Квадратны стол “Ох і залатая табакерка” для вучняў 8–11-х класаў

- 10:35II И III СТУПЕНИ, Беларуская мова і літаратура. Пазакласная работа, Методичка

 

Таццяна МАРЦЭВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Ёдкаўская сярэдняя школа” Лідскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

 

Мерапрыемства да Міжнароднага дня роднай мовы ў форме квадратнага стала заклікае вучняў далучыцца да здабыткаў нацыянальнай культуры, беларускай мовы і літаратуры.

Квадратны стол – разнавіднасць віктарыны, заснаваная на свабодным выбары тых пытанняў і заданняў гульні, якія выклікаюць інтарэс у яе ўдзельнікаў або ў якіх яны найбольш дасведчаныя.

Гульня мае на мэце пашырэнне ведаў вучняў па беларускай мове, літаратуры і культуры, развівае кемлівасць, памяць, лагічнае мысленне, стварае ўмовы для выхавання цікавасці і павагі да роднай мовы, беларускай літаратуры і культуры.

Умовы гульні: перад удзельнікамі – квадратны стол з тэмамі гульні. Вучні розных класаў дзеляцца на чатыры каманды і займаюць месцы насупраць упадабанай тэмы. Пасярэдзіне стала знаходзіцца табакерка, з якой па чарзе каманды выцягваюць нумары пытанняў. Калі каманда выцягвае нумарок са сваёй тэмай, то за правільны адказ налічваецца 10 балаў. За часткова правільны адказ – 5 балаў. Калі выпадае нумарок з тэмай другой каманды, то адказ дае тая каманда, чыя тэма, але два балы аддае гульцам, якія цягнулі нумарок. За правільны адказ тады налічваецца 8 балаў. За часткова правільны адказ – 4 балы. У канцы гульні аб’яўляюцца тры каманды-пераможцы.

Форма правядзення: квадратны стол.

Абсталяванне: стол з чатырма тэмамі гульні па баках, мульціборд.

 

Ход гульні

Уступнае слова настаўніка. Вітаю ўсіх удзельнікаў гульні “Ох і залатая табакерка”. Верагодна, нехта з вас, дарагія сябры, спытае: “А што гэта за рэч такая – табакерка?” Паслухаем урывак аднаго твора пра гэты прадмет.

Дзед вярнуўся з табакеркай. Ён нёс яе ў правай руцэ вельмі асцярожна, нібы яна вырвецца з яго рукі і паляціць птушкай.Стары паставіў табакерку на стол урачыста. Яна была гордасцю і гонарам сям’і. Яна пераходзіла ў спадчыну яго роду з пакалення ў пакаленне. Была гэта на дзіва прыгожая сярэбраная скрыначка мастацкай ювелірнай работы… (“Сярэбраная табакерка”).

У нашай табакерцы сёння знаходзяцца такія пытанні і заданні, якія ўзбагацяць вас новымі ведамі, выпрабуюць кемлівасць па культуры, літаратуры і мове беларускага народа. Бо гэтыя каштоўнасці – прадметы нашага гонару. “А веды, – кажа трапная фальклорная мініяцюра – прыказка, – даражэй за золата”.

 

Паведамленне ўмоў гульні. Вучні маюць магчымасць бачыць пытанні на мульцібордзе.

 

Тэма “Вусная народная творчасць”

1. Пра які занятак нашых продкаў гаворыцца ў загадцы? Адгадайце яе.

Увесь свет корміць, а сама не есць.

Адказы: земляробства; саха.

 

2. Суаднясіце загадкі з адгадкамі на малюнках:

1) Бацька з сажань, маці з пядзю, а дзеці з мезенец.
2) Воўны клачок, дрэва сучок і саломы пучок.
3) Бегла хлопцаў дваццаць пяць, прыйшла вясна – сляды знаць.
4) Капа на капе, а зверху кій.

Малюнак 1 Малюнак 2 Малюнак 3 Малюнак 4

Адказы: 1 – 2 (граблі); 2 – 3 (хамут); 3 – 4 (барана); 4 – 1(жорны).

 

3. На якой марцы змешчана ілюстрацыя да беларускай народнай казкі “Ох і залатая табакерка”, а на якой – да казкі “Сіняя світа навыварат шыта”?

Адказы: 1 – “Сіняя світа навыварат шыта”; 2 – “Ох і залатая табакерка”.

 

4. У вядомага беларускага выслоўя лёгкі на ўспамін ёсць працяг. Назавіце другую частку прыказкі.

Адказ: лёгкі на ўспамін: выкаціўся з-за парога, як з патэльні блін.

 

5. Якія беларускія прыказкі з’яўляюцца загалоўкамі беларускіх народных казак?

Адказ: людзей слухай, а свой розум май; не кажы “гоп”, пакуль не пераскочыш; ад крадзенага не пасыцееш і інш.

 

6. Рускія кажуць: 1. Федот, да не тот. 2. Мели, Емеля, твоя неделя.

А якія імёны неабходна ўставіць у сінанімічныя беларускія прыказкі?

1) …, ды не ў тых санках.
2) Мялі, …, дакуль ветру стане.

Адказы: 1. Саўка. 2. Іване.

7. Якую расліну пасеялі і даглядалі дзяўчаты ў народнай песні?

Пасеялі дзеўкі … .
Гэй, люлі, дзеўкі … .
Пасеяўшы, палолі,
Гэй, люлі, палолі.
Белы ручкі калолі.
Гэй, люлі, калолі.
Дзеўкі … сабралі.
Белы кужаль папралі,
Палаценца паткалі,
Гэй, люлі, паткалі.

Адказ: лён.

 

8. Каго ўслаўляюць у гэтай народнай песні? Які яе жанр?

У нашага Валодзі
Вінаград на дварэ.
Пасадзіў бабачку на самым куце.
Частуець, ганаруець,
Частуець, ганаруець,
Нікому – сам сабе.

Адказы: бабка-павітуха; жанр – радзінная песня.

 

9. Што аб’ядноўвае назвы:

1) “Мяцеліца”, “Верабей”, “Каза”, “Лянок”, “Таўкачыкі”;
2) “Проса”, “Блін гарыць”, “У мядзведзя на бару”, “Кошка і мышка”, “Гусі”?

Адказы: 1) Назвы беларускіх народных танцаў; 2) Назвы беларускіх народных гульняў.

 

Тэма “Лексіка. Фразеалогія”

10. Размяркуйце словы ў два слупкі так, каб у першум выпадку яны мелі дачыненне да лексемы поле, а ў другім – да лексемы лес:

хмызняк, лагчына, гоні, лог, бор, прасека, яр, пералесак, ралля, мурава, дзёран, гушчар, дуброва, гай, аблога, ржышча, бавоўнішча, бярэзнік, цаліна, баравіна, пожня, поплаў, мурог, выган, выжарына, цясніна, ворыва, выпас, паша.

Адказы: поле: лагчына, пожня, гоні, поплаў, лог, мурог, прасека, выган,яр, выжарына, пералесак, цясніна, ралля, ворыва, мурава, выпас, дзёран паша, аблога, ржышча, бавоўнішча, цаліна; лес: хмызняк, бор, гушчар, дуброва, гай, бярэзнік, баравіна.

 

11. Дзе аўсюк, дзе аўсянік, дзе аўсянка?

Малюнак 1 Малюнак 2 Малюнак 3

Адказы: 1 – аўсянік; 2 – аўсянка; 3 – аўсюк.

 

12. Знайдзіце сярод слоў асабовыя назоўнікі:

вазок, вазоўня, вазак, валакуша; лістаблошка, ліставёртка, лістоўніца, лістаноша; бавоўніца, баваўнароб, баваўнянка, бавоўні.

Адказы: вазак; лістаноша; баваўнароб.

 

13. Якое слова з’яўляецца лішнім у радзе слоў, якія належаць да прафесій:

банкіра: брокер, ацыя, вэксаль, анэксія, лізінг, пай;
спартсмена: трамплін, мундыяль, арыёза, раллі-марафон, пенальці, буліт?

Адказы: анэксія – гістарычны тэрмін; арыёза – прафесійны тэрмін музыканта.

 

14. Суаднясіце інфінітывы з назоўнікамі, каб атрымаліся фразеалагізмы:

1. Падставіць 5. Наставіць А. Голас Д. Плячо
2. Паказваць 6. Падабраць Б. Нос Е. Зубы
3. Падымаць 7. Падкручваць В. Парогі Ё. Крылле
4. Падрэзаць 8. Абіваць Г. Гайкі Ж. Ключык

Адказы: 1 – Д; 2 – Е; 3 – А; 4 – Ё; 5 – Б; 6 – Ж; 7 – Г; 8 – В.

 

15. Складзіце фразеалагізмы, замяніўшы словы-назоўнікі на малюнках прыметнікамі і паставіўшы кампаненты ў пэўным парадку:

Адказы: малюнак 1 – як макаў цвет; малюнак 2 – на шапачны разбор; малюнак 3 – мышыная мітусня.

 

16. Устаўце ў фразеалагізмы лексемы чорт, бог, чалавек:

як адзін …; як … з табакеркі; … семярым нёс ды аднаму дастаўся; … вяселле іграюць; як … чарапаху; як белы ….

Адказы: як адзін чалавек; як чорт з табакеркі; бог семярым нёс, ды аднаму дастаўся; чэрці вяселле іграюць; як бог чарапаху; як белы чалавек.

 

17. Устаўце тэрміны роднасці і сваяцтва ў фразеалагізмы:

лезці раней за … у пекла, з малаком …; блудны …; за … шведам; як … у Вільні.

Адказы: лезці раней за бацьку ў пекла; з малаком маці; блудны сын; за дзедам шведам; як дзядзька ў Вільні.

 

18. Назавіце прыборы і галіны навукі, у якіх яны выкарыстоўваюцца:

       Малюнак 1          Малюнак 2               Малюнак 3              Малюнак 4             Малюнак 5              Малюнак 6

Адказы: 1 – дынамометр – фізіка; 2 – тэлескоп – астраномія; 3 – вагі – хімія; 4 – кульман – чарчэнне; 5 – компас – геаграфія; 6 – танометр – медыцына.

 

Тэма “Літаратура”

19. У якім творы Уладзіміра Караткевіча ўжываецца перыфраза этнаграфічны рай? Што яна азначае?

Адказ: “Дзікае паляванне караля Стаха”; этнаграфічны рай – Беларусь.

 

20. Які сродак мастацкай выразнасці ляжыць у аснове назвы твора Дануты Бічэль “Грыб-парасон”?

Адказ: эпітэт.

 

21. Які агульны мастацкі прыём назіраецца ў прыказцы і творы?

Прыказка Твор
Каму па каму,
а каму два камы.
Дожджык, Рунь спаўна палі. // Гусі селі-палі. // Змрок кладзецца на палі. // Перастылі палі
(Р. Барадулін).

Адказ: каламбур.

 

22. На якой мове спачатку былі напісаны творы “Зямля пад белымі крыламі” (У.Караткевіч) і “Песня пра зубра” (М.Гусоўскі)?

Адказы: “Зямля пад белымі крыламі” – украінская мова; “Песня пра зубра” – лацінская мова.

 

23. Падумайце, каралём якога мастацкага сродку называюць Р.Барадуліна. Вызначыўшы мастацкія сродкі ва ўрыўках яго вершаў, вы зможаце адказаць на пытанне:

раллёй паснедалі плугі; вечар азяблай рукой у скрынку // Лісты маразам апускае; а мне й дагэтуль кожнаю зімой // чуваць ахрыплы голас крыгалому.

Адказ: кароль метафары.

 

24. Прачытайце верш Дануты Бічэль і скажыце, што мае на ўвазе паэтка. Які мастацкі сродак выкарыстоўвае?

Нібы сапраўднага страуса шапка!
– Дзедка ці бабка?
Можа, паставіць на бабку –
Выйграю страуса шапку.
Можа, даверыцца дзедку?
Ці шчасце ў адзетку?

Адказ: дзьмухавец, параўнанне.

 

25. Пісьменнікі часта робяць героямі сваіх твораў старых людзей, якія з’яўляюцца выразнікамі народнай мудрасці. Якія героі і ў якіх творах гаварылі:

1) Святое ў жыцці толькі святло, цяпло, любоў і зямля…
2) Адно астанецца людзям навекі святою загадкаю – гэта тварэц наш найвышні. Каб не было дано людзям гэтай загадкі, не было б чалавечага жыцця… Прапалі б людзі.

Адказы: 1) Васіль з драмы А.Дударава “Вечар”; 2) Дзед Яхім з апавядання М.Гарэцкага “Роднае карэнне”.

 

26. У якіх творах героямі былі звяры: мядзведзь Бурык; сабака Дзік; казёл Барада, сабака Жук, Мішка; вуж-дамавік; вужыны кароль; бабёр?

Адказы: “Былі ў мяне мядзведзі”, У.Караткевіч. “Добры хлопец Дзік”, М.Лужанін. “Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў”, М.Лынькоў. “Дамавікова ўдзячнасць”, народная легенда. “Вужыная карона”, Я. Баршчэўскі. “Стары бабёр”, А.Жук.

 

27. Хто з’яўляецца аўтарам фaнтacтычнaй aпoвecці-кaзкі “Сяpэбpaнaя тaбaкepкa” пра Дзiдa-дзeд, які злaвiў cмepць i cxaвaў яe ў тaбaкepцы?

Адказ: Змітрок Бядуля.

 

Тэма “Культура”

28. Якую расліну Уладзімір Караткевіч у творы “Зямля пад белымі крыламі” называў “беларускім апельсінам”?

Адказ: рэвень.

 

29. Назавіце 7 напояў беларускай нацыянальнай кухні.

Адказ: бярозавік, квас, кісель, кулага, гарбата, узвар, морс.

 

30. Адгадайце страву: яблыкі позніх гатункаў здымаюць з дрэва, мыюць, складаюць у бочку, заліваюць заліўкай: 300 г цукру, 150 г кухоннай солі, 10 літраў вады. Яблыкі з такой заліўкай трымаюць 6–7 дзён пры тэмпературы плюс 18–20 градусаў для папярэдняга зброджвання. Потым здымаюць пену, даліваюць свежы раствор і ставяць у халоднае месца на захоўванне пры тэмпературы плюс 2–5 градусаў.

Адказ: мочаныя яблыкі.

 

31. Адшукайце назвы абутку ў “Квадраце слоў”:

Адказы: валёнкі, суконнікі, чуні, чаравікі, лапці, буцы, пасталы, галошы, боты, туфлі, берцы.

 

32. Назавіце 4 прадметы гардэробу, якія вы не бачыце на малюнку: брыль, кашуля, каптур, андарак, гарсэт, світка, хустка, лапці, боты, пояс, чаравікі, штаны, аблавуха.

Адказы: каптур; світка; лапці; аблавуха.

 

33. Назавіце, якое нацыянальнае адзенне апранута на пісьменніках:

                Фота 1                               Фота 2                               Фота 3                            Фота 4                

Адказы: 1. Цётка – камізэлька; 2. Я.Купала – сялянскі гальштук-вышыванка; 3. Я.Брыль – брыль (саламяны капялюш); 4. Р.Барадулін – кашуля.

 

34. Устаўце неабходныя назвы адзення і абутку ў народныя выслоўі:

1. Боты А. Век пражыць – не … пашыць.
2. Кашуля Б. У … у лазні не мыюцца.
3. Шапка В. Мае … лазовыя пераносяць твае боты казловыя. 
4. Кажух Г. І новыя … мазоль натруць.
5. Каптан Д. Любаму гасцю здалёк … знімаюць.
6. Лапці Е. Не той пан, у каго новы … .

Адказ: 1 – Г. 2 – А. 3 – Д. 4 – Б. 5 –Е. 6 –В.

 

35. Сімвалам якога свята з’яўляюцца гэтыя жывёлы, птушкі, расліны:

         Малюнак 1                    Малюнак 2                   Малюнак 3                      Малюнак 4                  Малюнак 5

Адказы: 1 – жаваранак – Гуканне вясны; 2 – мядзведзь – Камаедзіца; 3 – каза – Каляды; 4 – папараць – Купалле; 5 – вярба – Вербная нядзеля.

 

36. Разгадайце рэбусы“Рамёствы”:

Адказы: ткацтва, ганчарства.

 

Падвядзенне вынікаў (падлік балаў, аб’яўленне каманд-пераможцаў).

 

Спіс літаратуры

1 Лепешаў, І. Я. Слоўнік фразеалагізмаў беларускай мовы: у 2 т. / І.Я.Лепешаў. –Мінск : Беларус. энцыкл. імя Петруся Броўкі, 2008. – 2 т. 
2 Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы / Нац. акад. навук Беларусі, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, Ін-т мовазнаўства імя Якуба Коласа; рэд. І.Л.Капылова. –Мінск : Беларус. энцыкл. імя Петруся Броўкі, 2016. – 968 с.
3 Фядосік, А.С. Слоўнік прыказак і прымавак: у 2. т. / А.С.Фядосік. – Мінск : Нав. і тэхніка, 1976. – 2 т.
4 Энцыклапедыя сельскага гаспадара / пад рэд. М.А.Ткачова [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1993. – С. 469–477.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий