ШАГ: Валеўскі дзіцячы сад – сярэдняя школа Навагрудскага раёна  

- 15:13ШАГ

“Мая сям’я – маё багацце” – пад такой назвай у форме творчай гасцёўні прайшоў чарговы занятак у Школе Актыўнага Грамадзяніна для вучняў 5–7-х класаў Валеўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Навагрудскага раёна.

Творчая группа па падрыхтоўцы ШАГа, а гэта настаўнікі, вучні і бацькі, паставілі сваёй мэтай садзейнічаць выхаванню пачуцця любові і гонару за сваю сям’ю праз рэалізацыю наступных задач: спрыяць развіццю цікавасці да гісторыі сваёй сям’і, сямейных традыцый, радаслоўнай; фарміраваць станоўчыя адносіны і павагу да сем’яў аднакласнікаў; стварыць умовы для аб’яднання класнага калектыву, калектыву вучняў і бацькоў.

Гасцямі праекта сталі шматдзетная маці А.А.Лісіца, якая ўзнагароджана ордэнам Маці, і вучаніца 10-га класа Я.Хоміч. Пад песню “Родительский дом”, якую можна лічыць гімнам сям’і, вучні вызначылі сваю шкалу каштоўнасцей, у якой першае месца было аддадзена сям’і, а потым будавалі асацыятыўны рад. Прысутныя пазнаёміліся з урыўкамі з сачыненняў-разважанняў дзяцей “Сям’я ў маім жыцці”.

Звярнулі ўвагу на тое, як клапоціцца наша дзяржава пра дабрабыт беларускіх сем’яў, якую падтрымку атрымоўваюць асабліва шматдзетныя сем’і.

Удзельнікі гасцёўні прэзентавалі свае радаводы, прадставілі, адкуль іх карані. Асабліва ўразілі ўсіх радавадам сваёй сям’і Іван і Яна Хомічы. Яны вывучылі сваю радаслоўную да сёмага калена са шматлікімі адгалінаваннямі; у іх сям’і, якая пераехала ў Беларусь з Казахстана, перапляліся рускія і татарскія карані.

Цікавай была старонка “Сямейныя традыцыі”. У ёй мы даведаліся, як ладзяцца сямейныя святы, дзеці паказалі і расказалі пра рэліквіі і заняткі, якія традыцыйна аб’ядноўваюць іх сем’і. Так, ў сям’і Яўсей гэта вязанне лялек кручком, у сям’і Пісарык – ландшафтны дызайн і арыгамі.

Падчас інтэрактыўнай гульні “Сонечныя праменьчыкі” дзеці выказалі шмат слоў удзячнасці сваім бацькам, бабулям і дзядулям, братам і сястрычкам, асобыя словы былі сказаны дарагім матулям. Вельмі крануў юных слухачоў расказ Аксаны Аляксандраўны Лісіца пра турботы і радасці сям’і, у якой гадуюцца шасцёра дзяцей.

З задавальненнем вучні паспрабавалі сябе ў ролі даследчыкаў і прадставілі свае “маленькія адкрыцці” у вывучэнні паходжання сваіх прозвішчаў і імён. Далей пагаварылі, якімі яны бачаць свае ўласныя сем’і ў будучым, калі стануць дарослымі.

Мы паспрабавалі закладасці падмурак, у аснове якога – любоў, шчасце, узаемаразуменне, сумленне і адказнасць. Няхай у кожнай нашай сям’і будзе лад і згода, а ў роднай Беларусі мір і спакой.

 

Тамара СУРАГА,
настаўнік гісторыі, класны кіраўнік 6-га класа
Валеўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий