Наталля АЛЕКСАНДРОВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 5 г. Смаргоні”,
Гродзенская вобласць
Пры падрыхтоўцы да ўрока я абдумваю, з чым ад мяне пойдзе дзіця, з якім настроем, з якімі не толькі ведамі, але і думкамі. Для таго каб выхаванне на ўроку ішло першым, чым навучанне, мэтазгодна выбраць адну тэму для разважання на некалькі ўрокаў (у мяне бывае і адразу на цэлы месяц), што дазваляе больш грунтоўна і глыбока паразважаць з урока ва ўрок над тым ці іншым жыццёвым пытаннем.
Напрыклад, на некалькі ўрокаў у 6 “Д” класе я выбрала тэму “Сяброўства”. І кожны ўрок пачынаўся са слоў ці вершаў пра сяброўства, дзеці іх запісвалі, а потым разважалі. З урока ва ўрок я брала выразы, дзе сказана пра сяброўства рознымі людзьмі, у іншыя часы і эпохі. Для сябе я назвала такі прыём “Хвілінка мудрага чыстапісання”. Вучні павінны з дошкі ці пад дыктоўку запісаць каліграфічна хораша, а потым кожны па жаданні выказвае сваё меркаванне.
Так, напрыклад, на адным з урокаў, я раблю такі запіс на дошцы:
“Усё будзе прыгожае паміж сябрамі” (Эўрыпід).
Тут жа даю самыя скупыя, але істотныя звесткі пра чалавека, які гэта сказаў: калі жыў, чым займаўся ў жыцці, што пакінуў пасля сябе для чалавецтва. Каб вучні выказваліся не толькі павярхоўна, дапамагаю пытаннямі:
– Што можа быць агульным паміж сябрамі?
– Ці можа бяда або шчасце быць агульным? А што будзе больш цяжкім?
– Ці актуальныя словы ў наш час. Дзе кожны стараецца быць лепшым і першым?
– Чаму гэтыя словы не страціліся і дайшлі да нас праз далёкія стагоддзі?
Наступны ўрок – у нас у гасцях Геракліт са сваім выказваннем “адзін для мяне – дзесяць тысяч, калі ён найлепшы”. Потым разважаем над выразам Цыцэрона “без праўдзівай дружбы жыццё нішто”. Далей Арыстоцель і яго ёмкае “сябар усім – нічый сябар”. Зноў жа Геракліт з выказваннем “звяры, жывучы разам з людзьмі, становяцца ручнымі, а людзі, размаўляючы адзін з адным, становяцца дзікімі”, патрабуючым глыбокіх разважанняў.
Не застаюцца па-за ўвагай і прыказкі: “Дружба мацней за каменныя сцены,” “Чалавек без сябра, што ежа без солі,” “Не той сябра, хто вусны мёдам мажа, а той, хто праўду кажа”.
Такі падыход спрыяе развіццю пісьменнага вуснага маўлення вучняў, іх лагічнага мыслення, выхоўвае ўменне слухаць адно аднаго, не перабіваць, нават калі ёсць і непагадненне. Але самае галоўнае, на мой погляд, што вучні з лёгкасцю разважаюць на сур’ёзныя тэмы: што такое міласэрнасць, здрада, сяброўства, дзеля чаго чалавек жыве на зямлі і інш. Варта сказаць, што з урока ва ўрок усё больш і больш вучняў, жадаючых выказваць свае думкі, а ўжо праз некалькі заняткаў пачынае гаварыць увесь клас!