Намаляваныя думкі

- 1:06Стиль работы, Стиль работы. Педагогический лайфхак

Метад інтэлект-карт. Лёгка. Зручна. Вынікова

 

Алена ЗАТРЫМАЙЛАВА,
 настаўнік рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2 Чачэрска

 

Як зрабіць урок выніковым? Як захапіць дзіця сваім прадметам? Як дапамагчы школьніку хутка і лёгка засвоіць складаны матэрыял?

Такія пытанні хвалююць, напэўна, кожнага настаўніка. Педагогі часам сутыкаюцца з нізкай матывацыяй навучэнцаў, слабай актыўнасцю навучальнай дзейнасці. Таму вельмі важным становіцца пошук новых формаў і метадаў навучання, якія дазваляюць захаваць індывідуальнасць кожнага навучэнца, навучыць яго думаць самастойна, крэатыўна, развіваць творчае мысленне, залучыць навучэнцаў у актыўную пазнавальную дзейнасць.

Не сакрэт, што абмен інфармацыяй паміж настаўнікам і вучнем працякае галоўным чынам у вербальнай і знакавай формах. У гэтых умовах выйграюць навучэнцы з высокім узроўнем развіцця вербальнага і матэматычнага інтэлекту. Вучні з іншымі тыпамі ўспрымання, напрыклад, кінестэтыкі, візуалы, для якіх глядзельныя, прасторавыя, музычныя выявы нясуць больш інфармацыі і лепш успрымаюцца, аказваюцца ў загадзя нявыгадным становішчы і часта ператвараюцца ў непаспяховых.

Зразумела, задача настаўніка ў такой сітуацыі ўскладняецца: як навучыць вучыцца ўсіх, абапіраючыся на розныя спосабы ўспрымання імі інфармацыі? Многія сучасныя тэхналогіі ў вобласці адукацыі накіраваны на тое, каб навучыць вучыцца ўсіх – і моцных, і слабых.

Я прапаную пазнаёміцца з універсальным метадам інтэлект-карт, у аснове якога ляжаць даследаванні брытанскага псіхолага, аўтара методыкі запамінання, творчасці і арганізацыі мыслення Тоні Б’юзена.

Інтэлект-карты – гэта тэхналогія графічнага малюнка працэсаў успрымання, апрацоўкі і запамінання інфармацыі, гэта інструмент, які дазваляе эфектыўна структураваць інфармацыю, думаць, выкарыстоўваючы ўвесь свой творчы патэнцыял.

Выкарыстанне гэтага метаду заснавана на навуковых даследаваннях і звязана з асаблівасцямі чалавечага мозгу, які адказвае за апрацоўку інфармацыі, якая адбываецца ў правым і ў левым паўшар’ях адначасова. Левае (ментальнае) паўшар’е адказвае за логіку, гаворку, лічбы, паслядоўнасць развіцця думкі, аналітычныя здольнасці. Правае (творчае) паўшар’е дапамагае чалавеку ўспрымаць колеры, памеры, формы, дзякуючы яму мы адчуваем рытм, фантазіруем, марым. 

Даказана, што падчас уроку пры засваенні новай інфармацыі ў навучэнцаў вялікая ступень актыўнасці даводзіцца на левае паўшар’е галаўнога мозгу, а правае паўшар’е, якое адказвае за асацыятыўнае мысленне, бяздзейнічае. Гэта значна змяншае пазнавальныя магчымасці навучэнцаў.

Дзейснасць метаду, прапанаванага Тоні Б’юзенам, складаецца ў тым, што інтэлект-карты прымушаюць уключацца ў работу адразу два паўшар’і мозгу, актывізуючы працэс разумення і запамінання новага.

“Ствараючы інтэлект-карты, я жадаў атрымаць універсальны інструмент для развіцця разумовых здольнасцяў, якім мог бы лёгка авалодаць любы чалавек, каб іх можна было б ужыць у любой жыццёвай сітуацыі”, – пісаў Тоні Б’юзен.

Такім чынам, інтэлект-карта – гэты графічны выраз працэсу мыслення. Як жа ствараць інтэлект-карты і якія іх адметныя асаблівасці? Маляваць інтэлект-карты можна на лісце паперы, ці пры дапамозе кампутарных праграм MindMaps або PowerPoint.

Асноўныя правілы такія: у цэнтры ліста малюецца цэнтральны аб’ект вывучэння (тэма інтэлект-карты), ад якога разыходзяцца галіны першага і другога ўзроўняў, дзе па прынцыпе іерархічнасці запісваюцца характарыстыкі прадмета вывучэння, ідэі і пытанні, звязаныя з ім. Важна, што на галінах першага ўзроўню знаходзяцца важнейшыя, значныя паняцці. Для паспяховага запамінання пры стварэнні інтэлект-карты важна выкарыстоўваць малюнкі, аплікацыі, графічныя знакі.

Таксама ў сувязі з асаблівасцямі работы паўшар’яў мозгу чалавека галіны рэкамендуецца размяшчаць па гадзіннікавай стрэлцы, маляваць іх выгнутымі, а не прамымі, выкарыстоўваючы пры гэтым розныя колеры. Колькасць галін – не больш за сем (большая абцяжарыць карту і зробіць яе вельмі заблытанай).

Кажучы пра станоўчыя якасці інтэлект-карт, трэба адзначыць іх нагляднасць, маляўнічасць, запамінальнасць. Працуючы над стварэннем такой карты-канспекта, навучэнцы не толькі набываюць навык вылучэння галоўнай інфармацыі, запаўняюць прабелы ва ўласных ведах, вучацца бачыць шматпланавасць пытання, але і раскрываюць свой творчы патэнцыял, шукаюць нестандартныя рашэнні праблемы.

Інтэлект-карта добрая яшчэ і тым, што яе можна папаўняць новай інфармацыяй. Створаная, да прыкладу, у пятым класе, карта будзе пашырацца, удасканальвацца, расці разам з вучнем. І калі для навучэнцаў сярэдняга звяна работа над інтэлект-картай – гэта своеасаблівая гульня з магчымасцю размаляваць, зрабіць аплікацыю, то для навучэнцаў старэйшага звяна інтэлект-карта – сур’ёзная дапамога ў падрыхтоўцы да экзаменаў, да цэнтралізаванага тэсціравання, у паўторы і замацаванні матэрыялу. 

Зыходзячы з уласнага вопыту, магу з упэўненасцю сказаць, што метад інтэлект-карт дае навучэнцам велізарныя магчымасці падчас навучання: павялічваецца працаздольнасць, хуткасць і аб’ём запамінальнай інфармацыі, паляпшаюцца ўсе віды памяці, развіваецца мысленне, інтэлект, гаворка, узбагачаецца слоўнікавы запас, фарміруюцца арфаграфічныя і пунктуацыйныя навыкі, павялічваецца паспяховасць.

Для настаўніка гэты метад карысны сваёй універсальнасцю. Інтэлект-карты можа выкарыстоўваць любы настаўнік-прадметнік на розных тыпах уроку. Інтэлект-карты дапамагаюць развіваць прадметныя і камунікатыўныя кампетэнцыі, творчыя здольнасці, пазнавальную дзейнасць вучняў, павялічваюць якасць ведаў і выніковасць работы педагога.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий