Ларыса НАРБУТОВІЧ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Яслі-сад г.п.Мір”
Карэліцкага раёна
Родная мова з’яўляецца формай існавання і захавання народных традыцый, звычаяў, духоўных скарбаў, спосабам і сродкам развіцця нацыянальнай культуры.
Мы павінны абараняць нашу мову, не саромецца яе, паважаць яе самі, а таксама прывіваць любоў і павагу да яе нашым дзецям. “Трапяткая і сіняя, як васілёк, і гарачая, як прамень”, – так гаварыў пра родную мову наш славуты пісьменнік і паэт Уладзімір Караткевіч.
Праблема далучэння дзяцей да нацыянальнай культуры, да роднай мовы набывае асаблівую актуальнасць у сувязі з агрэсіўным уплывам масавай культуры і стратай прадстаўнікамі розных народаў духоўнай сувязі са сваёй нацыянальнай культурай, сваёй роднай мовай. Менавіта зараз, ва ўмовах духоўнага крызісу, узрастае неабходнасць далучэння дзіцяці да этнакультурных нацыянальных каштоўнасцей, стварэння ўмоў для фарміравання этнічнага самаўсведамлення маленькага грамадзяніна, выхавання ў яго ўмення з павагай і ўдзячнасцю адносіцца да стваральнікаў гэтых каштоўнасцей, жадання творча і асэнсавана іх засвойваваць.
З гэтай мэтай у нашым яслях-садзе г.п.Мір ужо чацвёрты год, пачынаючы з першага малодшага ўзросту, працуе беларускамоўная група. Усе зносіныў групе ажыццяўляюцца толькі на роднай мове, з малых гадоў выхаванцы далучаюцца да беларускай культуры і гісторыі.
Каб забяспечыць максімальна спрыяльныя ўмовы для развіцця маўленчых навыкаў, далучэння выхаванцаў да беларускай культуры, у групе створана адпаведнае прадметна-прасторавае асяроддзе з апорай на нацыянальны кампанент, якое ўключае ў сябе разнастайныя матэрыялы для знаёмства дзяцей з фальклорам, святамі і абрадамі беларусаў, з гісторыяй, традыцыямі, бытам беларускага народа, з прыродай, прамысловасцю, славутасцямі, знакамітымі людзьмі Беларусі, дзяржаўнымі сімваламі краіны, з гісторыяй і жыццём, знакамітымі землякамі малой радзімы і г.д.
З дапамогай бацькоў і педагагічных работнікаў асяроддзе папоўнілася беларускімі дыдактычнымі гульнямі, тэматычнымі дапаможнікамі, творамі дзіцячай беларускай літаратуры і вуснай народнай творчасці.
Нельга вывучаць родную мову прымусова, яна павінна ўвайсці ў сэрца дзіцяці непрыкметна. Найбольш каштоўны матэрыял для гэтага – творы вуснай народнай творчасці. Каб зацікавіць дзяцей да ўспрымання твораў, заахвоціць да паўтарэння і запамінання слоў, суправаджаем расказванне твораў паказам нагляднасці: цацак, малюнкаў, прадметаў побыту, прэзентацый.
У беларускім фальклоры шмат прыказак і прымавак. Дзеці з інтарэсам успрымаюць іх кароткі змест і павучальнасць. Падбіраюцца прыказкі па канкрэтнай тэме: пра Радзіму, працу, хлеб, поры года, з’явы прыроды, народныя прыкметы. З цікавасцю дзеці адгадваюць беларускія загадкі.
Вялікую ролю ў развіцці маўлення адыгрываюць гульні, паколькі праз іх дашкольнікі лёгка запамінаюць новыя словы, разумеюць сэнс гэтых слоў і выкарыстоўваюць іх потым у зносінах. Гэта маўленчыя гульні “Хто першы назаве?”, “Прыдумай сказ”, “Адзін ці шмат?”, “Хто жыве ў казцы?”, “Скажы наадварот”, “Перакладчыкі” і дыдактычныя гульні “Апрані ляльку”, “Паедзем у край родны”, “Складзі карту Рэспублікі Беларусь”, “Беларускія народныя рамёствы” і інш. Асаблівае месца займаюць народныя гульні, бо яны адлюстроўваюць народныя традыцыі, характар народу, дапамагаюць дзецям лёгка і непрымусова запамінаць і ўжываць родную мову. Дзеці з задавальненнем гуляюць у такія гульні, як “Жмуркі”, “Гарлачык”, “Запляціся, пляцень”, “Лясь-лясь, уцякай”, “Вожык і мышы”, “Грушка”, “Фарбы” іінш.
У якасці сувязнога звяна паміж гульнявой і актыўна-маўленчай дзейнасцю ў адукацыйным працэсе шырока выкарыстоўваюцца розныя віды тэатральна-гульнявой дзейнасці. Вельмі прывабліваюць выхаванцаў гульні-драматызацыі па сюжэтах вершаў, беларускіх народных казак, напісаных у дыялагічнай форме. Дзеці лёгка запамінаюць беларускія словы, якія вымаўляюць героі твораў, ужываюць іх падчас драматызацыі, а потым і ў паўсядзённым жыцці.
Асабліва малым падабаюцца заняткі ці святы, якія праводзяцца ў музейным кутку “Сялянская хата”. Там дзеці знаёмяцца з прыладамі працы, бытавымі рэчамі, якімі калісьці карысталіся іх бабулі і дзядулі. Таксама ў музейным кутку ёсць выстава вырабаў беларускіх рамёстваў. Усе экспанаты па драбніцах збіралі супрацоўнікі дзіцячага садка.
Ужо стала традыцыяй правядзенне ў дашкольнай установе беларускіх свят “Дажынкі”, “Каляды”, “Шчодрык”, “Гуканне Вясны”, “Камаедзіца”, “Вялікдзень”, “Купалле” і інш. Праз іх не толькі поўніцца і актывізуецца беларускі слоўнік дзяцей, выхоўваецца любоў і павага да роднай мовы і культуры, але і спасцігаецца светапогляд, душа, мудрасць, гумар, таленавітасць, майстэрства народа.
Да правядзення свят, забаў і іншых мерапрыемстваў далучаюцца і бацькі выхаванцаў. Усім вядома, што любая сумесная праца ў сям’і спрыяе яе ўзмацненню, аб’яднанню, а калі яна дае яшчэ і веды пра сямейныя карані, то цэннасць гэтага працэсу ўзрастае ўдвая. З гэтай мэтай была арганізавана выстава сямейных генеалагічных дрэў “Мой радавод”. Многія сем’і праявілі творчы падыход да афармлення свайго радавода і прадставілі цікавыя работы для выставы. Таксама выхаванцы разам з бацькамі прымалі актыўны ўдзел у творчых выставах “Восеньскія фантазіі”, “Прырода Беларусі”, “Сямейныя захапленні”.
Хутка прыйдзе час, і сённяшнія дашкольнікі будуць вызначаць будучыню роднай краіны. Упэўнена, што нашы выхаванцы вырастуць годнымі грамадзянамі, будуць паважаць сваю мову і ганарыцца Радзімай. Бо нацыя толькі тады будзе жыць і развівацца, калі кожнае наступнае пакаленне будзе зберагаць нацыянальныя традыцыі і родную мову.