Аляксей САНЦЭВІЧ,
вучань 9 “А” класа
Казлоўшчынскай сярэдняй школы
Дзятлаўскага раёна
Канікулы – гэта час, якога заўсёды з нецярпеннем чакаеш. За тыдзень трэба паспець шмат: расслабіцца, пагуляць, сустрэцца з сябрамі, дапамагчы бацькам, паглядзець цікавы фільм. Акрамя мноства карысных рэчаў, мы з аднакласнікамі знайшлі час, каб дапамагчы нашай прыродзе.
Праз нашу вёску Казлоўшчына працякае рэчка Трыцаўка. Адпачываць каля ракі любяць і дарослыя, і дзеці: лавіць рыбу, сядзець на мосце, боўтаючы нагамі ў вадзе, глядзець на плаціны, пабудаваныя бабрамі. Але, на жаль, не ўсе пасля адпачынку імкнуцца прыбраць смецце і пакінуць нашу раку чыстай. Таму падчас канікул мы вырашылі правесці акцыю “Чыстая рака без смецця”. Смецце рассартавалі па пакетах: у адны паклалі пластыкавыя бутэлькі, у іншыя – шкляныя. Па магчымасці дасталі з вады палкі, прыбралі прылеглую тэрыторыю ад галінак.
Мы вярнуліся дадому стомленыя і шчаслівыя, ведаючы, што зрабілі добрую і карысную справу.