Таццяна ЛІСАВА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
гімназіі № 3 г. Бабруйска
Роля настаўніка ў сучасным грамадстве змянілася: сёння зусім няпроста авалодаць увагай вучняў, для якіх часта не існуе аўтарытэтаў і якія ўпэўнены, што ўсё, што ім трэба, можна знайсці ў сетцы Інтэрнэт. І разам з тым дзеці, ды часта і самі дарослыя, могуць “патануць” у віры гэтай інфармацыі. Важна, што змяніўся і запыт грамадства, якому сёння патрэбны добра дасведчаны ў сваёй справе, з крытычным мысленнем, крэатыўны прафесіянал, здольны працаваць у камандзе, генерыраваць уласныя ідэі і развіваць іншыя, перапрацоўваць вялікія масівы інфармацыі і выдаваць новы прадукт, ацэньваць яго эфектыўнасць і канкурэнтназдольнасць. Адсюль відавочна, што неабходна мяняць падыходы да навучання, будаваць іншую мадэль узаемадзеяння з вучнямі на ўроках і ў пазакласнай дзейнасці. Менавіта гэтаму і спрыяюць інфармацыйныя тэхналогіі, у прыватнасці сэрвісы Web 2.0.
Web 2.0 – гэта платформа сацыяльных сэрвісаў, якая дазваляе шырокаму колу карыстальнікаў сеткі Інтэрнэт быць не толькі атрымальнікамі інфармацыі, але, што асабліва важна, яе стваральнікамі і суаўтарамі. Слова “сацыяльны” (сайт або сэрвіс) з’яўляецца ключавым і ўяўляе сабой адметную характарыстыку. Рэсурсы Web 2.0 ствараюцца людзьмі, для людзей і стымулююць сінхронныя і асінхронныя зносіны ў сетцы. Асноўнымі перавагамі Web 2.0 з’яўляюцца эфектыўнасць сэрвісаў і прастата прымянення. Выкарыстоўваючы шаблоны і абалонкі сэрвісаў, настаўнікі і навучэнцы могуць ствараць тэматычныя форумы, блогі, запісваць аўдыё- і відэаматэрыялы і размяшчаць іх у інтэрнэце для ўсеагульнага або абмежаванага доступу.
На ўроках беларускай мовы і літаратуры, у пазакласнай рабоце, пры падрыхтоўцы да алімпіяд па прадмеце актыўна выкарыстоўваю сэрвісы Google. Па-першае, для сумеснай работы з дакументамі (напрыклад, Google Docs, прэзентацыі, табліцы). На вучэбных занятках або пры падрыхтоўцы да іх вучні робяць сумесныя прэзентацыі, разам працуюць з дакументамі ў адпаведнасці з мэтамі і задачамі ўрока. Спачатку яны карыстаюцца пералікам крыніц, падабраных настаўнікам, пакуль не будуць сфарміраваны патрэбныя кампетэнцыі ў адборы і пошуку матэрыялу. Пасля крыніцы (слоўнікі, адпаведныя сайты і пад.) яны знаходзяць самі. Тое ж самае можна сказаць і пра план, структуру любой работы, над якім яны працуюць. Гэтаму неабходна вучыць. І кожны ўрок павінен стаць такой прасторай, дзе навучэнцы могуць не толькі засвойваць змест прадмета, але і развіваць здольнасці самастойна працаваць і ствараць веды. Так настаўнік выступае на занятках больш як каардынатар, паступова дэлегуючы свае паўнамоцтвы навучэнцам, тым самым фарміруе ў іх крытычнае і крэатыўнае мысленне, уменне кіраваць сабой і ўзаемадзейнічаць з іншымі. Важна і тое, што апублікаваныя файлы можна зрабіць даступнымі ўсім карыстальнікам, а можна пакінуць іх для свайго асабістага карыстання.
Па-другое, выкарыстоўваючы Google-формы, можна правесці апытванне навучэнцаў на любым этапе вучэбных заняткаў: для высвятлення запытаў на пачатку ўрока, уводны кантроль, рэфлексія напрыканцы і пад. Такім чынам добра наладжваецца зваротная сувязь з вучнямі, адсочваецца іх паспяховасць. Актуальна, што сэрвіс дае магчымасць паказаць вынікі класу, візуалізаваць іх у форме табліц, дыяграм. Гэта дапамагае зрабіць узаемадзеянне ў класе, групе вельмі эфектыўным.
Па-трэцяе, самым цікавым інструментам Google Apps, на маю думку, з’яўляецца інструмент Google-клас. “Клас” (classroom), як і Gmail, “Дыск” і “Дакументы”, уваходзіць у пакет бясплатных сэрвісаў Google Apps for Education. У “Класе” я арганізавала навучальны курс для вучняў сярэдняга звяна і старшакласнікаў для іх падрыхтоўкі да прадметнай алімпіяды. Заданні і тэарэтычны матэрыял пры гэтым аўтаматычна сістэматызуюцца ў структуру папак і дакументаў на “Дыску”. Усе віды дакументаў (прэзентацыі, Google-формы, табліцы і пад.) уключаюцца ў “Курс”, які можа пры маім жаданні выкладацца не толькі мной, але і маімі калегамі (выкладчыкаў, як і навучэнцаў, можа быць колькі заўгодна). На старонцы заданняў відаць, што задаў выкладчык. Вучні проста выбіраюць заданне, каб прыступіць да яго выканання. Інфармацыя аб здадзеных працах абнаўляецца ў рэжыме рэальнага часу, і выкладчык можа аператыўна праверыць работы, ацаніць іх і пракаментаваць.
Зручнай і эфектыўнай тэхнікай візуалізацыі мыслення ў навучанні з’яўляецца майндмэппінг (mindmapping, ментальныя карты). Яе можна ўжываць для стварэння новых ідэй, фіксацыі ідэй, аналізу і парадкавання інфармацыі, прыняцця рашэнняў і шмат чаго яшчэ. Гэта не вельмі традыцыйны, але вельмі натуральны спосаб арганізацыі мыслення, які мае некалькі бясспрэчных пераваг перад звычайнымі спосабамі запісу. Добрай альтэрнатывай сёння стаў запіс карты сродкамі Web-сэрвісаў https://www.mindmeister.com/, а таксама https://www.xmind.net/. На ўроках мовы такія карты найбольш мэтазгодна выкарыстоўваць пры падагульненні матэрыялу (напрыклад, карты па тэме “Дзеяслоў як часціна мовы” мае вучні ўжо склалі ў VII класе), а на літаратуры дапамагаюць настаўніку арганізаваць работу не толькі па аглядавых тэмах, вывучэнні біяграфіі і творчасці пісьменніка, але і для арганізацыі сэнсавага чытання. Пры гэтым зазначым, што карта, намаляваная ад рукі, можа быць створана толькі адным вучнем, а з картай, якую вучні робяць, выкарыстоўваючы інструменты сэрвісаў Web 2.0, можна працаваць у пары, групай. Гэта зноў жа такі прымушае вучняў працаваць камандай, браць адказнасць не толькі за сваё навучанне, але і за работу сваёй групы.
Ментальная карта па тэме “Дзеяслоў”
Для сумеснай працы з навучэнцамі паспяхова можа выкарыстоўвацца сэрвіс Padlet (https://padlet.com/) – гэта анлайн-дошка, якая дае магчымасць візуалізаваць інфармацыю, працуючы ў групах, нават знаходзячыся на адлегласці адзін ад аднаго, але пад кантролем каардынатара, які дыстанцыйна дапамагае аформіць дадзены паток інфармацыі. Адміністратар (не абавязкова выкладчык) атрымлівае абвесткі пра змены на дошцы. Пасля таго, як патрэбная інфармацыя сабрана, вучні сумесна з каардынатарам прыступаюць да сістэматызацыі інфармацыі і складання адзінага праекта. З Padlet добра рабіць віртуальную выставу па творчасці пісьменніка, плакат па пэўнай тэматыцы; арганізаваць збор ідэй, прыкладаў па тэме; паказаць вынікі інфармацыйнага пошуку па тэме, праблеме; арганізаваць рэфлексію. Пры рэгістрацыі ў анлайн-сэрвісе Padlet можна дадаць менавіта тую колькасць удзельнікаў, якая будзе ўдзельнічаць у стварэнні праекта. Калі дошка гатовая, то можна ёй падзяліцца ёй у сацсетках, размясціць у Google-клас, убудаваць яе ў сайт, экспартаваць у розных фарматах, раздрукаваць, і нават стварыць QR-код. Выкарыстоўваць анлайн-дошку можна бясплатна. Вельмі даступны інструмент у працы над праектамі.
Воблака слоў – гэта яшчэ адзін са спосабаў візуалізацыі інфармацыі, які паспяхова можна выкарыстоўваць у вучэбнай працы для аналізу тэксту (вылучэнне ключавых слоў, параўнанне тэкстаў з дапамогай аблокаў слоў), угадвання апавядання, верша па воблаку слоў, прадстаўленне зваротнай сувязі (ключавыя словы урока, праекта), мазгавы штурм, праца з тэкстам (пасля чытання тэксту кожны навучэнец фіксуе асноўную ідэю аповеду. Усе ідэі прадстаўляюцца ў выглядзе воблака тэксту). Сэрвісаў для стварэння воблака слоў шмат, вось некаторыя з іх: https://worditout.com/word-cloud/create, https://wordart.com/, Wordle.net.
“Воблака” слоў на ўроку – візуалізацыя інфармацыі
Сэрвісы Web 2.0 прапануюць інструменты для стварэння інтэрактыўных практыкаванняў (крыжаванак, гульняў, пазлаў, віктарын, і інш.). Існуе шмат генератараў крыжаванак, маім любімым сэрвісам стаў канструктар http://cross.highcat.org/ru_RU/#. Вельмі часта раблю крыжаванкі для ўрокаў літаратуры, для пазакласных мерапрыемстваў для вучняў V–IX класаў і па канкрэтных творах, і па тэорыі літаратуры. Выкарыстанне такіх практыкаванняў на вучэбных занятках дазваляе актывізаваць разумовыя здольнасці навучэнцаў, павысіць інтарэс і матывацыю да прадмета.
LearningApps (https://learningapps.org/) – гэта яшчэ адзін з вэб-сэрвісаў для настаўніка, пры дапамозе якога можна ствараць разнастайныя інтэрактыўныя практыкаванні для навучання. Трэба адзначыць, што сэрвіс бясплатны, інтэрфейс англамоўны, рэгістрацыі не патрабуецца, калі вы “спажываеце прадукт”. Калі ж вы жадаеце зрабіць свае практыкаванні для вучняў, то неабходна зарэгістравацца, тады ў вас з’явіцца магчымасць мець свае дадаткі, папкі, можна нават арганізаваць работу з Класам. Дарэчы, на LearningApps некаторыя практыкаванні можна раздрукоўваць, усе неабходныя інструкцыі і дэмаверсіі прыведзены для кожнага з практыкаванняў. Я да ўрокаў сама раблю трэнажоры па арфаграфіі, марфалогіі, а таксама выкарыстоўваю напрацоўкі маіх калег (напрыклад, Алены Мігаль). Варта зазначыць, што працаваць з гэтым сэрвісам магчыма толькі пры наяўнасці інтэрнэта.
Рlickers (https://get.plickers.com). Калі вельмі хочацца выкарыстаць віктарыны ў вучэбнай рабоце, але ў вучняў няма смартфонаў або ў школе няма Wi-Fi, тады рэкамендую Plickers. З яго дапамогай настаўнік у рэжыме рэальнага часу атрымлівае зваротную сувязь аб выніках навучэнцаў. Для таго каб выкарыстаць гэты сэрвіс у вучэбнай працы, дастаткова, каб толькі ў настаўніка быў смартфон з падключэннем да інтэрнэту! Вучні выкарыстоўваюць спецыяльныя карткі, па якіх настаўнік смартфонам счытвае іх адказы, а сістэма аўтаматычна вызначыць, хто адказаў дакладна, а хто не. Дзеці вельмі любяць працу з Plickers, асабліва ў сярэднім звяне.
Падсумоўваючы, трэба зазначыць, што выкарыстанне вэб-сэрвісаў на ўроках роднай мовы і літаратуры дапамагае вырашыць такія задачы, як фарміраванне ўстойлівай матывацыі да прадметаў, крытычнага мыслення і крэатыўнасці навучэнцаў; павышэнне інтэнсіўнасці і забеспячэнне гібкасці навучальнага працэсу; развіццё навыкаў самастойнай працы, навыкаў каманднай працы.