Наталля ЛАЙГУРТ,
музычны кіраўнік
ДУА “Санаторны яслі-сад № 38 г. Мазыра”,
Гомельская вобласць
Адной з найважнейшых задач усебаковага развіцця дзіцяці з’яўляецца выхаванне музычнай культуры, асновы якой фарміруюцца ўжо ў дзіцячым садзе. Вырашыць гэту праблему можа толькі педагог, які валодае тэарэтычнымі ведамі ў музычнай педагогіцы і псіхалогіі, і які мае практычны вопыт.
У адпаведнасці з задачамі вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі мне як музычнаму кіраўніку неабходна дапамагчы дзіцяці разабрацца ў асаблівасцях музыкі як віду мастацтва, акцэнтаваць увагу дашкольніка на сродках музычнай выразнасці, спрыяць уменню адрозніваць музычныя творы па жанры, характары, тэмпе, рытме, чуць вышыню гукаў і тэмбр музычных інструментаў.
З гэтай мэтай у сваёй прафесійнай дзейнасці я ўжываю музычна-дыдактычныя гульні, якія, уздзейнічаючы на дзіця комплексна, развіваюць у яго глядзельную, слыхавую і рухальную актыўнасць, тым самым узбагачаючы музычны вопыт дашкольніка.
Я лічу, што педагагічная каштоўнасць музычна-дыдактычных гульняў у тым, што яны адкрываюць перад дзіцём практычна неабмежаваныя магчымасці і свабоду прымянення атрыманых ведаў у жыццёвай практыцы. Таму я распрацоўваю ўласныя музычна-дыдактычныя гульні, якія ў даступнай гульнявой форме развіваюць у выхаванцаў пачуццё рытму, тэмбравы і дынамічны слых, што складае аснову музычна-сэнсарных здольнасцей.
Прапаную вашай увазе аўтарскую музычна-дыдактычную гульню “Як звяры збіраліся на Масленіцу”. Гэтая гульня з поспехам можа быць выкарыстана як музычнымі кіраўнікамі, так і выхавальнікамі дашкольнай адукацыі.
Музычна-дыдактычная гульня “Як звяры збіраліся на Масленіцу”
Для дзяцей старэйшай групы (5–6 гадоў)
Задачы:
– замацоўваць уяўленні пра творы беларускага фальклору (або знаёміць з новымі);
– фарміраваць выканальніцкія навыкі і навыкі музычнай імправізацыі, цікавасць да музычнага фальклору;
– удакладніць і пашырыць уяўленні пра каляндарна-абрадавае свята Масленіца;
– развіваць ладавае пачуццё, гукавысотны і меладычны слых, пачуццё рытму, музычную памяць, уменне вызначаць музычны лад – мажор або мінор;
– выхоўваць пазітыўную матывацыю да гульнявой музычна-творчай дзейнасці, музычнага выканальніцтва.
Гульнявыя матэрыялы і абсталяванне: гульнявое поле “Лясная палянка”; мадэлі “Ёлка”, “Куст”, плоскасныя фігуркі Масленіцы, мядзведзя, ваўка, лісы, зайца, мышкі і жабы на падстаўцы; гукавышынныя музычныя інструменты (металафон, ксілафон), шумавыя музычныя інструменты (бубен, барабан, лыжкі і інш.); музычныя творы беларускага фальклору ў аўдыёзапісах; карткі з рытмічнымі малюнкамі, піктаграмы да заданняў, карткі-смайлы для вызначэння характару музыкі, фішкі-смайлы, карткі з загадкамі.
Гульнявыя правілы. У гульні могуць удзельнічаць шэсць і больш дзяцей. Дарослы – вядучы. Пасля тлумачэння педагогам мэты гульні, гульцы па чарзе выконваюць заданні ў адпаведнасці з абранымі ў выпадковым парадку піктаграмамі. Чарговасць выканання заданняў гуляючымі залежыць ад таго, хто першы адгадае загадку (6 загадак), усе наступныя гульцы выбіраюць героя па жаданні і таксама выконваюць заданні ў адпаведнасці з піктаграмай. Гульня працягваецца да таго часу, пакуль усе героі не апынуцца на палянцы або пакуль не будуць выкарыстаныя ўсе піктаграмы.
За правільна выкананае заданне дзеці атрымліваюць фішкі-смайлікі. Выйграе той, у каго атрымаецца больш за ўсё фішак.
Заканчваецца гульня сумеснай гульнёй усіх удзельнікаў на музычных інструментах ў рытмічным аркестры.
Гульнявыя дзеянні: вызначэнне настрою музычнага твора (урыўка з яго), суаднясенне настрою з ладам (мажор – мінор) і адпаведнай карткай-смайлам; вакальная імправізацыя песенькі персанажа ў розных рэгістрах у адпаведнасці з вобразам; інструментальная імправізацыя рухаў персанажа ў адпаведнасці з вобразам; прайграванне пэўных рытмічных паслядоўнасцей на інструменце з праспяваннем доўгіх і кароткіх гукаў на склады “та”–“ці”; гульня ў рытмічным аркестры музычнага суправаджэння музычнага твору у пэўным рытме, тэмпе ў адпаведнасці з характарам музыкі.
Падрыхтоўка гульні. Аповед пра свята Масленіца, развучванне песні “А ў нас сёння Масленіца”, праслухоўванне рознахарактарных музычных твораў (мажор – мінор), стварэнне вакальных і інструментальных імправізацый у адпаведнасці з вобразамі розных гульнявых персанажаў, знаёмства са значэннямі піктаграм.
Гульнявое заданне “Вызначы настрой”.
Дзіця павінна адгадаць, у якім настроі быў той ці іншы гульнявы персанаж перад тым, як адправіўся на лясную палянку. Гулец вызначае на слых ладавую афарбоўку музычнага ўрыўка і выбірае адпаведную картку-смайл.
Гульнявое заданне “Накармі блінамі”.
Па шляху на святкаванне Масленіцы дзіця павінна накарміць гульнявога персанажа блінамі. Для гэтага неабходна правесці яго па дарожцы са слядоў рознага памеру, якія мадэлююць рытмічны малюнак. Гулец павінен сыграць рытм на металафоне, прамаўляючы пры гэтым рытмічны малюнак карткі на склады “ці”–“та”.
Гульнявое заданне “Праспявай песеньку”.
Гульнявы персанаж адпраўляецца на палянку і па дарозе спявае песеньку “А ў нас сёння Масленіца”. Гулец павінен праспяваць песеньку голасам персанажа ў пэўным рэгістры, тэмпе, у адпаведнасці з характарам гульнявога вобразу
Гульнявое заданне “Хто як ідзе”.
Дзіця павінна сыграць на музычным інструменце (па выбары) як гульнявы персанаж ідзе на свята Масленіцы. Гулец выконвае інструментальную імправізацыю ў адпаведнасці з характарам гульнявога вобразу.
Ход гульні
Гуляе падгрупа дзяцей. Дарослы размяшчае на стале гульнявое поле, якое паказвае лясную палянку, выстаўляе на ёй мадэлі “Ёлка”, “Куст”, плоскасную фігурку Масленіцы. Асобна размяшчаюцца гукавышынныя і шумавыя музычныя інструменты, фігуркі звяроў, якія прымуць удзел у святкаванні Масленіцы, карткі з загадкамі для дарослага, піктаграмы, рытмічныя карткі са слядамі, карткі-смайлы і фішкі-смайлы.
У пачатку гульні дарослы паведамляе, што на палянцы ў лесе адбудзецца свята Масленіцы, да правядзення якога ўсё гатова, толькі няма гасцей. Неабходна дапамагчы ўсім гульнявым персанажам дабрацца да месца святкавання, выканаўшы пры гэтым пэўныя заданні.
Далей па чарзе дарослы загадвае загадкі пра лясных жыхароў. Дзіця, якое першым адгадала загадку, бярэ фігурку персанажа, затым у выпадковым парадку выбірае піктаграму і выконвае заданне з гэтым персанажам у адпаведнасці з піктаграмай. За правільна выкананае заданне атрымлівае фішку-смайлік.
Гульня працягваецца з наступнымі гульнявымі персанажамі. Калі ўсе загадкі будуць разгаданы, гульня працягваецца па жаданні дзяцей. Усе наступныя гульцы выбіраюць любую фігурку персанажа і выконваюць з ім гульнявое дзеянне ў адпаведнасці з піктаграмай, атрымліваючы пры гэтым фішку-смайлік. Гульня працягваецца да таго часу, пакуль не будуць выкарыстаныя ўсе піктаграмы з заданнямі. Фігурку гульнявога персанажа могуць па жаданні выбраць як новыя гульцы, так і тыя, хто ўжо выканаў заданне. Падлічваецца колькасць фішак-смайлаў ва ўсіх удзельнікаў гульні, выбіраецца пераможца.
У канцы гульні ўсе ўдзельнікі гуляюць у аркестры музычнае суправаджэнне да аўдыёзапісу фальклорнага твора на дзіцячых музычных інструментах у рытме і характары музыкі.
Спасылка на архіў файлаў для самастойнага раздрукоўвання матэрыялаў гульні:
https://disk.yandex.by/d/TJ7TwWSlDQV83A