Як заўсёды, вельмі хутка праляцела лета. Яркія, поўныя святла і цяпла дні змяніліся шэранькімі, з дробным дажджом, больш падобнымі на вечар. Але цяплей на душы становіцца пры ўспамінах пра невялікія падарожжы, у якіх мне ўдалося пабываць мінулым летам.
Падчас адпачынку я здзейсніла некалькі паездак па Беларусі. Даўно ўжо клікалі ў госці старыя сябры, і я вырашыла, што час спыніць карміць іх абяцаннямі пра хуткую сустрэчу і перайсці да дзеянняў. Сумясціць падарожжа з сустрэчай з сябрамі – гэта і ёсць той самы выпадак, калі прыемнае спалучаецца з карысным.
Спачатку я вырашыла наведаць Гомель, дзе не была ўжо шмат гадоў. Ён сустрэў мяне шматколернасцю петуній і лёгкім, амаль нябачным дожджыкам. Здавалася, горад патанаў у кветках. Нягледзячы на працяглую спёку, яны выглядалі свежымі і дагледжанымі.
У Гомелі шмат прыгожых месцаў, але я хачу расказаць пра тое, якое зрабіла на мяне найбольшае ўражанне. Вядома, гэта знакаміты гомельскі парк. Ён быў заснаваны яшчэ ў XVIII стагоддзі Паскевічамі і Румянцавымі.
Парк размешчаны на беразе ракі Сож, і з двух бакоў яго абрамляюць залацістыя пляжы. Вельмі шмат зеляніны, столькі, што проста дзівіцца зрок. Гэта вербы, якія спускаюцца да набярэжнай, квітнеючыя магноліі, бярозы, таполі, ядловец, шаўкоўніца… Усё проста немагчыма пералічыць.
Дрэвы выдатна ўжываюцца з хмызнякамі і шматлікімі кветнікамі. Яны робяць вобраз парку цудоўным і непаўторным.
Мы доўга гулялі па набярэжнай. Тут шмат людзей. Хтосьці сядзіць на лаўцы, любуючыся відамі, хтосьці павольна ходзіць. Моладзь катаецца на скейтах і самакатах. Гучыць музыка вулічных музыкаў.
Вялікую цікавасць выклікаюць скульптурныя кампазіцыі. Напрыклад, знакаміты “Лодачнік”. Гэты помнік з бронзы прысвечаны першаму чалавеку, які прыплыў сюды па Сожы і які стаў заснавальнікам Гомеля. Першы гамяльчанін стаіць на ўвесь рост у лодцы на пляцоўцы, акружанай вадой. Побач з ім сядзіць рысь – сімвал горада.
З бронзы таксама адлітая скульптура князя Паскевіча з сабакамі. Лічыцца, што калі пагладзіць сабак па галаве, то абавязкова пашанцуе. Мабыць, з-за пастаяннай паліроўкі галовы сабак моцна адрозніваюцца па колеры ад астатніх частак цела. Што ж, калі гэта зробіць кагосьці больш шчаслівым, то хай гладзяць …
Палац Румянцавых і Паскевічаў – вядома ж, галоўная славутасць парку. Калісьці ў ім быў музей і Палац піянераў, куды ў дзяцінстве мой муж хадзіў у гурток авіямадэлявання, і яму ад гэтага гуртка далі пуцёўку ў “Зубраня”. Зараз тут толькі музей, наведаўшы які можна шмат чаго даведацца пра жыццё і дзейнасць не толькі нашых славутых землякоў, але і простых людзей.
Насупраць палаца ўсталяваны помнік Мікалаю Румянцаву, і тут жа знаходзіцца вялікі фантан. Каля яго шмат кветнікаў, лавак. Мы з задавальненнем пасядзелі на лаўцы перад фантанам, атрымліваючы асалоду ад зыходзячага ад яго лёгкага халадку.
Адыходзіць не хочацца, але неба хмурыцца, абяцаючы такі доўгачаканы дождж. Мы ўсё ж рызыкуем зрабіць яшчэ два кругі на коле агляду і спяшаемся дадому, разумеючы, што цяпер пабывалі менавіта ў тым месцы, куды захочацца вярнуцца.
“Падарожнічайце ў меру сваіх сіл і вольнага часу, але перш за ўсё па сваёй роднай краіне – яе мы да гэтага часу яшчэ як след не ведаем”, – пісаў Канстанцін Паўстоўскі. Магчыма, мае ўспаміны натхняць вас зрабіць экскурсіі са сваімі выхаванцамі ў розныя гарады Беларусі. У нашай краіне шмат прыгожых месцаў, пра якія мы нават і не дагадваемся.
Іна ХУДЗЯКОВА,
настаўнік рускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 7 Смаргоні