Лэпбук “Турызм у чамадане” як сродак фарміравання ўяўленняў пра малую радзіму (на прыкладзе Смаргонскага раёна)

- 13:59Дошкольное образование. Идеи, Методичка

 

Наталля КУРАК,
загадчык
ДУА “Яслі-сад № 6 г. Смаргоні”,
Гродзенская вобласць

 

 

 

Пытанні захавання гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны асабліва актуальныя ў апошні час.

Установы дашкольнай адукацыі, з’яўляючыся першапачатковым звяном сістэмы адукацыі ў нашай краіне, прызначаны фарміраваць у дзяцей дашкольнага ўзросту эмацыянальна пазітыўныя адносіны да Радзімы – месца, дзе нарадзіўся і дзе жывуць родныя, да роднага дома, горада.

Знаёмства выхаванцаў з гісторыяй і культурай роднага краю – працэс працяглы і складаны. Ён не можа праходзіць ад выпадку да выпадку. Станоўчага выніку дапамагае дасягнуць укараненне ў адукацыйны працэс новых сродкаў навучання.

Своеасаблівым правадніком па дзіўным мінулым і сучасным Смаргонскага раёна з’яўляецца лэпбук “Турызм у чамадане”.

 

Лэпбук “Турызм у чамадане” складае альтэрнатыву традыцыйнаму. Гэта ўнікальны прадукт, які ўключае ў сябе 10 разнастайных дыдактычных, настольна-друкаваных гульняў, гульнявых пано. Кожная гульня размешчана ў скрыначцы (чамадане). Зменнасць гульняў дазваляе рабіць разнастайным напаўненне лэпбука і пастаянна падтрымліваць цікавасць дзяцей. Усе гульні забяспечаны тлумачальнымі запіскамі, у якіх змяшчаецца мэта гульні, апісанне правілаў гульні.

Поруч са знешняй эстэтыкай пры стварэнні гульняў улічвалася захаванне наступных прынцыпаў:

— улік узроставых асаблівасцей выхаванцаў;
— пасільнасць і даступнасць;
— шматфункцыянальнасць;
— варыятыўнасць.

 

Кубікі – лагічны рад “Стужка часу”

       Мэта: развіваць актыўнае пазнавальнае стаўленне да гісторыі роднага гораду, дапытлівасць, рэтраспектыўны погляд на прадметы, падзеі.

У набор уваходзяць карткі з заданнямі і шэсць кубікаў з выявамі на кожным з чатырох бакоў. Дзіцяці неабходна сабраць такую ж кампазіцыю, як на малюнку, пры гэтым працягнуць лагічны рад.

 

Даміно-палавінкі “Славутасці Смаргонскага раёна”

       Мэта: практыкаваць дзяцей у складанні цэлай карцінкі з асобных частак, замацаваць веды пра архітэктурныя будынкі, помнікі Смаргонскага раёна.

У набор уваходзяць 28 картак-палавінак са славутасцямі Смаргонскага раёна. Кожнаму гульцу раздаецца па 7 картак. Далей гульцы павінны паслядоўна выкласці карткі з аднолькавымі сутыкальнымі малюнкамі. Гульня выдатна развівае кемлівасць дзіцяці, уважлівасць і маторыку.

 

Краязнаўчае лато “Мой горад”

       Мэта: фарміраваць уяўленні пра значныя прадпрыемствы, будынкі горада, уменне апісваць іх знешні выгляд, прызначэнне; спрыяць развіццю пачуцця гонару за родны горад і людзей, якія ў ім працуюць.

Камплект складаецца з набора картак і фішак з тымі ж малюнкамі, якія маюцца на асноўных палях. Задача ўдзельнікаў – як мага хутчэй закрыць фішкамі выдадзеную картку.

 

Гульня на ўвагу “Дубль. Знайдзі пару”

       Мэта: пашырыць і сістэматызаваць веды дзяцей пра родны горад; развіваць увагу, рэакцыю, асацыятыўнае мысленне.

У камплекце 30 картак з выявамі, якія асацыіруюцца з родным горадам. Гульцам неабходна адшукаць аднолькавыя прадметы на розных картках. Пераможцам становіцца той, хто будзе самым хуткім і ўважлівым і зможа сабраць больш за ўсё картак.

У другім камплекце 36 картак з парнымі малюнкамі славутасцей. Карткі выкладваюцца ў некалькі радоў малюнкамі ўніз. Гульцы па чарзе адкрываюць па дзве карткі. Калі на іх намаляваны адзін і той жа аб’ект, гулец забірае іх сабе і адкрывае наступную пару. Калі малюнкі не супалі – гулец кладзе іх на месца малюнкамі ўніз, а ход пераходзіць да наступнага гульца. Гульня сканчаецца, калі разабралі ўсе карткі. У каго іх будзе больш – той і выйграў.

 

Галаваломка “Крыжыкі-нулікі”

       Мэта: развіваць лагічнае і стратэгічнае мысленне, маторыку, павагу да дзеянняў партнёра, творчае ўяўленне, увагу, памяць.

Класічная галаваломка “Крыжыкі-нулікі” выканана ў выглядзе мядзведзя – сімвала горада, з састаўнымі яркімі дэталямі. Задача гульцоў – выставіць тры аднолькавыя фішкі запар па гарызанталі, вертыкалі або дыяганалі. Хто першы выставіў, той і лічыцца пераможцам.

 

Пазл-панарама

       Мэта: развіццё вобразнага і лагічнага мыслення, увагі, успрымання; фарміраванне ўменняў адрозніваць асобныя элементы па колеры, форме, памеры, правільна ўспрымаць сувязь паміж часткай і цэлым.

Сюжэтам пазла сталі дзве архітэктурныя дамінанты Смаргоні: Спаса-Праабражэнская царква і Касцёл Святога Міхаіла Арханёла. Пазлы складаюцца з 90 дэталяў.

 

Паштовая картка-размалёўка

       Мэта: развіваць творчыя здольнасці, уменне выказваць сваё стаўленне да навакольнай рэчаіснасці ў прадуктыўнай дзейнасці.

У набор уваходзяць 8 па-сапраўднаму ўнікальных картак для размалёўвання з выявамі славутасцей, сімвалаў роднага горада, з адваротным бокам паштовай карткі, каляровыя алоўкі.

Дзецям патрэбна ўзяць алоўкі, выбраць адну з паштовых картак, размаляваць яе (можна карыстацца ўзорам), падпісаць, укласці ў канверт – і прыемны сюрпрыз гатовы.

 

Гульнявое пано “Млын”

       Мэта: развіваць вобразнае мысленне, памяць, логіку, увагу, слоўнікавы запас, камунікатыўныя навыкі.

У сярэдзіне мяшочка – карткі з асацыятыўнымі малюнкамі. Выхавальнік кладзе адну з картак у цэнтр млына. Астатнія ўдзельнікі па чарзе падбіраюць асацыяцыі да гэтай карткі, тым самым верцяць кола млына. Галоўная задача гульцоў – пошук рэчаў, якія адказваюць вызначаным характарыстыкам.

 

Мэтанакіраванае выкарыстанне лэпбука “Турызм у чамадане” у адукацыйным працэсе будзе спрыяць фарміраванню ўяўленняў пра:

— родны горад;
— славутасці малой радзімы;
— прадпрыемствы горада;
— беларускія народныя промыслы, прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий