыя права грамадзян на атрыманне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзяржаўнай палітыцы ў галіне адукацыі, культуры, фізічнага выхавання і спорту, аб дзяржаўнай маладзёжнай палітыцы, функцыянаванні і развіцці нацыянальнай сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь, гісторыі адукацыі, сацыяльна-эканамічнай, грамадска-палітычнай, культурнай, міжнароднай і іншых сферах жыццядзейнасці краіны.

Кожнае выданне, якое ўваходзіць у склад выдавецкага дома, мае канкрэтны прафесійны кірунак дзейнасці, працуе на сваю мэтавую аўдыторыю. Сфера дзейнасці неабсяжная, інфармацыйная прастора надзвычай прыдатная для рэалізацыі самых амбіцыйных планаў і праектаў. І вельмі важна на першым этапе скіраваць творчае “шматгалоссе” выданняў у канструктыўнае інфармацыйнае рэчышча, каб журналісты не толькі выконвалі ўласныя функцыі, але і канцэптуальна дапаўнялі агульную інфармацыйную палітыку выдавецкага дома на адукацыйнай прасторы. Задача, так бы мовіць, не аднаго дня…

Паколькі семінар тычыўся найперш работы ўласных карэспандэнтаў у новым статусе, В.А.Кнышаў засяродзіў увагу калег на неабходнасці скарэкціраваць дзейнасць карпунктаў у рэгіёнах — зрабіць упор на творчую шматвектарнасць, геаграфію публікацый, пашырэнне чытацкай і аўтарскай аўдыторыі, выкарыстанне напоўніцу рэсурсных магчымасцей выданняў у забеспячэнні інфармацыйных патрэб педагагічнай супольнасці. Напрацаваны практычны вопыт сумеснай амаль дзевяцігадовай дзейнасці па праекце значна паскорыць пераход карпунктаў на новы фармат работы. Безумоўна, прыярытэтнымі застаюцца кірункі, якія неаднаразова апрабаваны ва ўсіх рэгіёнах, напрыклад прэс-туры. Пасля завяршэння арганізацыйнага этапу нашым партнёрам будуць прапанаваны цікавыя праекты, скіраваныя на далейшае захаванне трывалых прафесійных адносін, удасканаленне і пашырэнне інфармацыйнага ўзаемадзеяння.

– Мы ўпэўнены, што нягледзячы на развіццё сучасных інфармацыйных тэхналогій, шырокае выкарыстанне інтэрнэт-рэсурсаў, якія закранаюць і сістэму адукацыі, нашы выданні па-ранейшаму застануцца запатрабаванымі прафесійнымі дарадчыкамі кожнага педагога, — зазначыў В.А.Кнышаў.

Падчас творчай дыскусіі назапашаным вопытам, развагамі і прапановамі аб далейшай рабоце карпунктаў падзяліліся ўласныя карэспандэнты выдавецкага дома “Педагагічная прэса”.

 

 

Наталля ЛУТЧАНКА, кіраўнік праекта NG-press.by:

 — Сёння я прадстаўляю новы кірунак дзейнасці выдавецкага дома “Педагагічная прэса” — сеткавае выданне ng-press.by. Можа ўзнікнуць пытанне, навошта педагогам патрэбен сеткавы рэсурс? Здаецца, у век тэхналогій і інтэрнэту гэтае пытанне становіцца рытарычным.

Сеткавае выданне — адно з апошніх і важных рашэнняў нашага выдавецкага дома. Хутка яно пачне працаваць у прынцыпова новым фармаце і насамрэч стане, як мы і абяцалі, сапраўднай пляцоўкай для абмену прафесійным вопытам. Наша каманда прафесійных журналістаў паспрабуе стаць памочнікам і паплечнікам для ўсёй педагагічнай грамадскасці краіны і кожнага педагога паасобку. Пры гэтым па-ранейшаму галоўнымі стваральнікамі рэсурсу мы бачым настаўнікаў, выкладчыкаў, выхавальнікаў, псіхолагаў, сацыяльных педагогаў, кіраўнікоў у галіне адукацыі, бацькоў. Разам мы зможам пастаянна развіваць і дапаўняць сеткавае выданне, рабіць кантэнт больш насычаным. Тым больш што галоўнае, на чым мы збіраемся будаваць наш рэсурс, — гэта метадычныя распрацоўкі, сцэнарыі і планы ўрокаў, цікавыя ідэі. Адным словам, усё, што можа служыць дапамогай у рабоце педагога.

Шэсць з паловай гадоў я працавала ўласным карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” па Гомельскай вобласці. За гэты час я ўлілася ў педагагічную сям’ю Гомельшчыны, шчыра палюбіла нашых настаўнікаў, захапілася іх работай, цікавымі вынаходкамі, радавалася іх дасягненням і ганарылася іх перамогамі. І гэтыя пачуцці застаюцца са мной, толькі зараз яны разрастаюцца, паколькі цяпер мне давядзецца працаваць з настаўніцтвам усёй рэспублікі. Спадзяюся, што мы наладзім цесную зваротную сувязь і пасябруем. Мая галоўная задача, як і задача ўсяго калектыву выдавецкага дома “Педагагічная прэса” — быць карыснай для педагогаў і ўсіх, хто так ці інакш мае дачыненне да адукацыйнай галіны і цікавіцца яе інфармацыйнай прасторай.

Буду ўдзячна, калі педагогі падзеляцца сваім бачаннем таго, якім яны бачаць наша выданне, што хацелі б знайсці на яго прасторы, дашлюць свае пажаданні і прапановы на адрас [email protected]

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ, уласны карэспандэнт выдавецкага дома “Педагагічная прэса” па Брэсцкай вобласці:

— За 15 гадоў існавання карэспандэнцкага пункта “Настаўніцкай газеты” ў Брэсцкай вобласці назапашаны багаты вопыт плённага ўзаемадзеяння з рэгіянальнымі органамі кіравання адукацыяй, наладжаны трывалыя сувязі з педагогамі і кіраўнікамі ўстаноў адукацыі, сфарміраваны пастаянны калектыў аўтараў-пазаштатнікаў. Праект “Творчае супрацоўніцтва і ўзаемадапамога ў сферы адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій”, які рэалізоўваецца з 2012 года разам з галоўным упраўленнем па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, надаў рабоце карпункта большую сістэмнасць, акрэсленасць і іміджавую важкасць.

Прыемна ўсведамляць, што за доўгія гады існавання карпункта, размешчанага на базе Брэсцкага абласнога ІРА, асоба ўласнага карэспандэнта “Настаўніцкай газеты” стала пазнавальнай і вядомай у адукацыйнай прасторы Брэстчыны. Ніводнае значнае мерапрыемства ў сферы адукацыі не абыходзіцца без удзелу прадстаўніка прафесійнага выдання. Гэта дапамагае наладжваць новыя і ўмацоўваць існуючыя адносіны, знаходзіць цікавыя тэмы і адметных герояў для новых публікацый. Даволі карысным і прадукцыйным у гэтым плане з’яўляецца ўзаемадзеянне з рэгіянальнымі аддзеламі па адукацыі, вучэбна-метадычнымі кабінетамі, школамі, дзіцячымі садкамі, установамі прафесійнай і вышэйшай адукацыі, якія заўсёды ідуць насустрач у атрыманні неабходнай інфармацыі і, што самае важнае, самі прапаноўваюць матэрыялы з вопыту работы па розных напрамках дзейнасці. Асаблівая роля ў пошуку цікавых тэм належыць Брэсцкаму абласному ІРА, які выступае арганізацыйна-метадычным цэнтрам многіх мерапрыемстваў і акумулюе вопыт лепшых педагогаў.

Наладжаны даўнія канструктыўныя адносіны з галоўным упраўленнем па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама. Яго кіраўнік Ю.М.Прасмыцкі выдатна разумее выключную ролю “Настаўніцкай газеты” ў прапагандзе дасягненняў сістэмы адукацыі Брэстчыны на ўзроўні краіны. Вельмі часта менавіта ад пазіцыі кіраўнікоў залежыць стаўленне да газеты ў аддзелах па адукацыі ці ўстановах адукацыі. Калі газету чытаюць начальнікі аддзелаў, дырэктары школ ці загадчыкі ясляў-садоў, можна не сумнявацца, што яе будуць чытаць і педагогі.

Праект значна актывізаваў дзейнасць пазаштатнікаў. Педагогі Брэстчыны — актыўныя і жаданыя аўтары прафесійнага выдання. Гэта надзвычай важна, паколькі без зваротнай сувязі з чытачамі газета не можа эфектыўна развівацца. Сёння нельга бяздоказна папракнуць “Настаўніцкую” ў нецікавасці, бо інфармацыйны кантэнт газеты ствараюць самі педагогі, прычым часам амаль на 90%. З году ў год павялічваецца колькасць матэрыялаў, падрыхтаваных настаўнікамі і выхавальнікамі Брэстчыны. Так, летась іх было больш за 400! Хацелася б толькі, каб аўтары пазбягалі драбнатэм’я і ўсведамлялі беларускамоўны фармат газеты, у якую амаль заўсёды пішуць па-руску.

Даўняе і плённае супрацоўніцтва наладжана з начальнікам аддзела па адукацыі Брэсцкага гарвыканкама А.М.Насковым, намеснікам загадчыка ВМК Маскоўскага раёна Брэста Н.С.Дрык, загадчыцай Столінскага раённага ВМК В.А.Грэчкай, намеснікам дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі М.І.Навумчыкам, галоўным спецыялістам аддзела па адукацыі Ганцавіцкага райвыканкама А.М.Рылка, дырэктарамі сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава Брэста І.Ф.Нікіфаравец і Відамлянскай сярэдняй школы Камянецкага раёна Т.Б.Страпко, намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі Ляхавіч С.В.Ермаковіч, рэктарам Брэсцкага абласнога ІРА А.В.Машчуком і інш. Вялікі дзякуй ім і многім-многім іншым за дапамогу ў падрыхтоўцы газетных матэрыялаў!

Таццяна ПРУДНІКАВА (БОНДАРАВА), уласны карэспандэнт выдавецкага дома “Педагагічная прэса” па Віцебскай вобласці:

— Нашы выданні найбольш поўна і дакладна адлюстроўваюць развіццё сістэмы адукацыі і праз яе — жыццё сталіцы і рэгіёнаў. Таму сёння не буду гаварыць пра інавацыйнае развіццё і слаўныя традыцыі, інфармацыйную і падзейную насычанасць адукацыйнай прасторы Віцебскай вобласці — яны для чытачоў і калег відавочныя. Тое ж тычыцца колькаснай дынамікі, аб’ёму і рэлевантнасці публікацый з рэгіянальнага карпункта. Вось што сапраўды хочацца і трэба зрабіць, карыстаючыся выпадкам, — гэта падзякаваць. Галоўнаму ўпраўленню па адукацыі аблвыканкама, упраўленням і аддзелам па адукацыі на месцах, дырэктарскаму корпусу — за надзейнае партнёрства, заўсёдную падтрымку ўсіх нашых ініцыятыў і пачынанняў. І, канечне ж, у першую чаргу — педагогам Віцебшчыны, нашым чытачам і пазаштатным аўтарам. Аўтарытэтным, вядомым далёка за межамі вобласці майстрам сваёй справы і пачаткоўцам, якія робяць першыя крокі ў прафесію, шаноўным ветэранам педагагічнай працы, студэнтам профільных спецыяльнасцей, каго заўтра прымуць у свае калектывы ўстановы адукацыі. Яны незвычайныя, нашы настаўнікі: сціплыя, старанныя рупліўцы і няўрымслівыя эксперыментатары, шчырыя рамантыкі і мэтанакіраваныя прагматыкі, дапытлівыя даследчыкі і вопытныя псіхолагі-практыкі, зусім розныя — і адзіныя ў адданасці дзецям, выбранай прафесіі. Тыя, хто не проста ведае і ўмее выкладаць прадмет, а ніколі не пакіне ў цяжкую хвіліну, накіруе на правільны шлях, дапаможа прыняць разумнае рашэнне, хто сваёй працай насамрэч вызначае аблічча будучыні. Лічу вялікім шчасцем працаваць з такімі людзьмі. Для мяне вельмі важна, што сярод гэтай аўдыторыі ў нас ёсць шмат верных сяброў і літаральна кожны тыдзень з’яўляюцца новыя — а гэта давер, які дарагога варты.

Ірына АСТАШКЕВІЧ, уласны карэспандэнт выдавецкага дома “Педагагічная прэса” па Гомельскай вобласці:

У канцы мінулага года ў мяне былі адчуванні, як у першакласніка на вераснёўскай лінейцы. Усё вакол яскрава і цікава, але куды рухацца далей — невядома і нават страшна. Дарэчы, мяне ўзяла за руку “настаўніца” — мая папярэдніца на гэтай пасадзе, а цяпер кіраўнік сеткавага выдання NG-press.by выдавецкага дома “Педагагічная прэса” Наталля Лутчанка. Яна і цяпер, праз два месяцы маёй працы ў якасці ўласнага карэспандэнта выдавецкага дома “Педагагічная прэса”, нагадвае мне пра асаблівасці работы ў галіновым выданні.

Здаецца, зараз усім, хто працуе ў педагогіцы, вельмі важна быць ацэненым менавіта калегамі. Зрабіць гэта праз сваё галіновае выданне вельмі зручна. Падзяліцца досведам працы — таксама. Наколькі паспела заўважыць, такой магчымасцю актыўна карыстаюцца вельмі многія — ад выхавальнікаў дзіцячых садкоў да кіраўнікоў вышэйшых навучальных устаноў Гомельшчыны. Удзячна, што яны заўсёды рады мне дапамагчы і штосьці падказаць. Між іншым, гэта ўзаемна. Здаецца, і мой вопыт работы ў розных жанрах журналістыкі некаму можа спатрэбіцца. Напрыклад, у напісанні тэкстаў, стварэнні фотаздымкаў, мантажы відэаролікаў.

Паколькі ўжо давялося сутыкнуцца з некаторымі матэрыяламі, якія дасылаюць нам педагогі Гомельшчыны на электронную скрыню [email protected], паспрабую даць некалькі парад, якія могуць значна спрасціць нашы з вамі зносіны. Калі ласка, пазначайце населены пункт, установу і прозвішча аўтара не толькі ў тэме свайго пісьма, але і непасрэдна ў тэксце прымацаванага файла. Вельмі пажадана, каб любы тэкст суправаджаўся кантактамі для сувязі і здымкамі добрай якасці. Гэта азначае, што фатаграфіі трэба даслаць у тым жа пісьме, што і тэкст, але прымацаваць асобнымі файламі ў фармаце JPEG. Памер іх павінен быць прыдатным для далейшай апрацоўкі і друку. Звычайна — не меншым за 500 кб.

Спадзяюся на плённае супрацоўніцтва з усімі, хто прысвяціў сваё жыццё адукацыі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ, уласны карэспандэнт выдавецкага дома “Педагагічная прэса” па Гродзенскай вобласці:

 — Стварэнне партала педагагічнай прэсы стала значным крокам у пашырэнні інфармацыйных магчымасцей нашага выдання. Прыемна, што кіраўнікі навучальных устаноў, настаўнікі, педагогі сістэмы дадатковай адукацыі ўжо ведаюць гэты партал, чытаюць размешчаныя на ім матэрыялы.

Штодзень атрымліваю па некалькі паведамленняў, часта ў іх маецца допіс: “Размясціце, калі ласка, інфармацыю на сайце”. Толькі за няпоўны студзень на партале былі размешчаны 102 матэрыялы з Гродзенскай вобласці, не ўлічваючы тых, якія былі надрукаваны ў газеце і прадубліраваны на сайце. У снежні мінулага года на партале быў размешчаны 161 інфармацыйны матэрыял з Гродзеншчыны. Змест іх самы разнастайны — падзеі, мерапрыемствы, вопыт работы. У невялікіх навучальных устаноў ёсць магчымасць расказаць пра жыццё школьнага калектыву ці дзіцячага садка. Гэта можа быць не значная для ўсёй краіны падзея — прадметны тыдзень або бацькоўскі сход, валанцёрская акцыя ці сустрэча са знакамітым земляком. Але гэтая падзея стала значнай для школы, дзе вучацца 200 дзяцей. Вучні і настаўнікі ўклалі ў правядзенне гэтага мерапрыемства свае сілы, стараннасць, талент, хваляваліся — чаму б не расказаць пра гэта, не назваць людзей, якія стваралі свята.

Кожны прадметны тыдзень — гэта нешта новае, ён не праводзіцца па аднолькавым сцэнарыі штогод, кожны раз ёсць свая іскрынка. І, магчыма, для іншых настаўнікаў такая інфармацыя паслужыць штуршком для новай справы, падорыць нейкія адкрыцці.

Настаўнікі — вельмі занятыя людзі. Але яны знаходзяць час, каб напісаць інфармацыю, падзяліцца навіной з іншымі, як, напрыклад, настаўніца рускай мовы і літаратуры 7-й смаргонскай школы Марыя Багданаўна  Говіч ці настаўніца гісторыі Валеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна Тамара Мікалаеўна Сурага. А за імі цягнуцца і іншыя настаўнікі гэтых школ. Заўсёды актыўныя калектывы Доцішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна, Субацкай сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна, сярэдняй школы № 12 Гродна, Любчанскага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Навагрудскага раёна, цэнтра творчасці “Спектр” Гродна, Смаргонскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, Ваўкавыскага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі. Пацвярджэннем актыўнасці нашых аўтараў з’яўляюцца наступныя лічбы: толькі ў снежні мінулага года на партале педагагічнай прэсы было размешчана сем інфармацыйных артыкулаў з сярэдняй школы № 7 Смаргоні і тры — з Любчанскага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці.

Дзякуй усім нашым аўтарам за супрацоўніцтва. А яшчэ калектыву Валеўскай сярэдняй школы і яе дырэктару Аганоўскай Таццяне Расціславаўне за запрашэнне на юбілей навучальнай установы — 8 лютага там адзначаць яе 150-годдзе.

Як мяняецца час, так мяняецца і наша газета, пра што сведчаць і новыя рубрыкі. Падабаецца, што ў апошні час з’яўляецца больш матэрыялаў, прысвечаных культурным падзеям.

Ганна АЎХІМОВІЧ (СІНЬКЕВІЧ), уласны карэспандэнт выдавецкага дома “Педагагічная прэса” па Магілёўскай вобласці:

— Карэспандэнцкі пункт “Настаўніцкай газеты” з’явіўся на Магілёўшчыне сем гадоў назад, у рамках сумеснага праекта “Творчае супрацоўніцтва і ўзаемадапамога ў сферы адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій”. Яго адкрыццё стала значнай падзеяй для рэгіянальнай сістэмы адукацыі, бо педагогі Прыдняпроўскага краю штогод могуць ганарыцца разнастайнымі працоўнымі дасягненнямі, пра якія я з задавальненнем расказваю на старонках газеты. Напісаны ўжо сотні артыкулаў аб дасягненнях і праблемах адукацыйнай галіны рэгіёна, дзясяткі замалёвак і нарысаў пра неверагодна творчых, адданых сваёй справе педагогаў.

Дарэчы, аб таленавітых магілёўскіх настаўніках, кіраўніках сістэмы адукацыі мне заўсёды асабліва прыемна расказваць. З цеплынёй успамінаю працяглую гутарку з настаўніцай біялогіі Магілёўскага абласнога ліцэя № 3 Наталляй Міхайлаўнай Колчынай, якая падрыхтавала не адзін дзясятак пераможцаў рэспубліканскай і міжнародных алімпіяд, цікавую размову з настаўнікам фізікі Магілёўскага абласнога ліцэя № 1 Валерыем Васільевічам Барашкавым, які стаў першым народным настаўнікам Беларусі. Заўсёды канструктыўныя дыялогі з Георгіем Мікалаевічам Маліноўскім, дырэктарам вядомага ў вобласці і рэспубліцы Магілёўскага прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя К.П.Арлоўскага.

За даволі працяглы час дзейнасці карэспандэнцкага пункта ўдалося наладзіць узаемадзеянне з усімі раённымі аддзеламі па адукацыі, шматлікімі навучальнымі ўстановамі рэгіёна. Усебаковаму і поўнаму асвятленню функцыянавання магілёўскай сістэмы адукацыі вельмі спрыяе падтрымка галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама і яго начальніка Андрэя Барысавіча Заблоцкага. Больш разнастайнымі публікацыі робяць актыўныя пазаштатныя аўтары. Сваім вопытам і метадычнымі напрацоўкамі на старонках выдання рэгулярна дзеляцца настаўнікі з усіх куткоў Магілёўшчыны.

Такім чынам практычная рэалізацыя праекта “Творчае супрацоўніцтва і ўзаемадапамога ў сферы адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій” спрыяе таму, каб газета была больш змястоўнай і цікавай. А дзейнасць карпункта дазваляе цалкам задавальняць інфармацыйныя запыты аўдыторыі аб мясцовай сістэме адукацыі, бо дапамагае разам з педагогамі рабіць газету інфармацыйна насычанай, што значна ўплывае на падтрымку “Настаўніцкай газеты” магілёўскімі чытачамі.