Вішнеўская кругасветка  

- 15:11Наш музей, После уроков

Калі чалавек пачынае спазнаваць свой край, то варта пачынаць з гісторыі блізкай да сэрца мясціны, заклаўшы тым самым падмурак наступных ведаў. Паспрабуем і мы прайсці гэтым шляхам – даведаемся аб гістарычных, культурных і прыродных славутасцях і выдатных мясцінах Вішнеўскага мікрараёна.

Хто ў дзяцінстве не марыў здзейсніць падарожжа вакол свету? Верагодна, што жаданне пабываць у далёкіх краінах некалі спраўдзіцца, а пакуль, у першы летні дзянёк, васьмікласнікі рашылі адправіцца ў велападарожжа вакол Вішнеўскага возера. Дарэчы, назва яго паходзіць ад назвы няскошанай травы віш, якой густа зарасталі берагі возера. Шлях у Вішнеўскую “кругасветку” пачалі ад роднай школы. Па вуліцы Азёрнай накіраваліся да месца былога маёнтка, які ў другой палове ХІХ стагоддзя належаў вядомаму мовазнаўцу і фалькларысту Яну Карловічу. Тут бывалі жывапісец і скульптар Альфрэд Ромер, паэт і фалькларыст Адам Гурыновіч. Трывалая дружба звязвала Яна Карловіча і паэта-дэмакрата Францішка Багушэвіча. Паступова стары вішнеўскі маёнтак станавіўся культурным цэнтрам усёй ваколіцы. У Вішневе нарадзіўся вялікі польскі сімфаніст, гонар славянскай і беларускай музыкі Мечыслаў Карловіч. Дом Карловічаў быў разбураны ў гады Першай сусветнай вайны. Да нашага часу на беразе Вішнеўскага возера пад шатамі векавых дрэў захаваліся рэшткі падмурка колішняга панскага дома, а ў парку –  дуб у пяць абхватаў.

Неўзабаве, праехаўшы кіламетра паўтара ў паўночным напрамку, мы затрымаліся ля прыдарожнай капліцы Яна Хрысціцеля. Некалі прыгожая, збудаваная з чырвонай цэглы ў познебарочным стылі з элементамі ракако, сёння  каплічка знаходзіцца на рэстаўрацыі.

Дзень выдаўся сонечны, але ветраны. Круціць педалі становіцца ўсё цяжэй. Затрымліваемся паблізу вёскі Краснаазёрная,  ля  рэчкі Смолкі, якая злучае Вішнеўскае возера з возерам Свір. Мясцовыя жыхары расказалі, што раней вёска называлася Галоднічамі. Адкуль пайшла гэта назва, невядома. Магчыма, галадалі не аднойчы вяскоўцы: землі ж тут пясчаныя, неўрадлівыя. Выручала возера.

Рушым далей. Вось дарога зрабіла круты паварот управа. Абапал яе –светлы бор з густым чарнічнікам. Мы на тэрыторыі нацыянальнага парку “Нарачанскі”, аб чым сведчыць надпіс на шчыце. Хутка нас сустракае яшчэ адна азёрная вёсачка – Беражныя. Мы палюбаваліся маляўнічымі домікамі базы адпачынку “Вішнеўскае”, паспрабавалі разгледзець абрысы Вішнева на супрацьлеглым баку возера. Далей на нашым шляху лясная вёсачка Баравыя, ціхая і ўтульная. Прыгожыя мясціны ўпадабалі гараджане: нехта купіў апусцелую хату, а хтосьці ўзвёў шыкоўны дом. Нас зацікавіла шыльда на адным з дамоў. Аказваецца, у гады Вялікай Айчыннай вайны тут размяшчаўся штаб партызанскага атрада Суслава і Свірскі падпольны райкам КП(б)Б.

Нарэшце мы дабраліся да любімага месца адпачынку і мясцовых жыхароў, і прыезджых – Канькова берага. Ад колішняга жытла захаваўся толькі здзічэлы сад. Жыў тут некалі Пашкевіч Ясь, які славіўся вялікай сілай.  Успамінаюць, што ён мог падняць нават каня. Вось за незвычайную моц яго і празвалі Каньком, а бераг, дзе ён жыў – Каньковым. Ажаніўшыся, некаторы час ён жыў з жонкай у зямлянцы ў лесе на беразе возера. Пазней пабудаваў хату. На сабе цягаў бярвенне. Меў гаспадарку – шэсць кароў і быка. Але, бывала, сам запрагаўся ў плуг. Хаця  росту быў невялікага – крыху больш за паўтара метра, толькі рукі даўгаватыя. Вызначаўся сціпласцю, маўклівасцю, сілаю не выхваляўся. На Каньковым беразе мы вырашылі спыніцца, тым больш, што для адпачынку тут створаны ўсе ўмовы: пабудаваны альтанкі са сталамі і лаўкамі, маюцца спецыяльна адведзеныя месцы пад кастры, скрыні для смецця, адмыслова нарыхтаваныя леснікамі дровы. І увось ужо палае, іскрыцца  вогнішча. Ах, якая смачная спечаная ў прысаку бульба! Сала і сасіскі смажым на ражончыку. Падсілкаваўшыся, са смехам і жартамі катаемся па лясных сцяжынках на веласіпедах, гойдаемся на рыбацкіх лодках. А затым, уладкаваўшыся на лаўках, вырабленых з цэльнага дрэва, любуемся дзівоснымі краявідамі.

Але час працягваць падарожжа. Лясная звілістая дарожка вывела нас да хутара Бонда, адметнага тым, што тут адсутнічае электрычнасць. Тым не менш жыхары абыходзяцца без звыклых для нас выгод цывілізацыі, трымаюць гаспадарку і на жыццё не скардзяцца.

Ускраіны лесу ўздоўж і ўпоперак перарэзаны траншэямі, акопамі – маўклівымі сведкамі ліхалецця часоў Першай сусветнай вайны. Бліндажы, быццам шэрыя будынкі, панура ўзвышаюцца над наваколлем уздоўж дарогі, раз-пораз перагароджваючы нам шлях. Больш за 100 гадоў мінула з таго часу, а спакутаваная зямля не загаіла свае раны.

Да Вішнева ўжо рукой падаць. Нейкіх пару кіламетраў – і мы на тэрыторыі базы адпачынку. Чарговы  прыпынак – на Клімкавым беразе, маляўнічым, з празрыстай вадой, вельмі зручным для лоўлі рыбы. Жыў тут калісьці Гнутаў Кліменцій. Яшчэ за польскім часам выехаў ён з сям’ёй у Францыю, працаваў шахцёрам. Пасля Другой сусветнай вайны вярнуўся  з  жонкай  і сынам у родныя мясціны, пайшоў  паляводам у калгас, а пасяліўся на беразе возера. Нямецкія дзоты часоў Першай сусветнай вайны прыладзіў пад гаспадарчыя пабудовы: хлеў, лазню. Хата Гнутавых даўно разабрана і вывезена, а назва берага так і засталася. Непадалёку знаходзіцца крынічка, якую добраўпарадкавалі навучэнцы нашай школы.

Прыездам на Клімкаў  бераг і завяршылася наша “кругасветка”. Дзелімся ўражаннямі ад убачанага і пачутага, абмяркоўваем планы будучых падарожжаў. “А давайце ў наступны раз адправімся ў Свірскую “кругасветку!” – натхнёна прапаноўвае нехта з юных падарожнікаў.  

 

Нэлі ТУМАШ,
класны кіраўнік 8-га класа
Вішнеўскага ясляў-сада – сярэдняй школы
Смаргонскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий