Сям’я і краязнаўства – заўсёды побач

- 22:12История и обществоведение. Идеи, Методичка

 

Вольга КАРП,
настаўнік гісторыі
гімназіі № 6 Гродна

 

Гісторыя сям’і дапамагае больш даведацца пра гісторыю краіны, выхаваць пачуццё гонару за сваіх продкаў, адчуць дачыненне да свайго роду, прывіць павагу да прадстаўнікоў іншых нацый і рэлігій.

На наш погляд, кожнаму чалавеку неабходна вывучыць гісторыю хаця б аднаго роду і вызначыць тое агульнае, што перадаецца з пакалення ў пакаленне, іх далучэнне да агульнага гістарычнага працэсу. Амаль за кожным чалавекам з самага нараджэння стаяць лёсы многіх сваякоў, якія ў свой час думалі пра яго, марылі, як складзецца яго жыццё, і прыкладалі сілы для стварэння лепшага будучага.

Працуючы выкладчыкам гісторыі і грамадазнаўства ў гімназіі, я заўсёды выкарыстоўваю краязнаўчы матэрыял у сваёй працы. Гэта абвастрае ўвагу вучняў да гістарычных фактаў і з’яў, дапамагае выпрацоўцы творчага мыслення, пашырэнню і паглыбленню ведаў вучняў і тым самым – атрыманню рознабаковых і трывалых ведаў па гісторыі, а таксама выхаванню грамадзянскіх якасцей маладога чалавека. У пачатку вывучэння гісторыі Беларусі я прапаную вучням назваць імёны іх знакамітых землякоў, расказаць, чым вядомы іх род, якую ролю ён адыграў у жыцці горада або маленькай вёсачкі.

Заўважана, што навучэнцаў з кожным годам усё больш і больш цікавіць гісторыя свайго роду, сваёй сям’і. Вельмі добра, што з цягам часу шматлікія сем’і разумеюць, што без малой радзімы гісторыя дзяржавы няпоўная, што ўся наша краіна складаецца з мноства такіх маленькіх гісторый.Так паўстала ідэя аднаўлення сямейных гісторый – вельмі займальны занятак для вучняў, бо яны адчуваюць сябе дэтэктывамі, летапісцамі, пісьменнікамі, мастакамі, фатографамі.

Старэйшыя члены сям’і – бабулі, дзядулі, прабабкі, вучні гавораць з імі, распытваюць пра сям’ю. Гутарка са старэйшымі пра жыццё родных – важны момант, тут важна ўмець “разгаварыць” старэйшых, знайсці зручны момант. Часта дапамагаюць сямейныя святы, сямейныя вечары. Гісторыя роду, сям’і – гэта не адцягнутае паняцце, а жыццё канкрэтных людзей, адлюстраванае ў дакументах. У кожнай сям’і ёсць свой архіў, дзе захоўваюцца тыя ці іншыя дакументы, пасведчанні аб нараджэнні, атэстаты аб заканчэнні школы, даведкі, пасведчанні аб узнагародах, публікацыі і, вядома, фатаграфіі. Вучні ўжо ведаюць, што гэтыя дакументы – іх першыя памочнікі, яны шмат што могуць распавесці.

Вывучэнне краязнаўства на ўроках гісторыі вылілася ў даследчыя работы. Многіх навучэнцаў даследаванне сваёй сям’і натхніла на стварэнне навуковай работы для ўдзелу ў канферэнцыях. Так, Сілава Паліна напісала работы “Карані сям’і Пяткевічаў”, “Землякі роднага краю”, “Памяць роду. Мінулае вачыма сучаснікаў”, “Мужчыны майго роду”. Лапыш Васіль на прыкладзе свайго сваяка Леаніда Піхуна працаваў над работай “Нацыянальна-вызваленчы рух на Гродзеншчыне ў 1921–1939 гг.”. Усе гэтыя працы былі ўзнагароджаны дыпломамі абласных канферэнцый.

Сям’я, кроўная сувязь – гэта тое, што робіць нас моцнымі і ўнікальнымі, свабоднымі і разумнымі, тое, што робіць нас людзьмі. І гэта неабходна памятаць і шанаваць.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий