Францішка ГАБІС,
педагог дадатковай адукацыі
ДУА “Радунская сярэдняя школа”
Воранаўскага раёна,
Гродзенская вобласць
Праблема далучэння школьнікаў да гісторыка-культурнай спадчыны актуальная ва ўсе часы, паколькі яна закладвае асновы маральнага і патрыятычнага выхавання. Веданне свайго краю, яго мінулага і сучаснасці неабходна для непасрэднага ўдзелу ў яго пераўтварэнні, паколькі родны край – жывая, дзейная часцінка вялікага свету [3].
Вынікі анкетавання вучняў (выкарыстоўвалася “Методыка даследавання каштоўнасна-патрыятычных арыентацый навучэнцаў” І.Д.Лушнікава [2]) паказалі недастатковае валоданне інфармацыяй пра культурную і гістарычную спадчыну малой радзімы. Таму перад школай стаіць задача своечасовага абуджэння цікавасці да вывучэння роднага краю, прывіцця любові і беражлівых адносін да яго культурна-гістарычнай спадчыны.
Вопыт работы педагагічнага калектыву Радунскай сярэдняй школы паказвае, што далучэнне навучэнцаў да вывучэння і захавання гісторыі і культуры малой радзімы сення магчыма праз максімальна эфектыўнае выкарыстанне адукацыйных рэсурсаў музеяў.
Асноўная форма дзейнасці Народнага гісторыка-краязнаўчага музея, музея “Валуны крутых дарог мінуўшчыны” – экскурсія. У апошні час традыцыйная экскурсія змяняецца інтэрактыўнай за кошт укаранення нетрадыцыйных метадаў: тэатралізацыі, элементаў персаніфікацыі, дыялагічных зносін, віртуальнай экскурсіі. Асноўная мэта – не проста прад’явіць наведвальніку музея прадметны свет мінулага, але паказаць узаемадзеянне чалавека з гэтым светам, уцягнуць яго ў дзеянне, адчуць характэрныя асаблівасці музейнага гісторыка-культурнага асяроддзя.
Персаніфікацыя (ад лац. “persona” твар, увасабленне) – прадстаўленне прыродных з’яў і сіл, аб’ектаў, адцягненых паняццяў у вобразе дзеючых асоб, у тым ліку чалавека [3].
Актуальнасць экскурсіі з элементамі персаніфікацыі і тэатралізацыі абумоўлена тым, што з яе дапамогай можна павысіць цікавасць да вывучаемага матэрыялу, сканцэнтраваць на ім увагу, больш глыбока яго засвоіць, спрыяць развіццю творчых здольнасцей, уяўлення, вобразнага мыслення, эмацыйнай сферы.
Аглядная экскурсія “Сцяжынкамі продкаў” па Народным гісторыка- краязнаўчым музеі школы ў рамках адукацыйнага праекта “Адкрываем Радунь разам” дала магчымасць не проста данесці наведвальнікам інфармацыю з гісторыі роднага краю, але і магчымасць узнавіць гістарычную і культурную карціну мінулых эпох.
Тып экскурсіі: аглядная па Народным гісторыка-краязнаўчым музеі.
Форма правядзення: з элементамі персаніфікацыі і тэатралізацыі.
Працяг экскурсіі: 45 хвілін.
Аўдыторыя і яе ўзрост: вучні 7–9-х класаў.
Мэта: далучэнне вучняў да вывучэння і захавання гістарычнай спадчыны малой радзімы сродкамі Народнага гісторыка-краязнаўчага музея.
Задачы:
– пашырэнне кругагляду вучняў па гісторыі роднага краю;
– уключэнне ў актыўнае ўзаемадзеянне з экскурсаводам;
– накіраванне да самастойнага даследавання гісторыі і экспанатаў музея.
Падрыхтоўчая праца:
1. Падбор матэрыялу для экскурсіі.
2. Пошук музычных і літаратурных твораў, якія адносяцца да вывучаемай эпохі.
3. Пастаноўка міні-сцэн.
4. Складанне пазлаў (з дапамогай QR-кодаў).
Метадычныя рэкамендацыі па рэалізацыі і правядзенні экскурсіі:
– змест матэрыяла падаваць з улікам узроставых асаблівасцей наведвальнікаў;
– у маршрутным лісце паказваць такія заданні, выканаўшы якія, вучань атрымоўвае інфармацыйны даведачны матэрыял, які складаецца з новых ведаў або адкрыццяў;
– важна падабраць і аформіць матэрыял такім чынам, каб у ім адлюстроўваліся не толькі гістарычныя факты, але і іх дакладнасць пацвярджалася экспанатамі або экспазіцыямі музея;
– экскурсію варта падмацоўваць музычнымі, літаратурнымі, мастацкімі творамі, якія таксама павінны ставіцца да доследнай эпохі;
– наведвальнікі павінны не проста глядзець, слухаць, але і актыўна дзейнічаць, прымаць удзел у экскурсіі, адказваць на пытанні.
Аглядная экскурсія з элементамі персаніфікацыі і тэатралізацыі
“Сцяжынкамі продкаў”
Дзеючыя асобы:
Экскурсаводы – 2
Кароль Ян Сабескі
Адам Міцкевіч
Марыля Верашчака
Хафец Хаім
Вучань
Cалдат
Ход правядзення
I Уступная гутарка. Экскурсійная даведка “Цікава ведаць” перад уваходам у музей.
Радунскі гісторыка-краязнаўчы музей адкрыты ў 1986 г. У 1998 г. музею прысвоена званне “Народны”. Заснавальнікам і кіраўніком музея з’яўляецца Іван Іванавіч Фясенка. Музей мае тры экспазіцыйныя залы (дзве – па гісторыі дасавецкага перыяду, трэцяя – па гісторыі савецкага грамадства).
Запрашаем вас прыняць удзел у экскурсіі “Сцяжынкамі продкаў”.
II Асноўная частка
Экскурсавод 1. Добры дзень, паважаныя наведвальнікі музея.
Экскурсавод 2. Побач з намі нямыя сведкі гісторыі. Яны ў музеях, у простых рэчах. І так многа могуць расказаць пра нас саміх.
Экскурсавод 1. Я хачу, каб сення кожны з вас дакрануўся да гісторыі нашага краю.
Экскурсавод 2.
Воранаўшчына!
Не голас, сэрца прамаўляе гэтыя словы
З любоўю і гонарам,
З душэўнай пяшчотай.
Тут наша гісторыя,
Тут – мае карані,
Тут – напеўная родная мова,
Тут – жывём мы.
Экскурсавод 1.
Пазнаю я Радзіму сваю і юнаю, і старажытнаю,
У сузор’ях агнёў і ў паводках бяроз.
Колькі раз кожным нервам сваім, кожнай жылкаю
Перажыў я твой мужны і велічны лес.
Экскурсавод 2. Воранаўшчына. У вёсцы Нача адкрыта стаянка першабытных людзей. Яны жылі тут дваццаць пяць тысяч гадоў назад.
Экскурсавод 1. У іх вытокі нашага радаводу, умельства, цярплівасці, дабрыні.
Метад мыследзейнасці “Таямніца музейных прадметаў”.
Экскурсавод 2. Паважаныя наведвальнікі, як вы лічыце, для чаго выкарыстоўваліся вось гэтыя прадметы (сякера, матыга, дзіда, клін каменны)? А якія аналагі сучасных прадметаў існуюць сення? (адказы вучняў: тапор, цяпка, жалезны клін для рубкі дроў).
Экскурсавод 2. Яшчэ пяць стагоддзяў назад сорак дзевяць гарадоў і мястэчкаў мелі Магдэбурскае права. Сярод іх Радунь.
Тэатралізацыя “Кароль Ян Сабескі чытае ўказ аб прысваенні Радуні Магдэбурскага права”
“З павілею караля Рэчы Паспалітай Яна трэцяга Сабескага на атрыманне Радуні Магдэбурскага права. Аб’яўляю ўсім разам і кожнаму асобна – даем падданым горада Радунскага права магдэбурскае. Напісана ў Варшаве года богараджэння 1679 месяца лютага 24 дня”.
Экскурсавод 1. У 1679 г. Радунь атрымала свой герб: у сярэбраным полі выява чырвонага рака.
У 2007 годзе да 620-годдзя пасёлка герб і сцяг г.п. Радунь быў зацверджаны загадам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 чэрвеня 2007 года. Указ № 279.
Метад QR-код. Каб пазнаёміцца з нашым гербам, вы атрымалі QR-код доступу да пазлаў. Спадзяемся, што вам будзе цікава яго сабраць.
Экскурсавод 2.
Воранаўшчына!
Па нашых землях тапталіся прышэльцы, ворагі.
Прыходзілі да нас з дзідамі і мячамі,
Нішчылі людзей. Палілі хаты.
Экскурсавод 1. Але ніколі і нікому не ўдавалася зняволіць вольналюбівы народ.
Прыём “Самастойнае даследаванне экспаната”.
Эксурсавод 2. Перад вамі вопратка воіна эпохі сярэднявечча. Эпоха крыжовых паходаў займае ў гісторыі амаль два стагоддзі. Галоўная прычына крыжовых паходаў – заваяванне Святой зямлі, якая знаходзілася ў руках “няверных”, гэта значыць мусульман.
Як вы лічыце, чаму воінаў называлі крыжакамі? (Яны нашывалі на сваю вопратку крыжы, па гэтых крыжах іх сталі называць крыжакамі, а самі паходы – крыжовымі).
Экскурсавод 1. Шлях у вялікі свет можа весці нават з самага малога куточка, калі ёсць нешта годнае ўвагі для ахвяравання гэтаму свету.
Экскурсавод 2.
Спытайся ў кожнай сасны і бярозкі,
Яны вам раскажуць як даўняй парой
Мастак Андрыёлі, Багушэвіч і Нарбут
Вадзілі атрады на подзвіг геройскі.
Іх слава, як сонца, стаіць над зямлёй.
Экскурсійная даведка. Тэадор Нарбут нарадзіўся ў 1784 г. у маёнтку Шаўры, што каля вескі Нача. Беларускі гісторык, археолаг, інжынер. Жыў у сваім маёнтку, даследаваў гісторыю Вялікага Княства Літоўскага, праводзіў археалагічныя раскопкі. Найбольш значны яго твор – “Гісторыя літоўскага народа”, дзе разам з іншым апісаны народныя абрады беларусаў Лідчыны. Друкаваўся ў газеце “Виленский вестник”. Удзельнічаў у вайне Расіі і Прусіі супраць Францыі, потым – у руска-шведскай. У перапынках ваенны інжынер займаўся ўзвядзеннем збудаванняў. У Друскінінкаі заснаваў водалячэбніцу. Менавіта там зараз дзейнічае вядомы санаторый “Друскінінкай”. Сын Людвік Нарбут стаў вядомым паўстанцкім камандзірам, ён загінуў у баі. Дарэчы, у яго атрадзе змагаўся малады Францішак Багушэвіч. Арыштаваны ў сувязі з падзеямі паўстання 1863–1864 гадоў. Пахаваны каля касцёла ў Начы [1].
Прыём “Атмасфера часу”. Удзельнікі выказваюць свае адносіны да тых падзей, на фоне якіх праходзіла жыццё і дзейнасць Тэадора Нарбута.
Гучыць песня “Воранаўскім краем” на словы і музыку А Мацюка.
Экскурсавод 2. Воранаўшчына! Ты таямніца вялікага каханняАдама Міцкевіча і прыгажуні-шляхцянкі Марылі Верашчакі. Водарам кахання прасякнуты твае прасторы.
Тэатралізацыя “Адам Міцкевіч і Марыля Верашчака”
Марыля. Нарэшце! Доўга як!
Адам. Дарога затрымала мяне глухая: месяц ледзь свяціў на ёй. Тужыла мо?
Марыля.
Яшчэ пытаешся, няўдзячны мой?
Я ад маркотных думак дзецца дзе не знала!
Зірні мне ў вочы: не, у позірку маім
І ценю ты не ўбачыш кепскага нічога.
Ну, хіба ж гэта грэх, што добра нам дваім?
Адам.
Цябе не бачу, а сэрца плача,
Калі спаткаю – развагі не страчу;
Калі ж надоўга жыццё разлучае –
Чагось бракуе, кагось не хапае.
І ў светлым смутку прыходзіць пытанне:
Дык можа гэта і ёсць каханне?
Марыля.
Мясціны, дзе гулялі мы з табою,
Дзе нашы мроі, слёз святло пад вязам,
Да скону дзён застануцца са мною,
Бо толькі там з табой навек мы разам.
Экскурсавод 1. Воранаўская зямля багатая на людзей, якія ўпісалі свае імёны не толькі ў гісторыю свайго краю, але і Беларусі, Еўропы, свету. Мястэчка Радунь у XVIII–XIX ст. было асяроддзем яўрэйскай цывілізацыі і яўрэйскай культуры. З гэтым месцам звязана імя Хафеца Хаіма (Ісраэль Меір Ха-Кохен) – знакавай фігуры ў вачах яўрэяў усяго свету, узору для захаплення, найвышэйшай павагі і пакланення.
Тэатралізацыя “Яўрэйская школа”
Вучань. Паважаны настаунік Хафец Хайм. Скажыце калі ласка, а ў чым годнасць чалавека?
Хафец Хайм (экспанат – кніга Тора). Памятайце, што годнасць чалавека вымяраецца не яго матэрыяльным дастаткам, а духоўным багаццем, дабрачыннасцю ў адносінах да іншых людзей.
Прыём “Самастойнае даследванне” – параўнаць запаведзі з Торы Хафеца Хаіма з хрысціянскімі запаведзямі.
Экскурсавод 2.
Нямала народаў з крыніц яго піла
І брала ад мудрасці вечны агонь.
У торах яўрэйскіх знаходзячы сілу.
Экскурсавод 1.
Ты слаўна зямля, што вякам нарадзіла
Такога выдатнага сына свайго.
Экспанат – стары патэфон (гучыць музыка “Жураўлі”).
Экскурсавод 1.
Мая Воранаўшчына.
На ёй аскепкі трагедый,
Помнікі розных эпох.
На абелісках – прозвішчы загінуўшых.
У музеях – экспанаты подзвігу.
Тэатралізацыя “Салдат”
Экспанат – шлем лётчыка, ліст Сяргея да роднага брата.
Салдат. Сяргей Нажэўнікаў – лётчык. Ён быў амаль маім равеснікам. Загінуў пры вызваленні маёй Радуні (чытае ліст з вайны).
Экскурсавод 1. (Здымкі ветэранаў, экспанат салдацкі кіцель з ардэнамі і медалямі).
Былы салдат ва ўсіх паходах,
Дзед быў нястомны ў барацьбе.
Каб перажыць усе нягоды
Сам спадзяваўся на сябе.
Дзед у бой ішоў, каб на планеце
Жыцце квітнела ў цішыні,
І каб усім бацькам і дзецям
Свяцілі будучыні дні.
Экскурсавод 2.
Толькі жывуць побач з намі салдаты,
Тыя, што знаюць імёны паўшых.
Толькі ж жывуць побач з намі салдаты,
Тыя, што помняць імёны паўшых.
Экспанат-стары патэфон (гучыць музыка “Спадчына”).
Экскурсавод 1.
Воранаўшчына! Вакол нас карагод народаў:
Рускія, украінцы, палякі, літоўцы, латышы.
Воранаўцы здаўна жывуць мудрымі запаветамі прашчураў.
Экскурсавод 2. Сонца на ўсіх адно. Зямля адна. Трымайся сваёй хаты. Беражы свой гонар. Не бяры чужое.
Экскурсавод 1.
Праз сівыя стагоддзі прайшла
І так сэрца забіцца мусіць.
Воранаўшчына, дарагая мая,
Ты – жамчужына Беларусі.
Экскурсавод 2.
Па крупіцы збіраючы рэчы,
Пазнаю я Радзіму сваю.
Для мяне тут з мінулым сустрэчы
Я ў будучыню з імі іду.
Заключная частка
Экскурсавод 1. Радунь – гэта часцінка гісторыі на захадзе Беларусі. Нашаму пасёлку – 630. У нас ёсць свой герб, сцяг. Мы ганарымся сваёй гісторыяй, разнастайнасцю культур, знакамітымі людзьмі. Запрашаем вас наведаць тэматычныя экскурсіі ў школьным музеі.
Прыём “Медыякубік”.
Задача: выявіць, што запомнілі наведвальнікі музея.
Сутнасць гульні: кідаецца кубік, зірнуўшы на малюнкі, павінны скласці кароткі аповед з улікам малюнкаў, слоў, дат. Галоўная ўмова – гэта павінен быць цікавы і гістарычна дакладны аповед.
Заключэнне
Экскурсія з элементамі персаніфікацыі і тэатралізацыі з’яўляецца інавацыйнай формай, накіраванай на абуджэнне цікавасці да вывучэння роднага краю, прывіцця любові і беражлівых адносін да яго культурна-гістарычнай спадчыны.
Метады персаніфікацыі і тэатралізацыі, пры ўмове інтэгравання іх у тканіну разнастайнага па формах дзеяння, узбагачаюць жыццё музея і з’яўляюцца эфектыўным камунікацыйным сродкам і прыкладам самастойнай пошукава-даследчай працы кожнага вучня.
Спіс выкарыстаных крыніц
1 Вікіпедыя [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу : https://be.wikipedia.org/wiki/%D0%A2%D1%8D%D0%B0%D0%B4%D0%BE%D1%80_%D0%9D%D0%B0%D1%80%D0%B1%D1%83%D1%82 – Дата доступу : 20.09.2021.
2 Лушнікаў, І.Д. Сістэмная методыка вывучэння патрыятычнага выхавання [Электронны рэсурс] / і. д. Лушнікаў. – Рэжым доступу : http://viro.edu.ru/attachments/article/2495/I_D_Luchnikov.pdf. – Дата доступу : 20.09.2021.
3 Макарэвіч, Т.В. Выхаванне любові да роднага краю [Электронны рэсурс] / Т.В.Макарэвіч. – Рэжым доступу : https://revolution.allbest.ru/pedagogics/00454762_0.html. – Дата доступу : 20.09.2021.
4 Медыяадукацыя ў сучаснай школе: Зборнік навукова-метадычных артыкулаў / Т.Ваврава, М.Запрудскі і інш. Пад нав. рэд. М.І.Запрудскага. – Мінск, 2016. 91 с. – Рэжым доступу : http://www.nastaunik.info/node/15190.– Дата доступу: 20.09.2021.
5 Памяць. Воранаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / уклад.: І.П.Крэнь, С.П.Самуэль, Э.С.Ярмусік ; гал. рэд. Г.П.Пашкоў. – Мн. : Беларуская энцыклапедыя, 2004. – стр. 171.