Аксана ПАШКЕВІЧ,
настаўнік гісторыі,
кіраўнік навуковага таварыства “ШАНС”
ДУА “Сярэдняя школа № 41 г. Гродна”
У сярэдняй школе № 41 Гродна створана навуковае таварыства навучэнцаў “ШАНС” – Школьная Акадэмія навуковага супрацоўніцтва.
Даследаванне з’яўляецца адным з найважнейшых спосабаў пазнання чалавекам навакольнага свету. Галоўная якасць любога даследчыка – умець адшукаць нешта незвычайнае ў звычайным, убачыць складанасці і супярэчнасці там, дзе іншым усё здаецца звыклым, ясным і простым.
Навуковае таварыства навучэнцаў “ШАНС” у сярэдняй школе № 41 Гродна – гэта добраахвотнае аб’яднанне педагогаў і школьнікаў, якія імкнуцца да больш глыбокага пазнання дасягненняў у розных галінах навукі, тэхнікі, культуры, да развіцця творчага мыслення, інтэлектуальнай ініцыятывы, самастойнасці, аналітычнага падыходу да ўласнай дзейнасці, набыцця ўменняў і навыкаў даследчай работы. У навуковага таварыства ёсць свая эмблема.
Для таго каб навучыць, абудзіць у дзяцей даследчы інтарэс і цікавасць, патрэбна мэтанакіраваная работа сярод усіх членаў. На папярэднім этапе неабходна вызначыць склад удзельнікаў навуковага таварыства. З гэтай мэтай у пачатку навучальнага года праходзіць тэставае апытванне вучняў на выяўленне ўзроўню інтэлектуальнага патэнцыялу і ўменняў, неабходных для заняткаў даследчай дзейнасцю.
На арганізацыйным паседжанні ўдзельнікі знаёмяцца з нарматыўнымі дакументамі і цыклаграмай даследчай дзейнасці, зыходзячы з гэтага плануюць работу. Наступным этапам з’яўляецца анкетаванне навучэнцаў па інтарэсах і выбар тэм для даследчай дзейнасці, замацаванне кіраўнікоў. У гэтай сумеснай рабоце поспех залежыць ад падрыхтаванасці кожнага з яе ўдзельнікаў. Відавочна, што асноўная доля адказнасці кладзецца на кіраўніка, які выконвае ў гэтым выпадку ролю вядучага, больш дасведчанага ўдзельніка.
Наступны этап – вызначэнне сферы даследавання (фармулёўка пытанняў, на якія хацелася б атрымаць адказы). Абавязковым з’яўляецца правядзенне метадычнай кансультацыі “Што такое навуковы праект і як яго падрыхтаваць? Выбар тэмы даследавання”. Выбар тэмы вызначаецца інтарэсамі самога даследчыка-вучня. Пры гэтым павінны быць улічаны рэальныя магчымасці выканання ім даследчай работы.
Для большасці школьнікаў выбар тэмы з’яўляецца вельмі цяжкім этапам. Часта яны выбіраюць занадта маштабныя або складаныя тэмы, раскрыць якія ў рамках вучэбнага даследавання немагчыма. Іншая крайнасць, калі вучань выбірае збітую тэму, якая невядома толькі для даследчыка-пачаткоўца. Таму пры выбары тэмы патрэбна дапамога навуковага кіраўніка.
Заняткі членаў навуковага таварыства “ШАНС” праводзяцца па неабходнасці калектыўна або індывідуальна пад кіраўніцтвам навуковага кіраўніка і кансультантаў, не радзей аднаго разу ў месяц, з запрашэннем псіхолага і бібліятэкара школы. Паседжанні праходзяць у форме круглага стала, трэнінгу, прадстаўлення праектаў, індывідуальных кансультацый педагогаў. Бібліятэкар вучыць працаваць з каталогам, навуковай літаратурай, развівае ўменні рабіць выпіскі, анатацыі, збіраць навуковую інфармацыю. Школьны псіхолаг развівае інтэлектуальныя ўменні і камунікатыўную культуру вучняў. Калі мы хочам, каб вучні ўмелі аргументаваць, прадстаўляць, дыскутаваць, даказваць сваю правату, весці дэбаты, ставіць пытанні, вырашаць праблемныя сітуацыі, неабходна развіць у іх інтэлектуальныя і камунікатыўныя навыкі.
У ходзе паседжанняў навучэнцы вывучаюць асноўныя патрабаванні да даследчай работы, знаёмяцца з правіламі афармлення праектаў і даследчых работ, вучацца правільна фармуляваць мэту, задачы, прадмет, аб’ект, актуальнасць тэмы, а таксама прадстаўляць работу. Асвятленне актуальнасці, як і фармулёўка тэмы, павінна быць дакладным і лаканічным. Неабходна аказваць дапамогу школьнікам у аналізе розных пунктаў гледжання ў літаратуры на даследаванне праблемы, у абагульненні даных, у фармулёўцы ўласнага погляду, прапаноўваць розныя падыходы, схемы, шаблоны для абагульнення інфармацыі.
Для развіцця пазнавальнай актыўнасці ў даследчай дзейнасці можна выкарыстоўваць сайт “ГлобалЛаб” (https://globallab.org/ru/#.YbcuyizP2Hs) – гэта бяспечнае анлайн-асяроддзе, у якім педагогі, навучэнцы і іх бацькі могуць прымаць удзел у сумесных даследчых праектах. Удзельнічаць у праектах можна на ўроку ў класе або дома, у групах або індывідуальна, з сябрамі, настаўнікам або бацькамі, у рамках выканання школьнага праекта.
На занятках ствараюцца праблемныя сітуацыі, падбіраюцца супярэчлівыя факты, цікавая інфармацыя, якая заахвочвае навучэнцаў да вывучэння таго ці іншага аб’екта. Семінарскія заняткі на тэмы “Выкарыстанне інфармацыйных рэсурсаў сеткі Інтэрнэт у арганізацыі даследчай работы”, “Як падрыхтаваць і аформіць тэзісы дакладу?” дапамагаюць арыентавацца ў вялікай колькасці матэрыялу на прасторах інтэрнэту.
Таксама адзін з асноўных напрамкаў работы таварыства ўключае ў сябе не толькі індывідуальную і групавую навукова-даследчую работу ў прадметных секцыях з навуковымі кіраўнікамі, але і ўдзел вучняў у навуковых канферэнцыях рознага ўзроўню. Удзельнікі “ШАНС” штогод удзельнічаюць у навукова-практычных канферэнцыях раённага ўзроўню (“Свет навукі: інтэлект, творчасць, культура”, “Вставай, страна огромная!”), гарадскога ўзроўню (“Культурны воблік горада”, “Гарадніца”, “Память в сердцах жива…”, “Фізіка вакол нас”), абласнога ўзроўню (“Край Гарадзенскі”, “Я пазнаю свет”, “Крыштальная Альфа”, конкурс навуковых біёлага-экалагічных работ, Каложскія адкрытыя абласныя навукова-адукацыйныя чытанні, конкурс навукова-тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі “ТэхнаІнтэлект”), рэспубліканскага ўзроўню (“Ад Альфы да Амегі…”), міжнароднага ўзроўню (“Вялікая Айчынная вайна 1941–1945 гадоў у гістарычнай памяці народа”, “Прыгажосць роднага краю”) і маюць за 2020/2021 навучальны год 9 дыпломаў I ступені, 6 дыпломаў II ступені, 17 дыпломаў III ступені. Таксама стала добрай традыцыяй штогадовае правядзенне школьнай навукова-практычнай канферэнцыі “Крок у будучыню”, на якой за два гады была прадстаўлена 31 навукова-даследчая работа.
Варта адзначыць, што многія педагогі нашай школы з вялікім энтузіязмам займаюцца даследчай работай з навучэнцамі. Такі від дзейнасці з’яўляецца эфектыўным спосабам дасягнення адной з найважнейшых задач сучаснай школы – навучыць дзяцей самастойна і творча думаць, атрымліваць веды, ставіць і вырашаць праблемы, выкарыстоўваючы звесткі з розных абласцей. Дзейнасць навуковага таварыства навучэнцаў “ШАНС” дапамагае раскрыць асабістыя інтарэсы кожнага ўдзельніка, арганізаваць псіхалагічна камфортную сітуацыю для самараскрыцця і творчага самавыяўлення асобы.