Творны склон назоўнікаў другога скланення. Урок беларускай мовы ў 4-м класе  

- 17:03Методичка, Начальная школа. Сценарии

 

Ларыса ПАЧАБЫТ,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Субацкі НПК дзіцячы сад – сярэдняя школа”
Ваўкавыскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

 

Мэта: у канцы ўрока вучні павінны ведаць канчаткі назоўнікаў 2-га скланення ў творным склоне і ўмець вызначаць іх.

Задачы:

   — арганізаваць дзейнасць па адпрацоўцы ўменняў вызначаць склоны і канчаткі назоўнікаў у словазлучэннях і тэкстах;
   — садзейнічаць развіццю арфаграфічнай зоркасці, звязнага маўлення, узбагачэння слоўнікавага запасу вучняў;
   — садзейнічаць выхаванню паважлівых адносін да складанай працы хлебаробаў, беражлівых адносін да хлеба.

Абсталяванне: падручнік, карткі для парнай і індывідуальнай работы, кластар-табліцы, малюнкі.  

 

Ход урока

1 Арганізацыйны момант

Добры дзень і сядайце, калі ласка,
Прыйшла сустрэч доўгачаканая пара.
Вас запрашаю на ўрок, нібыта ў казку,
Жадаю шчасця, поспехаў, дабра.    

Я жадаю вам добрага настрою і чакаю, што на ўроку вы будзеце

У – уважлівымі
Р – разумнымі
О – добразычлівымі
К – кемлівымі.

І прапаную працаваць пад дэвізам: “Уважліва слухай – і ўсё пачуеш, уважліва глядзі – і ўсё ўбачыш, думай – і ўсё атрымаецца.

 

2 Праверка дамашняга задання (тры вучні працуюць у друкаваным сшытку).

 У якім склоне трэба было паставіць назоўнікі ў дамашнім практыкаванні? (Давальным).

Што яшчэ трэба было скласці?

Якія сказы атрымаліся? (Дзеці чытаюць атрыманыя сказы).

 

Давальны склон

Пытанні Прыназоўнікі Канчаткі
каму? к, па, -у (-ю)
чаму? насустрач -у (-ю)

 

3 Актуалізацыя ведаў

Кластар  “Назоўнік”

1 Якая часціна мовы абазначае прадмет?
2 Назавіце, на якія пытынні адказвае назоўнік
3 Назавіце пастаянныя катэгорыі назоўніка.
4 Па чым змяняюцца назоўнікі?

 

4 Арфаграфічная размінка

– Пра што ідзе размова ў вершы?

Ці ён белы, ці ён шэры –
Без яго няма вячэры.
З ім жа – снедаеш, абедаеш…
Як завуць яго, ці ведаеш? (Хлеб (малюнак)).

А зараз прачытайце верш Авяр’яна Дзеружынскага (напісаны на дошцы, побач – малюнак хлебнага поля).

Пахне хлебная скар..нка
ц..плым ветр..кам, хваінкай,
летнім дождж…кам гр..бным,
лугам, полем аржаным,
асенняй паз..лотай
ды натхнёнаю работай.

1) Устаўце і растлумачце прапушчаныя літары (галосныя пасля зацвярдзелых зычных, правапіс О,Э- а.).

2) Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку (аднародныя члены сказа).

3) Як вы разумееце сэнс гэтых радкоў? (Адказы дзяцей). Помніце, каб хлеб прыйшоў да нас на стол, патрэбна шмат працы людзей розных прафесій, беражыце хлеб.

 

5 Чыстапісанне

– Адгадайце, якую літару мы будзем прапісваць. У слове “хлеб” яна абазначае зычны, цвёрды, глухі гук.

Х х ххх Хх Хх
Хл гх хі хаха

– Якое слова лішняе і чаму? (Храм –бо там усе роднасныя. Хлебны – бо там усе назоўнікі).

Хлеб    хлябец    хлебны    храм

– Разабраць па саставе роднасныя словы

– Прачытаць выразы і запісаць іх: Пайсці на свой хлеб, шукаць лёгкага хлеба, сядзець на чужым хлебе. Растлумачыць значэнне фразеалагізмаў.

– А ці ведаеце вы, што такое “зайчыкаў хлеб”? Раней на працу, асабліва ў поле, часта бралі з сабой перакус, а што з яго заставалася, прыносілі дзецям, называючы гасцінец “зайчыкавым хлебам”, каб дзіцяці было цікава яго есці.

Памятайце. Хлеб – гэта цяжкая чалавечая праца. Хлеб – сімвал гасціннасці. Нездарма на Беларусі прынята сустракаць гасцей з хлебам і соллю. Бо хлеб – гэта мір, і мы рады вітаць тых, хто прыйшоў да нас з мірам. Помніце пра гэта. Беражліва адносьцеся да хлеба. Бярыце столькі хлеба, колькі зможаце з’есці.

– Складзіце прыгожыя сказы пра хлеб.

– Запіс сказа на дошцы. Разабраць па членах сказа і часцінах мовы. У назоўнікаў вызначыць склон, скланенне.

Беларусы берагуць і шануюць духмяны хлеб.

 

6 Мэтавызначэнне

Звернемся да радкоў Авяр’яна Дзеружынскага. Вызначце, да якога скланення адносяцца выдзеленыя назоўнікі (да 2-га). Вызначце склон. Давайце назавём тэму ўрока і паставім задачы.

Задачы ўрока:

даведаемся……
навучымся…….
праверым……..

 

7 Работа па тэме ўрока

1) Расказаць пра творны склон па плану: пытанні, прыназоўнікі, роля ў сказе.

2) Чаго не хапае ў словах верша? (Канчаткаў). Паназіраем за канчаткамі:

пахне (чым?)  ветрыкам, дожджыкам, лугам, полем.
убачыў (за чым?) за акном
любаваўся (кім?) вераб’ём

3) Заданне: Паставіць націскі ў назоўніках.

– Якія канчаткі пад націскам, якія не пад націскам?

4) Вывад па выніках назіранняў (табліца)

Памятайце!
Пад націскам Не пад націскам
-ом -ам
— ём -ем

– Ад чаго залежаць канчаткі -ом, -ём ці -ам, -ем? 

5) Работа с падручнікам

Зачытаць правіла ў падручніку на с. 115.

Практыкаванне 190. Выдзеліць канчаткі назоўнікаў 2-га скланення ў творным склоне, даказаць, чаму такі канчатак.

 

 8 Фізкультмінутка (музычная)

 

9 Замацаванне

1) Самастойная работа ў парах (дыферэнцыраваная).

1-ы ўзровень. Уставіць прапушчаныя канчаткі і вызначыць склон гэтых назоўнікаў.

Кармушка

     Засы́пала зіма снег…  дрэвы і кусты. Пагражае яна голад… звярам і птушкам.
     На лясной паляне стаіць кармушка. Ляснік напоўніў яе корм… для лясных жыхароў. З лесу выйшаў лось. Рагаты велікан ласуецца духмяным сена… і бярозавым венік…. Услед за ласё…  прыскакалі дзве казулі. Яны таксама частуюцца сен…

 

2-і ўзровень. Паставіць назоўнікі, што ў дужках, у патрэбным склоне, вызначыць канчаткі і склон гэтых назоўнікаў.

Кармушка

   Засы́пала зіма (снег) ________ дрэвы і кусты. Пагражае яна (голад) __________ звярам і птушкам.
   На лясной паляне стаіць кармушка. Ляснік напоўніў яе (корм)___________ для лясных жыхароў. З лесу выйшаў лось. Рагаты велікан ласуецца духмяным (сена) __________і бярозавым (венік)___________. Услед за (лось)_________ прыскакалі дзве казулі. Яны таксама частуюцца (сена)__________.

 

3-і ўзровень. Прачытаць тэкст, вызначыць тэму тэкста, даць загаловак. Запісаць загаловак і тэкст, устаўляючы прапушчаныя літары. Уставіць прапушчаныя літары, паставіць назоўнікі, што ў дужках, у патрэбным склоне, вызначыць канчаткі і склон гэтых назоўнікаў.         

_______________

Засы́пала зіма (снег)__________ дрэвы і кусты. Пагр…жае яна (голад)_________ зв…рам і птушкам.

На л…сной п…ляне стаіць к…рмушка. Л…снік напоўніў яе (корм)_________ для л…сных  жыхароў. З лесу выйшаў лось. Рагаты в…лікан ласуецца духмяным (сена) _________і б…розавым (венік)_________. Услед за (лось)________ прыскакалі дзве казулі. Яны таксама частуюцца (сена)__________.

 

2) Праверка самастойнай работы

– Якая асноўная думка тэксту? Загаловак?

– Якія правілы правапісу ўспомнілі, калі ўстаўлялі прапушчаныя літары?

3) Гутарка пра дапамогу птушкам зімой (малюнак, складаем сказы).

4) Адзін сказ запішам пад дыктоўку: “Прыгожы снягір апусціўся на кармушку”. Выпісаць назоўнікі са сказа і разабраць, як часціну мовы. (У кожнага вучня на стале ляжаць памяткі “Парадак разбору назоўнікаў”).

Памятка “Парадак разбору назоўнікаў”

1 Вызнач назоўнік у сказе.
2 Пачатковая форма (Н. скл., адз. лік).
3 Род.
4 Скланенне.
5 Лік.
6 Склон.
7 Роля ў сказе.

Праверка выканання самастойнай работы вучняў

 

9 Этап кантрлю і самакантролю ведаў

Тэст

1) Скланеннем назоўнікаў называецца…

а) змяненне па ліках,
б) змяненне па склонах.

 

2) Да другога скланення адносяцца назоўнікі:

а) снег, лёд, мароз,
б) зіма, завіруха, сняжынка,
в) ноч, радасць, печ.

 

3) Назоўнікі 2-га скланення ў творным склоне пад націскам маюць канчаткі _______, не пад націскам__________.

 

10 Падвядзенне вынікаў

Закончыце сказы:

– Назоўнікі ў Т.с. адказваюць на пытанні…

– Назоўнікі 2-га скл. у Т.с. пад націскам маюць канчаткі…

– Назоўнікі 2-га скл. у Т.с. не пад націскам маюць канчаткі…

 

11 Дамашняе заданне 

Старонка 115 (правіла). Практыкаванне 193.

 

12 Рэфлексія. Гульня “Мікрафон”

Прадоўжыце сказ:

– На ўроку я даведаўся…

– Я зразумеў, што…

– Мне трэба папрацаваць над…

– Гэтыя веды мне спатрэбяцца для…

 

– Дзякуй за працу і ўвагу! Урок закончаны. Развітацца з вамі хачу радкамі верша:

Каб белы свет не здаўся вузкім,
Каб годна жыць сярод людзей,
Любіце мову беларуску,
Любіце з кожным днём мацней!

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий