Рухомыя і спартыўныя гульні для здароўя

- 11:16II И III СТУПЕНИ, Методичка, Физическая культура и здоровье

 

Юрый АШУРКЕВІЧ,
настаўнік фізічнай культуры і здароўя
Гарадзішчанскай сярэдняй школы імя М.А.Скіпара Баранавіцкага раёна

 

У сучаснай сістэме адукацыі як ніколі раней актуальнае пытанне павышэння рухальнай актыўнасці навучэнцаў: занадта відавочна  стала праяўляцца дзіцячая абезрухоўленасць. Як вядома, дзеці сёння большую частку дня – у школе і дома – праводзяць у маларухомым становішчы: за партай, каля тэлевізара, за камп’ютарам, што выклікае стомленасць мышц розных груп. Я прапаную рашэнне гэтай праблемы з дапамогай павышэння эфектыўнасці ўрокаў фізічнай культуры ў школе на аснове прадуманага выкарыстання спартыўных і рухомых гульняў.

Якія ж умовы неабходныя для таго, каб павысіць рухальную актыўнасць навучэнцаў? Перш за ўсё, гэта фарміраванне ў іх рухальных уменняў і навыкаў. Прычым яны павінны быць сфарміраваныя правільна, мець правільную тэхніку выканання. З гэтай мэтай я выкарыстоўваю нестандартнае і дапаможнае абсталяванне (валейбольны трэнажор для нападаючага ўдару, каардынацыйная лесвічка, тумбачкі для скачкоў, тэнісныя мячы); спецыяльныя практыкаванні з мячамі (выконваю агульнапедагагічныя прынцыпы: ад простага – да складанага, ад вядомага – да невядомага, ад блізкага – да далёкага); гульнявы і спаборніцкі метады.

Лічу вельмі важным для настаўніка пры развучванні тэхнічных элементаў спартыўных гульняў на пачатковым этапе ствараць умовы, якія палегчаць навучэнцам засвойваць новае. Напрыклад, для 5–6 класаў пры гульні ў валейбол дазваляю лавіць першы мяч, а другі і трэці адбіваць верхняй або ніжняй перадачай. Падачу ажыццяўляць з-за паловы валейбольнай пляцоўкі і г. д. Пры гульні ў баскетбол дапускаю адзін раз зрабіць падвойнае вядзенне, а правіла зоны ўпускаю і г. д.

Вялікае значэнне рухомыя і спартыўныя гульні маюць у развіцці фізічных якасцей: хуткасці, спрыту, сілы, вынослівасці, гнуткасці. Гульні выхоўваюць у дзяцей пачуцці салідарнасці, таварыства і адказнасці за дзеянні адно аднаго. Правілы спрыяюць выхаванню свядомай дысцыпліны, сумленнасці, вытрымкі, уменню “узяць сябе ў рукі” пасля моцнага ўзбуджэння, стрымліваць свае эгаістычныя парывы.

У гульнях дзеці адлюстроўваюць назапашаны вопыт, паглыбляюць, замацоўваюць свае ўяўленні пра жыццё. Дзіця, як і дарослы, спазнае свет у працэсе дзейнасці. Заняткі гульнямі ўзбагачаюць удзельнікаў новымі адчуваннямі, уяўленнямі і паняццямі. Яны развіваюць назіральнасць, кемлівасць, уменне аналізаваць, супастаўляць і абагульняць убачанае, на аснове гэтага рабіць высновы. Спартыўныя і рухомыя гульні дазваляюць палепшыць здольнасці правільна ацэньваць прасторавыя і часавыя адносіны, хутка і правільна рэагаваць на сітуацыю. Асаблівая важнасць гульняў змяшчаецца і ў тым, што ў іх прысутнічаюць рухальныя дзеянні са шматлікіх відаў спорту (лёгкая атлетыка, гімнастыка і інш.).

Я заўсёды памятаю, што любая гульня суправаджаецца эмацыйнымі, псіха-фізічнымі перажываннямі, актыўнай работай цэнтральнай нервовай сістэмы. Таму, пачынаючы з малодшых класаў, фармірую ў вучняў уяўленні пра дух сумленнай спартыўнай барацьбы. Настройваю іх на перамогі, але не забываю закрануць пытанне і пра паражэнні: тлумачу, што неабходна праяўляць павагу да саперніка і да наступнай сустрэчы дапрацаваць слабыя бакі тэхнічнай або тактычнай падрыхтоўкі.

Адным з паказчыкаў дабратворнага ўплыву спартыўных і рухомых гульняў на фізічную падрыхтаванасць вучняў з’яўляецца выступленне вучняў у раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. У 2014–2019 гадах каманда нашай школы два разы займала 2-е месца на абласной ваенізаванай гульні “Зарніца”, аднойчы заваёўвала “бронзу” абласной ваенізаванай гульні “Арляня”. На раённых спартакіядах па валейболе, баскетболе, настольным тэнісе і міні-футболе навучэнцы часта бяруць прызавыя месцы. Мая выхаванка Таццяна Дамашына неаднаразова перамагала на спаборніцтвах рэспубліканскага, еўрапейскага і сусветнага ўзроўню па класічным паўэрліфцінгу. Чарговае дасягненне – сярэбраны медаль на чэмпіянаце свету ў Калгары (Канада) у чэрвені 2018 года.

Асноўнымі ў маёй працы былі і застаюцца нязменныя катэгорыі: дабрыня, справядлівасць, патрабавальнасць. Я хачу дапамагчы кожнаму дзіцяці рэалізавацца, намеціць сваю вышыню, убачыць нават самы найменшы поспех. Жыццё тым і цікавае, што не дазваляе спыняцца на дасягнутым і дазваляе пастаянна ўдасканальвацца.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий