Ларыса ВАЛЫНЕЦ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце,
настаўнік гісторыі і грамадазнаўства, настаўнік-метадыст
ДУА “Сярэдняя школа № 5 г. Смаргоні”
Гродзенская вобласць
Як зацікавіць вучняў і развіваць уменні тлумачыць свае веды па гісторыі? Што можа паспрыяць пазітыўнай і добразычлівай атмасферы ўрока? Добрай дапамогай у гэтым могуць стаць настольныя гульні, у прыватнасці, папулярная гульня “Alias” (“Аліас”, або “Скажы інакш”).
На ўроках гісторыі ці грамадазнаўства гульню можна выкарыстоўваць пры абагульненні і паўтарэнні ведаў, на этапе замацавання ведаў гістарычных асоб, дат, паняццяў.
Сутнасць гульні заключаецца ў тым, што вучню неабходна растлумачыць іншымі словамі пэўнае слова (гістарычнае паняцце, дату, апісаць гістарычную асобу альбо нейкае дзеянне), якое загадана (напісана на картцы). Падчас тлумачэння можна выкарыстоўваць сінонімы, антонімы, галоўнае – не выкарыстоўваць аднакаранёвыя словы.
Настаўніку загадзя неабходна падрыхтаваць карткі з гістарычнымі тэрмінамі, паняццямі, датамі, выявамі асоб (пажадана, каб на кожнай картцы было 7–9 пазіцый, можна падысці варыятыўна: карткі толькі з гістарычнымі датамі, альбо гістарычнымі асобамі і г.д.). Чым больш падрыхтавана картак, тым лепш.
На ўроку настаўнік дзеліць клас на каманды (іншы варыянт – напрыклад, калі клас вялікі, – можна шляхам лёсавання выбіраць вучняў, якія будуць тлумачыць словы ўсяму класу). Адзін з гульцоў каманды тлумачыць сваёй камандзе слова пад пэўным нумарам на кожнай з картак (нумар вызначаецца з дапамогай кубіка, альбо іншым варыянтам). Гульня абмежавана ў часе. Чым больш гістарычных асоб/дат/паняццяў адгадае каманда за адну хвіліну, тым больш балаў атрымае. Гульцы іншых каманд у гэты час уважліва слухаюць і могуць на апошніх хвілінах тлумачэння даць правільны варыянт адказу і зарабіць бал для сваёй каманды.
Такі варыянт выкарыстання папулярнай гульні на ўроку садзейнічае фарміраванню і развіццю камунікацыйнай кампетэнцыі і вуснага маўлення, асацыятыўнага мыслення, дапамагае зразумець і навучыцца тлумачыць складаныя гістарычныя паняцці сваімі словамі. Праз гульню вучні вучацца працаваць у камандзе, паважаць адно аднаго, маюць магчымасць паказваць свае веды не толькі ў гісторыі, але і ў іншых вучэбных прадметах. І вельмі важна тое, што праз гульню настаўнік правярае веды вучняў у дабразычлівай і вясёлай атмасферы ўрока.
Правілы гульні “Alias” можна паглядзець у інтэрнэце.