Вадроўка па маршруце “Масты – Навагрудак – Лаўрышаўскі манастыр – Мірскі замак – Масты”  

- 13:15Вояж, После уроков

Падчас канікул вучні і настаўнікі сярэдняй школы № 2 Мастоў адправіліся па маршруце Масты – Навагрудак – Лаўрышаўскі манастыр – Мірскі замак – Масты.

Рыхтаваліся да экскурсіі мы грунтоўна: з дапамогай інтэрнета загадзя азнаёміліся з мясцінамі, якія вырашылі наведаць.

Раніца выдалася сонечнай, цёплай. Настрой – прыўзняты. Па дарозе нас сустракалі залатыя жытнёвыя палі, дзе спрытна хаваліся валошкі, сапраўдныя кукурузныя плантацыі, паветраныя волаты – электрастанцыі.

Пра тое, што хутка будзе Навагрудак, казалі шматлікія ўздымы і спускі па дарозе, бо гэтыя мясціны незвычайна багатыя і прыгожыя сваімі гарыстымі краявідамі.

         Навагрудскі замак

Тое, што мы ўбачылі, калі выйшлі з аўтобуса, захапіла нас! Перад намі адкрылася Замкавая гара з паўразбуранымі вежамі. Фота на паштоўках і ў інтэрнеце ніяк не могуць параўнацца з рэальнасцю. Нам так хацелася дакрануцца да старажытных сцен вежаў, але…“Праход забаронены! На гары ідуць рэстаўрацыйныя работы”. Добра, што нашы людзі ўмеюць разумець і спачуваць. Рабочыя дазволілі нам хуценька прабегчыся па гары. Ух, дух захоплівае ад убачанага! Старажытныя муры, парослыя імхом… Яны бачылі і нямецкіх крыжакоў, і Давыда Гарадзенскага, і легендарнага Гедыміна…  Якія краявіды адкрываюцца навокал, калі глядзець зверху на Навагрудак! А вунь і касцёл, у якім хрысцілі Адама Міцкевіча!

А потым было наведванне музея і кургана паэта, гары Міндоўга, алеі ліхтароў, помніка святому прападобнаму Елісею Лаўрышаўскаму. Менавіта ад яго мы накіраваліся ў Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр. Цяпер мы былі ў статусе паломнікаў.

Касцёл, у якім хрысцілі Адама Міцкевіча

Адпраўляючыся ў паломніцтва, многія мараць сустрэцца з цудам, знайсці адказы на многія хвалюючыя іх пытанні, запазычыць для сябе новыя духоўныя сілы, а хтосьці – зразумець, што такое вера і што значыць Бог. Вось і мы марылі пра тое ж.

Нарэшце наш аўтобус зноў спыніўся. Вёска Гнесічы – на адным баку Нёмана, мужчынскі манастыр – на другім баку ракі ў сасновым лесе. Да яго вядзе магутны драўляны мост. З трапяткім сэрцам выходзім з аўтобуса і ступаем на святую зямлю.

Па-іншаму назваць яе нельга, бо менавіта тут у сярэдзіне XIII стагоддзя святым прападобным Елісеем на беларускіх землях быў заснаваны першы мужчынскі манастыр. Менавіта сюды простым манахам пайшоў князь літоўскі Войшалк. Менавіта тут, меркавана ў 1329 годзе, было напісана Лаўрышаўскае Евангелле, упрыгожанае шматлікімі каляровымі мініяцюрамі. Менавіта тут у пачатку XVI стагоддзя дзейнічала адзіная ў акрузе школа для сялянскіх дзяцей, была адкрыта бібліятэка, якая налічвала больш за 300 тамоў кніг, дзейнічаў друкарскі дом. Колькіх людзей акарміла Лаўра! Колькі малітваў узнеслася да неба з гэтага святога месца!

У асяроддзі векавых соснаў перад намі паўстаў манастыр: сціплы, ціхі, спакойны на першы погляд. Але чым далей мы паглыбляліся ў яго валоданні, тым велічней ён станавіўся!

               Мост праз Нёман

Затаіўшы дыханне, мы слухалі аповед іераманаха Ісіхія, які не пашкадаваў дзеля нас свойго каштоўнага часу. Яшчэ зусім малады чалавек, а якія глыбокія ў яго вочы, колькі ў іх святла, дабра і цяпла. І, галоўнае, на ўсіх нас, паломнікаў, хапае яго любові і цярпення!

Пабываўшы ў Белай Лаўры, разумееш, што больш нікуды табе ехаць і не трэба. Бо тут, па задумцы яго стваральнікаў, будуць сабраныя ўсе 33 праваслаўныя святыні ў вобразе каплічак. Адна каплічка – адзін цуд! Хочаш наведаць Свята-Троіцкі Серафіма-Дзівееўскі жаночы манастыр? Калі ласка! Адна з каплічак сустракае цябе прывітаннем з Дзівеева. Хочаш пабываць на Святой Зямлі? Калі ласка! Іерусалімская каплічка з зямлёй з Іерусаліма. Хочаш памаліцца на святой зямлі Сергія Раданежскага? Вось табе каплічка Сергія Раданежскага са святымі дарамі. А яшчэ Валаамская, Елісея Лаўрышэўскага, Георгія Перамоганосца, Нябесных Сіл Бясплотных, Афонская, Жыровіцкая… Усе 33 каплічкі будуць складаць Алею Праваслаўных Святынь. Будуць, таму што праца толькі пачалася, пабудавана сем каплічак, тры чакаюць свайго завяршэння, астатнія – толькі ў планах. Але ўжо цяпер яны акружаны святой канаўкай, дно якой пасыпана зямлёй са знакамітай канаўкі Дзівееўскага манастыра. А тая зямля аблашчаная самой Найсвяцейшай Багародзіцай! Ідзеш па канаўцы, узносіш малітвы Божай Маці і адчуваеш яе прысутнасць… Разумееш, што ўсе твае просьбы пачутыя. І гэта першы цуд!

Прыходзіш да магілак іераманаха Даната і схіігумена Серафіма, просіш іх заступніцтва перад Богам. Прыхіляешся да помнікаў – і адчуваеш, што яны цёплыя! Яны – жывыя! Яны чуюць нас! Гэта другі цуд!

  Царква ў гонар іконы Божай           Маці “Уладзімірская”

Іераманах Ісіхій звоніць у званы. І цуд зноў здзяйсняецца! Мелодыя званоў, тоненькая, як валасок, пяшчотная, як ранішняя заранка, радасная, як сама любоў, раптам напаўняе тваю душу, кожную клетачку твайго цела… Слёзы самі па сабе прымушаюць плакаць вочы ад нейкай незвычайнай пяшчоты. А навокал – неабсяжныя прасторы некранутай прыроды. Здаецца, што кожная былінка, кожная кветачка, кожная травінка адклікаюцца на гэты звон. Так прачынаецца душа. Аказваецца, яна насамрэч ёсць!

А вось тое самае возера, у якім так любіў купацца схіігумен Серафім. А што ж у ім незвычайнага? Цудоўныя беласнежныя лілеі, радок акуратненькіх асінак і казачна мяккая вада. Глядзіце! А вось і драцянік у ёй плавае! Вы дзе-небудзь бачылі ў адкрытым вадаёме драцяніка? Мы – ніколі. Значыць, тут вельмі чыстая вада. Як і ўсё навокал. Паветра пахне палыном, воскам, мёдам. А вось і месца смерці схіігумена. Драўляны крыж, збіты без адзінага цвіка, і абразок святога Спірыдона Трыміфунтскага. Хочацца пакланіцца гэтаму месцу. Тут Гасподзь дараваў вялікаму схімніку вечны пакой. Калісьці Серафімушка, як яго называлі паломнікі, сам дараваў пакой сэрцам людзей, прымаючы іх дзясяткамі за суткі, выслухоўваючы іх споведзі і просьбы.

Сонейка паднялося высока. Вельмі хочацца піць. І, як у казцы, раптам перад табой вырастае каплічка са святой вадзіцай. Яна халодная, смачная. Хочацца праспяваць хвалебную песню Багародзіцы. Голас льецца, як святая вадзіца. Ці гэта не цуд?

Вы дзе-небудзь сустракалі храмы-купелі, дзе падчас хрышчэння святар цалкам акунае ў святую ваду немаўля, дзе любы паломнік можа акунуцца ў святую купель? Тут такі храм ёсць. Ён асвечаны ў гонар іконы Божай Маці “Жываносная крыніца”. А ў яго алтары знаходзяцца мошчы, як мяркуецца, святога прападобнага Елісея, знойдзеныя падчас раскопак на месцы будаўніцтва манастыра. Гэта яшчэ адзін цуд.

12 жніўня ў манастыры збіраецца шмат вернікаў. Гэта дзень святкавання адраджэння Лаўры. Тут заканчваецца вялікі хросны ход, які бярэ пачатак з Навагрудка. На працягу ўсяго шляху паломнікі на сабе нясуць крыж, як сімвал пакут Ісуса Хрыста і сімвал ачышчэння ад грахоў. Яго ўсталёўваюць каля адной з каплічак. Колькі крыжоў у манастыры ўздоўж святой канаўкі, столькі хросных хадоў было здзейснена ў святую мясціну. Кульмінацыяй свята становіцца Боская Літургія ля храма ў гонар абраза Божай Маці Уладзімірскай. Тут жа на вуліцы ўсталяваны і святы алтар. Вось дзе сапраўды зліваюцца ў малітве Неба і Зямля! І гэта таксама цуд.

          Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі                      мужчынскі манастыр

Боскай ласкай з’яўляецца і сам храм у гонар прападобнага Елісея Лаўрышаўскага, сэрца манастыра. Справа ў тым, што ў гады Першай сусветнай вайны ў 1915 г. манастыр быў знішчаны і спыніў сваё існаванне. Калі было прынята рашэнне пра яго аднаўленне ў 1997 годзе, паўстала пытанне: а дзе будаваць галоўны храм? Дзе было яго ранейшае месца? Адказам на пытанне стаў куст бэзу, які пышна рос сярод соснаў. Захавалася паданне, што на месцы разбуранага ў гады вайны алтара храма, адным з манахаў быў пасаджаны куст бэзу. У пабудаваным новым храме знаходзіцца цудатворны абраз святога прападобнага Елісея Лаўрышаўскага, каля якога адбываюцца розныя цуды. Храм невялікі, але такі ўтульны, цёплы, родны, святочны, як велікоднае яечка!

На тэрыторыі манастыра адкрыта новая экалагічная сцежка “Праз тварэнне да Творцы” даўжынёю ў адзін кіламетр. Па ўсім яе маршруце ўстаноўлены спецыяльныя інфармацыйныя стэнды і даведнікі з QR-кодамі для арганізацыі адукацыйнай экалагічнай сцежкі. Гэта звесткі пра стан кампанентаў навакольнага асяроддзя, экалагічныя праблемы, пра задачы па іх вырашэнні. Чым не падстава прывезці сюды навучэнцаў для пазнавальнай духоўна-біёлага-экалагічнай экскурсіі? Зараз зразумела, чаму ў манастырскім возеры жыве драцянік, а вада ў ім незвычайна мяккая. Вось вам яшчэ адзін цуд!

Пры манастыры створана праваслаўнае брацтва ў мэтах ажыццяўлення дабрачыннай дзейнасці, рэабілітацыйна-маральнай асветы і выхавання, дзейнасці па вызнанні і распаўсюджванні праваслаўнай хрысціянскай веры. Манастырская брація (усяго восем манахаў) ажыццяўляе актыўную падтрымку сем’ям, якія ўсынавілі дзяцей. Праводзіць для іх семінары, тэрапеўтычныя заняткі, сходы. Тут функцыянуе рэабілітацыйны цэнтр для людзей, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. З дапамогай працатэрапіі і ўдзелу ў царкоўных таінствах яны вяртаюцца да жыцця.

       За манастырскай трапезай

А яшчэ тут выпякаюць хлеб, вырабляюць сыры, сметанковае масла, гаючыя бальзамы, гідралаты, мыла, займаюцца зборам траў, мёду. Ці гэта не цуд?

А манастырскай трапезе – асаблівая ода! Смачней яе нічога на свеце няма! Ніякія заморскія смачнасці не параўнаюцца з лаўрышаўскай бульбяной тоўчанай кашай, салатай з маладых гурочкаў і капусткі, рыбным супчыкам, свежаспечаным хлебам, грушавым узварам! Таму што ўсё зроблена з малітвай, асвечана Богам!

Вы б бачылі вочы дзяцей, калі яны слухалі, глядзелі і ўсведамлялі ўсё, што сустрэла іх у гэтым святым месцы. Хочацца верыць, што душы іх памацнелі, сэрцайкі сталі мякчэй і з’явілася адказнасць за кожны свой крок і ўчынак.

            Каля сцен Мірскага замка

А далей быў Мірскі замак – гісторыка-археалагічная жамчужынка Навагрудчыны. Пасля духоўнага цуда – мірское. Няўжо чалавеку пад сілу стварыць такую прыгажосць, аб’яднаць велічнасць, моц і прыгажосць? Вялікі дзякуй работнікам музея за незвычайныя, багатыя экспазіцыі, за праведзеную экскурсію, за той святочны настрой, які яны нам падарылі! Мы аблазілі ўсе вежы, у нас нылі калені, балелі ногі, але мы павінны былі ўсё ўбачыць. І мы ўсё ўбачылі!

Вяртаючыся дадому, мы ўсе ў адзін голас казалі: сюды трэба вярнуцца яшчэ не адзін раз. Аднаго дня на ўсё недастаткова! Але мы былі бясконца шчаслівыя! Наша Беларусь – незвычайная краіна! Лепш за яе няма ні на Захадзе, ні на Усходзе! І як казаў Уладзімір Караткевіч:

На Беларусі Бог жыве…
Нам ёсць, што піць,
З падмосткаў ліць,
Чым палі свае акрапіць,
А як давядзе, то ёсць нам дзе
І ворага ўтапіць…

Наталля ГАНЦЭВІЧ, Людміла ШАЛЕСНАЯ
класныя кіраўнікі 9 “Б” і 7 “В” класаў
ДУА «Сярэдняя школа № 2 г. Масты»

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий