Наталля ПАЛІЎКА,
выхавальнік
ясляў-сада № 66 г. Магілёва
Дашкольнае дзяцінства – найбольш спрыяльны перыяд для далучэння дзіцяці да нацыянальнай культуры. Гэта час, калі закладваецца падмурак выхавання малыша як асобы, калі фарміруецца ўстойлівае ўяўленне пра дабро і зло, засвойваюцца правілы маральнасці і нормы паводзін, выяўляецца ўласная воля і характар, выбудоўваюцца ўзаемаадносіны з бацькамі, сябрамі, з навакольнымі людзьмі, раскрываецца своеасаблівасць творчай індывідуальнасці. Таму вельмі важна пачынаць фарміраваць патрыятычныя пачуцці, выхоўваць сапраўднага патрыёта сваёй Радзімы менавіта ў гэтым узросце, калі дзіця пачынае інтэнсіўна развівацца ў сацыяльным плане.
2018–2020 гады абвешчаны Годам малой радзімы. Для маіх выхаванцаў малая радзіма – гэта іх родны горад Магілёў. Таму я і вырашыла ствараць эфектыўную сістэму фарміравання патрыятычных пачуццяў у дзяцей дашкольнага ўзросту з дапамогай азнаямлення з родным горадам, яго славутасцямі.
Пачала сваю працу са стварэння прадметна-развіваючага асяроддзя групы: падабрала матэрыял пра Магілёў, які ўключае звесткі пра гістарычнае мінулае і сучаснае аблічча горада. У яго ўвайшоў шырокі спектр ілюстрацый і фатаграфій «Любімы горад», «Мой горад прыгожы і багаты», калажы «Магілёў ўчора і сёння», «Мой горад самы лепшы!», карціны з выявай родных краявідаў, альбомы «Мая сям’я», «Мая вуліца», «Мой горад Магілёў», «Наша Магілёўшчына», гульнявыя макеты вуліц «Наш дзіцячы сад», «Любімыя месцы нашага горада».
Акрамя таго, я распрацавала серыю дыдактычных гульняў па азнаямленні з родным горадам і краем: «Збяры герб і сцяг горада», «Дамы бываюць розныя», «Пазнай вуліцу па фота», «Гарадскі транспарт», «Хто першым знойдзе дарогу да дзіцячага сада», «Прадпрыемствы Магілёва і іх прадукцыя», «Славутасці Магілёва» і інш.
З мэтай знаёмства з мясцовымі славутасцямі на прагулках выкарыстоўвала наглядныя сродкі, тэматычныя гутаркі, звяртала ўвагу дзяцей на прыгажосць прыроды і яе сезонныя змены. Падрабязна распавядала пра жыццё горада і падчас сюжэтна-ролевых гульняў, інсцэніровак фальклорных твораў, экскурсій і мэтавых прагулак.
Цэнтральным звяном у рабоце па азнаямленні з выдатнымі мясцінамі Магілёва сталі экскурсіі. Падчас іх у дзяцей фарміруюцца выразныя ўяўленні аб родным горадзе. Нашы падарожжы пачаліся з тэрыторыі дзіцячага сада. Затым мы «падарожнічалі» ў двары жылога дома, па вуліцы, і, нарэшце, па горадзе. Мы з выхаванцамі стварылі альбом «Дзеці аб родным горадзе», у якім размясцілі дзіцячыя работы і іх выказванні аб родных мясцінах.
У спецыяльна арганізаванай і нерэгламентаванай дзейнасці я знаёміла дзяцей са сцягам і гербам Магілёва, распавядала пра яго мінулае, важныя гістарычныя і грамадскія падзеі, паходжанне назваў горада, вуліц, гістарычных месцаў. З гэтай мэтай праводзіла заняткі па адукацыйнай вобласці «Дзіця і грамадства» на тэму «Мы едзем па горадзе», «Будуем горад», «Дом, у якім я жыву», «Мой родны горад», «Мой любімы горад Магілёў».
На цыкл заняткаў па тэмах «Заводы і фабрыкі горада Магілёва» мы запрашалі бацькоў, лепшых работнікаў вытворчасці, якія распавядалі аб сваім прадпрыемстве, знаёмілі дзяцей з вынікамі сваёй працы. Мы актыўна далучалі бацькоў і да арганізацыі экскурсій выхаднога дня.
Пры вывучэнні гістарычнага мінулага горада я імкнулася выкарыстоўваць рэальныя прадметы і матэрыялы, якія можна пабачыць у музеях Магілёва. Дарэчы, музеі мы разам з выхаванцамі таксама актыўна наведвалі. Не раз былі ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі імя Раманава, Беларускай этнаграфічнай вёсцы XIX стагоддзя. Там я праводзіла для дзяцей гутаркі-экскурсіі на тэму: «Горад мінулага», «У госці да ганчара», «Мінулае прадметаў», «Люстэрка часу», знаёміла з традыцыямі і прыёмамі вядзення гаспадаркі, якія сышлі ў мінулае і існуюць толькі ў музейным асяроддзі.
Вялікую цікавасць у выхаванцаў выклікала наведванне мемарыяльнага комплексу «Буйніцкае поле». Там я распавяла дзецям аб гераічным подзвігу нашых салдат пры абароне горада Магілёва ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
З вялікім задавальненнем дзеці ўключаліся ў «паездкі і вандраванні». У такіх гульнях-занятках малышы набывалі і ўдасканальвалі веды пра гісторыю роднага горада, пра яго сучаснае жыццё. Шырока выкарыстоўвала дыдактычныя гульні «Карта горада і яго маршруты», «Што спачатку, што потым», «Славутасці Магілёва», «Магілёўскія загадкі» і іншыя. Пры замацаванні ведаў пра горад, атрыманых на занятках і ў паўсядзённым жыцці, заключны занятак прайшоў сумесна з бацькамі ў форме гульні-конкурсу «Мой родны горад Магілёў».
Азнаямленне з родным горадам Магілёвам, яго славутасцямі адбывалася ў даступных гульнявых формах, што забяспечыла паўнату ўспрымання навакольнага свету, дапамагло дзецям усвядоміць сваё месца ў ім. А вынікам маёй працы можна лічыць высокі ўзровень уяўленняў выхаванцаў аб сваім горадзе, яго структуры, славутасцях, гісторыі і культуры. У дзяцей сфарміраваліся пачуцці любові і гонару, датычнасці да жыцця сваёй малой радзімы.