Ірына МІСАН,
настаўнік пачатковых класаў
сярэдняй школы № 26 Гродна
Кожнаму з нас ад нараджэння дадзена цудоўная здольнасць – здольнасць творчага ўяўлення, якая дазваляе выказаць уласную індывідуальнасць. Вялікай вобразнасцю валодае і наша мова, якая дае магчымасць для праявы і стварэння самастойных вусных і пісьмовых выказванняў, нават літаратурных твораў. Таму першыя зярняткі літаратурнай творчасці неабходна пасеяць на ўрадлівую глебу дзіцячай фантазіі з першых крокаў знаёмства вучня з кнігай і мастацкім творам, стварыць сітуацыю поспеху для развіцця творчага мыслення вучняў. Дзіця глядзіць на свет непаўторнымі вачыма. Гэты асаблівы погляд пры ўдалым кіраўніцтве з боку настаўніка дапаможа ў развіцці літаратурных здольнасцей вучня, дасць магчымасць выказваць свае думкі, спрачацца і разважаць.
У малодшым школьным узросце як мага больш увагі надаю развіццю вуснага маўлення дзіцяці. Гэта слуханне і абмеркаванне прачытанага, чытанне на памяць, пераказ знаемых літаратурных твораў, выразнае чытанне ўголас. Выкарыстоўваю заданні, арыентаваныя на развіццё маўлення, запрашэнне да размовы на разнастайныя тэмы, заахвочванне дзіцяці на выказванне сваіх думак. Чым часцей вучань пачатковых класаў будзе чытаць і разважаць над прачытаным у класе і дома, тым паўней і глыбей ён будзе разумець змест прачытанага і больш дакладна выказваць свае думкі. Прывяду прыклады такіх заданняў.
Пытанні для самых кемлівых: адно са слоў пытання ў сабе ўтрымлівае адказ. Для вучняў 1–2 класа пытанні могуць быць запісаны на дошцы і пазначаны словы, якія пакажуць адказ на пытанне. Вучні 3–4 класаў могуць успрымаць пытанні і знаходзіць адказы на слых.
Куды пайшла Алеся? (у лес)
Хто дапамагаў матулі гатаваць марынад? (Марына)
Хто сустрэў дзіця ля ракі? (рак)
Куды пойдзе працаваць садавод? (у сад)
Што бачаць людзі, калі сонца кладзецца спаць? (сон)
Які кусцік убачыў Міхась у лесе у верасні? (верас)
Што адляжаў сабе крот у глыбокай нары? (бок)
Дзіўныя скорагаворкі: вучні выдзяляюць у скорагаворцы словы, практыкуюцца ў яе чытанні і вымаўленні з рознай інтанацыяй.
ПросіцьЛоркаБоркувыгаварыцьскорагаворку.
ТатапапрасіўЯгоркувывучыцьскорагаворку.
Катокнітакклубокзакаціўукуток.
Загадкавая блытаніна: настаўнік разам з вучнямі чытае сказ, запісаны на дошцы. Прыйшласне жнаязі ма. Затым просіць вучняў адказаць, што ім было незразумелым. Вызначаецца, што ў сказах няправільна пазначаны межы слоў. Вучні фармулюць заданне: вызначыць, як правільна павінны быць запісаны словы ў сказах. Правільна аформленыя і выразна прачытаныя сказы могуць быць пачаткам уласных апавяданняў і казак вучняў.
Прыклады сказаў для гульні:
У асін нікучы рванею цьшапач кіпа дасінавікаў. (У асінніку чырванеюць шапачкі падасінавікаў.)
У промняхсон цабліс нулічырв оныяаг еньчыкіж уравін. (У промнях сонца бліснулі чырвоныя агеньчыкі журавін.)
Жаў рукоўлі чацьпер шыміпа с ланцамівя сны. (Жаўрукоў лічаць першымі пасланцамі вясны.)
Не парві ланцужок: сярод запісаных на дошцы слоў вучні выбіраюць тое слова, якое пачынаецца з апошняй літары папярэдняга. Пры праверцы выканання задання словы можна пісаць на дошцы і злучаць стрэлачкай. Напрыклад, вавёрка – арэх – хата і г. д. Заахвочваю вучняў праявіць фантазію і скласці сказы, у якіх былі б звязаны па сэнсе ўсе словы ланцужка.
рэчка, колер, акунёк (рэчка – акунёк – колер);
аловак, лісіца, колас, сокал (аловак – колас – сокал – лісіца);
барабан, агарод, неба, дыван (барабан – неба – агарод – дыван).
Дапамажы сказу “падрасці”: запрашаю вучняў складаць сказы такім чынам, каб кожны наступны сказ быў на 1–2 словы даўжэйшым за папярэдні, але не страціў свайго агульнага сэнсу. Напрыклад:
Надзейка чытае.
Надзейка чытае кнігу.
Надзейка чытае цікавую кнігу.
Надзейка чытае цікавую кнігу казак.
Надзейка чытае цікавую кнігу казак пра звяроў.
Надзейка чытае цікавую кнігу казак пра звяроў, а сябры слухаюць.
Апавяданне на адну літару: вучні складаюць сказы, а затым тэкст, у якім усе словы пачынаюцца з адной літары. Спачатку заданне выконваецца калектыўна: падбіраюцца словы на пэўную літару. Затым складаюць са словамі сказы і тэкст. Напрыклад:
Варона Варвара варыла варэнне. Верабей Васілёк верна вартаваў вар. Вяселыя вараняты выглядвалі вішанькі ў варэнні. Верагодна, вішнёвае варэнне вельмі вабіла варанят.
Працэс авалодання маўленнем ідзе праз усё жыцце чалавека. Мэтанакіраваныя заняткі па развіцці маўлення выпрацоўваюць уменне складаць лагічна пабудаванае вуснае выказванне на пэўную тэму з захаваннем арфаэпічна правільнага вымаўлення гукаў, садзейнічаюць разумоваму развіццю, прывучаюць сачыць за ўласнай мімікай і жэстамі, развіваюць вобразнае мысленне і творчыя здольнасці, выхоўваюць літаратурны густ.
У сістэме працы па развіцці маўлення важнае значэнне мае развіццё вобразнасці маўлення вучняў. Цікавае меркаванне В. Віткі: “Людзі, самі не заўважаючы, часта гавораць вобразамі: ідзе дождж, рэчка бяжыць.” Кожнае слова, якое вы ўжо ведаеце, тоіць у сабе не толькі назву рэчы або з’явы, у ім гучыць наша пачуццё, наш настрой. Узроставыя псіхалагічныя асаблівасці вучняў пачатковых класаў тлумачаць асабісты пазнавальны інтарэс да заданняў гульнёвага, творчага характару. У змест кожнага ўрока чытання ўключаю праблемныя заданні, якія абуджаюць цікаўнасць дзяцей і падштурхваюць да выказвання ўласных думак. Школьнікі павінны быццам прымерваць на свой жыццёвы вопыт тую сітуацыю, якая разгортваецца ў тэксце. Гэта перадумова сацыялізацыі і маральнага станаўлення асобы сродкамі літаратуры. Важна, каб маленькі чытач вучыўся не асуджаць героя, а ставіць сябе на яго месца, рабіць уласныя высновы і выкарыстоўваць іх у штодзённым жыцці.
Пытанні:
- Які ветлівы выраз паўтараецца ў вершы? Чаму? Якія словы ветлівасці вы ўжываеце ў штодзённым жыцці? Чаму неабходна быць ветлівым?
- Якая галоўная думка верша? Чаму ў жыцці, як піша аўтар, “усё залежыць ад шчырай дабраты”? Растлумачце сэнс прыказак:
Слова лечыць, слова і калечыць. Ласкавае слова – што ясны дзень. Слова міма не ляціць. Трапнае слова – мудрасці аснова. Будзь спярша выслухачом, а потым паведачом. Многа гаворана, ды мала сказана.
З мэтай актывізацыі пазнавальнай актыўнасці і развіцця творчых здольнасцей на ўроках літаратурнага чытання выкарыстоўваю гульні і гульнёвыя заданні.
Інтэрв’ю. Адзін з вучняў выконвае ролю журналіста. Ён уваходзіць у клас з імправізаваным мікрафонам у руцэ і на этапе падвядзення вынікаў задае вучням пытанне, якое датычыцца галоўнай думкі твора. Пры дапамозе настаўніка можа адбыцца абмен думкамі: ці хацелі б вучні быць падобнымі на герояў твора, што яны маглі б параіць герою, калі б сустрэлі яго і г. д. Спачатку ролю журналіста выконвае настаўнік і дае дзецям узор падобнай гутаркі.
Блытаніна. Настаўнік наўмысна спалучае ў адным урыўку часткі розных мастацкіх твораў. Вучні павінны здагадацца і назваць кожны твор і аўтара.
Дружная група. Клас падзяляецца на некалькі груп. За вызначаны час яны павінны прачытаць апавяданне, падзяліць яго на часткі, а потым пераказаць так, каб у пераказе ўдзельнічала ўся група.
Пяціхвілінка эрудытаў. Вучні розных груп па чарзе задаюць пытанні па змесце твора, добра знаёмага дзецям. Гульня можа праводзіцца на этапах праверкі дамашняга задання і падвядзення вынікаў урока.
Падказка вокладкі. Загадзя рыхтуецца некалькі кніг з добрым мастацкім афармленнем вокладкі. Вучні ўважліва разглядаюць вокладку кнігі, чытаюць назву і спрабуюць здагадацца, пра што пойдзе гутарка ў кнізе. Гульнёвае заданне карыснае для трэніроўкі ўмення прагназавання зместу па загалоўку, ілюстрацыі і пачатку твора.
Зярняткі літаратурнай творчасці чакаюць сустрэчы з урадлівай глебай дзіцячай фантазіі. Поспехаў на ніве роднай мовы і багатага ўраджаю!