Сцэнарый інтэлектуальнага шоу “Свая гульня” для пачатковых класаў да Дня роднай мовы

- 17:03Методичка, Начальная школа. Внеклассная работа

 

Алена ТАМІЛА,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Ліпнішкаўскі НПК дзіцячы сад – сярэдняя школа”
Іўеўскага раёна,
Гродзенска
я вобласць

lenatomilo@mail.ru

 

 

 

Тэма: “Моўныя скарбы роднага краю”.

Мэта: развіццё інтэлектуальнага патэнцыялу навучэнцаў і развіццё іх творчых здольнасцей, выхаванне любові і павагі да роднага слова.  

Правілы гульні

Для ўдзелу ў гульні фарміруюцца дзве каманды па 4–5 чалавек у кожнай. Гульня праходзіць у два туры. У першым туры каманды гуляюць у поўным складзе. Пытанні, на якія будуць адказваць удзельнікі гульні, маюць розную ступень складанасці, што вызначана вартасцю пытання ў балах (10, 20, 30, 40, 50). Чым лягчэйшае пытанне, тым меншая колькасць балаў. Каманды па чарзе выбіраюць тэму і складанасць пытання, за правільны адказ на яго балы дабаўляюцца, за няправільны – адымаюцца. Калі выпадае “Свая гульня”, каманда мае права павялічыць ці паменшыць колькасць балаў у залежнасці ад сваёй упэўненасці ў правільным адказе.

У другім туры прымаюць удзел па адным прадстаўніку ад каманд. Спачатку яны ацэньваюць свой адказ ад 1 да 100 балаў, затым атрымліваюць пытанне, на якое павінны адказаць у пісьмовай форме на працягу дзвюх хвілін. Калі адказ правільны, балы дадаюцца, калі не – адымаюцца.

 

І тур

Заданні па тэме “Скарбонка мудрасці” (прадоўжыць прыказку)

1. Пры сонейку цёпла, пры… (мамачцы добра). – 10 б.

2. Няма лепшае хаткі, чым… (у роднай маткі). – 20 б.

3. Дарагая тая хатка, дзе… (нарадзіла мяне матка). – 30 б.

4. “Свая гульня”. Няма смачнейшай вадзіцы, як… (з роднай крыніцы) – 40 б.

5. Родная зямля мякчэйшая, чым…(чужая пярына). – 50 б.

 

Заданні па тэме “Загадкі з роднай хаткі” (адгадаць загадку)

1. Прыйшла чорна маці, усіх паклала спаці. (Ноч.)– 10 б.

2. 3 гаспадаром сябруе, дом вартуе.
Ляжыць пад ганкам – хвост абаранкам. (Сабака.) – 20 б.

3. “Свая гульня”. Глянеш – заплачаш, а ўсе яму рады. (Сонца) –30 б.

4. Стукае, грукае, а нідзе не відаць. (Гром.)– 40 б.

5. Ляцеў птах, на ваду – бах.
Вады не скалыхнуў, на дно патануў. (Снег.) – 50 б.

 

Жартоўная паўза. Інсцэніроўка верша “Куды едзеш, хлапчына?” (Інсцэніроўка верша рыхтуецца загадзя).

– Куды едзеш, хлапчына?
– Да рынку.
– Што вязеш за плячыма?
– Свінку.
– То дай падзівіцца, можа б я купіла.
Ой, гэта ж сястрыца! Чым яна няміла?
– Міла-то міла, ды баіцца мыла.
Як убачыць мыльца, дык хавае рыльца.
Купляйце дзяўчынку, мурзатую свінку,
Аддам неслухмянку за тры абаранкі. (В. Вітка)

 

Заданні па тэме “Слухай казку, калі ласка” (пазнаць казку па ўрыўку)

1. Прынесла курачка сена карове. Карова з’ела сена і дала масла. (“Як курачка пеўніка ратавала”)– 10 б.

2. Касіў на лузе касец. Змарыўся і сеў пад кустом адпачыць. Дастаў торбачку, развязаў і пачаў хлеб есці. (“Лёгкі хлеб”) – 20 б.

3. “Танцуй сабе, а з’есці я цябе яшчэ паспею”. Гусак пачаў махаць крыламі ды з нагі на нагу пераступаць. Глядзіць Ліса на Гусака і смяецца: “Вось дык Гусак! Вось дык танцор!” (“Лісіца і Гусак”) – 30 б.

4. “Схітрыў ці не схітрыў, – адказаў вол, – а стог сена за пагодай накасіў. Ды і шкура ад вашых воўчых зубоў цэлая засталася”. (“Хітры вол”) – 40 б.

5. “Свая гульня”. “Жыў некалі на свеце музыка. Пачаў ён іграць яшчэ змалку. Бывала, пасучы валоў, зробіць з лазы дудачку ды як зайграе, дык валы скубці траву перастануць, – натапыраць вушы і слухаюць. У лесе птушкі прыціхнуць, нават жабы ў балоце не крумкаюць.” (“Музыка-чарадзей”) – 50 б.

 

Заданні па тэме “Песняры зямлі беларускай” (назваць аўтара вершаваных радкоў)

1.Свая гульня”.
Не сядзіцца ў хаце хлопчыку малому:
Кліча яго рэчка, цягнуць санкі з дому.
– Мамачка-галубка! – просіць сын так міла.
– Можа б, ты на рэчку пагуляць пусціла? (Я. Колас) – 10 б.

2. Мой мілы таварыш, мой лётчык,
Вазьмі ты з сабою мяне!
Я – ведай – вялікі ўжо хлопчык
І ўмею ўжо лётаць у сне. (Я. Купала) – 20 б.

3. Здароў, марозны, звонкі вечар!
Здароў, скрыпучы, мяккі снег!
Мяцель не вее, сціхнуў вецер,
І волен лёгкіх санак бег. (М. Багдановіч) – 30 б.

4. Ходзіць дзед белабароды
Полем, лесам, пералескам,
Засцілае рэчкі лёдам,
Брыльянцістым снежным блескам. (Я. Колас) – 40 б.

5. Ад ветру гнуцца вербалозы,
Бяжыць дарога напрасткі.
Мой край – бялюткія бярозы
Абапал сіняе ракі. (В. Вярба) – 50 б.

 

Музычная паўза. Гульня-карагод “А мы проса сеялі”

Апісанне гульні: дзеці, узяўшыся за pyкi, стаяць дзвюма шарэнгамі, тварам адно да аднаго. У адной шарэнзе хлопчыкі, у другой – дзяўчынкі. Спяваючы, яны павінны рухацца роўнай шарэнгай; у той час, калі ідуць i спяваюць хлопчыкі, дзяўчынкі стаяць на месцы, i наадварот.

Хлопчыкі шарэнгай падыходзяць да дзяўчынак i спяваюць:

– А мы проса сеялі, сеялі! (ідуць на сваё месца).

Дзяўчынкі паўтараюць гэтыя ж pyxi i таксама спяваюць:

– А мы проса вытапчам, вытапчам, вытапчам!

– Ды чым жа вам вытаптаць, вытаптаць, вытаптаць? (Ідуць i спяваюць хлопчыкі).

– А мы коней выпусцім, выпусцім, выпусцім! (Ідуць i спяваюць дзяўчынкі).

– А мы коней пераймём, пераймём, пераймём! (Ідуць i спяваюць хлопчыкі).

– Ды чым жа вам пераняць, пераняць, пераняць? (Ідуць i спяваюць дзяўчынкі).

– А шаўковым повадам, повадам, повадам! (Ідуць хлопчыкі).

– А мы коней выкупім, выкупім, выкупім! (Ідуць дзяўчынкі).

– Ды чым жа вам выкупіць, выкупіць, выкупіць? (Ідуць хлопчыкі).

– А мы дадзім сто рублёў, сто рублёў, сто рублёў! (Ідуць дзяўчынкі).

– Не трэба нам тысячы, тысячы, тысячы. (Ідуць хлопчыкі).

– А мы дадзім дзеўчыну, дзеўчыну, дзеўчыну. (Ідуць дзяўчынкі. Усе вяртаюцца назад. Адна дзяўчынка застаецца).

– Вось гэта трэба нам, трэба нам, трэба намі (Хлопчыкі падыходзяць да дзяўчынкі i становяцца кругам вакол яе. Дзяўчынка танцуе, а хлопчыкі пляскаюць у далоні).

 

ІІ тур. Вялікая гульня

Прадстаўнікі ад каманд атрымліваюць аркуш паперы. Колькасць балаў, якую яны разлічваюць атрымаць за адказ на пытанне, яны пішуць на адным баку аркуша, адказ на пытанне – на другім.

Пытанне. Пра якое свята расказваецца ў тэксце:

Адно з самых прыгожых свят, прысвечанае росквіту жыватворных сіл прыроды і прымеркаванае да перыяду летняга сонцастаяння, бярэ свой пачатак з часоў старажытнасці. Усю ноч каля вогнішча, якое запальвалі на беразе ракі ці возера, хлопцы і дзяўчаты вадзілі карагоды, спявалі песні, прымалі ўдзел у гульнях, спаборніцтвах, пускалі на ваду вянкі, загадваючы на мужа ці жонку, скакалі цераз агонь, каб ачысціць сябе ад злых духаў.

Адказ. Пра Купалле.

Падводзяцца вынікі гульні, уручаюцца ўзнагароды.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий