У Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я.Ф.Карскага адбылася прэзентацыя кнігі гродзенскай паэткі Тамары Мазур “Як мае быць…”.
Тамара Міхайлаўна – таленавіты і творчы чалавек, публіцыст, паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаурэат прэміі А.І.Дубко “За творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва”. Дарэчы, яна наша зямлячка – нарадзілася ў вёсцы Лазы Ваўкавыскага раёна, у 1982 годзе скончыла Роскую сярэднюю школу.
На мерапрыемстве прысутнічалі паэты і пісьменнікі Гродзеншчыны, моладзь, сябры і знаёмыя паэткі. Прынялі ўдзел у ёй і прадстаўнікі сярэдняй школы № 2 г.п. Рось: намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Т.М.Мураўская і вучаніцы 11 “Б” класа Валерыя Пташынская і Вікторыя Барташэвіч.
Сустрэча прайшла ў цёплай і сардэчнай абстаноўцы. Нам прадставілася магчымасць пазнаёміцца з творчым шляхам пісьменніцы, з яе цудоўнымі, напоўненымі бязмернай любоўю да радзімы вершамі. Прыемна было чуць шчырыя словы падзякі ў адрас нашай зямлячкі. Удзельнікі сустрэчы адзначылі, што кожная паэтычная карціна твораў Тамары Мазур зіхаціць лірычнымі фарбамі. Аўтар віртуозна злучае разам дар душы і дар слова.
Напрыканцы сустрэчы паэтка ўручыла гасцям сваю новую кнігу “Як мае быць…”.
Валерыя ПТАШЫНСКАЯ, Вікторыя БАРТАШЭВІЧ,
навучэнкі 11 “Б” класа
сярэдняй школы № 2 г.п. Рось