Кінезіялагічныя практыкаванні для інтэлектуальнага развіцця

- 8:26Коррекционная педагогика. Опыт, Методичка

 

 

Марыя ХМАРУН,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Бабіцкай дапаможнай школы-інтэрната
Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці

 

Адной з найважнейшых задач карэкцыйнай дапамогі навучэнцам з умеранай і цяжкай інтэлектуальнай недастатковасцю з’яўляецца ўдасканаленне працэсу навучання, забеспячэнне найбольш аптымальных умоў фарміравання інтэлектуальных і псіхічных здольнасцей.

Для дзяцей, якія навучаюцца ў другім аддзяленні дапаможнай школы, характэрна нераўнамернасць развіцця сенсаматорнай і інтэлектуальных функцый. Гэта праяўляецца праз парушэнні маўлення, мыслення, псіхічныя асаблівасці. Сучасныя кінезіёлагі разглядаюць прычыну парушэнняў названых функцый у няздольнасці правага і левага паўшар’яў да ўзаемадзеяння. Аўтары практычнай кінезіялогіі лічаць, што так званая “каардынацыйная няздольнасць” да навучання можа быць ліквідавана пры дапамозе спецыфічных рухальных практыкаванняў – кінезіялагічных. Гаворачы навуковай мовай, кінезіялогія – гэта навука пра развіццё функцый галаўнога мозгу праз рух. Сучасныя навуковыя дадзеныя паказваюць, што ўдасканаленне інтэлектуальных і разумовых працэсаў у дзяцей неабходна пачынаць з развіцця рухаў пальцаў і цела. Таму прымяненне кінезіялагічных практыкаванняў на ўроках у другім аддзяленні дапаможнай школы з’яўляецца адной з важных умоў навучання і развіцця навучэнцаў.

Кінезіялагічныя практыкаванні – гэта комплекс рухаў, якія дазваляюць актывізаваць міжпаўшарнае ўзаемадзеянне. Яны даюць магчымасць задзейнічаць тыя ўчасткі мозгу, якія раней не прымалі ўдзел у інтэлектуальнай дзейнасці і вырашыць праблему непаспяховасці. Гэтыя практыкаванні павышаюць у навучэнцаў стрэсаўстойлівасць, зніжаюць стамляльнасць, павышаюць здольнасць да адвольнага кантролю, а таксама дазваляюць палепшыць увагу, памяць, прасторавыя ўяўленні, агульную маторыку, актывізуюць інтэлектуальныя і пазнавальныя здольнасці. Рэгулярнае выкананне кінезіялагічных практыкаванняў пры навучанні дае хуткі эфект, які ў той жа час назапашваецца, павялічвае разумовую працаздольнасць і аптымізуе псіхаэмацыянальны стан навучэнцаў. Педагогі нашай школы-інтэрната шырока прымяняюць розныя віды кінезіялагічных практыкаванняў на ўсіх відах і этапах урокаў. Для дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю неабходна адбіраць практыкаванні па наступных крытэрыях: кароткія інструкцыі; невялікая колькасць рухаў; нескладаныя рухі (асабліва на пачатковым этапе); захаванне прынцыпу “ад простага да складанага” (складаныя элементы ўводзяцца і дабаўляюцца паступова, па меры авалодання дзецьмі больш простымі канструкцыямі); работа па прынцыпе “ад вядомага да невядомага” (паступовае дабаўленне новых рухаў); кінезіялагічныя практыкаванні неабходна праводзіць штодня.

Для паспяховага ўключэння ў работу навучэнцаў у пачатку ўрока педагогі нашай школы прымяняюць практыкаванні, падчас якіх задзейнічаны дробныя мышцы цела, актывізуюцца нервовыя шляхі паміж лобнымі аддзеламі мозгу і іншымі аддзеламі, развіваецца міжпаўшарнае ўзаемадзеянне, знімаюцца міжвольныя рухі (сінкенізіі). А менавіта пальчыкавыя гульні і практыкаванні, практыкаванне “Кулак – рабро – далонь”, калі тры становішча рукі паслядоўна змяняюць адзін аднаго. Дзіця паўтарае практыкаванне 8–10 разоў. Выконвае спачатку рукамі па чарзе, затым сумесна практыкаванне “Колца”: “Каралі мы створым, маме мы іх падорым”. Па чарзе і як мага хутчэй дзіця перабірае пальцы рук, злучаючы ў кальцо з вялікім пальцам усе астатнія па чарзе ў прамым і зваротным напрамку. Выконваецца спачатку рукамі па чарзе, а затым сумесна, 8–10 паўтораў практыкаванне “Лезгінка”: левая рука складзена ў кулак, вялікі палец адстаўлены ў бок, кулак разгорнуты пальцамі да сябе. Правая рука прамой далонню ў гарызантальным становішчы датыкаецца да мезенца левай. Пасля гэтага адначасова адбываецца змена правай і левай рук на працягу 6–8 змен пазіцый і такім чынам дасягаецца высокая хуткасць змены становішчаў. 

Для зняцця ператамлення, а таксама актывізацыі работы лобных доляў мозгу і вестыбюлярнага апарата выкарыстоўваюцца наступныя практыкаванні. Практыкаванне “Млын”: рука і супрацьлеглая нага рухаюцца кругавымі рухамі спачатку наперад, затым назад, адначасова з кручэннем вачэй направа, налева, уверх, уніз. Час выканання 1–2 хвіліны. Дыханне адвольнае. Практыкаванне “Перакрыжаванае маршыраванне”: навучэнцам прапануецца павольна крочыць, напераменку дакранаючыся то правай, то левай рукой да супрацьлеглага калена, чаргаваць з аднабаковымі дотыкамі.

У заключнай частцы ўрока прапануюцца практыкаванні, накіраваныя на зняцце мышачнага і псіхічнага напружання, як напрыклад, “Свечка”. Зыходнае становішча – седзячы за партай. Настаўнік суправаджае практыкаванне словамі: “Уявіце, што перад вамі стаіць вялікая свечка. Зрабіце глыбокі ўдых і паспрабуйце адным выдыхам затушыць свечку. А зараз уявіце перад сабой 5 маленькіх свечак. Зрабіце глыбокі ўдых і задуйце свечкі маленькімі порцыямі на выдыху”. Падчас выканання практыкавання “Кулачкі” педагог прапануе навучэнцам сціснуць пальцы ў кулак з загнутымі ўнутр вялікімі пальцамі. Зрабіць выдых, не спяшаючыся, сціснуць кулак з сілай. Затым, аслабляючы сілу, зрабіць удых. Паўтарыць 5 разоў з заплюшчанымі вачыма.

Вопыт работы педагогаў другога аддзялення нашай школы-інтэрната паказаў, што рэгулярнае ўключэнне ва ўрок кінезіялагічных практыкаванняў дазваляе развіваць у навучэнцаў не толькі псіхаматорныя і маўленчаматорныя функцыі, але і павышае здольнасць да навучання, паляпшае ўвагу, успрыманне, карэкціруе паводзіны і дазваляе паспяхова пераадольваць псіхалагічныя цяжкасці.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий