Ірына ПАНАСЕВІЧ,
выхавальнік Пархімаўскага
ясляў-сада – базавай школы
Бераставіцкага раёна
У працэсе распрацоўкі экалагічнай сцежкі “Падарожжа ў “Рамашкава”, якая размешчана на тэрыторыі Пархімаўскага ясляў-сада – базавай школы Бераставіцкага раёна, было прадугледжана стварэнне станцыі № 5 “Цуд-агарод”.
Экалагічная сцежка найбольш прывабная для дзяцей у цёплы час года. Калектыўная праца на агародзе прывучае іх да адказнасці за стан раслін, развівае працоўныя навыкі і аб’ядноўвае. Ужо да сярэдзіны лета выхаванцы могуць убачыць плён сваёй працы.
Аднак фарміраванне экалагічнай культуры – працэс бесперапынны: у зімовы час неабходна працягваць пашыраць веды пра культурныя расліны агарода. Таму выхавальнікамі быў распрацаваны наглядны дапаможнік “Цуд-агарод”. Невялік іўласны агарод з фетру ў выглядзе скрыначкі з градкай –проста знаходка для дапытлівых малых. “Цуд-агарод” або “Градка з фетру” падыдзе для выхаванцаў рознага ўзросту. З дзецьмі 3–4 гадоў можна замацоўваць веданне колеру, назвы агародніны і садавіны, распавесці, чым яны карысныя і чаму іх трэба есці, можна вучыць лічыць і інш.
Дзецям 4–6 гадоў агарод з фетру стане добрай дапамогай на занятках для развіцця маўленняў у такіх ролевых гульнях, як “Крама”, “Кухня”, “Агарод”. Дзіцяці цікава вырошчваць прадукты на сваёй градцы. З дапамогай нагляднага дапаможніка “Цуд-агарод” мы арганізоўваем дыдактычныя гульні “Знайдзі, пра што раскажу”, “Збяры агародніну ў кошык”, “Цудоўны мяшочак”, “Загадкі з градкі” і інш.
У працэсе гульняў дзеці замацоўваюць веды пра спосабы догляду за раслінамі, пра інструменты, неабходныя для гэтага, робяць высновы пра ўзаемасувязь стану раслін і дынамікі іх развіцця СА спрыяльнымі або неспрыяльнымі ўмовамі. У розны час года дзеці характарызуюць сезонныя змены ў свеце раслін: пасадку культур, збор ураджаю.
Агародніна і садавіна, пашытыя для агарода з фетру, будуць яшчэ і развіваць тактыльныя адчуванні. Гэта адна з галоўных пераваг цацак з натуральных матэрыялаў перад пластыкам.